Бяздонная Крыніца яго Песні Жыцця

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

9 лістапада 2020 года сышоў з жыцця народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, прафесар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.

/i/content/pi/cult/824/17620/25.jpgМіхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, адзін з выдатных дзеячаў беларускага музычнага мастацтва, шматгранна адораны фалькларыст, этнограф, аранжыроўшчык, натхнёны аўтар і арганізатар шматлікіх канцэртных праграм і творчых праектаў, нарадзіўся 12 лютага 1941 года на Гомельшчыне. Скончыў Гомельскае музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (клас дацэнта А. П. Зелянковай), па размеркаванні быў накіраваны ў Мінскае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі. З 1973 года — галоўны хормайстар, з 1975 года — нязменны мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага народнага хору БССР (Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча), які ўзначальваў 45 гадоў.

Яркія і самабытныя праграмы яго калектыву, у якіх аб’ядноўваюцца харавы, танцавальны і аркестравы пачаткі, адкрывалі для слухачоў усяго свету аўтэнтычны фальклор розных эпох, аранжыроўкі народных песень, акадэмічную і праваслаўную музыку, сучасныя творы беларускіх і расійскіх кампазітараў. Асобнае месца ў яго творчай палітры займалі тэмы патрыятызму, грамадзянскасці, памяці подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Праграмы, створаныя да юбілейных дат Вялікай Перамогі, атрымалі самую высокую ацэнку і прызнанне, сталі папулярнымі і блізкімі ветэранам. За шматгадовую творчую дзейнасць пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча калектыў трывала ўвайшоў у авангард канцэртнага жыцця Беларусі, набыў устойлівы статус лідара ў народнай харавой традыцыі, стаў сапраўднай творчай лабараторыяй, збіральнікам і захавальнікам нацыянальнай спадчыны беларускага народа, яго візітнай карткай на міжнародным культурным узроўні, увасабленнем адзінства і супольнасці славянскіх культур.

З 1973 года Міхаіл Паўлавіч выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і выхаваў плеяду маладых таленавітых хормайстраў. Актыўны грамадскі дзеяч, ініцыятар шырокай музычна-асветніцкай дзейнасці, ён шмат гадоў з’яўляўся нязменным старшынёй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, членам журы шматлікіх фестываляў і конкурсаў, у тым ліку старшынёй журы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, ганаровым акадэмікам Міжнароднай кадравай акадэміі, членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, членам Рэспубліканскага грамадскага савета па культуры і мастацтву пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

За выдатныя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа, умацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж народамі Беларусі і Расіі М. П. Дрынеўскі быў адзначаны шматлікімі ганаровымі званнямі і ўзнагародамі, сярод якіх: Народны артыст БССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, медаль і ордэн Францыска Скарыны, памятны медаль “За супрацоўніцтва” да 10-годдзя падпісання Дагавора аб утварэнні Саюзнай дзяржавы, падзяка Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы П. П. Барадзіна і іншыя.

“Музыка — усё маё жыццё” — прызнаваўся маэстра ў апошнія гады. Насамрэч, уся яго творчая і грамадская дзейнасць сапраўднага мастака была накіравана на прымнажэнне і захаванне для нашчадкаў фундаментальных культурных каштоўнасцяў, выхаванне любові да музыкі і павагі да прафесіі музыканта. Шматгадовай плённай працай Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі ўнёс вялікі ўклад у развіццё культуры, музычнага мастацтва і адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Калектыў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі глыбока смуткуе з нагоды смерці Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім.

 

 

Пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Уявіць без яго Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча і, шырэй, далейшае развіццё народнага харавога выканальніцтва пакуль немагчыма. Але засталіся шматлікія запісы калектыву, які ў мастацкім асяродку так і называлі — хор Дрынеўскага, гучаць і будуць гучаць апрацоўкі народных песень, зробленыя Міхасём Паўлавічам. У памяці многіх дзеячаў культуры і простых слухачоў паўстаюць незабыўныя сустрэчы з майстрам. Нарэшце, прыходзіць асэнсаванне ўсяго таго, што было зроблена гэтым музыкантам і грамадскім дзеячам. Нашы суразмоўцы дзеляцца з чытачамі “К” сваімі ўспамінамі.

Уладзімір Карызна, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі:

— Мы з Міхасём сябравалі многа гадоў, а з яго хорам я супрацоўнічаў яшчэ да таго, як ён яго ўзначаліў. Гэты калектыў запісаў каля двух дзясяткаў песень на мае словы. А тры песні — з маімі не толькі словамі, але і музыкай: “Беларусь мая сінявокая”, “Даўно ты ў хаце не была”, “Гады маладыя”. Я тады вучыўся на другім курсе філфака, а Генадзь Цітовіч адгукнуўся на мае творчыя парывы, нават прапаноўваў рабіць музычную кар’еру. І тое, што ён сам запрасіў Дрынеўскага ў свой калектыў, трымаў яго як аднаго са сваіх вучняў, што называецца, ля самага сэрца, а потым ганарыўся, што хор патрапіў у добрыя рукі, дарагога каштуе. Гэта і ёсць пераемнасць. Дрынеўскі не проста захаваў у калектыве ўсё лепшае, а ўзняў яго на яшчэ больш высокі ўзровень. Бо ў Міхася ж талент ад Бога, і песню народную ён ведаў і любіў з маленства. Дый працягваў ён назапашанае не адным калектывам, а ўсёй беларускай песеннай культурай, што спрадвек была душой народа. Слухаеш ягоны хор — усё знешне проста, лёгка, быццам само сабой атрымліваецца. А насамрэч колькі сіл туды ўкладзена! Утрымліваць такі вялізны калектыў няпроста. У кожнага чалавека — свой космас у душы. Як іх з’яднаць у адну супольнасць? І пры гэтым захаваць індывідуальнасці, што вельмі важна! Дрынеўскі гэта ўмеў. Як чалавек ён быў вельмі спакойны, ціхі, мяккі, з выключна добрым, незласлівым гумарам. А ў творчасці — волат, асілак, адна з самых яркіх зорак нашага харавога мастацтва. Ён ужо пры жыцці стаў легендай. Мне неаднойчы даводзілася выступаць з ім на канцэртах, дзе я чытаў вершы, а хор спяваў. І бачыць, як сустракалі Міхася і яго калектыў. Людзі слухалі ды слёзкі выціралі. Паўсюль — што на Браслаўшчыне, што на Гомельшчыне — поўныя залы, ва ўсіх вочы палаюць. Ён быў безадмоўным і вельмі адказным, адгукаўся на запрашэнні з глыбінкі, да яго звярталіся многія аматарскія аўтары і калектывы — усім дапамагаў. Святы чалавек! А калі я працаваў на радыё, якім святам станавіўся кожны запіс хору — гэта была папраўдзе радасная падзея. Некаторыя з супрацоўнікаў употай заходзілі ў рубку гукарэжысёра, каб паслухаць. І былі ў такім захапленні! А потым тыя запісы папаўнялі нашы фонды — гэта ж неацэнны скарб, які працягвае жыццё творцаў і пасля смерці.

Леанід Захлеўны, кампазітар, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік нсамбля народнай музыкі Бяседа” Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі:

— Мы ведалі адзін аднаго шмат гадоў, сябравалі, але ўсё роўна — аб’ядноўвала нас менавіта народная песня і паважлівае стаўленне да яе. Ён умеў пажартаваць, быў вельмі добры, чуллівы чалавек з адкрытай душой. Разумны, адукаваны — і заўсёды вельмі просты ў стасунках: ніколі нікому (а яму ж даводзілася сустракацца з працоўнымі, вяскоўцамі, са шматлікімі аматарскімі калектывамі) ён не паказваў сваёй перавагі. Гэта заўжды былі стасункі на роўных. Прычым не ён “спускаўся” з нейкіх зорных вяршыняў (ён увогуле ніколі не пачуваў сябе там), а ягоныя суразмоўцы адразу неяк “узвышаліся”, распраўлялі плечы. Было бачна, як яны літаральна на нашых вачах падпітваюцца ягонай энергетыкай, зараджаюцца ягоным натхненнем, неверагоднай прагай жыцця. Ну, а сам ён усё гэта чэрпаў у нашым фальклоры — той бяздоннай крыніцы, што заўжды падтрымлівала не адно пакаленне беларусаў. Самародак, ён увабраў у сябе народную песеннасць з малаком маці — і гэта не “дзяжурныя” словы. Бо пацверджаннем — тое, як ён пранёс гэты неацэнны здабытак нацыі праз усё сваё жыццё. І рабіў гэта з той адданасцю, што ўласціва нямногім. Ён быў, калі можна так сказаць, нашым патрыярхам у гэтай галіне: сам Генадзь Цітовіч убачыў у ім свой працяг. А разам з Дрынеўскім сышла суцэльная эпоха нацыянальнай музычнай культуры.

Ніна Ламановіч, народная артыстка Беларусі, галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

— Сышоў майстар, і сваім сыходам ён замкнуў суцэльную плеяду тых, хто ўзнімаў да сусветных акадэмічных вяршынь беларускую народную песню, не сапсаваўшы яе сутнасці: Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Міхась Дрынеўскі. Мяне як хормайстра заўсёды ўзрушалі тэмбральнае гучанне, сам характар спеваў калектыву. Бо гэта былі не проста песні, а ўся душа народа. Такі якасны, гарманічна адбудаваны гук бывае рэдка — нават сярод самых знакамітых хароў. І, прызнацца, я не бачу чалавека, які мог бы Міхася Паўлавіча паўнавартасна замяніць. Баюць, незаменных людзей няма, але гэта акурат той выпадак, што сцвярджае зваротнае. У творчым асяродку звычайна пануе негалосная канкурэнцыя. Здараецца, хтосьці так і наровіць “пакусаць” суседа ці хаця б ціха парадавацца ягоным няўдачам. А Дрынеўскі ўмеў радавацца за калег. Быў тым рэдкім, вельмі “чалавечным чалавекам”, які заўжды мог знайсці добрыя словы. Мы з ім і пад адным дахам працавалі [народны хор месціцца ў будынку Вялікага тэатра — Н.Б.], і на адной кафедры ў Акадэміі музыкі выкладалі — у ім ніколі не было высакамернасці, залішняй пыхі, нават калі я была яшчэ чарговым хормайстрам, а ён ужо — народным артыстам. Шчыры, добразычлівы, ён гэтак жа падтрымліваў аматарскія калектывы. А для сваіх артыстаў быў сапраўднай “запальнічкай”, бо ўмеў запальваць у музыцы агеньчыкі сэрцаў. Я б надала яму званне не проста народнага артыста — народнага героя Беларусі.

Вольга Янум, мастацкі кіраўнік Нацыянальнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы:

— У беларускую песню ён быў не проста ўлюбёны — закаханы. Шчыра, усім сэрцам. Рабіў цудоўныя аранжыроўкі фальклорных узораў — сам, не звяртаючыся дзеля гэтага да кампазітараў. І рабіў такія апрацоўкі з глыбінным разуменнем сутнасці народных спеваў. Такім жа высокім было яго дырыжорскае майстэрства: ён складаў адзінае цэлае з хорам, і той імгненна рэагаваў на яго скупыя мужчынскія жэсты, на кожны незаўважны рух. Ад тых дынамічных градацый фортэ і піяна, якіх дасягаў яго калектыў, беглі мурашкі па спіне. А лірыка была такой кранальнай, што выціскала слёзы. Не толькі ў простых слухачоў — у прафесіяналаў. Бо ён і ў жыцці быў чалавекам з цёплым, добрым сэрцам, неверагодным пачуццём гумару — і пры гэтым вельмі мудрым, з тонкім, глыбокім унікненнем ва ўсе музычныя таямніцы. Адным словам — майстар.

Віктар Шыкавец, хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча:

— Мне пашчасціла, што я з Міхасём Паўлавічам не толькі працаваў, а яшчэ і вучыўся ў яго. Памятаю, як здаваў іспыт. У камісіі, акрамя Дрынеўскага, былі Віктар Роўда і Ганна Зелянкова. Уваходжу, а Роўда (ён заўжды быў эстэтам) адразу гэтак сур’ёзна: “Што ж вы, малады чалавек, у сандаліях? І стрэлка на адной штаніне недапрасаваная. Да іспытаў трэба лепей рыхтавацца!” Я, вядома, зусім разгубіўся, не ведаю, што і адказваць. Я тады ў нейкай бабулькі кватэру здымаў, літаральна насупраць кансерваторыі — зручна. Але ж прас у яе быў — ну зусім стары, проста “археалагічны выкапень” нейкі, на вуглях працаваў. Закідваеш унутр вуглі, ён ад іх награваецца — і ўсё, можна пачынаць прасаваць. Як на такім нармальныя стрэлкі зробіш? Дый чаравікаў канцэртных у мяне тады не было. Хадзіў у тым, што ёсць. Дык няўжо іспыт не здам? Атмасферу разрадзіў Міхась Паўлавіч, ён за словам ніколі ў кішэню не лез. Зірнуў гэтак з бліскаўкай у вачах і звяртаецца да мяне з гумарам: “Ну дык апранай мае “чобаты”! Якая розніца?” А розніца была, і вельмі вялікая: у мяне — 44-ты, а ў яго, бачу, на два — тры памеры менш. Ён гэта таксама заўважыў — і нічога, працягвае ў тым жа гуллівым тоне: “Пальцы падагнеш, пастаіш тут трохі, а я пакуль у тваіх басаножках у камісіі пасяджу”. Іспыт я здаў “пры парадзе”. Бо камісія пачакала, пакуль я ў сваіх аднакурснікаў адзеннем ды абуткам разжываўся. Але, думаю, чакаць ім было несамотна: Міхась Паўлавіч умеў і анекдоты расказваць, і байкі, іншыя ўсялякія гісторыі — знаходзіцца з ім “у кампаніі” было ўтульна і весела. Ён увогуле з кожным чалавекам умеў кантакт наладзіць. У наш калектыў заўсёды завітвала многа творцаў. Свае творы прыносілі тыя ж Ігар Лучанок, Алег Чыркун — ды ўсе, хто для такога складу пісаў. У кампазітараў — свой погляд, у нас як у выканаўцаў — свой. Дык Міхась Паўлавіч заўжды знаходзіў узаемапаразуменне. Калі трэба — рабіў сваю рэдакцыю. Гаварыў: “Хадзі, паглядзім, што тут нам прынеслі”. Мы разам глядзелі, я пад ягоным кіраўніцтвам таксама пачаў апрацоўкі рабіць. Бо ён жа не толькі геніяльны майстар. Ён быў не адно для мяне, а для ўсяго нашага хору, для іншых хормайстраў і дырыжораў — Настаўнік.

Лідзія Шыкавец, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча:

— Ён ставіўся да нас як да сваіх дзяцей, усіх імкнуўся “схаваць пад крыло”. Улюбёнае слова — дзяўчынка: “Дзяўчынка, ты паела? Зайдзі, табе яблычак дам. А як твая малая? А хлопец паступіў? Ці ўсё добра?” — і ўся размова ў такім духу. Дзяўчат у хоры многа — на кожнай заўважыць абноўку, прычоску, зробіць камплімент. Звычайна кіраўнікі як? Дадуць указанні — усё, выпаўняйце. А ён умеў па-свойску ставіцца. І не дзеля “іміджу”, яму сапраўды было цікава, што і як у кожнага з нас. Але ж у прафесіі быў вельмі патрабавальным. Паспрабуй толькі не вывучыць сваю партыю — адразу пачуеш: “Дык што, дзеванька? Што будзем з табой рабіць? Думаеш, адпачываць сюды патрапіла?” Тое, як ён дырыжыраваў, — асобнае пытанне. Вы на рукі ягоныя зірніце! Неяк спяваю сола, лаўлю яго погляд — а там столькі перажыванняў за мяне, столькі падтрымкі: маўляў, трымайся! Мы страцілі не яго, а частку сябе саміх.

Людміла Зямцова, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча:

— Мы асірацелі. Як цяпер без Міхася Дрынеўскага? Незразумела. Бо ён быў наша сям’я, абарона, надзейная апора. Якія пытанні, праблемы, якая бяда — адразу да яго. Дый калі дырыжыраваў, мы разумелі яго з кожнага жэсту, нават позірку. Калі ён выходзіў да нас — не так важна, на канцэрце ці рэпетыцыі, мы адразу пачувалі сябе, быццам на іншай планеце. Бо ягоная харызма стварала цуд — і нейкі папраўдзе “міжгалактычны” кантакт. Думаю, ён будзе падтрымліваць нас і з Нябёсаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"