Ён ніколі не быў “кандзібоберам”

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Стагоддзе з дня нараджэння Андрэя Макаёнка прайшло без гучных імпрэзаў. Зразумела, час для іх цяпер не самы спрыяльны. Ды і што тут казаць: імя драматурга, які быў адназначна найпапулярнейшым у Беларусі і ўваходзіў у “топ” усяго СССР, сёння неяк прызабылася. Тэатральная моладзь ведае Макаёнка хіба праз “парадны” партрэт у падручніку з наборам не надта спакуслівых для чытача літаратуразнаўчых фармулёвак. Хаця паслухаўшы ўспаміны тых, хто яго ведаў, пачынаеш бачыць гэтую постаць зусім у іншым святле.

/i/content/pi/cult/824/17615/18.jpgПрэм’ера ў чужых нагавіцах

Творы Макаёнка ставілі сотні вялікіх і малых тэатраў. Але “каханне жыцця” ў яго было адно — Купалаўскі. Драматург лічыў гэтыя сцены родным домам, ды і там яго нязменна прымалі за свайго.

— Калі ён прыходзіў да нас у тэатр, мы ведалі: значыць, будзе свята! — распавядае народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова. — Ён умеў ствараць настрой вакол сябе.

Не дзіва, што і ўсе галоўныя творы Макаёнка спярша ўвасабляліся менавіта на гэтай сцэне — і кожны станавіўся падзеяй! З яго лёгкай рукі адна за адной запальваліся акцёрскія зоркі. Ды і сенсацыйнае прызначэнне ў 1973 годзе мастацкім кіраўніком Купалаўскага Валерыя Раеўскага — як і яго сябра Барыса Луцэнкі на аналагічную пасаду ў Горкаўскі — сёй-той таксама звязвае з Макаёнкам. Хаця рызыка была вялікая. Давяраць штурвалы тэатральных флагманаў рэспублікі маладым “капітанам” з рэпутацыяй вальнадумцаў — ды яшчэ і не членам партыі — ніхто б не наважыўся, апрача…

/i/content/pi/cult/824/17615/19.jpg— Пэўна, канчатковае рашэнне прыняў асабіста Машэраў, які хацеў, каб беларускі тэатр адкрыў для сябе новыя далягляды, — лічыць тэатразнаўца Таццяна Арлова. — Але Пётр Міронавіч прыслухоўваўся да разумных парадаў… І без Макаёнка тут яўна не абышлося.

Як яно было насамрэч, сёння наўрад ці хто скажа. Але відавочна іншае: Макаёнак таксама шмат у чым абавязаны Купалаўскаму.

У 1953 годзе ён быў драматургам-пачаткоўцам і супрацоўнікам часопіса “Вожык”. За спінай — сялянскае дзяцінства, вайна, цяжкае раненне... Хадзіла пагалоска, што калі яму хацелі ампутаваць нагу, хлопец прыгразіў лекарам пісталетам. Тыя выклікалі санітараў — і будучы класік з крыкам “Вы думаеце, я жартую?” зрабіў папераджальны ў столь. Нагу пакінулі, рана загаілася. А пра яго характар пайшлі пагалоскі.

І вось, гэты малады яшчэ пісьменнік прынёс у Купалаўскі сваю п’есу “Выбачайце, калі ласка!” Ужо знакаміты рэжысёр Канстанцін Саннікаў ацаніў яе адразу. Свежых камедый у рэпертуары бадай не было — прычым не толькі беларускім, але і наогул савецкім. У каноны сацрэалізму такі жанр не ўпісваўся: барацьба добрага з лепшым выглядала нясмешна.

Твор Макаёнка на той час быў вельмі смелым: крывадушнае калгаснае начальства, абыякавае да патрэбаў простага люду, паказуха, прыпіскі... Выраз “Сатыра на калгасны лад” (а яе пільныя крытыкі ў п’есе цалкам маглі ўгледзець) гучаў бы як прысуд.

Аднак Саннікаў усё ж рызыкнуў — і спектакль спазнаў неверагодны поспех. Кажуць, пасля яго паказу ў нейкім калгасе тамтэйшы люд абступіў Лідзію Ржэцкую, якая сыграла прынцыповую сялянку Ганну, ды стаў прасіць: а вы і наша кіраўніцтва на чыстую ваду выведзіце...

Пасля таго, як п’есу паставілі ў дзвюх сотнях савецкіх тэатраў, Макаёнак стаў не толькі знакамітым, але і даволі заможным. І пра выпадак, які папярэднічаў прэм’еры ў Купалаўскім, згадваў бы пра анекдот.

— Ён потым распавядаў: трэба было на паклон выходзіць, а ў яго нават нагавіцаў прыстойных не знайшлося, — кажа Зінаіда Зубкова. — Макаёнак тады быў голы і босы як смык — ледзь не ў шынялі хадзіў! І Саннікаву давялося яму свае штаны пазычыць для такога выпадку.

Ультыматум “Лявоніхі”

У 1961-м, калі Макаёнак прынёс у Купалаўскі “Лявоніху на арбіце”, ён ужо быў у такім статусе, што мог дыктаваць умовы. Адна з іх рэжысёра Барыса Эрына здзівіла: галоўную ролю павінна сыграць канкрэтная артыстка. І не народная або заслужаная — хаця яны навыперадкі былі згодныя — а тая, “на каго” гэтая п’еса і стваралася: Галіна Макарава. На той час — актрыса другога плана, малапрыкметная і ўжо не маладая. Чым яна так прыглянулася драматургу, ніхто не разумеў. Але ён паставіў ультыматум: або Макарава, або я забіраю п’есу.

Інтуіцыя Макаёнка спрацавала на ўсе сто. Сёння цяжка сказаць, хто каму прынёс славу — Лявоніха Макаравай ці Макарава “Лявоніхе”. Але сімбіёз атрымаўся ідэальным. Спектакль, які ўдала супаў з палётам Гагарына, прагрымеў на ўвесь Саюз. Яго паказвалі нават у крамлёўскім тэатры — у прысутнасці савецкага кіраўніцтва.

— Памятаю, у наш вялізны гатэльны нумар заходзяць з каньячком Куляшоў і Макаёнак, — распавядае Галіна Зубкова. — Андрэй Ягоравіч такі шчаслівы: гэта ж трэба, каб былі бацькі жывыя, яны б падскочылі ад радасці, даведаўшыся, што мае словы ў самім Крамлі гучаць! Макаёнак жа — просты вясковы хлопец. І такім заставаўся да канца жыцця — прыязным кемлівым мужыком ад зямлі. Нейкая манернасць яму не была ўласцівая.

Калі “Лявоніха” ўзнесла на арбіту Макараву, то ў лёсе іншай легенды — Генадзя Аўсяннікава — ролю “ракеты” сыграла трагікамедыя Макаёнка “Трыбунал”. Прычым сам знакаміты акцёр распавядае, што на пачатку драматург быў зусім не ў захапленні ад увасаблення яго задумаў на сцэне. Даходзіла да спрэчак з творчай групай.

— Макаёнку гэты спектакль інакшым бачыўся. Але потым, ужо пасля прэм’еры, ён кажа: бяру свае словы назад. Здаецца, у вас атрымалася лепей, чым можна сабе ўявіць, — распавядае Генадзь Сцяпанавіч.

 — Ён неяк прызнаўся, што Зіначку-слязіначку з мяне напісаў, — дадае Зінаіда Зубкова. — Я была дзяўчына трохі чуллівая, паплакаць магла… Потым гэтую ролю і выконвала. На рэпетыцыях мы часам ажно плакалі — так кранала…

Пра поспех спектакля сведчыць хаця б такая дробная дэталь. Выраз Цярэшкі “Кандзібоберам хадзіць буду” стаў крылатым і пайшоў у народ. Пагадзіцеся, з літаратурнымі цытатамі так здараецца зусім нячаста.

“Поспех не перашкаджаў шчасцю”

Небезвядомы Вядзьмак Лысагорскі выяўляе Макаёнка як гэткага “літаратурнага бонзу” — таго самага “кандзібобера”, што з вышыні свайго Алімпу абыякава глядзіць на дробныя “дачныя” клопаты субратоў па пяры — бо сам ужо мае недасяжны для іх “фальварак”. У тэксце паэмы ягонае прозвішча наўпрост не згадваецца, але літаратуразнаўцы вызначылі прататып хутка.

Можа, нехта і ўспрымаў знакамітага драматурга менавіта такім чынам — пагатоў стасункі ў літаратурных колах ніколі не былі ідэальнымі. Але сябры згадваюць пра яго зусім іначай.

— Доўгі час ён быў маім суседам па лецішчы ў Ждановічах, — прыгадвае Таццяна Арлова. — Таму, зразумела, стасаваліся вельмі шчыльна. І ўспаміны засталіся самыя лепшыя: просты, сціплы, заўсёды гатовы даць добрую параду…

— Ды не, карона ў яго на галаве не вырасла, — запэўнівае Зінаіда Зубкова. — Да славы ён ставіўся як да падарунка Бога. Пэўны гонар быў, што тут казаць. Але вонкава ніколі не выяўляўся. Поспех не перашкаджаў ягонаму чалавечаму шчасцю. Ніякай фанабэрыі — такія самыя прыяцельскія стасункі, як і раней, толькі частаваць нас стаў у буфеце больш шчодра. А завітваў ён у Купалаўскі часта, бо вельмі яго любіў. Зразумела, мы таксама Андрэя вельмі любілі і паважалі — за талент і характар.

Кажуць, і па дапамогу да Макаёнка творчыя людзі звярталіся смела — скажам, у вырашэнні кватэрнага пытання. Драматург ахвотна карыстаўся ў гэтым выпадку сваёй славай — і тым самым характарам. Ды і калі было патрэбна пазычыць грошай, усе з творчага люду ведалі, да каго звяртацца.

Нязменна будучы ў цэнтры ўвагі, Макаёнак ніколі не даваў нават нагоду для плётак. Тагачасныя дзяўчаты-купалаўкі (а канцэнтрацыя прыгажунь у тэатры проста зашкальвала) згадваюць яго як мужчыну надзвычай прыстойнага. А сам драматург казаў: калі б і ажаніўся я з якой актрысай, дык толькі з Галінай Макаравай. І тут жа ўсміхаўся, даючы зразумець, што гэта жарт. Маўляў, нашто я ёй, калі ў яе ўжо ёсць такі выдатны муж — Павел Пекур.

“Страху не ведаў”

Напрыканцы 70-х Макаёнак быў ужо жывым класікам, якога аднолькава любіла публіка і ўлада. І вось тады ён адважыўся на рызыкоўны крок — дастаў з шуфляды сваю самую смелую п’есу “Пагарэльцы”, якая адлюстроўвае псіхалогію чыноўнікаў-прыстасаванцаў. Валерыю Раеўскаму адвагі таксама было не займаць — і пастаноўка адбылася.

— Прымалі яе разоў мо шэсць, — распавядае Таццяна Арлова. — Мы, крытыкі, з усяе моцы стараліся адстаяць гэты твор. Але канчатковае слова было за Машэравым. Ён прыйшоў, паглядзеў, паціснуў плячыма ды сказаў: дык добры ж спектакль, чаго вы гэтак узварушыліся! На тым дэбаты скончыліся.

— Макаёнак страху не ведаў, — дадае Зінаіда Зубкова. — І пабачыўшы ў ЦК лозунг кшталту “Аддамо ўсе сілы будаўніцтву камунізму”, мог выгукнуць: хлопцы, трэба ж нешта і жанчыне каханай пакінуць! Ён быў такі…

Раней спектаклі па п’есах Макаёнка ішлі ад Брэста да Камчаткі — і звычайна з аншлагамі. Цяпер у афішах яго імя з’яўляецца даволі рэдка. Многія лічаць, што маральна гэтая драматургія састарэла, застаўшыся ў сваім часе. І сапраўды, яго кантэкст адчуваецца. Тая ж “Лявоніха” патрапіла на ўсчатую Хрушчовым хвалю барацьбы з прыватнымі падворкамі. Але Макаёнак меў несумненны талент ператварыць што заўгодна — хоць газетную перадавіцу — у захапляльную драматургію.

— Вельмі шкада, што сёння яго не ставяць! — перакананая Таццяна Арлова. — Бо Макаёнак пісаў так, як не піша ніхто, і яго п’есы насамрэч — вечныя. Асабліва, калі зірнуць на іх глыбей і з пункта гледжання дня сённяшняга.