Дык стварыце ўражанне!

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” сумесна з Міністэрствам культуры, Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абвяшчаюць XVI Міжнародны конкурс жывапісу і графікі і VI Міжнародны конкурс мультыплікацыі і дыяфільмаў, аб’яднаныя адной назвай — “На сваёй зямлі”.

/i/content/pi/cult/824/17617/_opt.jpegКонкурс “На сваёй зямлі” праводзіцца ў Беларусі з 2006 года. За гэты час у ім былі прадстаўлены тысячы работ з некалькіх дзясяткаў краін.

У цэнтры твораў — родная зямля і тое, як людзі на ёй жывуць. Сёлета арганізатары прапануюць на выбар тры тэмы для конкурсу жывапісу і графікі: “На сваёй зямлі” — традыцыйная свабодная тэма конкурсу, “У садзе і агародзе” і “Вандроўка за ваколіцу”. Акрамя вольнай тэмы, для конкурсу мультыплікацыі і дыяфільмаў прапануюцца такія: “Гісторыя без слоў” і “Уражанне”.

Стваральнікам работ у заяўленых жанрах можа быць ад 5 да 18 гадоў. А на конкурс мультыплікацыі і дыяфільмаў прымаюцца заяўкі не толькі ад індывідуальных удзельнікаў, але і ад творчых калектываў мастацкіх школ і каледжаў мастацтваў, студый і нават сямейных творчых калектываў. Тэрмін падачы заявак на конкурс жывапісу і графікі — да 31 снежня 2020 года, на конкурс мультыплікацыі і дыяфільмаў — да 15 студзеня 2021 года. Міжнароднае журы, складзенае з мастакоў, аніматараў і педагогаў з Беларусі, Украіны, Расіі і іншых краін, падвядзе вынікі ў лютым.

Па традыцыі, фінальная выстава пройдзе ўвесну ў Мінску — сёлета яна прызначана на красавік, а пасля адправіцца ў вандраванне па Беларусі і за яе межамі. Фільмы-пераможцы будуць прадстаўлены публіцы пад час цырымоніі ўзнагароджвання. Творы пераможцаў папярэдніх конкурсаў “На сваёй зямлі” экспанаваліся і ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у германскім Бундэстагу, Дзяржаўнай Думе Расіі, Падляскай галерэі ў Польшчы, Нацыянальным музеі імя Андрэя Шапціцкага ў Львове, у Кіева-Пячорскай лаўры і нават у Страсбургу пад час сесіі Савета Еўропы па пытаннях культуры.

Па выніках конкурсу выдаецца альбом-каталог выставачных работ “На сваёй зямлі”.

Больш падрабязную інфармацыю пра Міжнародны мастацкі праект “На сваёй зямлі” і ўмовы падачы заявак можна знайсці на сайце конкурсу children-art.org.