33 фестывальныя крокі

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Восень сёлета неспакойная. Ва ўмовах другой хвалі каранавіруса многія тэатральныя і музычныя фестывалі, іншыя мерапрыемствы адмяняюцца, некаторыя — пераносяцца на больш зручныя часы. Літаральна да апошняга не аб’яўляў сваю праграму і юбілейны Х Міжнародны форум тэатральнага мастацтва TEART. Але ў выніку ўсё здзейснілася — у новым фармаце: замежныя спектаклі ішлі ў запісе, беларускія — жыўцом. Захаваліся таксама адукацыйная платформа “Школа TEARTа”, творчыя семінары, “круглы стол”, фотавыстава, абмеркаванні ўбачанага разам з пастаноўшчыкамі. Усё гэта — цягам месяца: як-ніяк, 30 спектакляў і тры эскізы, не ўлічваючы шматлікіх іншых мерапрыемстваў. Асэнсавання ж убачанага хопіць як мінімум на год — акурат да наступнага фэсту. Бо галоўнае тут — не адзнакі расставіць, а вылучыць штосьці найбольш перспектыўнае для далейшага развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва. І, вядома, акрэсліць, дзе на тэатральнай карце Еўропы і свету знаходзіцца Беларусь.

/i/content/pi/cult/823/17597/13.jpgЯны пра нас

Сёлета, улічваючы складанасць сітуацыі, госця была адзіная — тэатральны крытык Ала Шэндарава з Масквы, якая з’яўляецца рэдактарам часопіса “Театр”, супрацоўнічае з многімі СМІ, выступае экспертам і членам журы некалькіх фестываляў. Акрамя праглядаў, яна праводзіла семінары на вельмі актуальную цяпер тэму — “Тэатр ва ўмовах грамадскіх узрушэнняў. Магчымыя трансфармацыі”.

— У семінарах удзельнічалі і практыкі тэатра, і крытыкі, — падзялілася ўражаннямі Ала Шэндарава. — Праца такой змяшанай каманды аказалася плённай, хаця і не на ўсё хапіла часу. Здаецца, цягам сумесных абмеркаванняў я і сама набыла для сябе штосьці каштоўнае. Што ж да беларускай праграмы форуму, дык яна была дастаткова самабытнай. Не магу сказаць, што ўсё мне аднолькава спадабалася, але там былі цікавыя пошукавыя рэчы. Да прыкладу, “Пакой памірае” — першая пастаноўка Паліны Дабравольскай. Паказальна, што для творчага старту была абрана нязвыклая сучасная драматургія Мікіты Ільінчыка. А тое, што ў спектаклі ўдзельнічаюць акцёры рознага ўзросту, уключаючы масцітых кшталту Алеся Малчанава, Святланы Цімохінай, сведчыць пра ступень даверу да маладога рэжысёра. Адзначу таксама “Без пудры” Кацярыны Аверкавай, “Гогаль. Fatum” Юры Дзівакова. Я з задавальненнем паглядзела б таксама іншыя яго работы, бо відавочна, што ў чалавеку шалёны драйв, добрае адчуванне рытму, і куды гэта яго выведзе, пакуль незразумела. Узгадаю “Прымітывы” Аляксандра Марчанкі — паўнавартасны, майстэрскі спектакль-перформанс пра мастачку Алену Кіш, пра якую я дагэтуль нічога не ведала. Гэты спектакль запрошаны ў Маскву на Brusfest (фестываль імя рэжысёра і педагога Дзмітрыя Бруснікіна), і, спадзяюся, я перагляджу яго там нанова.

Мы пра нас

Беларускую праграму, як заўжды, складала знаны крытык Людміла Грамыка. У айчынным блоку не было ніводнага “выпадковага” спектакля, які б не адпавядаў бы міжнароднаму ўзроўню. Гэтую мяжу мы перайшлі даўно. І некалькі фестываляў запар дэманструем запрошаным гасцям і сталічнай грамадскасці, што форум даў свой плён. І вельмі значны. А менавіта садзейнічаў больш імкліваму развіццю нашага нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Арыентаваў яго на тыя найноўшыя працэсы і тэндэнцыі, што ўласцівы лепшым прыкладам сучаснага сусветнага тэатра.

Спадзявацца, што ў нас штогод будуць мастацкія адкрыцці, здольныя скалануць свет прынцыпова новымі стылёвымі адгалінаваннямі, прыёмамі, тэхнікамі і да таго падобнае, дарма. Ды не ў гэтым галоўнае! А ў творчай фантазіі, яе неабмежаванасці, свабодзе мастацкага мыслення, адкрытасці нашых тэатральных дзеячаў да ўсяго нязведанага. А яшчэ — ва ўласна тэхнічных магчымасцях айчыннага тэатра. Важнасць апошняга “пунктыка” стала асабліва відавочнай у час пандэміі, калі тэатры пачалі шырока выкладаць свае запісы для бясплатных праглядаў, актывізавалі пошукі новых мадэляў і самога тэатральнага дзеяння, і ўласна стварэння спектакля, пастаноўчага працэсу ва ўмовах “бескантактнасці”, а часам і поўнай адсутнасці жывых акцёраў.

“Прымяраючы” на сябе новыя найперш тэхнічныя ноу-хау (накшталт 3D-рэканструкцыі рэальнасці, пра што распавядаў Марсэль Карнапке ў анлайн-лекцыі, абагульняючы свой вопыт стварэння кібер-балета), мы разумелі, што падобныя “цацкі” значна спрошчваюць пастаноўчы працэс, дазваляюць яго мадэляваць, як гэта адбываецца, да прыкладу, з дызайнам інтэр’ераў. І адначасова прыкідвалі, што адсутнасць такога абсталявання можна паспрабаваць кампенсаваць яшчэ большым палётам чалавечай думкі.

Уласна кажучы, так у нас і адбываецца. Але інтэрнэт-прастора дыктуе і куды больш шчыльную ўзаемасувязь гуманітарыяў з “тэхнарамі”: сёння многія новыя фарбы шукаюцца не толькі на мяжы розных жанраў і відаў мастацтва, але і на сумежжы ўласна мастацтва і тэхнікі.

Што ж да асобных беларускіх спектакляў, дык пра многія “К” даволі падрабязна пісала пасля іх прэм’еры. Тыя ж, якія пакуль не разглядаліся дэталізавана, атрымаюць аналіз у бліжэйшых нумарах. І найперш гэта магілёўскі монаспектакль “Без пудры”, брэсцкае “Мяшчанскае вяселле”, харэаграфічны спектакль-ускрыцце “Нейрапластыка. Хто тут?” сталічнага Тэатра танца “Альтана”. Дарэчы, сама назва апошняй балетнай аднаактоўкі — чарговы доказ сучаснага сінтэзу мастацтва і навукі. Балет пра разумовую дзейнасць, працу розных палушар’яў? Усё менавіта так. Тэатр ХХІ стагоддзя (і беларускі ў тым ліку) не мае табуізаванай праблематыкі. Ён ва ўсіх сэнсах слова бязмежны, неабсяжны, адкрыты для ўсіх і кожнага.

Што яшчэ ўзрадавала сёлета — пераход абмеркаванняў, што ладзіліся пасля многіх праглядаў, у прынцыпова новае рэчышча. Калі раней гледачы больш засяроджвалі ўвагу на закранутых тэмах, новых для нашай публікі, дык цяпер размова рушыла найперш у бок выразных сродкаў, якімі тая ці іншыя тэма вырашаецца. А гэта сведчыць зусім не пра магчымае звужванне праблематыкі, а пра большую дасведчанасць нашых прыхільнікаў тэатра. Думаеце, на гэта паўплывала самаадукацыя? Так, амаль паўгады кожны, хто пажадае, меў магчымасць далучыцца да лепшых здабыткаў многіх тэатраў свету — праз выкладзеныя ў вольны доступ пастаноўкі і іншыя матэрыялы. Але вялікую ролю ў выхаванні публікі адыграў і сам TEART, штогод запрашаючы на нечаканыя для нашай тэатральнай прасторы “правакацыі”.

Мы пра іх

Сёлетняя міжнародная праграма мела некалькі асаблівасцяў — знешніх (іншымі словамі — кідкіх, відавочных ужо пры адным позірку на афішу) і “ўнутраных” (заўважных не адразу, а хіба пасля прагляду). Да першых аднясем не толькі анлайн-фармат усіх замежных спектакляў, але і далучэнне да фэсту жанра оперы — упершыню за ўсё існаванне гэтага і многіх іншых тэатральных фестываляў, бо оперныя форумы звычайна ладзяцца асобна. Але ж звярніце ўвагу, з якой настойлівасцю драматычны тэатр усё больш актыўна засвойвае музычна-тэатральную і харэаграфічную прасторы. Практыкуюцца і пластычныя спектаклі, і нават балеты, пастаўленыя сваімі акцёрскімі сіламі. А мюзікл увогуле пачаў пачуваць сябе на драматычнай сцэне яшчэ больш вольна, чымсьці на музычнай. Опера ж “трымала абарону”, дапускаючы ў свае колы толькі абраных. І тут раптам з’яўляецца… оперны серыял “Сверлійцы”, складзены з пяці серый, створаных шасцю расійскімі кампазітарамі. Чым не гэткая “замена” Каляднага опернага форуму ці фестывалю Ю.Башмета, якія сёлета ў Мінску не праводзяцца.

Яшчэ адной “знешняй” рысай стала адлюстраванне ў праграме некаторай юбілейнай рэтраспекцыі: акрамя навінак, у афішу патрапілі спектаклі, што ўжо прывозіліся да нас у мінулыя гады, прычым “жыўцом” — новасібірскі “Анегін” Цімафея Кулябіна, “Лір” Канстанціна Багамолава ў пецярбургскім “Прытулку камедыянта”, “Рамэа і Джульета” Оскараса Каршуноваса з Вільнюса. Хтосьці далучыўся да іх упершыню, а хтосьці — паглядзеў нанова, параўноўваючы не толькі цяперашнія і тагачасныя ўражанні, але і знаходзячы дадатковыя дэталі ў такім паказе “буйным планам”. Да ўсяго, можна было пераканацца, наколькі рознымі могуць атрымацца спектаклі ў зале і на экране. Але, дадам, менавіта ў анлайн-фармаце ўзнікла магчымасць паглядзець тыя творчыя працы, якія мы не ўбачылі б на фестывальных пляцоўках, бо спектаклі шчыльна прывязаны да месца правядзення (“Макбет” Гжэгажа Яжыны ў адным з былых заводскіх цэхаў Варшавы), да выкшталцонага абсталявання (згаданыя “Сверлійцы”).

Што ж да “ўнутраных” асаблівасцяў, дык літаральна на ўсіх праглядах замежных спектакляў не мяне адну не пакідала адчуванне, што дзеянне на экране, пры ўсіх ярка нацыянальных рысах многіх пастановак, — выключна “пра нас”. Тыя ж думкі гучалі ад многіх гледачоў у час абмеркавання. І вымушалі больш глыбока задумацца аб прыродзе нацыянальнага і агульначалавечага, спраецыраваўшы гэта на наша мастацтва. Ці выклікаюць такія ж паралелі нашы нацыянальныя творы? А гэта неабходна, каб выклікаць цікавасць не толькі “тутэйшай” публікі. Да таго ж, часта ўзнікалі і прамыя паралелі ды скрыжаванні, што схілялі да параўнання нават не саміх спектакляў, а падыходаў да пэўнай тэмы. Да прыкладу — рыжскія “Сны Райніса” (дарэчы, як паведамілі на абмеркаванні прадстаўнікі тэатра, Ян Райніс нарадзіўся не проста на мяжы з нашымі землямі, але і практычна на той тэрыторыі, што цяпер уваходзіць у склад Беларусі) і нашы спектаклі пра Янку Купалу і яго творчасць: “Жыццё сярод маланак” у Музычным тэатры, “Сны аб Беларусі” ў ТЮГу. Але пра гэта — у далейшых публікацыях.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"