Над чым ды як працаваць?

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Памёр Міхаіл Жванецкі. Хтосьці скажа, што ў нас сваіх трагічных праблем — вышэй галавы. Мо яно і так. Але Жванецкі, як падаецца, не аб’ект статыстычна-пашпартнай увагі з канкрэтнай прапіскай і сацыяльным статусам. Міхаіл Міхайлавіч — гэта невытлумачальная з’ява прыроды, якая непазбежна паляпшае настрой і ўдасканальвае свет. Ён нават не столькі сатырык-гумарыст, колькі філосаф і гуру для тых, хто працуе са словам і любіць жыццё так, што імкнецца змяніць яго да лепшага. У шасцідзясятых нам падавалася, што Аркадзь Райкін — аўтар сваіх надзённых маналогаў. Не, аўтарам быў Жванецкі. І тады, у застойныя часы, толькі два чалавекі даносілі да нас праўду праз магнітафонныя плёнкі — Высоцкі і Жванецкі. Шкада, але асоб не бывае шмат. Са мной можна спрачацца, але я перакананы: пісаць так, каб чытач плакаў — адносна проста, пісаць так, каб чытач смяяўся і пачынаў задумвацца над працэсамі і з’явамі — цяжка неверагодна. Міхаіл Міхайлавіч спраўляўся з гэтай задачай віртуозна і вельмі пераканаўча даводзіў, што без сумлення няма творцы. Хто застаўся пасля яго?

/i/content/pi/cult/824/17609/12.jpgСумленне — сінонім прафесіяналізму. Гаворка пра гэта ці не ў кожным лісце сённяшняй рэдакцыйнай пошты. Піша, да прыкладу, загадчык гарадской бібліятэкі горада Ашмяны Людміла Зарэцкая: “На пачатку лістапада наша ўстанова правяла для юных чытачоў інфармацыйна-пазнавальную праграму “У кніг не бывае вакацый!” Дзейнічалі, натуральна, кніжныя выставы, бібліятэкары знаёмілі падлеткаў з навінкамі літаратуры, ладзіліся віктарыны. Уразіў чытачоў відэаролік “Францыск Скарына. Чалавек свету”. І гэта цудоўна, што асобы нашых асветнікаў працягваюць уражваць. Значыць, бібліятэкары ведаюць, над чым і як працаваць.

Яшчэ адна навіна з Ашмян пераконвае, што станаўленне асобы — працэс паступовы і карпатлівы. Намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур распавядае, што за сем гадоў навучання ў музычных класах установы баяніст Дамінік Багдановіч (настаўнік Юрый Брашко) не раз станавіўся пераможцам творчых конкурсаў, у тым ліку і міжнародных. Да прыкладу, летась Дамінік станавіўся дыпламантам і лаўрэатам двух міжнародных і рэспубліканскага конкурсаў. Бягучы год не стаў выключэннем. Па выніках другога паўгоддзя навучальнага года 57 адораных і таленавітых школьнікаў, навучэнцаў каледжаў і ліцэяў, студэнтаў ВНУ сталі чарговымі стыпендыятамі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. У рамках праграмы “Адораныя і таленавітыя — будучыня свету” стыпендыя прысуджана і Дамініку. У яго рэпертуары — класічныя і народныя творы. Цяпер баяніст рыхтуе з настаўнікам праграму для конкурсу “Беларускія таленты”, што пройдзе ў сталіцы ў снежні. Хлопец збіраецца паступаць у Лідскі музычны каледж.

Трэцяя інфармацыя з Ашмянскага раёна прысвечана дзявятай навукова-практычнай канферэнцыі, што прайшла ў Гальшанах, багатых на слынных асоб і помнікі гісторыі ды архітэктуры. “Называлася канферэнцыя, — піша Аліна Санюк, — “Канфесійнае жыццё Ашмяншчыны X — XX стагоддзяў”. Ладзіць Гальшанскія чытанні Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. За значны ўклад у даследаванне гісторыі роднага краю падзякі Інстытута былі ўручаны супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіне Палубінскай, краязнаўцу з Гальшан Валянціне Лабунінай, настаўніцы гісторыі Ашмянскай гімназіі Ларысе Ларыонавай, вучню гімназіі Мікіту Ромме і вядучаму архівісту Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Алене Траццяк. Па традыцыі Інстытут гісторыі падарыў бібліятэкам раёна краязнаўчыя выданні. Падчас канферэнцыі гаворка ішла пра існаванне ўніяцкай царквы ў Ашмянах, даследаванне могільнікаў V — VIII стагоддзяў на тэрыторыі раёна, культавыя будынкі павета ў фотаматэрыялах, Ашмянскі касцёл Святога Духа (XVI стагоддзе), пра афармленне інтэр’ера базыльянскай царквы ў Барунах, рукапісныя помнікі мясцовых мусульман…”

А ў Лідскай гарадской бібліятэцы № 4, паведамляе загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч, адбыўся семінар “550-годдзе Жыровіцкай іконы Божай Маці”. Мэта мерапрыемства, як сцвярджае аўтар, — павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў бібліятэк, якія працуюць у кірунку духоўнай асветы і маральнага выхавання асобы. Ад сябе дадам вось што. Толькі не былі б словы пра выхаванне асобы пустым гукам. Ад фармалізму асоба чэзне, а рамеснік не можа стаць майстрам.

Яшчэ адна яскравая постаць — з Воранава. Вось што піша дырэктар Воранаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская: “Чаму Мечыслава Вільчэўскага называюць курчоўскім салаўём? Ён з дзяцінства пачаў цікавіцца песнямі, што гучалі ў роднай вёсцы Курчоўцы. Паступіў у Навагрудскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе і разгледзелі ягоны вакальны талент. Вярнуўся Вільчэўскі на радзіму, і загучалі ягоныя спевы ў мясцовым сельскім клубе. Спявюць сёння і дзеці Мечыслава Адольфавіча, і яго ўнучка. А сам курчоўскі салавей — удзельнік этнаграфічна-фальклорнага гурта “Крынічка”, які часта можна пачуць і пабачыць на беларускіх тэлеканалах.” Вось так і доўжыцца беларуская традыцыя: ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука… І няхай не перарываецца гэты ланцужок жыцця-творчасці.

Адзін з самых яркіх нашых пазаштатных аўтараў Наталля Рамановіч — вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра — паведамляе пра Свята млынароў у Адэльску, пра раённы фестываль “Вяртанне да вытокаў”, які штогод вандруе па розных аграгарадках і праходзіць ужо ў восьмы раз. Сёлета імпрэзы аб’яднаны новым фестывальным праектам “Тыдзень фальклору” ў шырокі грамадскі агляд культурных вясковых традыцый з дэманстрацыяй цыкла вясельных абрадаў. У кожнай установе культуры ладзяцца выставы “Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць”. Абавязковыя атрыбуты — аўтэнтычныя ці рэканструяваныя вясельныя строі жаніха і нявесты, а таксама — вясельныя галаўныя ўборы, асабліва — вянок нявесты, які ўпрыгожваецца падчас майстар-класаў. Этапы сватання, запоін, заручын, зборнай суботы, выправы маладога, выкупу нявесты прадэманструюць самадзейныя калектывы аматарскай творчасці і фальклорныя гурты. 15 лістапада ў Квасоўскім Цэнтры культуры і развіцця народнай творчасці пройдзе дэфіле ў традыцыйных вясельных строях. Кожны аграгарадок прэзентуе маладую пару ў этнаграфічным ці адноўленым строі ад даваенных часоў да 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Развіваць гэты кірунак даследаванняў і рэканструкцыі збіраецца Школа фалькларыстаў.

Мясцовыя пісьменнікі і краязнаўцы перадалі Дзятлаўскай раённай бібліятэцы свае творы. Сярод іх — Міхаіл Лук’янчык, Алена Абрамчык, Леанарда Юргілевіч, Алена Малько. Кнігі гэтых аўтараў утрымліваюць гісторыка-краязнаўчыя артыкулы, вершы і апавяданні. Навіну пра новыя паступленні нам даслала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алена Якаўчык.

Мы шмат пішам пра інклюзію — уплыў мастацтва на творчую рэалізацыю людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У чарговы раз тэму ўзнімае Святлана Ганчарова, якая на прыкладзе дзейнасці Бераставіцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, яго філіялаў вядзе гаворку пра рэалізацыю інклюзіўнай дзейнасці для інвалідаў. Безумоўна, работа вядзецца ў шчыльным кантакце з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гарадскога пасёлка Бераставіца, раённым таварыствам інвалідаў, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райсаветам ветэранаў. Святлана Ганчарова піша пра дзейнасць аматарскага аб’яднання “Натхненне”. Аб’яднанню — пяць гадоў. Людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі асвойваюць вакальнае і тэатральнае мастацтвы, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, становяцца эмацыйна адкрытымі, упэўненымі ў сваіх сілах. Удзельнік аматарскага аб’яднання “Натхненне” Артур Васько і мастацкі кіраўнік аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў і развіцці народнай творчасці Бераставіцкага РЦК Вольга Паўлючук запісалі песню для дыстанцыйнага гала-канцэрта XII абласнога фестывалю творчасці маладых інвалідаў, які адбудзецца 27 лістапада.

Святлана Чубрык — супрацоўнік Навагрудскай раённай бібліятэкі — распавядае, што 5 лістапада ў бібліятэчнай міні-галерэі “Імгненне” прайшоў майстар-клас “Малюнак. Творчасць, якая радуе” мастачкі Юліі Літавар. У галерэі цяпер працуе яе выстава “Фотарэалізм у дэталях”, дзе экспануюцца акварэль і графіка. Ёсць замалёўкі з відам Навагрудка, шмат выяў на азіяцкую тэму. Асаблівую цікавасць выклікалі партрэты, выкананыя вугалем. На майстар-клас Юлія прынесла ўсе свае інструменты. Кожны ахвотны папрацаваў з імі. Выснова тут адзіная: асобамі не нараджаюцца, працэс іх станаўлення накіроўваюць старэйшыя творцы. Каб пераемнасць разумення дабрыні не перарывалася.

Шчаслівая навіна з Лідскага раёна. Народны сямейны ансамбль
Парфенчыкаў “Мы з вёскі-калыскі” з Бердаўкі адзначае 35-годдзе творчай дзейнасці. Святочная праграма “Адна сям’я, адно жыццё, адна песня” пройдзе ў Бердаўскім Цэнтры культуры і вольнага часу 21 лістапада. Калектыў уключае тры пакаленні: ад бабуль-дзядуль да ўнукаў. Узрост артыстаў — ад 6 да 60 гадоў. Увесь час кіруе гуртом Аляксандр Парфенчык. Ансамбль першы атрымаў званне “народны” сярод сямейных ансамбляў краіны. У Бердаўскім Цэнтры культуры і вольнага часу працуе музей сям’і, дзе сабраны экспанаты, прысвечаныя беларускім сямейным традыцыям і творчасці гурта.

Браслаўскі раён інфармуе. У дні восеньскіх вакацый Слабодкаўская бібліятэка запрасіла чытачоў паўдзельнічаць у тыдні восеньскага настрою з кнігай. Сапраўды, лістападаўскую непагадзь лепш перачакаць з цікавым выданнем. У мяне, да прыкладу, чытальная зала была абсталявана на хатняй печы. Майму кату ўсе гэтыя кніжныя мерапрыемствы вельмі падабаліся.

Крыху агітацыі за здаровы лад жыцця. Пасля саракагадовага курэння я ўсё ж развітаўся з заганнай звычкай. Жыццё такое цікавае, што не павінна быць кароткім. Чым раней гэта зразумееш, тым лепей для цябе. Гэтай жа думкі прытрымліваецца спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска Таццяна Бычанок. З 2 па 30 лістапада, распавядае яна, у сталіцы доўжыцца рэспубліканская акцыя “Не прапальвай сваё жыццё”. Мэта — папярэджанне курэння ў ложку. Ахвярамі пажараў па гэтай прычыне становяцца каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці загінулых у агні. Адзін з метадаў папярэджання такой бяды з’яўляецца ўсталяванне аўтаномных пажарных паведамляльнікаў.

А закончыць хачу словамі Міхаіла Жванецкага: “Жыццё маё, пабудзь са мной”. Беражыце сябе, шаноўныя чытачы, і пішыце нам пра самае цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"