Прыступкі лесвіцы ў неба

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Не кожнаму дадзена да свайго юбілею рабіць выставу на самай прэстыжнай пляцоўцы нашай краіны — у Нацыянальным мастацкім музеі. Я не аднойчы згадваю гэтую акалічнасць, калі пішу пра выставы ў нашай скарбніцы. Уладзіміру Вішнеўскаму сёлета споўнілася 65 гадоў, і ён чакана зладзіў выставу менавіта тут. “Лесвіца ў неба” яе назва.

/i/content/pi/cult/824/17614/17.jpgЯк мастак спадар Уладзімір чалавек не пафасны. Таму такая назва напачатку падалася мне не адпавядаючай ладу ягонай творчасці. Ёсць у ягоных работах містыка і загадкавасць, сюррэалістычная фантазійнасць, драматызм і шляхетнасць, але пафас, асабліва біблійнага кшталту — гэта, як мне думалася, не ягонае. Нават калі мастак звяртаецца да сюжэтаў, пачэрпнутых з самай вядомай у свеце кнігі, ягоныя малюнкі і гравюры не ўспрымаюцца ілюстрацыямі лёсавызначальных падзей, што перавярнулі свет і ўтварылі новыя гарызонты. У яго хутчэй атрымліваюцца хатнія хронікі, а апосталы з Хрыстом бачацца такімі ж людзьмі, як мы з вамі. Але, аглядаючы выставу і трымаючы ў галаве яе назву, я чамусьці згадаў арыгінальны помнік, зроблены менавіта па матывах “лесвіцы Якава”, што спалучае Неба і Зямлю. Помнік быў зроблены ў памяць святароў, што ў часе Грамадзянскай вайны ў Іспаніі спрабавалі спыніць словам Божым вар’яцтва нацыянальнага маштабу і праз гэта самі сталі ахвярамі згаданага вар’яцтва. Імем Неба яны заклікалі людзей спыніць крывавае супрацьстаянне на Зямлі, не губіць сваю душу. Стаіць помнік у каталонскім манастыры Мансерат.

І ведаеце, пасля гэтай згадкі ўсё стала на свае месцы. Мастак сваімі творамі гаворыць пра адвечнае і пазачасавае, будуючы лесвіцу паміж уяўным ідэалам і рэчаіснацю. Гэта калі характарызаваць ягоную творчасць у агульных рысах, не засяроджваючы ўвагу на тых ці іншых нюансах.

Выстава зроблена вельмі густоўна. Уласна кажучы, Уладзімір Вішнеўскі з ліку тых мастакоў, што проста не могуць намаляваць кепска. Ці не кожную ягоную работу можна ўстаўляць у рамку пад шкло і несці на выставу. Так што, калі і была праблема адбору, дык гэта як з масіва добрага вылучыць выдатнае. І гэта атрымалася. Я заўжды з захапленнем ставіўся да ягонай здольнасці па-майстэрску маляваць светлымі лініяй і плямай па цёмным тле. Выявы ў такім выпадку глядзяцца як вырваныя з цемры промнем, і праз гэта нават самыя простыя рэчы набываюць згаданыя вышэй містычнасць і драматызм.

Акрамя таго, што Уладзімір Вішнеўскі графік, ён яшчэ і разьбяр. Гэта рэдкае спалучэнне. Звычайна скульптары звяртаюцца да графікі і жывапісу, каб занатаваць нешта такое, што ў перспектыве можа стаць пластыкай. Тут іншы выпадак. Магчыма, гэтую іпастась трэба тлумачыць натуральным жаданнем выйсці за межы плоскасці, дзе і ёсць асноўнае поле дзейнасці мастака-графіка. Да таго на паперы Вішнеўскі стварае рэч з, так бы мовіць, чыстага аркуша, а ў пластыцы ідзе ад наяўнай формы і фактуры матэрыялу. Часта выхад у іншую сферу дазваляе па-новаму ўбачыць і сваю звыклую справу. Работа ў пластыцы, безумоўна, ўплывае на тое, што ён робіць у сваім любімым афорце.

Асабіста мне нязвыклым у кантэксце творчасці Уладзіміра Вішнеўскага падаецца зварот да буйнафарматнай графікі ў тэхніцы акрылу і акварэлі. Такія творы ў стылістыцы сепіі таксама ёсць на выставе. Я параўнаў бы іх з выхадам на “аператыўны прастор” мастака, які доўгі час замацоўваўся на звыклым і зручным “плацдарме”. Магчыма гэта новы паварот у творчасці.

І напрыканцы зноў пра лесвіцу… Чалавеку ўжо пры нараджэнні, а потым па жыцці даецца вельмі многа. І ў дадатак да ўсяго — магчымасць скіраваць гэты капітал на годную справу або змарнаваць. Скажам так, зарыць талент у зямлю, або скарыстаць у якасці будаўнічага матэрылу для лесвіцы ў неба. Уладзімір Вішнеўскі, безумоўна, з роду ўзнёслых будаўнікоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"