Свята для горада, свята для музея

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей на пачатку лістапада адсвяткаваў наваселле — пераехаў у новы адрэстаўраваны будынак, атрымаў новы адрас. Падзею можна назваць сапраўды доўгачаканай, бо да яе горад ішоў не адзін год: каб хутчэй скончыліся будоўля з рэканструкцыяй, сродкі збіраліся нават з дапамогай суботнікаў. Цяпер музей у Жлобіне сапраўды можа пахваліцца тым, што сярод раённых музеяў, прынамсі ў Гомельскай вобласці, ён ці не самы сучасны і вялікі. А яшчэ, можа, і самы цікавы. Якраз пра тое, чым цікавы жлобінскі музей, як захапляльна і карысна ў ім можна правесці час, мы і раскажам.

/i/content/pi/cult/825/17625/9.jpgУ цэнтры нашага расповеда першы і адзіны ў Жлобіне музей — гісторыка-краязнаўчы, таму нялішнім будзе крыху згадаць гісторыю горада. У даўнія часы, дарэчы, ён называўся Злобінам — ад слова “злобак” (корань “лоб”), якое азначала нейкі пагорак, узвышэнне. А пагоркамі жлобінская зямля адметная. Цяпер гэта досыць вялікі горад — 76 тысяч жыхароў, і з даўняй гісторыяй. Даследаванні паказалі, што першыя пасяленні тут узніклі яшчэ ў першабытнаабшчынны час, а ў гістарычных крыніцах згадку можна знайсці з XV стагоддзя. Пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне XVII стагоддзя казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце паведамляў, што яго войскі спалілі “замак Злобін”, — замак стаяў ля ўпадання ручая Чорначка ў Днепр (цяпер гэта непадалёк ад гарадскога парка “Прыдняпроўскі”). У XV—XVI стагоддзях мясцовасць была ва ўладаннях Хадкевічаў — спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, потым у Рэчы Паспалітай. У Расійскую імперыю Жлобін перайшоў па другім падзеле Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Напрыканцы XIX стагоддзя былі пабудаваныя Лібава-Роменская і Пецярбургска-Адэская чыгуначныя дарогі, што адыграла асаблівую ролю ў развіцці тады яшчэ мястэчка. Пасля рэвалюцыі яно паспела пабываць у складзе РСФСР, але ў 1924 годзе ўвесь Рагачоўскі павет быў вернуты Беларускай ССР, і Жлобін яшчэ праз год атрымаў статус горада.

Пад час Другой сусветнай вайны жлобінская зямля была партызанскім цэнтрам, месцам значных ваенных падзей, а ў нашы дні горад славіцца прамысловым гігантам Жлобінскім металургічным заводам, на якім працуе 11 тысяч чалавек — кожны сёмы жыхар! На гербе горада — ладдзя, бо Днепр тут вялікі, прыгожы і суднаходны.

Усе гэтыя важныя гістарычныя этапы і адлюстроўваюцца ў сучасных экспазіцыях Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Першаму і адзінаму — 50 гадоў!

/i/content/pi/cult/825/17625/10.jpgСваю ж уласную гісторыю ўстанова вядзе з 1970 года, калі дырэктар школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Фёдаравіч Таўкачоў стварыў на грамадскіх пачатках Музей народнай славы, якому праз 17 гадоў быў нададзены статус гісторыка-краязнаўчага. На пачатку 90-х музей пераехаў у аднапавярховы будынак былога дзіцячага садка, дзе і знаходзіўся да нядаўняга часу. За дзесяцігоддзі музейны фонд разросся, зараз у ім каля 20 тысяч адзінак, якім ужо даўно відавочна не хапала плошчы — не тое што для дэманстрацыі, а нават і для захоўвання. І было прынята рашэнне рэканструяваць з дабудовай і прыстасаваць пад музей іншы дзіцячы садок: якраз у 2013 годзе ў Жлобіне праходзілі рэспубліканскія “Дажынкі”. Але ж адвечнае пытанне з фінансамі ізноў паўстала, і праект быў закансерваваны на доўгія шэсць гадоў. І вось толькі нядаўна з розных крыніц адшукаліся неабходныя сродкі — і жыхары, паўтаруся, праводзілі суботнікі — каб наваселле ўсё ж змагло адбыцца і музей атрымаў магчымасць вольна і крэатыўна дэманстраваць свае багацці.

Цяпер Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей — не проста месца захоўвання каштоўных рэчаў, і нават не проста музей, а сапраўдны культурны цэнтр. Бо акрамя 16 экспазіцыйных залаў з’явілася і лекцыйная зала, і літаратурна-музычная гасцёўня, і нават карцінная галерэя, чаму мясцовыя мастакі, несумненна, вельмі радыя: у Жлобінскім раёне жыве і шэсць членаў Беларускага саюза мастакоў.

Не сумна, а захапляльна

/i/content/pi/cult/825/17625/11.jpgАле ж галоўнае — каштоўныя і адметныя экспанаты, галоўнае — выставы, экспазіцыі і інсталяцыі, якія могуць расказаць пра гісторыю не сухой мовай лічбаў і фактаў, але і вобразамі і нават гульнямі: зразумела, што значная частка мэтавай аўдыторыі такіх музеяў гэта дзеці, вучні, моладзь. Але ж хіба і даросламу не будзе цікава зайсці ў аўтэнтычную беларускую хату, убачыць натуральную вясковую печку, сустрэць у старадаўняй прадуктовай лаўцы мясцовага гандляра-яўрэя, паразглядаць бабровую хатку з бабрыным сямействам, рэканструяваць вайсковую аперацыю, а яшчэ і ўбачыць косткі жлобінскага маманта і ляснога слана! А ўсё гэта, і многае іншае, у музейных залах ёсць: сумаваць у вандраванні па іх дакладна не давядзецца.

Адметна, што супрацоўнікі музея практычна з усёй падрыхтоўкай экспазіцый справіліся самі. Фінансавыя магчымасці не дазвалялі звяртацца да спецыялізаваных устаноў, якія займаюцца падобнай афармленчай дзейнасцю, і запрашаць абазнаных адмыслоўцаў — таму ўвесь час, калі над новым памяшканнем працавалі будаўнікі, музейныя работнікі паралельна афармлялі экспазіцыі, напаўнялі вітрыны і рыхтавалі выставы.

— Так, мы ўсё зрабілі самі, аднак вынік атрымаўся, я лічу, вельмі годным, — кажа дырэктар Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Ніна Шрэйтэр. — На ўрачыстым адкрыцці 7 лістапада, на якім прысутнічаў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, усе былі ў захапленні ад убачанага, бо ніхто нават і не чакаў, што ў раённым музеі падобнае можна здзейсніць, прычым здзейсніць сваімі сіламі. Па аснашчэнні, па музейным абсталяванні, па тэхнічных сродках такіх раённых музеяў на Гомельшчыне больш няма.

Крэатыўнасць музейных супрацоўнікаў можна ацаніць хоць бы па наборы інтэрактыўных гульняў для дзяцей — якім, у адрозненне ад дарослых, інфармацыю неабходна падаваць у цікавай, гульнявой форме. Вось толькі некалькі прыкладаў. Не на словах, а прадметна маленькія наведнікі праходзяць тым шляхам, якім “кашуля ў полі вырасла”: прасочваюць ўсе стадыі апрацоўкі льну. А пачынаецца гульня яшчэ ў зале этнаграфіі, дзе выстаўлены народныя строі і дзе працуе ткацкі станок, — у Жлобін запрашаліся спецыялісты са знакамітага Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, каб яго наладзіць.

Ёсць і інтэрактыўная зона для юных археолагаў: дзеці могуць у літаральным сэнсе выкапаць з пяску нешта каштоўнае — косткі старажытных жывёлін, а потым ачысціць іх з дапамогай спецыяльных пэндзлікаў і даведацца, каму яны належаць. Могуць і самі зрабіць, напрыклад з гліны, нейкі прадмет, якім людзі карысталіся ў даўнія часы.

Міналі стагоддзі

Увогуле, у жлобінскім музеі вялікая калекцыя костак старажытных жывёлін. У пясчаным кар’еры, што непадалёк ад горада, іх знаходзяць нямала, ды й археолагі працягваюць дзяліцца з музеем сваімі набыткамі. Сярод экспанатаў — косткі маманта, ляснога слана, аленя і многіх іншых, хто жыў калісьці на гэтай зямлі.

У экспазіцыі, прысвечанай старажытнасці, адлюстравана і гісторыя мясцовых плямёнаў — а сучасны Жлобін знаходзіцца на мяжы тэрыторый радзімічаў і дрыгавічоў, якія падзяляў Днепр. Наведнікі могуць убачыць адметны археалагічны экспанат — цалкам скелет старажытнага чалавека ў пяску, у тым выглядзе, у якім яго пахавалі многа стагоддзяў таму. А сярод галоўных каштоўнасцяў дырэктар музея называе лунніцу (жаночае ўпрыгожанне) XII—XIII стагоддзяў, знойдзеную на Жлобіншчыне.

Згадвалі мы, што чыгунка вельмі моцна паўплывала на развіццё Жлобіна: а гэта была вельмі значная станцыя на пачатку мінулага стагоддзя. І ў “чыгуначным” зале можна пабачыць і старадаўні вагон з сапраўднымі тагачаснымі дэталямі, і аптэку з магазінчыкам з прывакзальнай плошчы, і многае іншае. Як быў Жлобін гістарычна яўрэйскім мястэчкам, то і такая экспазіцыя маецца — з інсталяцыямі, яўрэйскай лаўкай і прадметамі побыту. Тэма Халакосту для Жлобіна асабліва балючая — на тэрыторыі горада існавала два гета.

— Акрамя ўсяго іншага, мы памятаем і згадваем пра тых жанчын, якія ў гады вайны ратавалі яўрэяў, — расказвае дырэктар музея Ніна Шрэйтэр. — Іх імёны ўвекавечаны і ў нашым музеі, і на Гары памяці ў Іерусаліме. Новую музейную экспазіцыю нядаўна наведаў Барыс Рыгоравіч Макоўскі, якога дзіцёнкам у вайну выратавала і ўсынавіла такая жанчына. Ён праз усё жыццё пранёс ёй удзячнасць.

Асобная і вялікая ўвага ў музеі аддаецца часам Вялікай Айчыннай вайны. Зала пачатку вайны распавядае пра падзеі, што адбываліся на Дняпроўскім рубяжы ў ліпені — жніўні 41-га года. Акрамя іншага, там створана інсталяцыя — плот з палаткай, кацялком, асабістымі рэчамі: на ім байцы 63-га стралковага корпуса перапраўляліся праз раку. Ёсць і постаці савецкага і нямецкага салдатаў, апранутыя ў дакладную форму тых гадоў. У зале акупацыі — разбураная печка, у якой на прыпечку стаяць шэсць капсул з зямлёй з тых спаленых вёсак, што не былі адноўленыя пасля вайны, і зямлёй з усіх брацкіх магіл Жлобінскага раёна. Там жа можна ўбачыць і партызанскі шпіталь.

Ваенная экспазіцыя ўсё яшчэ папаўняецца. Ніна Шрэйтэр расказвае гісторыю, як мясцовы пошукавы атрад “Зорка” два месяцы таму “падняў” самалёт, збіты пад час вайны, і як удалося высветліць імёны ўсіх загінуўшых лётчыкаў. І цяпер у двары музея (хоць новы будынак і прасторны, але экспанатаў яшчэ болей) на спецыяльным памосце стаіць рухавік гэтага самалёта.

Зала славы, прысвечаная знакамітым землякам, зала рэвалюцыі, зала прыроды... Натуральна, пра ўсё расказаць немагчыма. Паспяшацца пабачыць проста зараз трэба работы пераможцаў конкурсу, які ладзіўся сярод жлабінчан да ўрачыстага адкрыцця, — макеты цэркваў, вакзала, батлейкі і да таго падобнае, ці выставу аўтарскіх лялек Сяргея Драздова “Мужчынскі погляд”. Астатнія экспазіцыі — пастаянныя, і абсалютна новыя. Думаю, наведанне абноўленага музея, якім Жлобін цяпер будзе ганарыцца, павінна быць у спісе неадкладных спраў кожнага жыхара горада.