Памяць пра ўчора, праца на будучыню

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Сёлета скульптару Андрэю Ануфрыевічу Бембелю споўнілася 115-ць гадоў з дня нараджэння. Гэтай падзеі была прысвечана вечарына, якую Беларускі саюз мастакоў зладзіў у доме, дзе скульптар жыў і працаваў. Тут захоўваецца значная частка ягонай творчай спадчыны, а мемарыяльная калі-нікалі скарыстоўваецца для культурніцкіх імпрэз.

/i/content/pi/cult/823/17599/15.jpgКоратка нагадаю біяграфію мэтра. Нарадзіўся ў Веліжы, які тады належаў Віцебскай губерніі, а цяпер уваходзіць у склад Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Бацькі былі людзьмі адносна заможнымі, так што будучы мастак скончыў не якую-небудзь царкоўна-прыхадскую школу, а гімназію.

Мастацкі талент праявіўся ў Андрэя даволі рана. Яму пашчасціла напаткаць вядомага па тым часе скульптара Міхаіла Керзіна, які выкладаў у Веліжскай мастацкай школе, а пазней — у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе Андрэй Бембель мэтанакіравана асвойваў мастацкую навуку. Потым быў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры — фактычны спадкаемец Імператарскай акадэміі. Тут ягонымі настаўнікамі былі людзі, што яшчэ памяталі, што такое акадэмічная мастацкая школа і сумленна спрабавалі далучыць да высокага мастацтва пакаленне, якое не ў лепшы бок адрознівалася ад дарэвалюцыйнай культурніцкай эліты. Найбольшы ўплыў на Андрэя Бембеля аказаў Мацвей Манізер. Той самы Манізер, чый скульптурны шэдэўр стаіць сёння перад Домам урада ў нашай сталіцы.

Скончыў Андрэй Бембель інстытут у 1931 годзе і вярнуўся ў Беларусь. У гэты час у Беларускай ССР разгортваліся значныя манументальныя праекты пэўнага ідэалагічнага напрамку, а творчых кадраў для іх рэалізацыі катастрафічна не хапала, так што выхаванец Ленінградскага інстытута ўключыўся ў справу, пра якую скульптару-манументалісту толькі і марыць. Ён трапляе ў творчую групу, што займалася аздобай Дома ўрада, які для Беларускай сталіцы ўвасабляў новы час, новы лад, новую эпоху. Па тым часе Дом урада для Мінска быў тым жа, што Крэмль для Масквы. З удзелу ў гэтым праекце распачалося ўзыходжанне Андрэя Бембеля як творцы.

Бадай, самыя вядомыя работы мэтра — гэта сімвалічная скульптура, што вянчае павільён Беларускай ССР на ВДНГ (цяпер — Усерасійскі выставачны цэнтр) у Маскве і кампазіцыйны партрэт лётчыка-героя Мікалая Гастэла. Прычыніўся Андрэй Ануфрыевіч таксама да стварэння абеліска на плошчы Перамогі ў Мінску, мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой” і славутага Кургана Славы.

Кіруючы кафедрай скульптуры ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, паспрыяў творчаму станаўленню многіх вядомых сёння майстроў…

На вечарыне бралі слова тыя, хто ведалі Андрэя Ануфрыевіча як чалавека і мастака. Гэта Уладзімір Слабодчыкаў, Аляксандр Шапо, унучка мэтра мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, прадстаўнік кіраўніцтва Саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. Згадвалася, што стыль стасункаў мэтра са студэнтамі быў вельмі дэмакратычны і больш адпавядаў не савецкай школе, а той разняволенасці, што ўласціва, прынамсі, сёння, еўрапейскім і амерыканскім вышэйшым навучальным установам мастацтва. У студэнтах ён бачыў калег, хіба што маладзейшых і менш спрактыкаваных, шчыра радаваўся іх поспехам і дзяліўся сваім унікальным досведам. Яны былі для яго ўнукамі, ён для іх — дзедам.

Як вядома, Дом Бембеля, як называюць сёння колішняе жытло з майстэрняй нашага класіка, зараз з’яўляецца офісам Беларускага саюза мастакоў. Менавіта сюды засяліўся творчы саюз пасля вандровак па розных адрасах. Мемарыяльная зала скарыстоўваецца дзеля дзелавых нарад, сяброўскага сумоўя, калі-нікалі і як рытуальная зала пры развітанні з мастакамі, што пакідалі гэты свет. Была яна і своесаблівым клубам беларускіх скульптараў. Тут і выставы праводзіліся, і абароны дыпломаў. Сёння Беларускі саюз мастакоў і секцыя скульптуры ў прыватнасці маюць намер пры захаванні офіса творчага саюза ў Доме Бембеля ператварыць згаданую вышэй частку дома ў культурны цэнтр, спецыялізаны на прапагандзе гісторыі беларускай пластыкі і яе сённяшніх дасягненняў. Тым больш, што ў доме захоўваюцца творы не толькі Андрэя Ануфрыевіча, але і многіх іншых скульптараў. Дзякуючы Дому Бембеля, яны ўратаваныя ад знішчэння. Бо гэта звычайная сітуацыя, калі пасля смерці скульптара ў ягоную майстэрню засяляецца іншы, якому патрэбна свабодная прастора для сваёй працы, а тэрыторыя занята работамі папярэдніка.

Першы крок у гэтым напрамку ўжо зроблены. Цяпер згаданая прастора, дзе зараз экспануюцца творы самога мэтра, мае статус выставачнай залы імя Андрэя Бембеля. Тут будуць ладзіцца зменныя выставы. Месца зручнае — вуліца Якуба Коласа паміж станцыямі метро “Плошча Якуба Коласа” і “Акадэмія навук”. У якасці экспазіцыі можа быць скарыстана і прылеглая да будынка прастора. Ідэя цікавая, і, здаецца, аб’ектыўных перашкод для яе рэалізацыі няма.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"