У такт сэрцу сталіцы

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

26 кастрычніка ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай шыльды ў гонар кампазітара Алега Молчана. Цырымонія была прымеркаваная да першай гадавіны са дня сыходу творцы.

/i/content/pi/cult/822/17584/16.jpgШыльда ўсталяваная ў гістарычным цэнтры Мінска, на доме № 20 па Ракаўскай вуліцы, які вядомы як “дом з медузай”. Тут будучы кампазітар нарадзіўся і правёў свае першыя гады. Аўтарамі эскіза выступілі вядомыя беларускія скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў. Барэльеф паказвае творцу ў працэсе ўзнікнення чарговага музычнага шэдэўра, за інструментам і ў атачэнні нотных аркушаў.

Шыльда была выкананая пры ўдзеле Нацыянальнага фонду падтрымкі праваўладальнікаў (Расія) і арганізацыйным супрацоўніцтве Беларускага саюза музычных дзеячаў, а таксама Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Вольга Нячай і Сяргей Аганаў неўзабаве мусяць распачаць працу і над надмагільным помнікам Алегу Молчану, які ўсталююць на Усходніх могілках у Мінску.

Удава кампазітара, Ірына Відава, адзначыла, што Алег Молчан ужо робіцца для Мінска такім сімвалам, якім стаў Шапэн для Варшавы альбо Моцарт — для Вены. За гэты год ёй удалося зрабіць шмат для ўшанавання памяці мужа. Былі праведзеныя два тэлеканцэрты, на якіх прагучалі песенныя хіты Алега Молчана, а таксама створаная ім харавая і эстрадная музыка. Запрацаваў сайт olegmolchan.com, ідзе падрыхтоўка да выдання нотных матэрыялаў кампазітара ў Санкт-Пецярбургу.

Падчас адкрыцця мемарыяльнай шыльды Мітрапаліцкі хор Мінскага кафедральнага сабора Святога Духа выканаў знакамітую “Малітву” Янкі Купалы, музыку да якой стварыў Алег Молчан. Гэтая песня па праве ўжо зрабілася адным з беларускіх духоўных гімнаў.

На цырымоніі прысутнічалі таксама старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза музычных дзеячаў Наталля Вітчанка і іншыя прыхільнікі таленту кампазітара.

Выдатны беларускі кампазітар з 1987 года працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, ствараў песні і песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Міжнароднае прызнанне творца атрымаў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем “Песняры” і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным.

Алег Молчан быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і з’яўляўся лаўрэатам міжнародных і нацыянальных прэмій і конкурсаў. Ён сышоў з жыцця 26 кастрычніка 2019 года ў Жэневе, дзе знаходзіўся на лячэнні ад анкалагічнага захворвання, з якім змагаўся на працягу трох гадоў.