Магія вясельнага вянка

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

“К” працягвае цыкл матэрыялаў пра традыцыйнае вяселле. Цяпер распавядаем пра адзін з галоўных святочных атрыбутаў — вянок маладой.

/i/content/pi/cult/822/17580/11.jpgЗ чаго рабілі вянок

Вясельныя вянкі, якія мы бачым на старых здымках і ў музеях, зроблены са штучных матэрыялаў. Складана дакладна сказаць, адкуль узяліся штучныя вянкі і ці папярэднічалі ім галаўныя ўборы з натуральных кветак. Самая старая згадка вясельных вянкоў на тэрыторыі Беларусі — апісанне Паўля Одэрборна XVI стагоддзя. Па яго звестках з паўночнай часткі краіны, абодва маладыя — і жаніх, і нявеста — мелі вянкі з галінак пладовых дрэў, абвітыя стужкамі. “Пазнейшыя штучныя вянкі маюць свой сэнс, — кажа прадстаўніца Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, майстрыца Настасся Глушко. — Выраб з натуральных кветак ссохне і рассыпецца, а ён жа сімвалізуе сам шлюб і каханне! А штучныя вянкі захоўваліся доўга”.

Настасся Глушко распавяла пра традыцыйны матэрыял для беларускіх вясельных вянкоў: “Гэта папера, дрот, воск і так званая “стружка” — тонкі матэрыял з драўніны, яго прадавалі ў крамах. Раней маглі рабіць вянкі з тканіны, для каркаса выкарыстоўваць бяросту альбо, пазней, кардон. Варыянт з модных часопісаў — “пружынка” з дроту, перацягнутая ніткай. Яна такім чынам утварала акантоўку пялёсткаў. У ход ішла таксама фольга і папіросная папера. Да штучных кветак дадавалі свежую зеляніну: шпарагу, барвінак, папараць і самы шляхетны — мірт”. Вянкі адрозніваліся ў залежнасці ад рэгіёна і маёмаснага стану маладых.

У вясельных песнях часцей за ўсё пяецца пра вянкі з натуральных зёлак. Згадваюцца ружа, рута, мірт, лілея, “кракос”, “шалвей”. Магчыма, песні захавалі памяць пра даўнейшыя практыкі вырабу вясельных галаўных убораў. Але, напрыклад, у песні з вёскі Альсевічы Мядзельскага раёна разам з жывымі раслінамі называюць штучныя матэрыялы:

“Ідзіце, дзевачкі, да мяне,

Звіце вяночак для мяне

Да з руты, мяты, з лялеі

Да на багровай паперы,

На зялёненькай кітайцы

Ніначцы ў рукі падайце”.

Такім чынам, “кітайка” (назва аднаго з відаў тканіны) і папера, матэрыялы, якія набывалі ў краме, трывала ўвайшлі ў сялянскі побыт, сталі настолькі “сваімі”, што пра іх пяюць у вясельных песнях. Апошнія — даволі кансерватыўны і закрыты да запазычанняў жанр. Напрыклад, дасюль у іх пяецца пра паездкі на конях, хаця маладыя, як вядома, збольшага ездзяць на машынах.

Што сімвалізаваў вянок маладой

Галоўны сімвалічны сэнс вянка — увасабленне дзявоцкасці. Дзяўчына, якая не захавала цнатлівасці да вяселля, вянок не надзявала. Вянку ўласцівая і прадукавальная функцыя, кантакт з ім магічным чынам спрыяў дабрабыту. Да таго ж вянок успрымаўся як сакральны прадмет, пра што кажа звычай захоўваць яго за абразамі, у найбольш шанаваным месцы хаты, імкненне вырабіць вянок па ўсіх правілах, прынятых у мясцовай традыцыі, каб добра склалася сямейнае жыццё. Акрамя таго, вянок маркіраваў “пераходны” сацыяльны статус маладой (ад становішча нявесты да жонкі).

Пры ўсёй разнастайнасці мясцовых варыянтаў, па ўсёй Беларусі ў звычаях і павер’ях наконт вянка маладой шмат агульнага. Засяродзімся на звестках з Клічаўскага раёна, сабраных сябрамі моладзевай грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (захоўваюцца ў архіве арганізацыі), а таксама з памежных раёнаў Мінскай вобласці, сабраных работнікамі ўстаноў культуры (захоўваюцца ў фальклорным архіве Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці).

У вёсцы Дзмітраўка Клічаўскага раёна пасля Другой сусветнай вайны вясельныя вянкі рабіла толькі адна жанчына, выкарыстоўваючы для гэтага рознакаляровыя стужкі — “жычкі”. Стужкі былі ружовыя, сінія, карычневыя, белыя. Кветкі ў вянку былі папяровыя. Яны дапаўняліся “бублікамі”, што рабілі са скручаных ільняных нітак з вузельчыкам, які макалі ў воск. Вэлюм рабілі з марлі (выкарыстоўвалі 2 метры). Усё мацавалася на аберучык з дроту.

У вёсцы Заполле Клічаўскага раёна вянок для маладой рабіла хросная. Яна імкнулася прытрымлівацца традыцыйнай тэхналогіі вырабу. Расказваюць пра вянок, у якім замест крухмалу для фіксацыі кветак выкарысталі цукар. Цукар растаяў, вянок зляцеў, і маладой “жызні не было”.

Як здымалі вянок

Вянок, а таксама іншыя рэчы, што мелі кантакт з маладымі падчас вяселля, атрымлівалі магічны статус, канцэнтравалі ў сабе ідэю шлюбу і тым аказваліся запатрабаванымі ў незамужніх сябровак маладой. У Дзмітраўцы на другі дзень вяселля хросная маладой здымала ёй вянок і надзявала дружцы, каб тая хутчэй пайшла замуж. У гэты момант спявалі:

“На табе, дружачка,

вяночык,

На сягонняшні дзянёчык.

Ты ж да вечара пахадзі,

А ўвечара дружаццы

аддасі”.

Дружка гуляла да вечара ў вянку, танцавала ў ім. У канцы дня вяртала вянок маладой, і тая вешала яго на абраз у хаце мужа. Праз некаторы час маладзіца адносіла свой вясельны вянок жанчыне, што яго рабіла, разам з гасцінцам. У вёсцы Міхалёва Бярэзінскага раёна таксама дзяўчаты імкнуліся памераць вянок маладой, які здымала свякроў. Потым яго вешалі на абраз у куце.

У вёсцы Лысая Гара Пухавіцкага раёна было наадварот: верылі, што дзяўчына, якая памерае вянок маладой, не пойдзе замуж. Вянок нават здымалі не рукамі, а чапялой, і вешалі ў куце. Звычай не здымаць з маладой вянка рукамі сустракаецца і ў іншых народаў. Яго маглі зняць шабляй (у славенцаў), мячом (у латышоў), касой (у славакаў), нажом (у харватаў і славенцаў), віламі (у славенцаў і славакаў), скалкай ці палкай (у балгар і македонцаў), посахам пастуха (у русінаў). Тут мы назіраем інверсію сакральнасці: прадмет, што прыносіць дабрабыт (дапамагае выйсці замуж), становіцца небяспечным, забароненым (яго нельга здымаць рукамі). Амбівалентным (дваістым) з’яўляецца і вобраз маладой у цэлым, бо яна з’яўляецца лімінальнай асобай (знаходзіцца ў “пераходным” стане, які ў традыцыі разглядаецца як святы, шчаслівы і ў той жа час небяспечны і для яе самой, і для людзей навокал). Суадносна, святымі-небяспечнымі становяцца і рэчы, што належаць маладой, у першую чаргу вянок, які мае найвышэйшы семіятычны статус сярод іншых прадметаў з вясельнага ўбрання. Такая перадача “пераходнага”, табуяванага, сакральнага статусу маладой яе рэчам можа разглядацца як праява кантактнай магіі.

Варта звярнуць увагу на тое, што ў большасці выпадкаў для зняцця вянка выкарыстоўвалі прадмет, зроблены з жалеза. Філосаф Сяргей Санько адзначае, што практычна ўсе ўжытковыя жалезныя вырабы мелі апатрапеічныя (ахоўныя) уласцівасці. У той жа час на вянчанні (як і падчас некаторых іншых абрадаў) прысутнасць жалезных упрыгожванняў не дапускалася. Такую сімвалічную амбівалентнасць жалеза навуковец тлумачыць дваістым паходжаннем металу — яго хтанічнай, то-бок дзікай прыродай (у выглядзе балотнай руды) і ў той жа час прыналежнасцю да свету культуры праз апрацоўку каваннем.

Архаічныя стэрэатыпы адносна адзення набываюць універсальны характар, уваходзяць у падсвядомасць і раз-пораз фіксуюцца ў сучасных практыках, нават гарадскіх. Як прыклад можна прывесці шырока распаўсюджаную забарону выходзіць замуж у чужой вясельнай сукенцы і нават проста яе мераць. Гэтая забарона суадносіцца з больш даўнімі: маладую патрабавалася апранаць ва ўсё новае, інакш, лічылася, яна хутка можа стаць удавой. З вянчальнай сукенкі забаранялася шыць штосьці для незамужняй дзяўчыны, бо жаночы лёс, сканцэнтраваны ў шлюбных уборах, на дваіх не падзеліш.

У Клічаўскім раёне вянок маладой магла зняць свякроў (вёскі Закупленне, Доўгае, Заполле). У Доўгім і Церыхавым Бары нявесцін вянок здымаў на ноч малады, а на трэці дзень вяселля завівала маладую (надзявала хустку) і несла на покуць вянок “старшая дружка”. У Клічаўскім раёне жанчыны 1920 — 1930-х гадоў нараджэння распавядаюць, што чулі ад старэйшых, як на вяселлі навівалі маладой намітку, але на іх памяці толькі завязвалі хустку.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі