Без старых канатацый

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Чаму савецкі вітраж лепей за шклопакет, а мазаіка — за тынкоўку
7 лістапада — добрая нагода згадаць пра тую эпоху, якая ўжо незваротна, спадзяюся, адышла ў мінулае. У тым ліку, і эпоху ў беларускай культуры. Але сёння яе велічныя некалі матэрыяльныя помнікі нярэдка падаюцца вырачанымі на хуткі скон рудыментамі. І ўжо даўно паўстае пытанне: што з імі рабіць? Як надаць ім новае жыццё ў зусім не арганічных для іх ідэйных варунках? Магістр філасофіі Кацярына РУСКЕВІЧ ужо далёка не першы год даследуе беларускае савецкае манументальнае мастацтва. Прычым яна працуе не толькі ў кабінеце і бібліятэцы. Зразумеўшы, што ў кнігах ды архівах многага не знойдзеш, Кацярына несупынна выпраўляецца ў вандроўкі па краіне, каб самой паспрабаваць адшукаць усімі забытыя артэфакты.

/i/content/pi/cult/823/17592/1.jpg— Вы не паверыце, але часам здараюцца такія дзівосныя сцэны! — распавядае яна. — Прыязджаючы ў нейкі горад, я звяртаюся да мінакоў на вуліцы або прадавачак у крамах: “Не падкажаце, дзе тут у вас нейкая мазаіка або вітраж?”. У Баранавічах суразмоўца зрэагавала імгненна: “О, гэта вы акурат па адрасе! Хадземце, пакажу.” Як выявілася, яна завуч будаўнічага ліцэя. І там адшукаўся цудоўны твор у стылістыцы 20-х гадоў на ўсю сцяну актавай залы — з цэлай галерэяй дзеячаў рэвалюцыі.

— Задам банальнае пытанне: чаму вы так утрапёна захапляецеся тым сегментам культурнай спадчыны, які многія сёння лічаць наогул не вартым увагі — хто па ідэйных прычынах, а хто праз звычайную абыякавасць?

— А я дам банальны адказ: бо мне падабаецца! Гэтыя вітражы і мазаікі знаёмыя мне з дзяцінства — і дасюль яны “чапляюць за вока”. Хаця, шчыра кажучы, праз нейкі час прыходзіць і стома — асабліва пасля шматгадзіннага штудзіравання пратаколаў мастацкіх радаў, дзе ты не раз спатыкаешся аб “бетонную” мову той эпохі: усе гэтыя фармулёўкі пра выяўленне “счастливого советского настоящего”, якія не мяняліся дзесяцігоддзямі… Недзе на тысячнай старонцы такога тэксту трохі стамляешся.

— Акурат мова — і, адпаведна, інтэрпрэтацыя — для многіх сучаснікаў і стала камянём спатыкнення. Адсюль пытанне: ці магчыма казаць пра тыя самыя творы іншай мовай — больш прывабнай для цяперашняга чалавека? Без старых ідэалагічных канатацый.

— Думаю, так. Сёння акурат гэта паўсюдна і адбываецца. Наша пакаленне імкнецца пераасэнсаваць савецкае мастацтва і ачысціць яго ад ідэйных наслаенняў. Творы той эпохі можна разглядаць не толькі з пункту гледжання ідэалагічнай кан’юнктуры, але і як эстэтычную з’яву. Тое, што гэтае мастацтва было афіцыйным, не павінна апрыёры рабіць яго дрэнным. У кожным выпадку варта разбірацца асобна: колькі там ідэалагічнага, колькі асабістага, і наколькі яны спалучаюцца. Даўно пераканалася: калі мастак таленавіты, ён любы дзяржзаказ зробіць цікава. Можна сказаць, што манументальнае мастацтва лічылася ці не самым свабодным афіцыйным жанрам.

Чаму? Бо шмат што вызначала матэрыя — сама фактура, асаблівасці прасторы. Калі твая халсціна — гэта шурпаты мур, выявіць “падабенства жыцця” на ёй вельмі складана нават тэхнічна. Што само па сабе натхняе на пошукі і абагульненні. Таму той жа Кішчанка меў магчымасць адыходзіць ад светлага ідэалагічнага канона на карысць сваіх улюбёных мексіканцаў. А зрабіць стопрацэнтова сацрэалістычны аб’ект з керамікі — наогул задачка не з простых. Адпаведна, калі ў 60-я класічны сацрэалізм яшчэ заставаўся ў станковым жывапісе (хаця ўжо таксама пакрысе адыходзіў на задні план), манументалісты рушылі наперад — да простых формаў і ёмістых вобразаў.

/i/content/pi/cult/823/17592/2.jpg— Прычым у гэтай “заказной” творчасці на вызначаную тэму нярэдка праяўляліся аўтарскія індывідуальнасці…

— Болей за тое, манументалістыка спрыяла іх фармаванню. Асабліва выразна гэта прасочваецца ў тых самых 60-х, калі заявіла пра сябе новае пакаленне мастакоў — куды больш разняволенае за сваіх папярэднікаў. Разумееце, адна справа, калі Стэльмашонка і Савіцкага лаялі за фармалізм чыстыя рэалісты старэйшай генерацыі накшталт Ахрэмчыка або Давідовіча, а трохі іншая — калі Стэльмашонак крытыкаваў за тое самае свайго калегу Кішчанку: за яго мазаіку на “Фрунзенскай”. Градус крытыкі зусім іншы: яны ўжо гутарылі на адной мове, вялікага разрыву не было.

Так, мастакі таго пакалення адрозніваліся адзін ад аднаго. Працы Літвінавай у энкаўстыцы зусім не такія, як у Даўгалы. У Вашчанкі — трэцяя гісторыя… Хаця, вядома, без запазычванняў не абыходзілася. Прычым натхняліся не толькі “ў сваім коле”, але і, скажам, творамі Лежэ і Пікасо — часам угадваеш тыя самыя колераспалучэнні, лініі...

— Манументалістыка ў тыя часы развівалася ва ўсім СССР. А ці можна казаць тут пра нейкія нацыянальныя школы?

— Адназначна так. Сапраўды, Саюз жыў у адзіным рытме. Зверху сказалі: развіваем дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І ў рэспубліках адкрываюцца камбінаты. Пасля пэўнага паслаблення ўціску зверху прачынаецца інтарэс да ўласнай гісторыі. Згадайма, што менавіта тады сталі адраджацца народныя рамёствы. Вось і ў манументалістыцы пачынаюцца пошукі нацыянальнага — хаця б нават уключэнне арнаментаў у творах таго ж Стэльмашонка — згадайма, скажам, яго вітражы ў рэстаране “Мінск” у Патсдаме і ў Доме Мод на “Фрунзенскай”, якія ўжо, на жаль, не захаваліся

Зрэшты, так было не толькі ў Беларусі. Для манументалістыкі бадай кожнага савецкага рэгіёна было характэрнае адлюстраванне менавіта ўласных культурных традыцый. У Закарпацці — гуцульскіх, у Грузіі — таксама сваіх… Ва Узбекістане гэтую тэму спрабавалі засвоіць мастакі “прышлыя” — браты Жарскія. Іх крытыкавалі за неаўтэнтычнасць, але атрымалася ўсё адно даволі цікава…

Болей за тое — калі пільна прыгледзецца, дык у Беларусі можна заўважыць нават пэўныя рэгіянальныя адрозненні. Скажам, манументалістыка Гродзеншчыны прыкметна адрозніваецца ад мінскай — бо рабілі яе свае, “тутэйшыя” мастакі.

Зрэшты, і госці былі. Цікавы прыклад — праца мастакоў Лаўровай і Пчэльнікава ў Гродзенскім драматычным, прысвечанная гісторыі тэатра. Масквіч Барыс Мілюкоў стварыў на сцяне Дома культуры тэкстыльнага камбіната ў Баранавічах шыкоўную мазаіку “Муза”. Як яна прайшла тады мастацкую раду, дасюль мне няўцям — настолькі яўны тут уплыў “буржуінскага” Пікасо і Лежэ. Лічу, гэты твор — адна з галоўных турыстычных адметнасцяў горада.

— Хіба патэнцыйна, бо пакуль амаль ніхто пра яго не ведае. А ці часта цягам вашых “палявых доследаў” вам даводзілася рабіць адкрыцці? І якія найбольш уразілі?

— Спярша патлумачу, навошта тыя выправы наогул патрэбныя. Я перакапала архівы Саюза мастакоў, і там можна знайсці згадкі толькі пра самыя знакавыя творы самых вядомых аўтараў. Па маіх адчуваннях, са ста работ, якія з’явіліся ў рэальнасці, задакументаваныя недзе 10 — 15. Прыкладам, у 1967 годзе ў Лідзе на пошце зрабілі шыкоўную мазаіку. Але нідзе пра яе — ні слова. (Можа, калі капаць глыбей — па рэгіянальных архівах — нешта і ўдасца знайсці). Вось таму я і выпраўляюся на пошукі.

Што да самых прыемных неспадзяванак… Гэта найперш мазаічнае пано на заводзе “Дыяпраектар” у Рагачове — вялізны абстрактны жывапіс недзе 8 на 3 метры плюс яшчэ клумбы з мазаікі ў выглядзе матылькоў. Аўтара дасюль не ўдалося высветліць. Нумар два — літыя вітражы паўсюль, дзе я іх бачыла — і на заводзе “Нёман”, і ў Наваполацку”, і ў Мінску, у адміністрацыйным корпусе “Гарызонта”. Такія раней ва ўсім СССР рабілі толькі ў нас у тым самым “Нёмане”, а цяпер ужо ўсё — няма патрэбнай печы… На трэцім месцы — цэнтр моладзевай творчасці ў Брэсце: сапраўдны постмадэрн канца 80-х. Будынак увасоблены ў форме піянерскага вогнішча, а ў ім — вялізныя жырандолі, цудоўныя габелены… Нібы трапляеш у фантастычны фільм таго часу! Потым — мазаікі са смальты ля пад’ездаў у Наваполацку, якія цяпер заклейваюцца рознымі аб’явамі і тынкуюцца падчас рамонтаў… Урэшце — пяшчотны роспіс Дома культуры ў Азёрах ля Гродна...

— Хаця працы паўсталі не ў ХІІ стагоддзі, а літаральна на вачах многіх з нашых сучаснікаў!

— Што, дарэчы, і бяда. Гэта было зусім нядаўна, гэтага было шмат... Таму і адносіны такія — ну вось вітраж, вось акно са шклопакетам, якая паміж імі розніца? Часта калі я прыязджала “фоткаць” той ці іншы аб’ект, вахцёры мяне папросту не разумелі: у “тубыльцаў” вока ўжо настолькі прызвычаілася да гэтых працаў, што яны даўно не звярталі на іх увагі. Або і наогул ставіліся да мяне з падазрэннем: ці не шпіён які ў наш дзіцячы садок прыйшоў? А мо злодзей? Бо хіба ж можна гэтым цікавіцца? Зрэшты, бываюць і адваротныя выпадкі, вядома. Неяк нават у басейн пусцілі ў адзенні — з павагі да майго хобі. Зразумела, не плаваць, а зрабіць фота мазаікі.

— Адпаведна, галоўная праблема ў тым, што непасрэдныя гаспадары той спадчыны не разумеюць яе каштоўнасць?

— Вось надоечы была цікавая гісторыя. Неяк я прыйшла ў былы мінскі Палац піянераў, каб праверыць, ці засталося нешта ад інтэр’ерных работ, размешчаных там. Дама на ўваходзе мяне запэўніла, што нічога няма, вітражы даўно зламалі. Распавяла пра тое аднаму з іх аўтараў — Мікалаю Байрачнаму. Ён, як бы гэта мякчэй сказаць… здзівіўся. Добра, учора вырашыла зайсці ды праверыць. І на ўваходзе мне давялося прачытаць цэлую лекцыю пра тое, што такое керамічныя скульптуры і пано — каб патлумачыць, што мне патрэбна. На мяне глядзелі вялікімі вачыма, сказалі: “Цікавая вы жанчына”. Але калі я ўрэшце прарвалася, то пабачыла, што насамрэч шмат што захавалася. Вітражоў ужо няма, але і купа іншых цудоўных манументальных аб’ектаў. І такое адбываецца пастаянна: мне кажуць, што ў нас нічога няма. Я ўжо прызвычаілася пасля гэтага бачыць нешта з разраду “ваў!” Вядома, калі мне ўдаецца пераканаць адміністрацыю мяне туды пусціць.

— А ці часта ў вас здараюцца сумныя гісторыі? Вы думалі, што ёсць — а ўжо і сапраўды няма…

— Прыблізна ў адной траціне выпадкаў. Ты бачыш нешта вартае ўвагі на адносна нядаўніх фота, трапляеш на месца — і можаш толькі развесці рукамі. Вырушыла неяк у Талачын, ведаючы, што там дакладна ёсць мазаіка. І мне хваляцца: а месяц таму мы яе акурат затынкавалі. Тое самае ў Жлобіне, дзе “закаталі” сграфіта… Рамонт, шмат у якіх выпадках — гэта смяротны прысуд для манументалістыкі.

— І тут узнікае пытанне заканадаўчага рэгулявання. У Дзяржспіс уключаныя хіба адзінкі з такіх аб’ектаў…

— Так, магу іх пералічыць па пальцах рукі. Таму ў большасці выпадкаў усё залежыць ад дырэктара ўстановы. Калі ён мае добрую адукацыю, хвалявацца наконт перспектыў “еўрарамонту” не выпадае. Нават калі сёння ён не мае патрэбных грошай, каб аднавіць твор мастацтва, дык хаця б яго захавае да лепшых часоў. Акуратна складзе мазаіку, знойдзе для яе месца недзе ў падвале — што таксама не горшы варыянт. А вось калі густ кіраўніка вымяраецца прынцыпам “каб было прыгожанька…” Тады справы дрэнь.

— Няўзброеным вокам вельмі цяжка вызначыць каштоўнасць такіх аб’ектаў. Толькі спецыяліст разумее, што мазаіка на звычайным пад’ездзе або прыпынку — гэта насамрэч крута. Хай яна і не шэдэўр сама па сабе, але, у кожным разе, — маркер культуры, прычым паўсядзённай! Хаця б таму, што гэта прыпынак, а не царква…

— Я часта прыгадваю класічны перформанс Ёзафа Бойса: як патлумачыць паэзію мёртваму зайцу? Нягледзячы на шматсэнсоўнасць — ніяк! У мяне, прынамсі, гэта звычайна не атрымліваецца. Таму трэба, каб лёс такіх помнікаў вызначалі людзі з належнай кампетэнтнасцю. Вось і ўсё.

— Даруйце за правакацыйнае пытанне: а ці варта захоўваць усё?

— Лічу, што так. Мазаіка куды больш сімпатычная за пляскатую шэрую сцяну. А гісторыя беларускай культуры павінна мець розныя складнікі — у тым ліку, і савецкі. Усё мае права быць — гэта робіць нашае асяроддзе больш разнастайным і прывабным. Пагатоў, на тыя працы ў свой час выдаткоўваліся вялікія сродкі і сілы. І яшчэ адзін аргумент: яны маюць вялізны турыстычны патэнцыял. Прычым найперш сярод замежнікаў. Пра гэта магу сказаць дакладна: даведаўшыся пра маё захапленне, буйное нямецкае выдавецтва замовіла мне гід па беларускай манументалістыцы. Гіды па многіх іншых былых савецкіх рэспубліках у іх ужо ёсць. Бо тэма — у трэндзе.

— Гэта радуе, але… давайце пра сумнае. На вашу думку, якія ў нас маштабы страт гэтай спадчыны?

— Падазраю, захавалася недзе працэнтаў 40 ад таго, што было. Але гэты лік мае схільнасць увесь час змяншацца.

— І што ж тады рабіць далей?

— Рыхтаваць дакументы на ўключэнне такіх аб’ектаў у Дзяржспіс. Аднак для адной мяне такая справа будзе не пад сілу. Думаю, яна можа вырашыцца толькі калегіяльна — усімі зацікаўленымі.