12 бронзавых чаек на “Пірсе” Мінскага мора

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Пад Мінскам у жылым квартале “Пірс” з’явілася цікавая ландшафтна-скульптурная кампазіцыя “Мора побач”. Геаграфічна квартал сапраўды размешчаны недалёка ад Мінскага мора. Ідэю для праекта прапанаваў Клуб інтэлектуальнага вольнага часу “Факультатыў”. Нават знакамітая аповесць “Чайка па імені Джонатан Лінгвістон” Рычарда Баха і дзеці са Школы архітэктурнага мыслення былі ўцягнутыя ў абмеркаванні, калі задумваўся гэты праект.

/i/content/pi/cult/822/17589/24.jpgУ выніку па задуме творцаў — скульптара Канстанціна Селіханава і архітэктара Юрыя Градава — і была створана ландшафтна-скульптурная кампазіцыя: дванаццаць бронзавых чаек “зляцеліся” на водны канал паміж дамамі.

Птушкі аб’яднаны ў невялікія групы, яны розныя, але ж і такія самыя як ў наваколлі, у сапраўднай прыродзе. Дзякуючы творцам, безумоўна, атрымаўся жывы, нефармальны вобраз, які дапамагае чалавеку адчуць і “мора побач”, і памкненне да мары. Ды і шмат чаго яшчэ, што падкажа ўласнае ўяўленне. Да таго ж ансамбль мае візуальны акцэнт, супамерны чалавеку, што робіць яго цёплым і нават пачуццёвым пры зрокавым успрыманні.

Птушкі ўладкаваліся на валунах, звычайных камянях, якія аўтары знайшлі ў беларускім прыродным ландшафце. Кожная такая канструкцыя зроблена максімальна ўстойлівай, з надзейным падмуркам, каб дзеці мелі бяспеку. А такія непасрэдныя зносіны з аб’ектамі мастацтва, вядома, ужо ёсць: птушкі зусім блізка, іх можна памацаць. Вядома, кампазіція будзе набываць новыя сэнсы і адценні пры розным асвятленні, у розныя часы года.

“Уся праца доўжылася каля дзевяці месяцаў, і перш за ўсё мы стваралі лакальнае гарадское асяродзе — для камфортнага жыцця і развіцця, — распавёў “К” скульптар Канстанцін Селіханаў. — Мастацтва становіцца часткай гэтага жыцця, часткай атмасферы дома і той прасторы, якая атачае чалавека і яго сям’ю. Зрабіўшы інвестыцыі ў свой дом, вядома, людзі мусяць атрымаць месца, дзе можна адпачыць, а таксама адчуць дух сучаснага мастацтва. У той жа час сваім праектам мы не хацелі кагосьці ўразіць, здзівіць, а вось прыўнесці пачуццё супакаення — так, намагаліся.

Мы досыць доўга абмяркоўвалі колер птушак, паколькі гэта пытанне не толькі мастака, але і тэхнолагаў. У выніку выбралі зялёны са спецыяльнай французкай пацінай, якую наносіць майстар. Нам не быў патрэбны натуралізм з дакладным малюнкам чайкі, але была задача стварыць мастацкі вобраз”.

“Мора побач” — больш, чым добраўпарадкаванне жыллёвага наваколля, — дадае архітэктар праекта Юрый Градаў. — Гэта сутыкненне архітэктуры, ландшафту, мастацкай ідеі і яе ўвасаблення. Нам было вельмі важна, што мясцовы канал, які тут пралягае, накіраваны ў бок лесу і заходу солнца. Ён не прамы, а мае некалькі паваротаў. Даўжыня канала — 160 метраў, шырыня — 4 метры, тут жа, вядома, і набярэжная. Звярніце ўвагу, як чайкі абжываюць свой канал, быццам бы пасюжэтна: адны птушкі высвятляюць адносіны, іншыя мірна гутараць, у кожнай ёсць свой настрой. І ўсё гэта — кранальныя гісторыі аб гармоніі чалавека з прыродай”.

Пра тое, як ішла праца над праектам нас знаёміць фатаграфічная выстава, падрыхтаваная непасрэдна на вуліцы. І гэта вельмі цікава: у ходзе яе прэзентацыі я была сведкай абмеркавання жыхароў квартала таго, як працуюць аўтары ў майстэрнях, як ствараюць эскізы і мадэлі, якімі інструментамі і матэрыяламі карыстаюцца, што адбываецца ў цэху, як апрацоўваюць метал і гэтак далей.

“Мора побач” сапраўды натхняе. Застаецца дадаць, што кампанія-забудоўшчык “А-100” таксама натхнёная вынікам, і — увага! — пачынае адкрыты конкурс беларускіх мастакоў, скульптараў і архітэктараў, па рэалізацыі новага праекта ў квартале “Новая Баравая”.

Любоў ГАЎРЫЛЮК

Фота аўтара