Дрэва роду ў “генеалогіі” шуканняў

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Лістапад у нашай краіне — традыцыйная пара памінання продкаў. Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі нездарма менавіта цяпер правялі чарговы семінар, прысвечаны пытанням генеалагічнага пошуку — 5 лістапада, акурат паміж святам Дзяды, якое адзначаюць каталікі ў другі дзень гэтага месяца, і Змітраўскімі Дзядамі, што святкуюцца праваслаўнымі ў суботу перад днём святога Дзмітрыя, якая сёлета выпала на 7 лістапада.

/i/content/pi/cult/824/17618/21.jpgСемінар “Новыя дакументальныя набыткі і знаходкі па генеалогіі”, з увагі на эпідэміялагічную сітуацыю, праходзіў у анлайн-фармаце. Мерапрыемства аб’яднала як бібліятэкараў і архівістаў, так і незалежных энтузіястаў генеалагічнага пошуку. Увазе ўдзельнікаў былі прапанаваныя новыя крыніцы па генеалогіі, якія паступілі ў беларускія архівы і бібліятэкі ў дар ці ў выніку закупак, а таксама свежыя знаходкі і адкрыцці ў галіне росшуку нашых каранёў.

Пазаархіўны пошук

Выступ загадчыка навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Наталлі Гарковіч быў прысвечаны выданням у фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія могуць зрабіцца падмуркам для пазаархіўных генеалагічных пошукаў. Тым, хто бярэцца шукаць сваіх продкаў і ўжо атрымаў усю магчымую інфармацыю ад сваякоў, перадусім варта звярнуць увагу на кнігу супрацоўніка аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргея Рыбчонка “Крыніцы па генеалогіі Беларусі”.

Гэтае выданне змяшчае звесткі аб такіх генеалагічных крыніцах, як метрычныя кнігі, што вяліся ў дарэвалюцыйны перыяд у храмах — у іх змяшчаліся запісы аб нараджэннях, шлюбах і смерцях. Таксама тут ідзе гаворка аб рэвізіях і перапісах, пасямейных і прызыўных спісах, аб адметнасцях крыніц па генеалогіі розных саслоўяў — сялянства, шляхты, гарадскога насельніцтва. У дадатку можна знайсці пералік асноўных архіўных збораў, якія змяшчаюць крыніцы па генеалогіі — фондаў рэлігійных устаноў розных хрысціянскіх канфесій, а таксама казённых палат — устаноў міністэрства фінансаў, якія дзейнічалі ў Беларусі падчас яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі.

Карыснай у пошуку інфармацыі аб продках можа быць таксама серыя кніг “Памяць”, якая выдавалася з 1985 па 2015 год, дзе можна знайсці спісы жыхароў таго ці іншага раёна, якія былі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій, удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны на фронце, у партызанскім руху ці падполлі, альбо ахвярамі нацызму, загінулі ці прапалі без вестак. Каштоўную інфармацыю такога кшталту можна адшукаць і ў даведніках серыі “Гарады і вёскі Беларусі”, якія выпускаюцца з 2004 года. Яны прысвечаны населеным пунктам той ці іншай з абласцей краіны і могуць дапамагчы зарыентавацца ў ранейшым адміністратыўна-тэрытарыяльным падзеле Беларусі. Напрыклад, высветліць, да якога сельсавета і раёна належала тая вёска, адкуль паходзяць вашыя сваякі, альбо хто валодаў тым ці іншым паселішчам на працягу яго гісторыі.

Калі пашанцуе

Таксама варта звярнуць увагу на выданні па генеалогіі розных сацыяльных, прафесійных, канфесійных ці этнічных груп, падрыхтаваныя Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі. Гэта кнігі “Іншаземныя падданыя ў Беларусі ў канцы XVIII - XX стагоддзяў” Ірыны Вернер, “Удзельнікі паўстання 1863 — 1864 гг.” Дзмітрыя Матвейчыка, “Мінскія губернатары, віцэ-губернатары і губернскія маршалкі дваранства 1793 — 1917 гг.” Юрыя Снапкоўскага, “Святар у беларускім соцыуме. Прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596 — 1839 гг.” Дзяніса Лісейчыкава, “Тэстаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI стагоддзя”, а таксама “Гербоўнік беларускай шляхты”, які налічвае ўжо сем тамоў.

Да катэгорыі выданняў з імяннымі паказальнікамі, у якіх можна знайсці звесткі аб сваіх продках, таксама адносяцца кніга “Прозвішчы, асновы радаслоўных яўрэяў Мінскай губерні ў XVIII — пачатку ХХ стагоддзя” Эдуарда Рабіновіча, даведнік “Кальварыя” Алы Сакалоўскай і Уладзіслава Завальнюка, які змяшчае звесткі аб пахаваных на найстарэйшых могілках Мінска, “Землеўладальнікі Мінскай губерні” Змітра Дразда і “Спіс землеўладальнікаў Менскага павета” Аляксандра Залівакі, “Ігуменская шляхта ў Сібіры” Алены Кароўчанкі, спісы шляхты па паветах, выдадзеныя Яўгенам Анішчанкам, гербоўнікі шляхты Ашмяншчыны і Віцебскай ды Магілёўскай губерняў, укладзеныя адпаведна Васілём Юршам і Аляксандрам Залівакам, а таксама малыя гербоўнікі рагачоўскай і чавускай шляхты, выдадзеныя Змітром Яцкевічам.

Што тычыцца рэдкіх дарэвалюцыйных выданняў, у гэтым накірунку пошукаў могуць быць карысныя так званыя “Памятныя кніжкі”, якія рэгулярна выходзілі ў губернях на тэрыторыі Беларусі часоў Расійскай імперыі, і ўтрымлівалі, у тым ліку, звесткі аб чыноўніках усіх дзяржаўных ведамстваў. Таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы можна азнаёміцца са спісамі шляхецкіх родаў, унесеных у радаслоўныя дваранскія кнігі па губернях, якія выдаваліся яшчэ ў часы Расійскай імперыі — іх магчыма праглядаць і ў электронным выглядзе.

З усіх краёў

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша распавёў аб новых дакументальных набытках, якія могуць прыдацца ў генеалагічных росшуках. Сёлета бібліятэцы былі перададзеныя ў дар спавядальныя ведамасці Норыцкай Пакроўскай праваслаўнай царквы Вілейскага павету за 1873 — 1883 гады — цяпер тутэйшая вёска называецца Ласіцкая і адносіцца да Пастаўскага раёна, храм дзейнічае дагэтуль. Таксама былі закупленыя дакументы за 1424 і 1637 — 1641 гады з Вішнеўскага касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі: кнігі перадшлюбных іспытаў за 1876 — 1883 і 1910 — 1914 гады. Трапілі ў зборы бібліятэкі і кнігі шлюбных іспытаў Траецкай царквы ў Даўгінаве Вілейскага раёна за 1881 — 1892 і 1904 — 1913 гады.

Але бібліятэчныя зборы камплектуюцца крыніцамі не толькі з тэрыторыі Беларусі. Так, трапіла сюды і кніга шлюбных іспытаў Скрудэлінскай Пакроўскай царквы Зельбургскага павету Курляндскай губерні за 1841 — 1844 гады. Цяпер гэта вёска Скрудаліена ў латвійскім рэгіёне Селія на левым беразе Дзвіны на поўдзень ад Даўгаўпілса. У гэтых краях жыло багата беларусаў праваслаўнага альбо ўніяцкага вераспавядання.

У часовае выкарыстанне таксама былі атрыманыя з таго ж рэгіёна спавядальныя ведамасці Саланайскай Крыжаўзвіжанскай царквы за 1855 — 1861 гады і кніга запісаў аб хростах, шлюбах і пахаваннях каталіцкага парафіяльнага касцёла ў Ілуксце за 1775 — 1797 гады, звязаная з дзейнасцю езуіцкай місіі, паводле якой магчыма прасачыць цікавыя выпадкі міжканфесійных шлюбаў каталікоў з праваслаўнымі альбо ўніятамі. Цяпер для азнаямлення чытачоў са згаданымі дакументамі ў бібліятэцы плануецца выстава новых паступленняў, якая можа прайсці ў чытальнай зале рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў.

Арыгіналы і копіі

Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў распавёў, якімі дакументамі ў апошні час папаўняліся фонды. Перадусім варта ўлічваць, што архіў захоўвае дакументы па беларускай гісторыі дарэвалюцыйнага перыяду. Вядома, яго ўстановы-фондаўтваральнікі даўно перасталі існаваць. Таму, напрыклад, у структуры архіва адсутнічае асобны аддзел камплектавання. Але, тым не менш, штогод у яго фонды паступаюць на захоўванне прынамсі некалькі соцень спраў — як арыгінальных дакументаў, так і ў выглядзе копій.

Арыгіналы перадаюць зазвычай з органаў запісу актаў грамадзянскага стану — гэта метрычныя кнігі, дзе фіксаваліся царкоўныя шлюбы. Пераважна яны паступаюць з заходніх рэгіёнаў краіны, дзе крыху пазней усталявалася савецкая ўлада і даўжэй захоўвалася практыка царкоўных шлюбаў. Большасць дакументаў такога кшталту адносіцца да міжваеннага перыяду, але трапляюцца і больш старажытныя. Так, з архіва ЗАГСа Баранавіцкага раёна былі перададзеныя метрычныя кнігі базыльянскага манастыра з мястэчка Вольна, пачынаючы з 1782 года, а з Браслаўскага раёна паступалі дакументы 1830-х гадоў. Вядома, такога кшталту крыніцы знаходзяцца не толькі на захадзе краіны. Напрыклад, з раённага архіва органаў ЗАГС у Касцюковічах, што ў Магілёўскай вобласці, была перададзеная калекцыя дарэвалюцыйных кніг з 1890-х гадоў. Наогул жа за апошнія дзесяць гадоў на захаванне ў Нацыянальны гістарычны архіў былі перададзеныя дзве з паловай тысячы метрычных кніг.

Вялікая ўвага надаецца ў архіве і супрацоўніцтву ў сферы атрымання лічбавых копій дакументаў — у такой форме тут прадстаўленыя метрычныя кнігі аб шлюбах базыльянскага манастыра ў Ракаве 1740 — 1752 гадоў, атрыманыя з ракаўскай Праабражэнскай царквы, Метрычныя кнігі касцёла ў Дзераўной 1816 — 1833 гадоў з архіва курыі Мінска-Магілёўскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, Метрычныя кнігі аб шлюбах і разводах яўрэйскай грамады ў Мінску ў 1912 — 1919 гадах, якія цудам удалося адшукаць у Цэнтральным архіве гісторыі яўрэйскага народа ў Іерусаліме. З Дзяржаўнага архіва Яраслаўскай вобласці ўдалося атрымаць лічбавыя копіі актавай кнігі Слонімскага земскага суда за 1555 — 1565 гады, а з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук — метрычныя кнігі аб нараджэннях і шлюбах з базыльянскага манастыра ў Ружанах за 1748 — 1761 гады. Агулам жа Нацыянальным гістарычным архівам былі апрацаваныя і алічбаваныя трыццаць тры парафіяльныя архівы храмаў розных канфесій.

Агульная справа

Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Юрый Снапкоўскі звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на фонды абласных і занальных архіваў. Тут знаходзяцца крыніцы па генеалогіі, якія доўгі час былі ў абмежаваным доступе на захаванні ў ведамасных архівах. Менавіта тут магчыма знайсці пагаспадарчыя кнігі, уведзеныя ў 1934 годзе. Яны змяшчаюць звесткі пра склад сем’яў, іх жыллё і маёмасць, дакументы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, яе мясцовых камітэтаў ды арганізацый і кантрольных камісій, а таксама дакументы акупацыйных уладаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, фонды камендатур і ўправаў, фільтрацыйныя карткі і анкеты-карткі на былых ваеннапалонных і рэпатрыянтаў.

Напрыканцы семінара выступіла даследчыца Алена Кароўчанка, якая паразважала аб перспектывах валанцёрскага руху ў генеалагічнай супольнасці Беларусі і звярнула ўвагу на патрэбу стварэння індэксаваных архіўных вопісаў у тэкставым выглядзе для машыннага пошуку — яны спрасцілі б намаганні людзей, якія шукаюць у архівах звесткі аб сваіх продках. Таксама варта было б звязаць назвы спраў з канкрэтнымі асобамі і населенымі пунктамі. Пакуль у камандзе валанцёраў крыху больш за шэсцьдзясят чалавек, і яе каардынатары заклікаюць далучацца да гэтай ініцыятывы ўсіх ахвочых. Сапраўды, чым болей людзей прыкладзе намаганні па спрашчэнні пошуку аб сваіх продках, тым большай будзе далейшая зацікаўленасць грамадства ў гэтым накірунку.