Ноткі-“Жодзінкі” ды літаркі-“БелАЗінкі”

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

27 — 28 верасня, не здрадзіўшы сваім традыцыям, Палац культуры БелАЗа ў Жодзіне сустрэў Дзень машынабудаўніка правядзеннем VII Рэспубліканскага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. Свята стала заключным акордам урачыстасцей у гонар 60-годдзя БелАЗа і, трэба спадзявацца, праклала шлях новаму статусу гэтага конкурсу, бо ўжо сёлета спаборніцтва мела ўсе падставы называцца Адкрытым рэспубліканскім.

Гульня лічбаў, ці Усе ў клас!

Як ператварыць 51 у 15? Памяняць лічбы месцамі? Няправільны адказ. А правільны такі: правесці акурат такі адбор канкурсантаў, як на “Белазаўскім акордзе-2008”. Праўда, спачатку былі адабраны 16 чалавек, але потым у лічбавую заканамернасць умяшаўся, мабыць, сам лёс, і канчатковая колькасць атрымалася больш сімвалічнай.

Падобныя адборы фіналістаў практыкуюцца тут здаўна. Гэта дазваляе арганізатарам не толькі трымаць узровень канкурсантаў на належнай вышыні, але і пастаянна ўзнімаць яго яшчэ вышэй.

Адзначым не толькі густоўнасць, з якой праводзіцца “завочны” паўфінал (праслухоўванне дасланых запісаў), але і яго абсалютную сумленнасць: тут ніколі не гуляюць “на канкурсантаў”, не адкідваюць пад рознымі “прыстойнымі” зачэпкамі моцных удзельнікаў, каб свядома пазбавіцца магчымых канкурэнтаў. Адзін толькі прыклад (на жаль, сумны): тамтэйшыя жодзінскія спевакі ніводнага разу не тое што ў пераможцы — нават у лаўрэаты не выходзілі. Ці ж гэта не нагода для роздуму? Не толькі пра відавочна справядлівае падвядзенне вынікаў, але і пра адсутнасць у горадзе добрай эстраднай студыі. Штогадовы

конкурс пры такіх умовах ператвараецца ў інфраструктурную адзінку, якая ўжо адно сваім існаваннем падштурхоўвае развіццё абранага віду мастацтва. Заўважна, як з кожным годам жодзінскія “дэлегаты” ўсё больш упэўнена пачуваюць сябе на сцэне. Дык чаму б не паскорыць тыя зрухі? Узяць ды запрасіць кагосьці са знаных кіраўнікоў для правядзення майстар-класаў! Такое “павышэнне кваліфікацыі” няблага было б наладзіць, зразумела, для ўласных вакалістаў, але пры жаданні на яго можна запрашаць усіх зацікаўленых, у тым ліку з іншых рэгіёнаў. Майстар-класы не абавязкова прымяркоўваць да конкурсу — гэта самастойнае мерапрыемства найперш практычнага характару.

Знайсці папараць-кветку

Гэта ж якая арганізацыйная трываласць у “Белазаўскага акорда”! Сёлета яму зусім не перашкодзілі агульназаводскія святкаванні, якія праходзілі напярэдадні. Механізм адладжаны — і працуе без аніякіх збояў, штогод здзіўляючы прыемнымі сюрпрызамі.

Здавалася б, чаго яшчэ не хапае? Ёсць усё: сайт (праз яго конкурсам зацікавіліся ў замежжы — у Расіі, Латвіі, на Украіне), створаны сынам і бацькам Карызнамі (кампазітарам і паэтам) гімн конкурсу, які “жыўцом” (!) спяваецца ўсімі ўдзельнікамі, дэманстрацыя на экране “відэапрэзентацый” кожнага канкурсанта, імгненны выпуск CD з лепшымі конкурснымі песнямі, шыкоўныя прызы для пераможцаў, сувеніры і дыпломы для астатніх... Сёлета да ўсяго гэтага далучыліся “знакі адзнакі” — спецыяльна вырабленыя значкі, што служылі своеасаблівым “пропускам” замест звыклых бэджаў. Дый сам Палац культуры сустрэў гасцей памаладзелым, з новымі крэсламі ў зале і фае.

Сімвалічнай атрымалася і харэаграфічная ўверцюра, якой у Жодзіне звычайна пачынаецца конкурсная дзея: юныя артысты выносілі маленькія ліхтарыкі — узнікалі і купальская тэма пошукаў “кветкі шчасця”, і непасрэдныя асацыяцыі з конкурсным запальваннем “зорак”.

Дарэчы, “Белазаўскі акорд” не толькі “запальвае”, але і, што нават яшчэ больш важна, падтрымлівае тое творчае гарэнне і надалей: у гала-канцэрце, паводле традыцыі, удзельнічаюць пераможцы мінулых гадоў (і адразу бачна, хто застаецца са старым рэпертуарам, хто робіць крокі наперад, а хто, здараецца, і назад). Сёлета, да ўсяго, вядучымі запрасілі ў першы дзень Інгу Кісялёву (уладальніцу Гран-пры 2005 г., якая зараз працуе ў Тэатры песні Ірыны Дарафеевай і вучыцца ў яе класе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў), у другі — Віталя Гардзея (лаўрэата 2002 г., які сёлета атрымаў І прэмію на “Славянскім базары ў Віцебску”). Гэта быў іх першы выхад у такой ролі — і даволі паспяховы. Бо працуючы ў парах з такімі “тэлеасамі”, як Яўген Лашкоўскі і Ларыса Грыбалёва, яны ніколькі не прайгравалі на іх фоне.

Анёлы заўтрашняга дня

Якія ж зоркі запаліліся сёлета? Гран-пры атрымаў Дзяніс Вяршэнка са Светлагорска. Можа, беларускамоўная песня не зусім пасавала яму па дыяпазоне, але ў вольным рэпертуары, замахнуўшыся на песню Эраса Рамазоцці, ён канчаткова скарыў прыроджанай шляхетнасцю, што панавала ў тэмбры і багацці адценняў яго голасу, у самой культуры выканання, сцэнічных паводзінах.

Першую прэмію і прыз глядацкіх сімпатый павёз у Маскву Яраслаў Сумішэўскі, за плячыма якога — праца “на падпеўках” у Сяргея Зверава і спробы парадзіраваць свайго “боса”. Яго выкананню лучанкоўскай “Алесі” крыху не хапала, можа, той “самотнасці”, што дыктуецца зместам верша Аркадзя Куляшова, але вымаўленне не горшае, чым у многіх беларусаў (мабыць, на генетычным узроўні перадалося — праз бабулю з Магілёўшчыны). Ну, а ў песні “Анёл заўтрашняга дня” ён напоўніцу прадэманстраваў разнастайныя прафесійныя якасці, уключаючы валоданне “ціхім фальцэтам”.

На другім месцы апынуўся надзвычай артыстычны Глеб Лапіцкі з Віцебска, пра якога склалі

наступнае прыслоўе: маўляў, спявак з голасам Якава Навуменкі, рухамі Вітаса, танцамі Сяргея Мінскага і скокамі Дзімы Білана. Не пашкодзіла б яму яшчэ крыху працы над дыкцыяй, больш якасных фанаграм. Трэцюю прэмію падзялілі надзвычай натуральная ў народным рэпертуары Вікторыя Харанека са знакамітай бабруйскай студыі “Шына-най” (адтуль “родам” і Гардзей, маці якога, Святлана Яфіменка, названую студыю ўзначальвае) і мінчанка Галіна Клабукова, выступленню якой не хапала эмацыйна-драматургічных усплёскаў і спадаў.

Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны Ніна Клепікава з Барысава, дзявочы квінтэт “Раніца” з вёскі Верцялішкі, што на Гродзеншчыне, і адметна “брутальны”, з прыцягальным “металам” у голасе і добра падабраным рэпертуарам, Аляксей Шкраба з Салігорска, які вучыцца на эстрадным аддзяленні Мінскага каледжа мастацтваў. Прыз за лепшую песню атрымала Наталля Чацверыкова, кампазіцыі якой не першы год упрыгожваюць “Белазаўскі акорд”.

Сярод тых, каму не хапіла балаў для ўваходжання ў лік пераможцаў, адзначу джазавую спявачку Ганну Сарокіну з Фаніпаля. Тым больш, што перашкодзіла ёй даволі небяспечная для ўсяго конкурсу тэндэнцыя: у якасці беларускамоўнай песні ўдзельнікі пачалі абіраць замежныя кампазіцыі з самаробнымі перакладамі.

З большай увагай і фантазіяй удзельнікі маглі б ставіцца і да стварэння сваіх відэапрэзентацый. Калі б конкурс распаўсюджваўся і на гэтую ўмову, дык пераможцам бы выйшаў зноў Дзяніс Вяршэнка. Яго першая “візітоўка” без адзінага слоўца, выключна праз мільганне кадраў, адпаведнае кліпаваму мысленню, паведаміла пра захапленні і ранейшыя перамогі спевака. Другая ж “візітоўка”, што дэманстравалася, адпаведна, у другім туры, сталася “мінікліпам” на першую песню, тым самым нагадаўшы публіцы нядаўняе выступленне артыста.

Карацей, да наступнага Дня машынабудаўніка “будуйце”, хлопцы і дзяўчаты, свае песні! З нотак-“Жодзінак” ды літарак-“БелАЗінак” можна скласці не толькі акорд, але і добры трамплін для сваёй спеўнай кар’еры.


Надзея БУНЦЭВІЧ