Кніжка ў джынсах

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

20 гадоў бібліятэчнага клопату
Па прычыне свайго сямігадовага настаўніцтва (родная мова і літаратура) быў абавязаны рэгулярна наведваць сваіх няпростых, мякка кажучы, вучняў па месцы іх жыхарства. Вось тады і давялося пабачыць жытло, дзе не было ніводнай кнігі. Нават слядоў ад падручнікаў не засталося. Відовішча, я вам скажу, жахлівае. У кватэры без душы і людзі пражывалі адпаведныя. Як ім дапамагчы? Выйсце, як падаецца, тут адзінае: мэтанакіраванае эстэтычнае выхаванне з дзіцячага садка пачынаючы. Даўно прызнаны факт, падлетак, які грае на нейкім музычным інструменце і ведае дакладную дарогу ў бібліятэку, нават у няпоўнай і не вельмі паспяховай сям’і вырастае без правапарушэнняў і з трывалай жыццёвай пазіцыяй. Шмат пісаў пра паспяховыя дзіцячыя музычныя калектывы, што наўмысна складаліся з цяжкіх падлеткаў. Але сёння гаворка пра спецыялістаў крыху іншага роду — пра бібліятэкараў.

/i/content/pi/cult/823/17601/17.jpgДобры бібліятэкар — заўжды прапаведнік. І любая кніга ў яго — кшталту Бібліі: вучыць толькі добраму ды вечнаму. Сустракаў нямала спецыялістаў, якім да гэтага ўзроўню ўзнімацца ды ўзнімацца. Душу ратуе тое, што знаёмы я з безліччу бібліятэкараў, якія сабралі пад святло сваёй паходні не адну сотню людзей і зрабілі з іх прафесійных чытачоў, якія навучыліся крытычна спасцігаць свет, аналізаваць падзеі і з’явы, навучыліся выкарыстоўваць досвед, назапашаны ў кнігах, для самаразвіцця і ўпарадкавання навакольнага свету.

Гаворка сёння пра Святлану Яцкоўскую з гарадскога пасёлка Падсвілле Глыбоцкага раёна, дома ў якой жывуць кнігі.

Для чытача, з чытачом, пра чытача

Яна калісьці агаломшыла мяне строгім выказваннем: “Бібліятэка — не крама, тут не павінна быць чэргаў”. Спачатку хацеў паспрачацца, але згадаў сябе сярод кніжных паліц і зразумеў, што ў пошуках сяброў не павінна быць крамнай мітусні. І ці варта кудысьці спяшацца, калі знаходзішся ў асяродку лепшых у свеце думак і высноў. Так што ўсё правільна, Святлана Паўлаўна.

За плячыма — 20 гадоў бібліятэчнага клопату. Самыя яркія чытачы — як высокія ўзнагароды за прафесіяналізм. Адна з першых — Надзея Лапа. У гарпасялковую бібліятэку запісалася пасля дзіцячай, была тады яшчэ ў шостым класе. Ужо два гады як вучыцца ў мінскай ВНУ. Яцкоўская і па сёння згадвае, як Надзі хацелася абмеркаваць кожную прачытаную кнігу. Так шчодрыя людзі не баяцца дзяліцца набытым шчасцем. А чытала Надзя класіку — і перакладную, і айчынную. Падчас бібліятэчных дыскусій навучылася прыгожа гаварыць (амаль цалкам згубленае на сёння мастацтва!) і ясна выказваць свае думкі. Уплыў чытання — відавочны. Святлана Яцкоўская не прыхоўвае прафесійнага задавальнення.

Надзя Лапа — толькі адна са шматлікіх. А былі яшчэ Руслан Новікаў, Ірына Вышадка, Аліна Піскановіч… У школе — 300 вучняў. І ўсе яны так альбо інакш бегаюць у бібліятэку за праграмнай літаратурай. Але знаходзяцца і тыя, што становяцца самымі актыўнымі спажыўцамі і рэтранслятарамі кніжных мудрасцяў. І дэвіз бібліятэкі “Працуем для чытача, з чытачом і пра чытача” становіцца ім блізкім ды зразумелым. А яшчэ дзейнічае для падлеткаў клуб “Равеснік”. Разам яны рэалізоўваюць нестандартныя бібліятэчныя праекты. Да прыкладу, для чарговай кніжнай выставы пад стэлаж прыстасавалі старыя джынсы, у шматлікіх кішэнях якіх і прэзентаваліся выданні.

Бібліятэчныя госці

Вернемся да бібліятэчнага дэвіза і патлумачым, якая ж праца тут наладжана “пра чытача”. З 2013 года ўстанова ажыццяўляе самы, на мой погляд, цікавы ды карысны праект “Госць у бібліятэцы”. Кожны месяц тут ладзяцца выставы творчых работ жыхароў Падсвілля: вышыўкі, акварэлі, бісерапляценне, разьба па дрэве, роспіс па шкле. Калі хто з аўтараў і не быў чытачом, дык пасля такіх персанальных прэзентацый абавязкова ім стаў. А для Святланы Яцкоўскай шчыры расповед пра здольнасці чытача (сапраўднага ці патэнцыйнага) — найпершы абавязак. Сціпласці тут не павінна быць, і кожны вясковец павінен ведаць, на што здольны ягоны сусед. Так што паход не толькі за кніжкамі, але і за мастацкімі ўражаннямі стаў у гарпасялковай бібліятэцы нормай. А той, хто ведае дарогу ў бібліятэку, рана ці позна займее і чытацкі фармуляр. Такім чынам бібліятэчныя госці ператвараюцца ў чытачоў.

Радасць і слёзы

“Дзякуй” ад Чытача — для кіраўніка бібліятэкі нібы шчыры ды радасны падарунак. За дваццаць гадоў працы былі падставы і для слёз: калі не хапала рук і часу для рэалізацыі цікавых задумак.

Але шмат і даведзенага да ладу. Сімпатычным падаецца праект “Літаратурнае караоке”. Чытачы падбіраюць вершы, для таго каб прачытаць пад музыку, якую прапаноўваюць бібліятэкары. Беларуская мова пры гэтым гучыць пастаянна.

Цяпер чытацкая грамадскасць Падсвілля рыхтуецца да юбілею Уладзіміра Караткевіча. Аматарскае аб’яднанне дарослых чытачоў “Сяброўка” прыдумвае сёння, чым здзівіць сяброў. Няма сумнення, што прыдумаюць. І ўвогуле, калісьці Святлана Паўлаўна хацела пераўтварыць бібліятэчную прастору ў арт-пляцоўку. Пераўтварыла. Тут можна паказаць і ўласны артыстызм, і ўменні ў выяўленчым ды дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Сёння з поспехам рэалізуецца яшчэ адзін праект, пра які мы калісьці пісалі. У аснове яго ляжыць сторытэлінг — расказванне гісторый. Людзі вучацца размаўляць, калі вучацца думаць. Адзін са складнікаў эстэтычнай адукацыі. З такім ўменнем няма месца ненарматыўнай лексіцы, няма падстаў для праяў нейкіх заганных якасцяў.

Яшчэ адзін прынцып Святланы Яцкоўскай звязаны з тым, што бібліятэка, па значымасці, стаіць у чалавека на трэцім месцы пасля дома і працы. Такім чынам пасля дома і працы ў Падсвільскай бібліятэцы збіраюцца людзі, якія не проста ўмеюць чытаць. Яны ўмеюць думаць, з задавальненнем увасабляюць свае думкі ў мастацкія работы і сумесныя творчыя праекты.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"