Маркі, манеты, канверты...

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Да юбілею Фердынанда Рушчыца
10 снежня 1870 года ў маёнтку Багданаў, што на Валожынчыне, нарадзіўся славуты мастак Фердынанд Рушчыц. У гісторыю сусветнага мастацтва ён увайшоў як мастак-пейзажыст, кніжны графік, карыкатурыст, тэатральны дэкаратар. Рабіў накіды медалёў, штандараў, тэатральных строяў і афіш. З’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці. На старонках “К” ужо з’яўляліся матэрыялы Барыса Крэпака ў рубрыцы “Вяртанне імёнаў”, прысвечаныя мастаку (№ 48 — 49, 2010 г., № 44, 2014 г.). Будуць і іншыя. Але гэтым разам мы распавядзем толькі пра некалькі важных эпізодаў захавання памяці пра славутага сына беларускай зямлі, якія мелі месца сёлета ўвосень.

/i/content/pi/cult/824/17616/20.jpgМарка ад Белпошты

З нагоды 150-годдзя з дня нараджэння мастака на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі UNESCO было прынята рашэнне пра ўключэнне ў Каляндар памятных дат UNESCO на 2020 год гэтай гадавіны.

Адной з праяў святкавання на дзяржаўным узроні юбілею мастака стала прэзентацыя адмысловага паштовага праекта (марка і канверт першага дня), выпушчанага Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. Праект быў падрыхтаваны паводле матэрыялаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Нацыянальнага мастацкага музея Літвы. Дызайнерам праекта выступіла Алена Мядзведзь, якая абрала для канверта твор мастака “Nec mergitur”, які выклікаў ажыятажную зацікаўленасць на выставе ў Мінску ў 1911 годзе, а для маркі вядомы твор “Пустка. Старое гняздо”.

Урачыстае гашэнне маркі адбылося 5 лістапада ў “Паштовым салоне” сталічнага Паштамта. У прэзентацыі бралі ўдзел міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач, намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

Трэба згадаць, што і раней Белпошта неаднаразова звяртала ўвагу на асобу і творчасць мастака. Многія беларускія філатэлісты маюць у сваіх калекцыях маркі з выявамі карцін Фердынанда Рушчыца — “Зямля” (з партрэтам мастака, 1994 г.), “Каля касцёла” (2002 г.). А ў 1999 годзе, да 60-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея, быў выпушчаны адмысловы канверт з пазначаным творам “Каля касцёла”. Праўда, для мастака, імя якога ў ХІХ стагоддзі “ўскалыхнула мастацкі свет Еўропы”, такія прызнакі ўвагі, расцягнутыя на двадццацігоддзі, выглядаюць, па шчырасці, вельмі і вельмі сціплымі. Таму было б выдатна, каб, нарэшце, з’явілася цэлая серыя марак з творамі Фердынанда Рушчыца, бо не толькі ж карцінамі “Зямля” і “Каля касцёла” ён вядомы.

Між іншым, нам удалося даведацца, што Белпошта плануе серыю выданняў (марак і канвертаў), прысвечаных юбілеям пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы.

Важкае слова Нацбанка

Не застаўся ў баку ад святкавання юбілею мастака і Нацыянальны банк Беларусі. Як вядома, банк рэгулярна выпускае памятныя манеты, якія тэматычна дзеляцца на некалькі раздзелаў — юбілеі асобаў ці ўстаноў, архітэктурная спадчына, беларускія строі, а таксама шмат іншага. Менавіта адна з такіх манет, якую 14 верасня выпусціў Нацыянальны банк, і была прысвечана Фердынанду Рушчыцу. Манета выйшла ў дзвюх версіях — срэбнай і медна-нікелевай. У афармленні выкарыстаны вядомы твор “Пустка. Старое гняздо”, партрэт мастака і фрагмент карціны “Зямля”. У адрозненне ад традыцыйна круглай манеты, як да прыкладу “Тэатр Янкі Купалы. 100 год”, якая таксама была адбіта сёлета, манета, прысвечаная Рушчыцу, мае прастакутную форму.

Як паведаміў “К” начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і СМІ Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Сяргей Здановiч, 26 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца прэзентацыя гэтых манет.

Дарэчы, Нацбанк, як і Белпошта, плануе ўшанаваць памяць беларускіх пісьменнікаў — Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, а таксама Героя Беларусі Уладзіміра Карвата — серыяй памятных манет.

Слова архівістаў

Сваё слова ў справе папулярызацыі асобы славутага мастака Фердынанда Рушчыца сказаў і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. 14 кастрычніка на сайце архіва была размешчана віртуальная выстава “З берагоў Вілейкі: да 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (1830 — 1936)”. Выстава падрыхтавана вядучым навуковым супрацоўнікам архіва Уладзімірам Дзянісавым. Вялікая колькасць архіўных дакументаў роду Рушчыцаў і самога мастака, якія выстаўлены ў адкрыты доступ, дапоўнена інфарматыўнай анатацыяй. На падставе выяўленых матэрыялаў, як сцвярджаецца ў ёй, удалося ўдакладніць некаторыя моманты біяграфіі мастака. Думаю, гэта навіна павінна зацікавіць тых, хто займаецца папулярызацыяй асобы Фердынанда Рушчыца. З гэтай нагоды чакайце і на старонках “К” чарговага дакументальнага серыяла, прысвечанага “Таямніцам Рушчыцаў”.

Думаю, чытачам “К” таксама будзе цікава даведацца, як рухаецца справа па аднаўленні сядзібы Рушчыцаў у Багданава.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар