Сучасны музей з даўнімі традыцыямі

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

22 кастрычніка споўнілася 76 гадоў з дня адкрыцця Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — найбуйнейшага нацыянальнага сховішча рэліквій ваеннай гісторыі, фондавыя калекцыі якога налічваюць звыш ста пяцідзесяці пяці тысяч адзінак захоўвання.

/i/content/pi/cult/822/17585/18.jpgВядома, такая колькасць музейных прадметаў не можа быць цалкам прадстаўленая ў экспазіцыі, таму ў музеі вядзецца актыўная дзейнасць па выпуску друкаваных выданняў, якія дазваляюць пазнаёміць усіх цікаўных са зместам яго фондаў і калекцый. З нагоды 76-годдзя музея зладжаная выстава кніг і брашур такога кшталту. Каля паўтысячы твораў налічвае калекцыя жывапісу музея — творы трыццаці дзевяці аўтараў прадстаўленыя ў альбоме-каталогу “Палітра памяці”.

Каталог “Партызанская зброя” прысвечаны ўнікальнай калекцыі самаробным узорам зброі, якая выраблялася партызанамі ў падпольных умовах. Пачатак гэтаму збору быў пакладзены адразу ж пасля вызвалення Беларусі. Дарэчы, першыя часовыя выставы, якія дзейнічалі ў створаным неўзабаве пасля вызвалення Мінска музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, былі прысвечаныя акурат партызанскай зброі і партызанскаму ды падпольнаму друку.

Таксама да гэтай даты ў музеі распачала працу часовая экспазіцыя савецкай графікі і карыкатуры перыяду 1939 — 1945 гадоў “Зброяй мастацтва”, з нагоды адкрыцця якой у канферэнц-зале адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт. На выставе прадстаўленыя працы такіх выдатных майстроў, як Кукрыніксы, Барыс Яфімаў і Віктар Дэні.

У 1970 годзе Кукрыніксы (Міхаіл Купрыянаў, Парфірый Крылоў і Мікалай Сакалоў) падарылі музею тры арыгінальныя плакаты “Вокнаў ТАСС”. Яны былі створаны ў 1941 — 1944 гадах і прысвечаны барацьбе беларускіх партызанаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі: “Рэйкавай вайне” і “Мінскаму катлу” 1944 года. Агулам жа калекцыя плакатаў, сабраная ў музеі, налічвае каля паўтысячы адзінак.

У экспазіцыі прадстаўленыя каля трох дзясяткаў арыгінальных плакатаў, а захаванне такога кшталту твораў з паперы, як вядома, патрабуе выканання пэўных патрабаванняў (вільготнасць, рэжым захоўвання і экспанавання). Размешчаным на выставе работам ужо каля васьмідзесяці гадоў, таму знаходзіцца навідавоку яны будуць не надта працяглы час — выстава дзейнічае да 27 лістапада.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ