З клана Пяткевічаў герба “Трубы”

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Частка II
У дзень смерці Антона Пяткевіча (далей — Адам Плуг) літаратар Уладзіслаў Каратынскі прысвяціў свайму сябру біяграфічны нарыс (“Kurjer Warszawski”, № 303, 1903 год). Гэты нарыс, заснаваны на лістах і ўспамінах самога Адама Плуга, з’яўляецца вельмі каштоўнай крыніцай ведаў пра нашага земляка. Бо, у адрозненне ад многіх іншых публікацый, найбольш поўна раскрывае Адама Плуга і як чалавека, і як творцу. Узяўшы яе за аснову і дадаўшы звесткі з іншых крыніц, працягнем расказ пра жыццё гэтага культурнага дзеяча беларускай мінуўшчыны.

/i/content/pi/cult/825/17622/3.jpgБеларускі (літоўскі) перыяд (1823 — 1845 гады)

Так адбылося, што лёс падзяліў жыццё Адама Плуга на тры не зусім роўныя перыяды. Першы з іх — беларускі, або літоўскі. Адам Плуг, народжаны на Случчыне, вядома, не мог ведаць, што пазней за яго радзімай замацуецца назва “Беларусь”, таму называў сваю радзіму тых часоў “Літва”, як, зрэшты, і Адам Міцкевіч, і Людвік Кандратовіч (далей Уладзіслаў Сыракомля) ды іншыя.

Сям’я Пяткевічаў налічвала шмат дзяцей і амаль усе яны былі старэйшыя за Антона (псеўданім Адам Плуг ён абярэ ў 1847 годзе). З цягам часу Пяткевічы перабраліся на Стаўбцоўшчыну, але чаму так адбылося — дакладна адказаць на гэта пытанне пакуль немагчыма. Каратынскі піша, што таму прычынай быў “пажар, і некалькі гадоў неўраджаю”. Маўляў, гэтыя абставіны прывялі да складанасцяў з гаспадаром маёнтка, які яны арандавалі, таму вымушаны былі рушыць “у белы свет у пошуках хлеба”. Ведаючы, як часам вытанчана абыходзіў цэнзурныя рагаткі Каратынскі ў іншых месцах біяграфіі Пяткевіча, можна дапусціць, што магло мецца тут на ўвазе іншае. Бо на гэта недвухсэнсоўна паказваюць іншыя аўтары. Верагодна, сям’я Пяткевічаў была вымушана пазбавіцца маёнтка праз чынны ўдзел у паўстанні 1831 года старэйшага сына Валяр’яна (1803 — 1843 гг.), прафесара Віленскага ўніверсітэта, пазней — актыўнага дзеяча эміграцыі.

Праз нейкі час Антону Пяткевічу-старэйшаму ўдалося атрымаць месца падлоўчага ў радзівілаўскіх маёнтках. Такім чынам у 1832 годзе Пяткевічы атабарыліся ў лясніцтве ў Жукавым Барку. “Вёска тая, месца нараджэння славутага філосафа Саламона Маймона (аб чым яе жыхары ня ведалі) ляжыць на памежжы Слуцкага і Наваградскага, на востраве, які стварае рэчка Ячонка, якая там уласна ўпадае ў Нёман. Ляжыць у маляўнічым месцы, густа засеяным засценкамі і дзіўным ды годным народам, які даў свету Міцкевіча, Дамейку, Жулкоўскага”.

Уладзіслаў Каратынскі з цеплынёй апісвае і бацькоў свайго сябра — Антона і Сузану. Асабліва маці Адама Плуга, бо гэта была насамрэч вельмі неардынарная і надзвычай начытаная жанчына, якую, як сваю родную маці, шанаваў і Уладзіслаў Сыракомля.

У верасні 1835 года Антона-малодшага адпраўляюць вучыцца ў Слуцкую гімназію. Не будзе лішнім нагадаць, што каменны будынак славутай слуцкай гімназіі, які захаваўся да нашых дзён, быў пабудаваны дзякуючы шчодрым ахвяраванням мясцовай шляхты. Перш за ўсё — Дамініку Рэйтану, патрыёту ВКЛ, які вярнуўся на Бацькаўшчыну пасля амністыі 1814 года (нейкі час быў афіцэрам штаба Напалеона). Тады ж маёнтак Грушаўка, раней канфіскаваны, ізноў стаў уласнасцю Рэйтанаў. Дарэчы, іншы пляменнік нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана (1740 — 1780 гг.), Станіслаў быў ганаровым апекуном Слуцкай гімназіі (гл. “К” №№ 11 — 14, 2014 год). У Слуцку, як пісаў сам Адам Плуг, жыццё сутыкнула яго з асобай, пра якую ўжо далёка не малады літаратар распавёў у сваіх лістах да вядомай паэтэсы Паўліны Вільконскай.

“Знаў я ў Літве нейкага пана Рэйтана (у Плуга “Rejtenа” — цікава, што прозвішча ён напісаў так, як самі Рэйтаны — рэд.), чалавека вельмі годнага, але не поўнага розуму. У якога ідэя fix палягала на тым, што ўсіх людзей ён лічыў заклятымі. Закляцці былі розныя: той быў закляты на шулера, гэты на няўдальца, іншы на шулера, а той на спекулянта і г.д. Смяяліся з яго — і я смяяўся з імі, калі выказаўся пра мяне, што я закляты на бакалаўра. Толькі сёння, па шаснаццаці гадах, чалавек той, якога ўсе прымалі за вар’ята, бачыцца мне глыбокім псіхолагам, які адразу ўмеў пранікнуць у глыбіню чалавечай душы, разгадаць наканаванасць яе прыроды. Найлепшы доказ таго я сам, бо нягледзячы на агіду да настаўніцкай працы… вызваліцца ад таго не змог. Асеўшы быццам бы на сваёй гаспадарцы, ва ўласным доме (пасля шлюбу  — рэд.) не быў вольны і далей ад гэтага закляцця, займаючыся адукацыяй майго вучня, сірот па сябру. І пазней, няўдалы абарот інтарэсаў і страты — прымусілі мяне шукаць больш вучняў… І цяпер застаюся пад тым закляццем… Маю намер на вёсну паехаць да Жытоміра або да Камянца, з мэтай заснавання мужчынскага пансіяната (гімназіі з пансіянатам — рэд.)”.

Хто ж быў тым годным панам Рэйтанам, які ў 1840-х лічыўся на Случчыне “вар’ятам”. На гэту ролю можа прэтэндаваць толькі адна асоба. Брат Дамініка і Станіслава Рэйтанаў, Тадэвуш Рэйтан (названы ў гонар свайго славутага, вышэйзгаданага дзядзькі — рэд.) быў вельмі неардынарнай асобай. Як пісаў Аляксандр Валіцкі, сябра і першы біёграф Станіслава Манюшкі, ён быў першым у Літве, хто наважыўся на экстрэмальны для пачатку ХІХ стагоддзя эксперымент. Менавіта Тадэвуш вырашыў даць волю сваім сялянам. Скончылася гэта для яго кепска. Ён быў прызнаны вар’ятам, пазбаўлены права распараджацца сваім маёнткам і ўзяты сваякамі пад апеку. Пазней на такі эксперымент наважыліся асветнік-гуманіст Дамінік Манюшка (дзядзька кампазітара), а крыху пазней і літаратар Альгерд Абуховіч. Дарэчы, годны ўчынак Дамініка Манюшкі сваякі, праўда, пасля адмены прыгону ўсё ж ушанавалі, а вось ад Альгерда Абуховіча сям’я адмовілася ўвогуле.

Завяршэнне “літоўскага” перыяду будзе не поўным, а ў нечым і бессэнсоўным, калі мы не распавядзем пра тое, як Адам Плуг пазнаёміўся з Уладзіславам Сыракомляй.

Здарылася гэта недзе ў 1840 — 1841 гадах. Сыракомля быў толькі на месяц старэйшы за Плуга, таму калі сям’я Кандратовічаў перабралася ў маленькі фальварак-леснічоўку Залучча (каля кіламетра на поўнач ад Жукава Барка, зараз Стаўбцоўскі раён — рэд.), пагодкі адразу знайшлі агульную мову. З томікам Адама Міцкевіча не раз бадзяліся юнакі па берагах Нёмана. Так нарадзілася сяброўства, якое непарыўна яднала іх да самой смерці Уладзіслава Сыракомлі (1862 год). Лічыцца, што менавіта Сыракомля падштурхнуў Плуга ўзяцца за пяро. Таму што свой першы верш (1842 год) “Гара Замчышча”, заснаваны на беларускіх казках, ён прысвяціў менавіта свайму сябру.

У той самы час Уладзіслаў Сыракомля закахаўся першым юнацкім каханнем у сястру Адама Плуга. Тэафілія, якая нарадзілася ў 1809 годзе, была значна старэйшая за хлопца, і да таго ж замужам. Таму каханне засталося безадказным. Каб дапамагчы сыну забыцца, Аляксандр Кандратовіч, бацька Сыракомлі, уладкаваў яго ў архіў Нясвіжскага замка. Там Сыракомлю ў 1842 годзе заспела сумная навіна аб смерці Тэафіліі. А праз два гады і сам Сыракомля ажаніўся і пераехаў у Залучча, гаспадаром якога стаў па волі бацькоў. Маючы сталыя стасункі з сям’ёй свайго сябра Сыракомля апісаў яе так : “Таварыш яго дзіцячых гадоў, я добра памятаю маладога паэта ў акружэнні прыстойнай шляхецкай сям’і, у абдымках братоў і добрай маткі; помню той садок у квецені і тыя добрыя сэрцы, гледзячы на якія чалавек з замілаваннем думаў пра сціплую прастату продкаў”.

Скончыўшы ў ліпені 1842 года Слуцкую гімназію, Адам Плуг (калі ўзгадаць пра раней сказанае закляцце) пачаў педагагічную дзейнасць. Дарэчы, як пісаў Каратынскі, вучыўся ён разам з заўчасна памерлым таленавітым паэтам Мечыславам Станевічам.

Першыя выхаванцы маладога настаўніка — два сыны нейкага пана Лапы, з маёнтка Рудаберня на Бабруйшчыне. Для дапытлівага розуму назіраць за шляхцючкамі, можа, было і не самым цікавым заняткам. Марыў Адам Плуг пра шырокі прастор, аб тым, каб працягнуць адукацыю.

Украінскі перыяд (1845 — 1874 гады)

У 1845 годзе, атрымаўшы бацькоўскае блаславенне, разам са старэйшым на тры гады братам Феліксам (будучым адвакатам) Адам Плуг едзе ў Кіеў. І паступае вольным слухачом на філасофска-літаратурны факультэт. Можна меркаваць, што быў ён знаёмы са славутым украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам, які ў 1845 — 1846 гадах працаваў мастаком Археалагічнай камісіі пры Кіеўскім універсітэце.

Але ўжо праз год, можа, з-за недахопу сродкаў на працяг адукацыі Адам Плуг пакінуў Кіеў і заняўся гувернёрскай працай у Падольскай губерніі. Тым не менш падчас побыту ў Кіеве ён паспеў завязаць пэўныя знаёмствы, напрыклад, з рэдакцыяй часопіса “Gwiazda”.

Такім чынам на 29 гадоў Адам фактычна пераехаў у Русь, колішнія землі ВКЛ, якія сталі польскімі па ўмовах Люблінскай уніі (1569 г.). Праўда, мелі яны тады ўжо іншую назву — Падольскай, Валынскай, Кіеўскай і іншых губерній Расійскай імперыі.

У глухім мястэчку Джурын на Падоллі, як пісаў Уладзіслаў Каратынскі, Антон Пяткевіч і пераўвасобіўся ў Адама Плуга. Маючы літаратурны талент, вялікае і чулае сэрца, адданы сваёй роднай Літве і простаму народу, Антон Пяткевіч, закінуты лёсам на чужыну, стаў пісьменнікам. Менавіта ў гэты час выйшлі ў свет з-пад пяра маладога літвіна-беларуса такія радкі.

“Богдайто наша Літва! Богдайто наша Палессе! Кажыце вы сабе, што хочаце: хваліце, услаўляйце вашы Падолле разам з Украінай, тыя вашы стэпы, неабсяжныя вокам, і тыя вашыя ўзгоркі, і Днестр, і Буг, і Днепр ваш; я не ў васторгу і не ў захапленні. І хоць скажаце, што натура волка да лесу цягне, я заўсёды буду ўздыхаць па Палессю і па Літве, па тых пушчах спрадвечных, па багнах, пясках, па лугах і азёрках, і аніводнай кропелькі з Нёмана не аддам за ўсе воды Днястра, Буга і Дняпра”.

У 1847 годзе ў віленскім навукова-літаратурным часопісе “Athenaeum” пад псеўданімам Адам Плуг было надрукавана фантастычнае апавяданне Антона Пяткевіча “Вігілія св. Яна”. Так распачалося шматгадовае супрацоўніцтва Плуга і літаратара-выдаўца Юзафа Крашэўскага, якое перарасло ў шчырае сяброўства. Адбылося так, што ў свой час Сыракомля падштурхнуў Плуга ўзяцца за пяро, а Крашэўскі “зрабіў” яго сапраўдным рыцарам на літаратурнай ніве. То-бок, стымулюючы да працы хатняга настаўніка Пяткевіча, паступова выхоўваў талент новага творцы. Ліберальны часопіс Крашэўскага ў 1841 — 1851 гады быў адным з нешматлікіх выданняў, дзе маладыя літаратары з абшараў Літвы-Беларусі, Жамойці, Украіны мелі магчымасць знаёміць публіку са сваёй творчасцю.

Менавіта ў часопісе “Athenaeum” Адам Плуг, Уладзіслаў Сыракомля, згаданы вышэй Станіслаў Рэйтан і яшчэ шмат хто з нашых землякоў паступова дараслі і да выдання сваіх твораў у выглядзе кніг, а пазней і да “поўнага збору твораў”. Таму, калі Крашэўскі вырашыў завершыць праект “Athenaeum” і аб гэтым даведаўся Адам Плуг, апошні горача пратэставаў супраць, літаральна прымушаючы старэйшага сябра адмовіцца нават ад такой думкі. Але сталася так, што пасля выхаду 66 нумара часопіс, дэвізам якога было “Павольна, але пастаянна” (выходзіў раз на два месяцы), спыніў сваё існаванне.

Адама Плуга чакалі новыя падзеі і сустрэчы…

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар