Важны чыннік годнага аблічча

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Тыя, хто больш-менш уважліва сачылі за сітуацыяй вакол Нацыяльнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва 2019 — 2020 гадоў, не маглі не ўбачыць тую акалічнасць, што ад самага пачатку (то-бок ад адбору твораў да вызначэння лаўрэатаў) паўставала шмат пытанняў пра адпаведнасць прапанаваных работ высокаму статусу згаданай прэміі. Гродзенскі графік Юрый Якавенка — адзін з тых творцаў, чый удзел у конкурсе надаў падзеі пэўнай вагі. Тым больш, што ў намінацыі “графіка” мастак фактычна быў па-за канкурэнцыяй.

/i/content/pi/cult/822/17590/25.jpgМне даводзілася сустракацца са спадаром Юрыем на вернісажах, бываў я ў ягонай гродзенскай майстэрні, што месціцца на мясцовым “манмартры” — так гарадзенцы называюць колішнія ваданапорныя вежы “Кася” і “Бася”. Калісьці горад перадаў іх мастакам дзеля творчага прытулку. Майстэрня, увогуле рабочае месца чалавека — самы дакладны партрэт асобы. Што датычыць канкрэтна Юрыя Якавенкі, дык аднаго позірку на ягоны рабочы інтэр’ер дастаткова, каб зразумець, што гаспадар майстэрні — чалавек ва ўсіх адносінах канкрэтны, эстэт, у высокім значэнні гэтага слова, асоба з надзейным унутраным стрыжнем. Гаспадаром такой майстэрні можа быць толькі творчая асоба, што дакладна ведае дзе і, галоўнае, дзеля чаго пакласці штрых на паперы ці мазок на палатне.

Не так даўно я меў магчымасць зноў у гэтым пераканацца ў часе даволі выпадковага кароткага сумоўя. Я папрасіў спадара Якавенку ахарактарызаваць сучасны стан нашага графічнага мастацтва ды і наогул падзяліцца думкамі пра тое-сёе. Вось ягоныя меркаванні.

“Можа гэта гучыць пафасна, але творчасць, магчымасць рэалізоўваць сябе як асобу праз мастацтва — ужо сама па сабе ўзнагарода. Але ж безумоўна, прыемна, калі мае творчыя намаганні адзначаюць і на Радзіме, і па-за яе межамі.

Вядома, та ці іншая адзнака, тым больш прэмія дае падставу мастаку для рэалізацыі цікавых праектаў, грошы можна ўкласці нават у афармленне і выданне добрай кнігі.

Наша мастацтва патрабуе дзяржаўнай падтрымкі, бо праз культуру мы фактычна прасоўваем сваю краіну па-за яе межамі.

На маю думку, беларуская школа графікі — гэта Кашкурэвіч, Паплаўскі, Забораў, Шаранговіч, Савіч і шэраг іншых мастакоў ягонага пакалення. Гэта вялікія майстры

На маё стаўленне: тое, што мастак уяўляе з сябе ў побыце, у стасунках з калегамі ды проста з людзьмі нельга атаясамляць з творчасцю. Таму я не кажу, якія ёсць людзі мае старэйшыя ці маладзейшыя калегі. Той жа Мікеланджэла быў чалавекам не вельмі зручным і прыемным. Але да мастацтва гэта дачынення не мае. Нам ёсць чым ганарыцца. Да згаданых вышэй асоб я дадаў бы Рана і Геруса, абсалютна недаацэненую Паслядовіч. Яны ўсё ж сябе так ці інакш рэалізавалі як творцы. Але, калі думаць пра перспектыву беларускай мастацкай школы і школы графікі ў прыватнасці, дык тут ёсць на што звярнуць увагу.

На жаль, выдавецтвы нашы апошнім часам — не ў самым лепшым стане. Канешне, на тое ёсць свае прычыны — кшталту той, што сёння электронныя сродкі інфармацыі моцна пасунулі папяровыя. З іншага боку, добра выдадзеная кніга, над якой плённа папрацавалі мастак і дызайнер, у кнігарнях не залёжваецца.

Цудоўны майстар Татарнікаў працуе, але, думаю, не без цяжкасцей. Сёе-тое выдаецца у таго ж Дзяніса Раманюка. Але за мяжой, не на нашай паліграфічнай базе, як правіла, у Еўропе. Лічу, што маладому пакаленню ў сённяшніх умовах сцвердзіцца можна, але, канешне, нялёгка. Няма чаго і казаць, што моладзь — гэта заўсёды прыток новых творчых сіл, таму з ёй і звязана перспектыва захавання і развіцця нацыянальнай мастацкай школы.

Мастакі, якія займаюцца літаграфіяй, афортам, супрацоўнічаюць з калекцыянерамі экслібрысу, маюць нейкі прыбытак. Але гэты рынак вельмі вузкі. Жадаючых на ім сцвердзіцца шмат.

Па літаграфіі у нас моцная канкурэнцыя з чэхамі і славакамі. Шчыра кажучы, у іх і якасць друку, і паперы, іншых чыннікаў пакуль значна вышэй. Канкурыраваць можам хіба ў афорце. Тут ёсць таленавітыя і працавітыя хлопцы — Квартальны, Сідарэнка… Бадай, з дзясятак можна згадаць, хто ў гэтай справе спрабуе сябе праявіць, у спадзяванні, што нехта заўважыць, нейкая галерэя ці калекцыянер прапануюць супрацоўніцтва, што ў нейкім часопісе з’явіцца артыкул пра тваю творчасць.

Так, у нас ёсць спробы праводзіць “Графіку года”. Але ўдзел у выставах мастака не корміць. Наша прафесія акрамя творчасці прадугледжвае і магчымасць зарабляць, сям’ю забяспечваць, ездзіць па свеце, уражанняў набірацца. Зрэшты, што б мастак ні пабачыў, яно раней ці пазней адбіваецца ў творчасці. Сеціва не заменіць жывыя ўражанні.

Асабіста ў мяне справы ідуць някепска, але і я забыў, калі музеі ў нас што-небудзь набывалі. Я маю на ўвазе і Цэнтр сучаснага мастацтва, і Нацыянальны музей, і рэгіянальныя.

Але ж, відавочна, мой прыклад не характэрны. Асабіста ў мяне планы вельмі акрэсленыя гадоў на дзесяць наперад. Дай толькі Бог, каб тыя калекцыянеры, што мяне падтрымліваюць, жылі. Паводле сваіх планаў, я кожны месяц мушу рабіць па гравюры. А з іншага боку разумею, што наш мастацкі рынак дастаткова вузкі, стасункі з Еўразвязам няпэўныя. Надзеі на Кітай пакуль што не спраўдзіліся. Бо Кітай хутка насыціўся сучаснай еўрапейскай графікай. Каб насыціць свой неверагодны рынак, ім хапіла дзесяці гадоў. І за гэты час у іх з’явілася такая колькасць сваіх “якавенак” і яшчэ кагосьці, што мы ўжо Кітаю непатрэбныя. Яны людзі разумныя. Спачатку цікавяцца, вывучаюць, а потым робяць не горшае па засвоеным ўзоры. Прычым, у вялікай колькасці. І робяць за пяць капеек, збіваючы на сусветным мастацкім рынку цану на нашу працу. Гэтак, глядзіш, давядзецца нам у перпектыве ў кітайцаў уласны, беларускі, рынак адваёўваць.

Так што зноў скажу, мастацтва — важны чыннік годнага аблічча краіны. А імідж краіны — справа дзяржаўная”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"