Адарваны ад зямнога прыцяжэння...

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Рэвалюцыя ў “рэвалюцыі” Эль Лісіцкага

/i/content/pi/cult/823/17604/21.jpgЗ крыніцы Далгінава — радзімы таленавітых мастакоў

Пачну здалёку. Існуе мала каму вядомае сведчанне, што адну з драўляных сінагог у вёсцы Далгінава Вілейскага павета Віленскай губерні (зараз Мінская вобласць) у пачатку XVIII стагоддзя размаляваў Хаім Айзік Сегаль. Як сцвярджаў Марк Шагал у сваім эсэ “Лісткі” (берлінскі часопіс “Штурм”), гэта быў яго прадзед. Але гэта наўрад ці. У Марка Захаравіча, мабыць, былі праблемы з элементарнай арыфметыкай. Розніца паміж прадзедам і праўнукам — прыкладна 200 гадоў — можа збянтэжыць і пяцікласнікаў. Хутчэй за ўсё, гэта быў прапрапрадзед знакамітага мастака.

На жаль, гэта сінагога згарэла разам з манументальнай фрэскай, але бацька майго сённяшняга героя, знакамітага мастака-супрэматыста і архітэктара Эль Лісіцкага — Мордух Залманавіч (Марк Саламонавіч) Лісіцкі, карэнны далгінаўскі мешчанін-рамізнік, быццам бы расказваў сыну пра тое, што ў канцы XIX стагоддзя асабіста бачыў гэтую фрэску з адлюстраваннем пахавання прарока і старазапаветнага патрыярха Іакава. Бачыў рабоў, якія бальзаміруюць яго цела; сыноў, якія аплакваюць бацьку, і далей — калясніцы, вершнікі, старэйшыны Егіпта…

Дарэчы, усе продкі Эль Лісіцкага па мужчынскай лініі — з Далгінава. Дадам, што вёска Далгінава — радзіма таленавітых мастакоў і маіх сяброў — скульптара Уладзіміра Слабодчыкава і, на жаль, памерлага графіка Юрыя Герасіменкі.

У канцы 1880-х гадоў сям’я Лісіцкіх пераехала ў Віцебск, потым — у мястэчка Пачынак Ельнінскага павета Смаленскай губерні, дзе 130 гадоў таму, 22 лістапада 1890 года, і нарадзіўся будучы выдатны авангардыст-рэфарматар найноўшага мастацтва. Гэта прыкладна за дзве сотні кіламетраў ад Віцебска, побач з хутарам Загор’е — радзімай Аляксандра Твардоўскага. У паэта ёсць такія радкі: “И еще доволен я, — // Пусть смешна причина, — // Что на свете есть моя / Станция Починок…”

У 1993 годзе ў газеце “Культура” я, мабыць, упершыню ў Беларусі, апублікаваў артыкул пра жыццё і творчасць Лісіцкага. Штосьці я ведаў пра яго яшчэ ў свае студэнцкія гады з лекцый па гісторыі савецкай архітэктуры, а таксама з кнігі-манаграфіі ўдавы мастака Соф’і Лісіцкай-Кюперс, якая была выдадзена ў ГДР на нямецкай мове. Але тады пра мастака ў нашай краіне яшчэ мала хто ведаў, ды і на рускай мове таксама было няшмат матэрыялаў. Урэшце, тое не дзіва.

Урок глыбіннай пераемнасці

Лёс творчай спадчыны Лісіцкага быў драматычны, як і яго сяброў ды аднадумцаў па Віцебскаму авангарду, уключаючы К.Малевіча, М.Шагала, В. Ермалаеву. У 1944-м немка Соф’я Лісіцкая-Кюперс, як і іншыя немцы, якія жылі ў Маскве, праз тры гады пасля смерці мужа, была разам з 14-гадовым сынам Барысам выслана ў месцы не так аддаленыя. Яна жыла ў Новасібірскай вобласці, а пасля вайны — у Новасібірску.

Неспасцігальным чынам, нягледзячы на цяжкасці і страты вайны ды ссылкі, мужная жанчына здолела зберагчы творы і архіў свайго мужа. Яна адмовілася ад самых выгадных прапаноў замежных музеяў ды прыватных калекцыянераў, каб выканаць апошнюю волю нябожчыка: аддаць творы ў савецкія музеі.

/i/content/pi/cult/823/17604/22.jpgТолькі ў 1958-м Лісіцкая-Кюперс змагла прыехаць у сталіцу. Тут, пасля бессэнсоўных затрымак, што ўзніклі па віне кіраўнікоў Міністэрства культуры, у фонды Траццякоўкі перайшло звыш 300 твораў мастака, у тым ліку і віцебскія проўны (прасторавыя канструкцыі — рэд.), а таксама ягоныя архіў, кнігі, фатаграфіі. Тым не менш, большая частка работ Лісіцкага засталася ў замежных музеях ды прыватных калекцыях, з’яўляючыся гонарам уладальнікаў апошніх.

Гадоў трыццаць таму (1981) на выставе “Масква — Парыж” мне давялося пабачыць кавалачак творчасці тады амаль невядомага ў Беларусі (ды і ў Расіі яго мало хто ведаў) мастака Эль Лісіцкага: віцебскія проўны, найцікавыя праекты яхт-клуба на Маскве-рацэ, гіганцкую трыбуну Леніна і рэканструкцыю гэтай трыбуны, выкананай у дрэве ды метале, устаноўкі “Савецкі авіятранспарт” для Міжнароднай выставы 1934 года ў Парыжы і арыгінальныя эскізы кніжнага магазіна, якія рухаюцца.

Там жа экспанавалася разнастайная паліграфічная прадукцыя, пачынаючы ад афармлення вокладкі часопіса “Журналіст”, і заканчваючы запрашальным білетам паліграфічнай выставы. Што я вынес з прагляду гэтых экспазіцый? Пачуццё рэдкай мастацкасці, вобразнасць, канструктыўная выразнасць, трапны зварот да сродкаў і катэгорый мастацтва. Як бракуе часам усяго гэтага ў работах многіх сённяшніх прэтэндэнтаў на званне таго самага авангарда… І як шмат гэтага было ў творчасці Лісіцкага!

Гэта быў урок той самай пераемнасці — глыбіннай, сапраўднай, а не дэкларатыўнай — якую, уласна кажучы, і знішчылі ў нашым развіцці часы жорсткіх догмаў і забаронаў. Пераемнасці, якую мы пад сцягам абнаўлення, на жаль, нярэдка імкнемся замяніць чыста знешнім падабенствам да чагосьці сапраўднага. Або адхрышчваемся, як у нас заведзена, яшчэ не спазнаўшы…

У адной з анкет Эль Лісіцкі пералічыў віды сваёй дзейнасці: інжынер-архітэктар, жывапісец, фотапісец, друкар. Гэты спіс далёка не поўны. Да ўсяго ён яшчэ і першы савецкі графічны дызайнер, бліскучы майстра плаката і фотамантажу, ілюстратар шматлікіх кніг і часопісаў, афармляльнік нацыянальных і міжнародных выстаў, педагог і стваральнік архітэктурнай майстэрні Віцебскай мастацкай школы, прафесар ВХУТЭМАСа ў другой палове 1920-х.

Яго творчая індывідуальнасць сфакусіравала ў сабе галоўныя рысы авангарда: падыход да мастацтва як да “светабудаўніцтва”, “делание” жыцця па законах мастацтва — але мастацтва асобага роду, заснаванага на найноўшых дасягненнях навуковай і мастакоўскай думкі. А што тычыцца яго знакамітых “проўнаў”, дык гэта асобная старонка не толькі яго творчай біяграфіі, але і яркая “ўспышка” на небасхіле ўсяго еўрапейскага авангарда ХХ стагоддзя.

Сёння пра Лісіцкага надрукавана ўжо шмат матэрыялаў і кніжнай прадукцыі, і ў сродках масавай інфармацыі, і ў інтэрнэце, хаця і тут шмат чаго наблытана… Але нам гэтая вельмі таленавітая асоба цікавая і таму, што Віцебшчына для яго, як для Шагала і Малевіча, назаўсёды стала тым родным валошкавым полем, з якога яны і іхнія аднадумцы горда ўзняліся ў высокія прасторы сусветнай культуры.

“Канструктар новага супрэматычнага Сусвету”

...У маі 1919-га стары сябра Марк Шагал запрасіў Лісіцкага, які тады працаваў у Кіеве, у Віцебск, каб прапанаваць пасаду кіраўніка архітэктурнай майстэрні і майстэрні друкаванай графікі ў Народнай мастацкай школе. Так пачалося новае жыццё Лазара Лісіцкага ў гэтым горадзе на Заходняй Дзвіне, што кардынальна змяніла на доўгія гады яго творчы лёс. Менавіта ў Віцебску, у 1920-м, “проўніст” Лазар Маркавіч Лісіцкі ўзяў сабе творчы псеўданім Эль Лісіцкі, з якім і ўвайшоў у мастацкую гісторыю ХХ стагоддзя. Усяго тры гады прабыў мастак у гэтым славутым старажытным горадзе, але якія гэта былі гады! Хаця, па вялікім рахунку, Віцебск для Лісіцкага даўно быў “старым знаёмым”. У дзяцінстве ён тут вучыўся ў школе Юдаля Пэна, пад мантыяй якога атрымалі азы мастацтва будучыя свяцілы сусветнага мастацтва: юныя Марк Шагал, Восіп Цадкін, Аскар Мешчанінаў — сокалы “Парыжскай школы” ды многія іншыя віцябчане.

“Канструктар новага супрэматычнага Сусвету” Эль Лісіцкі пісаў Казіміру Малевічу з Берліна ў Віцебск 13 сакавіка 1922 года: “...Дарагі сябра (я думаю, што так гэта і ёсць)! Мы пражылі ў Віцебску вельмі прыгожы, вельмі значны і вельмі шматчасавы перыяд. Цяпер я гэта асабліва востра бачу. Тут (у Германіі. — Б.К.) няма ні прасторы, ні часу. Душы ходзяць, здані вельмі бледныя, і рыжына паўсюль...”

Так, Віцебск усё ж, хоць і на кароткі перыяд, стаў галоўным цэнтрам усяго тагачаснага авангарда. Глядацкая звычка — пастаянна параўноўваць адлюстраванае на карціне — тут зусім не падыходзіць. Яна, дарэчы, наогул мала дае для разумення мастацтва. Няўменне супастаўляць не карціну і натуру, а розныя жывапісныя светы не дазваляе адчуць унікальнасць мастацкага бачання. Але варта ўявіць сабе беспрадметныя палотны К.Малевіча, Л.Лісіцкага, В.Кандзінскага, Л.Паповай, Н.Удальцовай, В.Розанавай, А.Экстэр, М.Ротка, П.Мандрыяна, Х.Міро, М.Эрнста, Ж.Брака, П.Пикаса, успомніць невыяўленчыя крышталічныя структуры П.Філонава і лёгка адчуць, што кожны з гэтых майстроў валодаў СІСТЭМАЙ. Усе яны прыйшлі да беспрадметнага мастацтва невыпадкова. Новы час — час грандыёзнай перабудовы свету, новых рэвалюцыйных сацыяльна-культурных метамарфоз, новай філософіі бачання рэалій жыцця — патрабаваў новых “песень”: новых рытмаў, ліній, аб’ёмаў, пластычных мелодый. Усё зблыталася, змяшалася, скруцілася не толькі ў небывалым клубку нябачных творчых пошукоў, але і ў асобных ўзаемаадносінах у асяроддзі дзіўных наватараў.

Што да ўзаемаадносін нядаўніх сяброў Шагала і Лісіцкага, то тут узнікае пытанне творча-этычнага парадку. Лісіцкі апынуўся ў складанай сітуацыі выбару паміж сваім духоўным настаўнікам Шагалам і Малевічам — бліскучым арганізатарам і лідарам радыкальных настрояў моладзі. Лісіцкі прыняў бок Малевіча, стаў яго паслядоўнікам, адэптам, бо моцны імпульс уплыву на Лісіцкага супрэматычнай канцэпцыі аказаўся менавіта ў Віцебску мацнейшым за жывапіс “рэаліста-казачніка” Шагала.

Канешне, унікальнае творчае азарэнне, якое з’явілася менавіта ў Віцебску, не адразу прыйшло да Лісіцкага. Напомню, што пасля кароткага навучання ў Пэна 14-гадовы Лісіцкі паступіў у Аляксандраўскае рэальнае вучылішча Смаленска, якое скончыў у 1909-м. А пасля выправіўся ў нямецкі горад Дармштат, дзе паступіў на архітэктурны факультэт Вышэйшай тэхнічнай школы. Тут, у адрозненне ад большасці будучых мастакоў авангарда, пераважна жывапісцаў, Лісіцкі атрымаў адукацыю архітэктара. Дарэчы, у сувязі з тым, што наведванне лекцый было вольным, Лісіцкі змог пабываць і ў Італіі, і ў Францыі, дзе пазнаёміўся з маладымі “парушальнікамі спакою” — мастакамі Манпарнаса і Манмартра.

Перад Першай сусветнай вайной прадоўжыў сваю адукацыю на архітэктурным факультэце Політэхнічнага інстытута горада Рыга, дзе пазнаёміўся са студэнтам Фрыдрыхам Цандэрам — будучым аўтарам першых праектаў касмічных караблёў і ракетных рухавікоў. Магу дапусціць, што Лісіцкі мог ведаць і архітэктара Міхаіла Эйзенштэйна, які ў той час паспяхова праектаваў у Рызе шматпавярховыя дамы, а таксама яго сына — юнага Сяргея, вучня Рыжскага рэальнага вучылішча, будучага вялікага савецкага кінарэжысёра. У 1915-м, у сувязі з ваеннымі падзеямі, інстытут быў эвакуіраваны ў Маскву, дзе Лісіцкі праз тры гады і абараніў дыплом інжынера-архітэктара. У аўтабіяграфіі ён пісаў: “...Наша пакаленне нарадзілася ў апошняе дзесяцігоддзе XIX стагоддзя, і мы сталі прызыўнікамі эпохі пачатку чалавечай гісторыі... Мы выхаваны эпохай вынаходніцтва. З 5-ці гадоў слухаю фанограф Эдысона. 8 — першы трамвай. 10 — бачу кіно, потым аўто, дырыжабль, аэраплан, радыё. Пачуцці ўзбройваюцца інструментамі, якія павялічваюцца-памяншаюцца. Перадавая еўрапейская і амерыканская тэхніка клапоціцца пра аснастку нашага пакалення...” Ужо ў гэты перыяд яго можна назваць “мастаком сацыяльных эмоцый”, бунтаром высокага тэмпераменту, які востра адчуваў сучаснасць, што патрабуе, на яго погляд, радыкальнага абнаўлення...

...І тут надыходзіць бурлівая і непрадказальная рэвалюцыйная восень 1917 года. “Для творчасці нашага пакалення Кастрычнік быў першай маладосцю”, — шчыра пісаў потым Эль Лісіцкі. І — з натхненнем стаў працаваць у аддзеле ИЗО Народнага камісарыята асветы. Але ўжо на пачатку 1919-га — Лісіцкі ў Кіеве, бо Масква становіцца для яго цеснай. Аднак і ў Кіеве ён доўга не пратрымаўся: праз чатыры месяцы, у маі, ён аказаўся ў Віцебску, каб атрымаць ад Шагала прапанову, датычную пасады кіраўніка архітэктурнай майстэрні і майстэрні друкаванай графікі ў Народнай мастацкай школе.

І 30 жніўня таго ж года, за два дні да пачатку заняткаў у вучылішчы, Лісіцкі сабраў сваіх вучняў і паставіў перад імі задачу: знайсці новы “дух”, што “павінен быць гнуткім, глыбокім і шырокім”. А знаёмства з галоўнымі архітэктурнымі прынцыпамі (тэктоніка) у гэтым дапаможа. Бо тэктоніка, на погляд Лісіцкага, — падмурак для ўсіх мастацтваў, які “прыводзіць хаос у парадак, у мэтазгоднасць, у рытм”.

На пачатку лістапада 1919 года Лісіцкі запрашае ў Віцебск “мастака-футурыста” Казіміра Малевіча, з якім ён раней працаваў у Маскве ў мастацкім аддзеле Савета салдацкіх дэпутатаў. Так пачыналася новая гісторыя Віцебскай мастацкай школы, па сваёй значнасці супараўнальная з легендарнай Парыжскай школай...

Успрыняўшы “дынамічны супрэматызм” Малевіча як адзіна магчымую сістэму светаўладкавання, Лісіцкі ўзбагаціў яе, надаў супрэматызму аб’ёмна-прасторавую інтэрпрэтацыю ў сваіх віцебскіх эксперыментальных праектах — проўнах (“праекты сцвярджэння новага”).

У задачы педагога ўваходзіла таксама і навучанне праекцыйнаму чарчэнню, каб вучні ўбачылі ў гэтых супрэматычных “сюжэтах” адну з праекцый аб’ёмнай кампазіцыі. Іншымі словамі, Лісіцкі прадстаўляў усе плоскасныя творы Малевіча ў выглядзе камбінацый аб’ёмных цел. Жывапісная або графічная кампазіцыя стала для яго фундаментам для надання гэтым плоскасцям таўшчыні і глыбіні, у выніку чаго ён выйшаў на горадабудаўнічы маштаб. Так пачыналася нараджэнне знакамітых проўнаў — архітэктурных кампазіцый з па-рознаму камбінаваных прызматычных аб’ёмаў, якія стаяць ці лунаюць, утвараючы між сабой унутраную прастору. Такім чынам, ён адштурхоўваўся ад супрэматызму Малевіча, але ў выніку заснаваў зусім новы кірунак у мастацтве. Эль Лісіцкі потым напіша ў часопісе “АВС, Beitrage zum Bauen”: “...Мы пабачылі, што новы жывапісны твор, які ствараем, ужо не з’яўляецца карцінай. Ён ужо нічога не ўяўляе, але канструюе прастору, плоскасці, лініі з той мэтай, каб стварыць сістэму новых узаемаадносін рэальнага свету. І менавіта гэтай новай структуры мы далі назву — “проўн”... Менавіта ў Віцебску Лісіцкі стварыў знакаміты супрэматычны плакат “Клином красных бей белых!”, які стаў візітоўкай майстра.

Проўны Лісіцкага: адчуванне прасторы як космасу

Спалучыўшы заканамернасці канструктыўнай пабудовы формы і скарыстаўшы вопыт архітэктурнага праектавання, Лісіцкі пачаў распрацоўку і праблем прасторавай арганізацыі горада будучыні. Іншымі словамі, проўны — візуальнае адлюстраванне ўтапічных архітэктурных ідэй, гэта прасторавыя канструкцыі, якія адарваліся ад зямлі, скіраваліся да неба альбо знаходзяцца ў стане, немагчымым для зямной архітэктуры.

Менавіта ў Віцебску, у атмасферы палкіх мар пра лёс краіны, рэвалюцыі, мастацтва, жорсткіх спрэчак паміж прыхільнікамі Шагала і паслядоўнікамі Малевіча (яны скончыліся поўнай перамогай апошніх ды ад’ездам Шагала з Віцебска), і з’явіліся першыя проўны Лісіцкага — найбольш цікавая выдатная частка ягонай творчай спадчыны. Проўны — таксама абрэвіятура ў духу часу, прыдуманая мастаком: “Праект сцвярджэння новага”. Тэрмінам “проўн” можна, бадай, называць не толькі асобныя творы — гэта своеасаблівы свет, мастацтва асобых форм у іх узаемадзеянні.

“Мы на сваёй апошняй станцыі супрэматычнага шляху ўзарвалі старую карціну... і зрабілі яе саму светам, які плыве ў прасторы”, — у такім стылі пісаў Лісіцкі аб проўнах у артыкуле з характэрнай назвай “Супрэматызм светабудовы” (“УНОВИС”, № 1 за 1920 г.). Некаторыя проўны сапраўды нібыта папярэдзілі ўспрыняцце прасторы, якую спасціг чалавек другой паловы ХХ стагоддзя, што выйшаў у космас. Адчуванне прасторы як космасу спарадзіла новыя ўяўленні пра спакой і рух, аб’ём і плоскасць, новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі ды навакольным светам.

Інакш кажучы, проўны — гэта супрэматызм, убачаны мастаком па-свойму. Лісіцкі так каменціруе свае пошукі: “Палатно карціны стала для мяне занадта цесным, і я стварыў проўны як перасадачную станцыю ад жывапісу да архітэктуры”. Калі для Малевіча яго творчая канцэпцыя была з’явай асабліва філасофскай, для Лісіцкага — практычнай, з мэтай распрацоўкі гарадоў будучыні, максімальна функцыянальнай. Напрыклад, адным з самых вядомых праектаў Лісіцкага стала “Ленінская трыбуна” з рухавымі ўстаноўкамі для прамоўцы і ўдзельнікаў мітынга, якую вянчае вялікі экран. На экране планавалася ўсталяваць плакат ці дэманстраваць фільм.

Мне здаецца, што па шляху Лісіцкага ў сярэдзіне 1970-х пайшлі грузінскія архітэктары Георгій Чахава і Зураб Джалагханія, якія пабудавалі ў Тбілісі арыгінальную трохмерную версію “гарызантальнага небаскроба”, пра які марыў Лісіцкі. Уласна, толькі адзін праект Лазара Маркавіча пры падрымцы вядомага журналіста Міхаіла Кальцова быў рэалізаваны ў Маскве ў 1932 годзе: гэта лёгкая элегантная друкарня часопіса “Огонёк”.

Самы першы проўн Лісіцкага, створаны праз колькі месяцаў пасля прыезду мастака ў Віцебск, называўся “Горад” (фанера, алей). На адваротным баку дошкі ён адштампаваў чырвоны квадрат — знак групы “УНОВИС”. Усе астатнія проўны (іх было больш за 200) абазначаліся толькі нумарамі. Маляваў творца, галоўным чынам, алеем на дрэве або палатне. Частка работ была літаграфавана і выдадзена ў Маскве. Проўны экспанаваліся на выстаўцы ўнавісцаў у Віцебску (1920) і на дзвюх — у Маскве. У 1923-м для Першай рускай мастацкай выставы ў Берліне Лісіцкі стварыў шыкоўную вокладку каталога і спецыяльную “Залу проўнаў”, а таксама выдаў у Гановеры шэсць аўталітаграфій тыражом 500 экзэмпляраў. Дарэчы, усе зборы ад выставы пайшлі ў дапамогу галадаючым Паволжжа.

А вось як цудоўна ахарактарызавала проўны свайго мужа Соф’я Лісіцкая-Кюперс: “Мы слухаем музыку: яна — плоская, як ліст паперы. Услухваемся ў цішыню: яна — шматпланавая. Зазірнём у аркуш: яго прастора — бязмежная, і архітэктар Лісіцкі апісвае гэтую прастору проўнамі. Проўны выканалі ролю партытуры цішыні...”

Эль Лісіцкі пражыў вельмі мала — усяго 51 год. Пачынаючы з 1923 года, яго вельмі мучылі сухоты. Мастак мужна з ёй змагаўся. І толькі безупынная творчая работа трымала яго ў акрэсленым тонусе. Спачатку выдалілі адно лёгкае, але хутка стала “здаваць” і другое. У апошнія месяцы Лазар Маркавіч хадзіў з сярэбранай трубкай, выведзенай з цела наверх, з якой з яго адзінага лёгкага выцякаў гной. І вось застарэлая сухота нечакана прачнулася ў той час, калі мастак у сваёй маскоўскай майстэрні на Сходні паспеў закончыць баявы плакат “Дайце больш танкаў...”

Да новага 1942 года заставалася ўсяго некалькі дзён. Сталіца мужна выстаяла перад ворагам, і цяпер вера ў хуткую Перамогу савецкага народа была непахіснай. Але Лісіцкаму сустрэць Новы год не прыйшлося. 30 снежня яго сэрца спынілася. Апошні прытулак мастак знайшоў на маскоўскіх Данскіх могілках...

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"