Такая простая рэч: любіць сваё

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Чым больш жыву, тым больш згадваю. У 1980-м сваю пераддыпломную практыку я, будучы тэхнолаг лесанарыхтовак, праходзіў у пасёлку Ярга Котласкага раёна. За некалькі месяцаў уражанняў атрымаў ці не на ўсё жыццё. Пераканаўся, што лесасека не любіць абібокаў. Упершыню пабачыў працу дзявочай брыгады шпалаўкладчыц. Але распавесці цяпер хачу пра мясцовую сельскую бібліятэку, куды запісаўся ў першыя ж выходныя. Светлае ўтульнае памяшканне з вялікімі вокнамі і бялюткімі фіранкамі, бясконцыя кніжныя стэлажы з неверагодным наборам выданняў, прыгажуня-бібліятэкар…У свае 19 гадоў я быў афіцыйным чытачом трох бібліятэк на радзіме: тэхнікумаўскай, раённай і дзіцячай. Аднак такую шыкоўную бібліятэку пабачыў толькі пад Архангельскам. Наведваў яе праз тыдзень. І за некалькі месяцаў не ўбачыў тут… ніводнага чытача. Прыгажуня так мяне і называла: “Мой адзіны”. Я не быў супраць, але пастаянна распавядаў ёй, якімі люднымі бываюць беларускія бібліятэкі.

/i/content/pi/cult/825/17624/8.jpgІ толькі праз час, калі займеў журналісцкую магчымасць (тэхнікам-тэхнолагам так і не стаў) пазнаёміцца з бібліятэчнай сеткай усёй Беларусі, пераканаўся, што бязлюдныя бібліятэкі трапляюцца і ў нас. Шмат часу прайшло. Шмат зменаў адбылося. Пасталеў і зразумеў: сваё (калі яно таго вартае) неабходна любіць, але і чужое (калі яно таго вартае) трэба шанаваць і па-магчымасці выкарыстоўваць у сваёй практыцы.

Менавіта па гэтым прынцыпе працавала, працуе і будзе працаваць Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Каладзеева. Гэта не толькі канцэнтрацыя нестандартных высілкаў дзеля развіцця масавага чытання, але і цікавая арт-прастора, якая таксама прываблівае патэнцыйнага чытача. Інакш кажучы, тут пастаянна абагульняецца сусветны досвед бібліятэчнай дзейнасці, многае апрабуецца і з поспехам выкарыстоўваецца. Так і павінна быць у горадзе, які абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі 2021 года. Дык вось, дзейнічае пры згаданай бібліятэцы карцінная галерэя вядомага мастака Валерыя Шкарубы, які родам з Барысава. Дзейнічае галерэя ўжо пяць гадоў. Вось што напісала бібліятэкар Алена Брыцкая: “Цэнтральная бібліятэка даўно стала сацыякультурным цэнтрам, дзе акумулюецца разнастайнасць жанраў і мастацкіх стыляў, а падчас мерапрыемстваў рэй вядзе стваральная эмацыянальнасць. Прысутнічае яна і пры наведванні галерэі. Карціны Валерыя Шкарубы прыцягваюць і не адпускаюць. Дыялог мастака і гледача пераўтварае іх у добрых сяброў, якія разам спрабуюць адшукаць адказы на філасофскія пытанні жыцця. Кожны год мастак дадае да 30 палотнаў па яшчэ адной карціне. Кожная з іх — гімн нашай Беларусі”. За гэтымі прыгожымі словамі — вялікая павага да творчасці земляка і аднадумцы. (на вялікі жаль, Валерый Шкаруба заўчасна пайшоў з жыцця 19 лістапада 2020 г. — рэд.).

Я сам не раз пераконваўся, што спалучэнне кніг з іншымі творамі мастацтва даюць вельмі нечаканы, але заўжды станоўчы эфект. Пра чарговы прыклад сугучнасці кніг з жывапісам напісала бібліятэкар са Светлагорска Валянціна Расошанка. “Новы праект светлагорскіх бібліятэкараў, — паведамляе яна, — называецца “Сезонныя бібліяэцюды”. Яго аўтар дырэктар раённай сеткі бібліятэк Вікторыя Бусел прыцягнула да супрацоўніцтва Светлагорскую школу выяўленчага мастацтва. Яе навучэнцы малявалі восень. Лепшыя работы экспанаваліся ў чытальнай зале. Восеньскую тэматыку набыла і фотазона. І кнігі прапаноўваюцца чытачам адпаведныя. А наперадзе — эцюды зімовыя, вясновыя, летнія...” Тут вельмі важны акцэнт варта зрабіць: далёка не ўсё нашы бібліятэкары бяруць з-за мяжы, шмат выбітнага і дзіўнага самі прыдумляюць ды рэалізоўваюць. Добры бібліятэкар — той жа мастак у душы. Толькі замест фарбаў эмоцыі выкарыстоўвае.

Прачытаў я ліст метадыста Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталлі Казарэз і зразумеў, што памыліўся: яе калегі і з фарбамі ўмеюць упраўляцца. Справа ў тым, што раённая бібліятэка прыняла ўдзел у раённым конкурсе на лепшы варыянт фірменнага турыстычнага знака Карэліцкага раёна і заняла першае месца. Лагатып, распавядае аўтар ліста, будзе выкарыстоўвацца ў інфармацыйных і рэкламных выданнях, у СМІ. Так што прафесіяналам да ўсяго ёсць справа.

І апошняя на сёння бібліятэчная навіна. У Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы (Бераставіцкі раён) прайшоў урок інфармацыйнай культуры (цудоўнае словазлучэнне, пагадзіцеся!) “Гэтыя кнігі ведаюць усё”. І гаворка далей — пра вельмі важную рэч: пра выданні для дапытлівых — слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі. Так, ёсць інтэрнэт, але ён не застрахаваны ад памылак. А над кніжнымі выданнямі працуюць калектывы прафесіяналаў, таму такія энцыклапедыі з’яўляюцца ці не ісцінай у апошняй інстанцыі. Пра гэта і ішла гаворка ў Малой Бераставіцы. Школьнікі працавалі з тлумачальнымі слоўнікамі Ожэгава і Даля, з даведнікамі па арфаграфіі, вучыліся карыстацца энцыклапедыямі. Словам, не Гуглам адзіным…

Ганарыцца можна і шматлікімі нашымі конкурсамі, якія падчас пандэміі хоць і набылі новы анлайнавы фармат, але не згубілі прэстыжнасці. Вось пра што распавядае, да прыкладу, галоўны хармайстар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Дар’я Паўлючэнка: “Са жніўня па кастрычнік ладзіўся абласны дыстанцыйны конкурс ансамбляў песні і музыкі “Жураўліны звон”. Арганізатар — абласны метадцэнтр. Спаборнічалі 30 ансамбляў. Гран-пры ў намінацыі “ансамбль народнай музыкі і песні” атрымаў народны гурт народнай песні “Заманіха” Полацкага раённага цэнтра культуры. У намінацыі “ансамбль народнай песні” Гран-пры дастаўся тэатру песні “Субацея” Наваполацкага цэнтра культуры”.

Чарговае дыстанцыйнае мерапрыемства — рэспубліканскі мнагажанравы конкурс-фестываль творчасці “Roscvit BY”. Загадчык харавога аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Буйко распавядае пра тое, што ўпершыню браў удзел у згаданым конкурсе ўзорны дзіцячы хор “Сугучча” ды вакальны гурт “Маячок”, і атрымалі лаўрэацкія дыпломы трэцяй ступені. А вакалістка Эвеліна Масальская стала дыпламантам трэцяй ступені.

Яшчэ адна перамога Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў. Пра яе паведаміла намеснік дырэктара Таццяна Печкур: “Па выніках V міжнароднага конкурсу Хрустальны васілёк” школьніца Валерыя Жукоўская выступіла на сталічнай сцэне ў намінацыі “эстрадны вакал” і атрымала дыплом лаўрэата першай ступені. Лаўрэацкія дыпломы займелі і Ягор Кетрыс, Улляна Акулава, Мікіта Філіпаў, Мікіта Жабкевіч, Іван Раткевіч, Яраслаў Сінкевіч ды Міхаіл Янкоўскі.”

Ёсць свой конкурс і ў Лідскім палацы культуры. Мастацкі кіраўнік установы Іна Альшэўская распавядае, што рэгіянальны фэст дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці “Зорны дождж” — гэта свет, дзе пануюць сяброўства, узаемапаразуменне і песня. Натуральна, што сёлета мерапрыемства адбылося дыстанцыйна. Але гэта не стала перашкодай для таго, каб звыш 80-ці ўдзельнікаў паказалі свае таленты. Журы ацэньвала відэавыступленні цягам 10 дзён. Дыпломы пераможцаў адправіліся ў Маладзечна, Гродна, Шчучын, Слонім, Карэлічы, Бярозаўку.

А ёсць яшчэ ў структуры беларускай рэгіянальнай культуры і брэндавыя сямейныя дынастыі. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Ланіна распавяла пра “Сваякоў” — народны сямейны ансамбль Дома культуры аграгарадка Юбілейны. Гэта, аказваецца, адзіны сямейны калектыў у раёне. Цяпер у “Сваяках” — 8 чалавек. А аб’яднала іх Марыя Бачынская. Калектыў знакаміты не толькі спевамі, але і кулінарнымі знаходкамі. Хто з вас, да прыкладу, частаваўся ляшчом у гарчыцы? Каб зліквідаваць прабел, варта ехаць у Юбілейны. А яшчэ па ініцыятыве гурта з 2018 года ладзіцца раённы фэст-конкурс “Сваякі запрашаюць”. У верасні наступнага года калектыву споўніцца 40 гадоў. Рыхтуйце падарункі!

Яшчэ адна навіна з Бераставіцы распавядае пра лялечнага майстра з аграгарадка Макараўцы. Завуць яе Таццяна Славецкая. Лялькі пачала рабіць некалькі гадоў таму, але кожная мае непаўторны аўтарскі стыль. Таццяна не робіць эскізаў, вобразы нараджаюцца ў працэсе творчасці. Іншым разам лялька на льняной аснове сама пачынае дыктаваць свае правы і адстойваць свой будучы вонкавы выгляд. А што робіцца ў такіх лялек знутры, невядома нават майстру. І нічога тут не паробіш: у гэтых таямніцах — аснова любога нацыянальнага мастацтва.

Беражыце сябе і не забывайцеся на простую рэч: сваё неабходна любіць, тады і з натхненнем праблем не будзе.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"