Адаптацыя да сітуацыі

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Яшчэ адзін погляд на месяц фатаграфіі ў Мінску і Брэсце
МФМ праходзіць у Беларусі ў сёмы раз. Штогод увосень аматары і знаўцы фатаграфіі маюць магчымасць убачыць новыя беларускія і міжнародныя праекты, пачуць лекцыі, наведаць майстар-класы і прэзентацыі. У гэтым годзе, вядома, усё не так — і праграма, і лік лакацый сталі больш сціплымі. Але да гонару арганізатараў трэба сказаць, што яны праявілі волю і асаблівае прафесійнае ўменне — адаптаваць свой план да сітуацыі, а ў выніку засяродзіцца на беларускіх аўтарах і праблемах, сугучных нашаму грамадству. Уваход у экспазіцыю ў менскім “Корпусе” і брэсцкай “Conserva” вольны, а фота-інтэрвенцыі ў Крэва, у вёсцы Любкі (Маладзечанскі раён) і сядзібе графа Тышкевіча і зусім размешчаны ў вулічных прасторах.

/i/content/pi/cult/822/17582/13.jpgКанцэпцыя

Той факт, што зараз мы можам больш сфакусавацца на ўнутраным, беларускім кантэксце, толькі паглыбляе тэму цяперашняга МФМ: выжыванне. У першую чаргу куратар Вера Фядотава звярталася да традыцыйных экалагічных пытанняў, але ўключыла ў іх выжыванне ў больш шырокім сэнсе — напрыклад, у горадзе, у паўсядзённым жыцці. Строга кажучы, прыроднае і сацыяльнае, блізкае і далёкае, калі бачыць гэтыя паняцці праз прызму экалогіі, не супярэчаць, а дапаўняюць адзін аднаго. Свет сутыкнуўся з закрыццём межаў і абмежаваннем у перасоўваннях, з пачуццём небяспекі і страхам карантыну. І цяпер, як ніколі, узаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, павага да яго законах становіцца неабходнасцю.

Засталося толькі дадаць, што само слова “выжыванне” — калючае, нязручнае — мы заўсёды стараліся замяніць на паўнавартаснае “жыццё”, настойваючы на пазітыўным руху. Але як гэта заўсёды адбываецца ў мастацтве, яно выяўляе болевыя кропкі, а цяперашнія змены прыроднага асяроддзя сапраўды катастрафічныя. Таму і акцэнты такія: гібель каралавых рыфаў і экасістэм Гундукушскіх Гімалаяў, асабліва адчувальных да зменаў клімату, самаізаляцыя ў пандэмію, забруджванне нябачным мікрапластыкам і пошукі чыстай вады.

Небяспека, якую мы не заўважаем

Сюжэт “Camera Covida” Таццяны Кузняцовай, падобна, самы нечаканы: яна бачыць людзей толькі ў вочка дзвярэй, апынуўшыся падчас самаізаляцыі ў арэндаванай кватэры. На жаль, гэта рэальнасць ковіднага часу: трэба ўладкаваць будні такім чынам, каб выходзіць з дому радзей, запас неабходнага мець у кватэры, пакупкі звесці да мінімуму, а вучыцца і працаваць у віртуальнай прасторы. Умовы, здольныя ўнесці трывогу ў самыя стрэсаўстойлівыя душы… Інструмент фатографа тут парадаксальны: гэта закрыты погляд, ён фізічна не выходзіць за рамкі маленькай кватэры. Таццяна больш здагадваецца пра тое, што адбываецца з людзьмі, з якімі ў звычайным жыцці яна не была знаёмая. Ёсць сярод іх жанчына-інвалід, ёсць неўраўнаважаныя дарослыя і хворыя дзеці.

А другі сюжэт Таццяны “Мікрапластык Everyday” зусім пра іншае: ён заснаваны на выніках даследавання (Цэнтр экалагічных рашэнняў у Мінску) складу вады ў вадаёмах Беларусі. Ва ўсім свеце зафіксавана распаўсюджванне мікрачасцін пластыка, ад акіяна да маленькіх азёр. Глабальны маніторынг вядзецца не так даўно, таму ўплыў мікрапластыка на здароўе людзей у поўнай меры яшчэ не вывучаны. Таццяна выкарыстоўвае лабараторныя малюнкі і прадметы, дзе прысутнасць мікрапластыка не відавочна: бліскаўкі, вільготныя сурвэткі, сінтэтычны тэкстыль, крэм. Ёсць свайго роду прыгажосць у лабараторных малюнках, калі глядач можа разглядзець вельмі моцнае павелічэнне малекулярных часціц. У той жа час мы адчуваем, якую пагрозу яны нясуць. Праекты аб’ядноўвае тэма нябачнай трывогі: гэта і вірус, і людзі, якія сацыяльна ізаляваны, і пластык, часціцы якога немагчыма пакуль адфільтраваць і ачысціць ваду.

Праект “Agua” Рыты Новікавай дэбютаваў у Мінску ў рамках праекта “2 х 2” Беларускага саюза фатографаў (Музей гісторыі беларускага кіно, 2019). Акрамя агульнага пасыла — пошук вады, пошук натуральнага асяроддзя выжывання — фатограф гуляе з уласным станам купальшчыцы, гумарам і эстэтыкай 80-х, калі змяшчае іх у індустрыяльны пейзаж горада. Рыце Новікавай не адмовіш у вынаходлівасці: яна прымудрылася так выбудаваць пастановачную сесію, што дакументальныя мінімалістычныя здымкі набылі ладную долю сюррэалізму.

Вачыма незнаёмкі

Аліна Фрыске ва “Уяўных запісах” (2017) і “Кабінеце рэдкасцяў” (2018) зацікавілася аб’ектамі таксідэрміі і праверыла іх дакладнасць з дапамогай лічбавых баз дадзеных. Чым больш фатограф параўноўвала мадэлі з камп’ютарнымі копіямі, тым больш прыблізнымі станавіліся вобразы. Аліна бачыць у гэтым працэсе згубленую памяць аб прыродным асяроддзі, памылковасць штучных алгарытмаў.

Двух аўтараў прадставіла на МФМ французская амбасада. Гэта Франсуаза Юг’е, якая зняла праект “Жыў-быў Батанічны сад” у рэзідэнцыі ў Мінску у 2019 годзе, і Мары Лукашэвіч з праектам “За беллю каралаў”. Мары таксама ў мінулым годзе пабывала ў Менску на партфоліо-рэвю і нават запрасіла беларускіх фатографаў да ўдзелу ў фестывалі Circulation(s). У рамках МФМ яна дэманструе эстэтыку навуковага даследавання каралаў, падвяргаючы крытыцы чыста спажывецкае стаўленне грамадства да гэтага прыроднага феномена.

Франсуаза Юг’е, нягледзячы на сваю вядомасць, прафесіяналізм і ўзрост, не бянтэжачыся, выказвае радасць адкрыцця і захапленне Мінскам. Прычым прыязджае яна ў Беларусь не першы раз! Паказаўшы ў чэрвені на прадпрэм’еры МФМ прыгожы праект “Sublima”, дзе яна як мастак назірае за светам моды, ў “Батанічным садзе” Франсуаза паглыбляецца ў гарадское асяроддзе. Яе цікавяць мінскае метро і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, жыццё беларускіх сем’яў і архітэктура савецкага часу. Сад Франсуазы Юг’е — метафара, якая абагульняе яе ўражанні. Фатограф дзівіцца, што ў суворым, на яе думку, клімаце, жанчыны носяць кароткія адкрытыя сукенкі — па французскіх мерках, гэта вельмі шчыра. Затое пасляваенная сталінская архітэктура спалучаецца з кітчам, манументальныя роспісы будынкаў з сучаснымі прасторамі — Юг’е ўпэўненая, што Мінск стаў адным з самых своеасаблівых гарадоў Еўропы. Партрэты гараджан і наш Батанічны сад яе натхнілі, фатограф гатовая зняць асобную серыю пра метро. На жаль, з-за пандэміі Франсуаза не змагла прыехаць на адкрыццё МФМ ў Мінск. Але гледачы, якія памятаюць яе жорсткі праект “Камуналка” (2016) пра жыхароў Санкт-Пецярбурга, дакладна ацэняць добразычлівы, нават сяброўскі погляд у “Батанічным садзе”. “Нічога маналітнага насамрэч няма. Лак слаўнага мінулага, нанесены на бетон, прабіваецца вонку новымі фарбамі і набывае новы досвед. Прыехаўшы ў Мінск, я мела прыблізнае ўяўленне пра Беларусь і яе гісторыю. Сёння ведаю значна больш, але я ўсё яшчэ — на парозе адкрыццяў”, — піша Франсуаза. І гэта таксама аб навакольным асяроддзі — гарадскім, зменлівым, цікавым для чалавека.

Любоў ГАВРЫЛЮК, арт-журналіст