У музеі Стаброўскага былі карціна Верашчагіна і аўтографы Талстога ды Пушкіна…

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

2 лістапада споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея, археолага, гісторыка, вынаходніка, вайскоўца, аднаго са знакамітых слонімцаў ХХ стагоддзя Язэпа (Іосіфа Іосіфавіча) Стаброўскага.

/i/content/pi/cult/824/17607/6.jpgЯзэп Стаброўскі нарадзіўся ў Слоніме. У сямейным альбоме, які захоўваецца ў сваякоў, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: “Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка “Кулікі”. Памёр у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.

Радавод

Бацька Язэпа Стаброўскага Іосіф удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і севастопальскай войнах. Штабс-капітан Мурамскага палка Іосіф Вікенцьевіч Стаброўскі быў паранены падчас бітвы пад Севастопалем і звольнены са службы па раненні ў 1859 годзе. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Маці Язэпа Стаброўскага Людвіка была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта Мураўёў-вешальнік саслаў яго ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці Карл Масальскі таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага.

/i/content/pi/cult/824/17607/7.jpgСябры

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Тут ён пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Яны шчыра пасябравалі. А потым, калі Стаброўскі жыў на Слонімшчыне, доўга перапісваліся. Наш зямляк запрашаў яго ў госці ў вёску Орлавічы. Але, на жаль, Купрын на Слонімшчыне так і не пабываў.

Адзначу, што Язэп Стаброўскі таксама перапісваўся і з Львом Талстым. А ў час ганення Льва Талстога расійскім урадам Стаброўскі напісаў яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі. У палку, дзе служыў Стаброўскі, гэтым учынкам былі ўсе здзіўлены.

Кар’ера

У сваёй аўтабіяграфіі Язэп Стаброўскі пісаў: “У бытнасць на вайсковай службе ў 81-м пяхотным Апшэронскім палку з 1891 да 1895 года загадваў палкавой швальняй. З’яўляўся палкавым інструктарам па сапёрнай справе. Па даручэнні шэфа Апшэронскага палка вялікага князя Георгія Міхайлавіча рабіў фатаграфічныя здымкі месц Дагестана, дзе Апшэронскі полк вёў баі з Шамілём, для гісторыі палка. За гэтую працу атрымаў ад князя падарунак: гісторыю палка з уласнаручным подпісам. Пераведзены ў артылерыю з 1895 года. Шмат гадоў з’яўляўся справаводам, а пасля загадчыкам гаспадаркі батарэі і палка. Загадваў афіцэрскім сходам і бібліятэкай. З’яўляўся сябрам, а затым старшынёй брыгаднага суда і сябрам суда таварыства афіцэраў. Удзельнічаў у дзвюх палявых паездках 1910 года, якія мелі задачай рэкагнасцыроўку ўчасткаў рэк Віслы і Варты з мэтай знішчэння крэпасцей Варшавы і Брэста, неабходнасць чаго пацвердзілася ў вайне 1914 года — абедзве гэтыя крэпасці былі здадзены без бою...”

Дзякуючы сваім здольнасцям, Язэп Стаброўскі атрымаў магчымасць яшчэ закончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі завяршыў у чыне палкоўніка. Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі служыў у Чырвонай Арміі. Але з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесійна-ваеннымі, хоць Язэп Язэпавіч да канца сваіх дзён не здымаў з плячэй шыняля. А ў “Паслужным спісе” палкоўніка Стаброўскага значыліся ордэны і знакі ўзнагарод: св. Станіслава 2-й і 3-й ст., св. Ганны 3-й ст., св. Ганны 2-й ст. з мячамі, св. кн. Уладзіміра 4-й ст. і іншыя.

У Еўропе пазайздросцілі б

У 1921 годзе Язэп Стаброўскі вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Ён збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляла гістарычную каштоўнасць. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі такія экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два лісты Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы і многія-многія іншыя экспанаты. У Літаратурны музей СССР, згодна прадпісанню Народнага Камісарыята Асветніцтва 13 чэрвеня 1940 года № 0-11м па акту № 114 чэрвеня, былі перададзены: “Письмо поэта Гавриила Державина по делу о примирении маиорши Ширшиной с майор. Фон Бриггеном 10 мая 1793 г.”, “Ордер Гавриила Державина Ярославск. Губ. Прокурору Бранту по делу о преслед. купцов Кокцева и Холщевникова 1 дек. 1802 г.”, “Письмо поэта А. Пушкина Ананьину с просьбой о назначении дня когда можно будет окончить дело. Не датировано. — Извещение о смерти поэта и приглашение на отпевание тела”, “Автограф графа Льва Толстого из письма его к художнику Ивану Кирилловичу Пархоменко в 1910”. На аснове пастановы Баранавіцкага аблвыканкама ад 15 кастрычніка 1940 года № 1219 па акту 13 лістапада 88 экспанатаў былі перададзены ў Баранавіцкі музей мастацтва. Сярод іх можна вылучыць старажытнаяўрэйскае рэлігійнае пісанне “Мегіле”, пазалочаны барэльеф з надпісам “EneeracontesesaventuresaDidon”, келіх неапалітанскага караля Мюрата з надпісам “Afinquenousdominionssurlemonde”, келіх з зялёнага шкла ўніяцкага архіепіскапа Галубовіча, 20 гравюр і іншыя музейныя экспанаты.

Помнік дахрысціянскай пары

Што датычыць, напрыклад, каменнага ідала, дык пра яго Язэп Стаброўскі напісаў нават даследчы артыкул і змясціў у красавіцкім нумары часопіса “Беларусь” за 1946 год. Ён пісаў: “У ваколіцах Слоніма, на выгане, дзе ніколі не было ніякіх будынкаў, у 1934 годзе пракладвалі новую Альбярцінскую вуліцу. У час выкапкі катлавана пад будову фундамента для жыллёвага дома на глыбіні каля паўметра была знойдзена каменная галава, якая цяпер знаходзіцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Знойдзены аб’ект, высечаны з ракавістага вапняка, уяўляе з сябе мужчынскую галаву з плоскім тварам, шырокім носам, без вусоў і з завостранай бародкай. Памеры яго невялікія — 46 см у вышыню, даўжыня 22 см, шырыня —15 см. Шыя гэтай галавы мае выгляд кліна для ўстаноўкі ў пні дрэў ці, можа, у спецыяльна выраблены каменны пастамент. Нельга меркаваць, што галава адбіта ад якой-небудзь статуі, бо няма ніякага злому, а клін выраблены вельмі выразна.

Параўнанне знойдзенай галавы з фігурамі святых у суседніх касцёлах сведчыць, што паміж імі няма ніякага падабенства. Іншыя веравызнанні, як праваслаўнае, мусульманскае і яўрэйскае, зусім забараняюць ужыванне якіх бы то ні было фігур у мэтах рэлігійных. Такім чынам гэтая галава з’яўляецца помнікам дахрысціянскай пары...”

Нават сёння слонімцы сталага ўзросту расказваюць, што аднойчы, вяртаючыся дамоў, Стаброўскі стаў сведкам падзення метэарыта, які ўпаў непадалёку ад вёскі Азярніца. Пошукі працягваліся амаль паўстагоддзя, але метэарыт усё ж быў знойдзены і дастаўлены у музей.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведвальнікамі ў верасні 1929 года. На адкрыццё музея прыязджаў нават прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

Сапраўдны росквіт музей Стаброўскага набыў у канцы 1939 года і на пачатку 1940-х гадоў. Жыхары горада і раёна ахвотна наведвалі музей. Дзякуючы нашаму гісторыку і краязнаўцу ён узбагаціўся дарагімі калекцыямі — мінералагічнай і палеанталагічнай, выставамі па гісторыі і рэлігіі, карцінамі, нумізматыкай, этнаграфічным матэрыялам. Усё складвалася даволі добра, але раптам вайна. У чэрвені 1941 года гаспадарамі ў Слоніме ўжо былі немцы. І ўсё ж 2 кастрычніка 1942 года на Паркавай вуліцы, 42 у старажытным горадзе над Шчарай музей зноў адчыніў свае дзверы. Давайце, напрыклад, паспрабуем уявіць гэты музей у кастрычніку 1943 года.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фотаздымкі з архіва аўтара