Памкненне да Ісціны і Прыгажосці

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

З даўніх часоў ікона шанавалася праваслаўнымі ўсяго свету, з’яўлялася сімвалам іх веры. З пакалення ў пакаленне перадавалася і тэхніка стварэння абразоў з выявамі святых, прычым у кожнай мясцовасці развіваліся адметныя іканапісныя школы, што ўзбагачалі кананічныя іканапісныя традыцыі. У цэлым жа, узаемасувязь усходнеславянскіх мастацкіх традыцый на працягу стагоддзяў абумовіла ўзаемаўзбагачэнне культуры кожнага з народаў, дазволіла ім захоўваць і развіваць нацыянальныя каштоўнасці.

Пераканацца ў гэтым дазваляюць экспанаты, прадстаўленыя ў межах міжнароднага праекта “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі” арганізаванага да 1020-годдзя Хрышчэння Русі вядучымі музейнымі ўстановамі трох краін, трэці заключны этап якога 30 верасня распачаўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і закліканы паказаць адметнасці і падабенства ў галіне іканапіснага мастацтва трох славянскіх культур.

Самыя старажытныя помнікі іканапісу, што змешчаны на выстаўцы, захаваліся ў калекцыі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі — яны дазволяць атрымаць уяўленне пра разнастайнасць мастацтва старажытнарускіх мастацкіх цэнтраў — Яраслаўля, Суздаля, Вялікага Ноўгарада, Пскова, Масквы ў ХIV— ХVI стагоддзях. Кожная з прадстаўленых іканапісных школ мае свае адметнасці, іконаграфічную своеасаблівасць, мастацкую мову. У XVI стагоддзі рускі іканапіс узбагаціўся ўскладнёнымі схемамі, іншасказальнасцю выяў. У першай чвэрці XVIІ стагоддзя ў мастацкай культуры назіраюцца пошукі новых выяўленчых сродкаў, актыўна бяруцца за ўзор заходнееўрапейскія гравюры. У той жа час праваслаўны канон захоўвае сваю значнасць.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі помнікі ўкраінскага іканапісу знаёмяць з яго самабытнасцю. Дзякуючы ім можна прасачыць шляхі развіцця іканапісу на працягу ХVI — ХІХ стагоддзяў: ад поствізантыйскай школы да эпохі барока — часу росквіту ўкраінскай нацыянальнай культуры. Іканапісная школа Кіева-Пячэрскага манастыра выпрацавала сваю сістэму навучання і прымала вучняў з розных славянскіх краін. Унікальным мастацкім і тэхналагічным вырашэннем адрозніваецца абраз “Божая Маці Адзігітрыя” ў іконаграфічным тыпе “Ільінская”. Гэты помнік можна аднесці да найвышэйшых дасягненняў украінскага барока. Акрамя таго, для ўкраінскага іканапісу характэрна імкненне да алегорый і іншасказанняў. На тэрыторыі Украіны былі шырока распаўсюджаны кампазіцыі, звязаныя з ахвярнай сутнасцю Хрыста, у прыватнасці, “Узнясенне”, “Нараджэнне Хрыста”, “Спас Уседзяржыцель”.

Абразы з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — толькі малая частка духоўнай мастацкай спадчыны беларускага народа, што захавалася да нашых дзён. Экспанаты дэманструюць разнастайнасць стыляў і накірункаў нацыянальнай школы — ад помнікаў, якія захоўваюць візантыйскія традыцыі, да твораў перыяду барока і класіцызму. Пад уплывам заходнееўрапейскага мастацтва ў беларускім іканапісе XVI стагоддзя назіраецца пошук новых выразных сродкаў стварэння больш “жыццёвай” трактоўкі выяў святых. У стылёвых адносінах беларускія помнікі XVIІ стагоддзя захоўваюць рысы Позняга Рэнесанса. Манументальнасцю вобразаў, яснай кампазіцыяй вылучаюцца іконы “Нараджэнне Божай Маці”, “Успенне Божай Маці”, “Тройца”, “Божая Маці Жываносная крыніца”. Крыху пазней беларускія абразы набываюць рысы стылю барока, што больш характэрна для ўсёй заходнееўрапейскай культуры.

Прадстаўленыя абразы адлюстроўваюць дэмакратычны светапогляд майстроў, нацыянальную скіраванасць аўтараў. Многія з беларускіх іканапісцаў — прадстаўнікі простага народу, якія захавалі непасрэднае і паэтычнае ўспрыманне духоўных традыцый продкаў. Наш нацыянальны іканапіс прадстаўлены творамі з розных рэгіёнаў Беларусі.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адзначыў: “Іконы, напісаныя рознымі іканапісцамі ў розных месцах і ў розны час, адлюстроўваюць адзін сэнс, што яднае іх у адзіным памкненні да Ісціны і Прыгажосці. І гэтае дзіўнае пачуццё саборнасці адкрывае нам выстаўка. Немалаважнае значэнне яна мае для выхавання моладзі. У сувязі з гэтым хочацца выказаць асаблівыя словы ўдзячнасці ўсім, хто наладзіў выстаўку “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі”, хто падтрымаў аб’яднальную праваслаўную культурную і рэлігійную ідэю, кіраўніцтву міністэрстваў і ведамстваў, а таксама кіраўнікам музеяў Беларусі, Расіі і Украіны”.


Канстанцін АНТАНОВІЧ