Укаранёны ў далягляд

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Ёсць меркаванне, дарэчы, шырока распаўсюджанае, што мастаком-абстракцыяністам можа быць хто заўгодна. Каб намаляваць “як у жыцці”, маўляў, трэба мець талент ды яшчэ доўга вучыцца, а вось “абстракцыю” намалюе кожны. А што такое абстракцыя? Паводле слоўніка, “разумнае адцягненне, адасабленне ад тых ці іншых уласцівасцяў і сувязяў прадметаў і з’яў для вылучэння сутнасных для іх адзнакаў”. Кажучы прасцей, забыцца на дробязі і нюансы, каб выявіць сутнаснае. Вось вы на гэта здольныя?

/i/content/pi/cult/825/17627/14.jpgУсе людзі крыху мастакі. Абстракцыянізм, калі звесці яго да простай тэзы — гэта памкненне намаляваць нешта такое, што не будзе мець візуальных і сэнсавых аналагаў. “Ідзі туды, невядома куды, здабудзь тое, невядома што”. Гэта прыдумаць тое, што будзе ні на што непадобнае, але пры гэтым здолее выяўляць сутнасць вядомых нам з’яў.

Творцы, што ўпарта шукаюць “чыстую форму”, маюць нешта агульнае з вынаходнікамі “вечнага рухавіка”. Мэта нібыты недасягальная, але на шляху да яе вандроўнік робіць шмат карысных адкрыццяў. Ёсць і такая думка, што ўвесь наш свет, рэальны і віртуальны, выбудаваны на нябачным падмурку “Чорнага квадрата”.

Абстракцыянізм у нашай краіне неяк не прыжыўся. Наша грамада ў шмат якіх праявах засталася ў межах прагматызму. Магчыма, Аляксандр Канавалаў — адзіны ідэйны абстракцыяніст у сучасным беларускім мастацтве. Ягоная выстава нядаўна праходзіла ў галерэі “Мастацтва”, што на праспекце Незалежнасці. Назваў ён сваю творчую справаздачу “(Ненарматыўны) жывапіс”. Гэта карціны, зробленыя за апошнія два дзясяткі гадоў…

Спадар Аляксандр нарадзіўся ў 1948 годзе, так што заспеў і кананічны сацрэалізм, і андэрграўнд, што выйшаў з падзямелля на святло і некаторы час у вачах грамады нават паспяхова канкурыраваў з мастакамі-традыцыяналістамі, і зорны час сац-арту, і вяртанне “на кругі свае” ўтульнага, канфармісцкага кшталту, мастацтва, адаптаванага да новых сацыяльных рэалій.

Але Аляксандр Канавалаў амаль зыходна бачыў у абстракцыянізме вялікі патэнцыял і даляглядную перспектыву і застаецца верным гэтай ідэі і сёння. Ён, хоць і вучыўся на ўзорах рэалістычнага мастацтва (скончыў графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта), заўжды імкнуўся зазірнуць за рэалістычны далягляд. Уся ягоная самастойная творчасць была памкненнем зрабіць нешта ні на што не падобнае, асэнсаваць канкрэтыку быцця ў формах, максімальна ад гэтай канкрэтыкі адсунутых.

Такая задача прымушала яго шукаць нязвыклыя сродкі выразнасці. Мастак ідзе да свайго разумення гармоніі праз нетры дысанансу, ды так, што глядач за ім не заўжды паспявае. Пры гэтым творца калі-нікалі адчувае псіхалагічны раздрай, калі канцэптуальна яго цягне ў космас беспрадметнасці, а іншы чыннік ягонай натуры застаецца моцна ўкаранёным у трывалы кантэкст. Што ні робіш, каб канкрэтыкі пазбегнуць, а ўсё адно нейкія асацыяцыі з рэчаіснасцю паўстаюць!

Асабіста я схільны думаць, што гісторыя беспрадметнага мастацтва пачалася і скончылася “Чорным квадратам”. Гэты твор з’яўляецца “альфай і амегай” абстракцыянізму. То-бок далягляд і адначасова тупік, пачатак і лагічнае завяршэнне. Бо мы спрабуем зазірнуць за гарызонт, маючы ад прыроды розум і вочы, настроеныя на лінейную перспектыву. А гэта значыць, што ідэя прыгожая, але высілкі амаль марныя. Прынамсі, так падаецца...

Творы выставы Аляксандра Канавалава, мастака з Віцебшчыны, духоўнай радзімы Казіміра Малевіча, нагадалі мне пра гэтую акалічнасць. Экспазіцыя выставы бачыцца мне серыяй спантанных эксперыментаў па вырашэнні задачы, якая эксперыментам якраз і фармулюецца. Творчасць жа як справа неўцямная і загадкавая можа мець і такія формы. Чаму не? Як гледачу мне было цікава.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"