“Я зноў даю табе памяць...”

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Праз месяц, 26 лістапада, споўнілася б 90 гадоў пісьменніку, імя якога ведае кожны беларус. Уладзімір Караткевіч пражыў не надта доўгае жыццё, толькі пяцьдзясят чатыры гады. Але паспеў зрабіць вельмі шмат і ў якасці пісьменніка, і сцэнарыста, і сапраўднага гісторыка-навукоўца, даследчыка беларускай мінуўшчыны. Сярод шматлікіх беларускіх пісьменнікаў паваеннай Беларусі я вылучаю Уладзіміра Караткевіча асобна. Не толькі таму, што ягоныя творы аказалі на мяне наймацнейшае ўражанне і вярнулі да беларускасці. Але і таму, што менавіта гэты пісьменнік ад дзяцінства ведаў, шанаваў і згадваў у сваіх творах асобу Тадэвуша Рэйтана. Сёлета на 28 кастрычніка прыпадала 280-я гадавіна нараджэння Рэйтана, таму я мушу сваім абавязкам распавесці і пра яго, і пра Караткевіча.

/i/content/pi/cult/822/17576/5.jpgМногія мяне могуць папікнуць у тым, што літаральна ў кожнай сваёй публікацыі я згадваю імя Тадэвуша Рэйтана. Што рабіць, гэта так. Бо род Рэйтанаў шчыльна павязаны сваяцкімі сувязямі з тымі асобамі, пра якіх я пішу — Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка, Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка і іншыя. Ды і сама асоба Рэйтана стагоддзямі і ёсць культавай. І не толькі для людзей, якія былі патрыётамі сваёй зямлі. Стала яна культавай і для вялікай колькасці творчых асобаў. Ды і як абысці ўвагай імя чалавека, які першым, яшчэ ў 1773 годзе, выступіў у абарону незалежнасці Айчыны задоўга да Тадэвуша Касцюшкі (свайго траюраднага брата) і Кастуся Каліноўскага? Як забыцца, што адчайны ўчынак трох літвінаў-беларусаў — наваградцаў Тадэвуша Рэйтана, Самуэля Корсака і менчука Станіслава Багушэвіча прымусіў увесь свет з захапленнем вымаўляць іх імёны? Бо менавіта яны мужна і рашуча выступілі супраць легалізацыі Першага падзелу ВКЛ і Польскага Каралеўства, на якой настойвалі краіны-агрэсары — Расія, Прусія і Аўстрыя і якую гатовы былі ўхваліць унутраныя здраднікі. Нездарма іх параўноўвалі з героямі старажытнага Рыма, напрыклад, з Гарацыем Коклексам, які разам з двума паплечнікамі калісьці выратаваў Рым ад варожай навалы.

Усё гэта, зразумела, не пакінула абыякавымі паэтаў і пісьменнікаў, скульптараў і мастакоў. Так на свет з’явіліся шматлікія, на жаль, пасмяротныя выявы Тадэвуша Рэйтана. Корсак і Багушэвіч, з нейкай прычыны, мала цікавілі творцаў, хоць пражылі годнае жыццё і не здрадзілі сваім поглядам, выказаным аднойчы.

Увогуле, калі глядзець пільна, то менавіта тут, на Радзіме гэтай трыяды, і склаўся сапраўдны культ памяці Тадэвуша Рэйтана. Пачалі яго вялікалітоўскія паслы яшчэ на Вялікі, чатырохгадовы сойм. Яны і давялі каралю Станіславу Панятоўскаму, што абавязкова трэба ўшанаваць памяць памерлага Рэйтана і аддзячыць жывучых Корсака і Багушэвіча. Вядома, кароль напісаў праект ушанавання Рэйтана. Паабапал уваходных дзвярэй у Пасольскую ізбу, дзе цягам чатырох дзён Рэйтан з паплечнікамі адстойваў і гонар ВКЛ, і недатыкальнасць межаў Рэчы Паспалітай, планавалася ўсталяваць дзве мармуровыя дошкі. Белая — з імем Тадэвуша Рэйтана, чорная — з імем Адама Паніньскага, польскага пасла і расійскай марыянеткі, імя якога стала сінонімам архіпрадажнасці, абсалютнай безпрынцыповасці. Але Другі падзел (1793), а потым паўстанне Ясінскага-Касцюшкі (1794) і поўнае знішчэнне Рэчы Паспалітай (1795) “трыма чорнымі арламі” ажыццяўленне праекта перакрыжавалі.

Тым не менш эстафетны кій палітыкаў перахапілі паэты і мастакі. Бадай ці не першым адгукнуўся адзін з найслыннейшых паэтаў “станіславаўскага часу” — Францішак Князьнін, віцябчанін. Князьнін згадаў імя Рэйтана ў сваім творы — одзе “Да Літвы”. Бо ў тыя часы нікому не прыходзіла аспрэчваць літвінскасць Рэйтана. Пра гэта, дарэчы, адзінагалосна заяўляюць відавочцы сойма 1773 года — іх шматлікія дыярыўшы (дзённікі) мне ўдалося сабраць. Спадзяюся, дойдзе і да іх публікацыі.

Праз нейкі час стаў у шэрагі папулярызатараў Рэйтана ягоны зямляк —наваградчанін Адам Міцкевіч. Ён праз усё жыццё пранёс захапленне мужнасцю Героя. А менавіта Героем лічыў Міцкевіч Рэйтана. Так і падаваў яго ў сваіх творах і публікацыях. Амаль адначасова з Міцкевічам захапіўся асобай Рэйтана і берасцеец Юльян Урсын Нямцэвіч, які напісаў, хоць шмат у чым і памылковы, але ж першы ў гісторыі нарыс жыцця Тадэвуша Рэйтана.

/i/content/pi/cult/822/17576/6.jpgЗа імі “пайшлі ў атаку” іншыя творцы. Мяркую, першым з нашых мастакоў прысвяціў свой твор Тадэвушу Рэйтану “бацька” Віленскай мастацкай школы Францішак Смуглевіч. Падтрымаў гонар школы і Людвік Горварт, вучань Смуглевіча. Нельга не нагадаць і пра Яна Астроўскага, скульптара-самавука з Аршанчыны (гл. “К”, №№ 42,43, 2020 г.). Створаны ім бюст Тадэвуша Рэйтана, магчыма, захаваўся ў адным асобніку, і амаль невядомы даследчыкам. Думаю, варта было б для будучага музея ў Грушаўцы зрабіць яго копію. Як неабходна зрабіць копію іншага бюста, які ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў замоўлены Стафанам Рэйтанам (стрыечным унукам Тадэвуша) для Грушаўкі. Так, ён быў выраблены, але не выстаўлены з-за паўстання 1863 года і жудасных рэпрэсій, якія распачаліся потым. У наш час бюст захоўваецца ў Кракаўскім нацыянальным музеі, і, як вынікае з папярэдніх размоваў з яго адмыслоўцамі, выраб копіі для музея ў Грушаўцы можна лічыць магчымым.

Былі таксама іншыя творы, прысвечаныя нашаму знакамітаму земляку, але культ памяці Тадэвуша Рэйтана на яго радзіме быў хутчэй на нелегальным узроўні. Інакш было ў Польшчы, якая аказалася пад Прускай і Аўстрыйскай акупацыямі. Узгадаем твор “Тадэвуш Рэйтан на Варшаўскім сойме 1773 года” (1866 год) славутага мастака чэшска-нямецкага паходжання Яна Матэйкі. На жаль, яго многія ведаюць пад памылковай, польскацэнтрычнай назвай — “Рэйтан. Заняпад Польшчы”. Уласна кажучы, матэрыялу па заяўленай тэме хапіла б на невялічкі, але важкі том. Бо варта было б згадаць і створанае польскімі творцамі на гэту ж тэму…

Але нам час перанесціся ў ХХ стагоддзе. Спробы аднаўлення культу памяці Тадэвуша Рэйтана пасля развалу Расійскай імперыі, вядома, былі. У Баранавічах да 1939 года была гімназія яго імя, у Мінску — былая Юраўская вуліца, ад якой застаўся адзін дом. Дарэчы, выбар вуліцы ў Мінску аказаўся сімвалічным. Раней на месцы, дзе цяпер красуе Палац Рэспублікі, была сядзіба бацькоў маці Тадэвуша Рэйтана, якая стаяла акурат на Юраўскай, блізу Дамініканскага касцёла. Таму Мінск мае поўнае права звацца “другой радзімай Рэйтана”. Бо і шлюб бацькі Тадэвуша бралі напачатку 1739 года ў мінскім езуіцкім касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ды і сам ён тут бываў даволі часта.

Пасля другой паловы 40-х гадоў дваццатага стагоддзя пра Рэйтана як быццам бы забыліся. І вось з’явіўся талент Уладзіміра Караткевіча, які дапамог вярнуць імя Рэйтана нашчадкам і па гонару ўславіць яго.

Родина

“…И встаёт передо мной родина. Старый дом в саду, что в нём сами собой стонали половицы и ночью казалось, что по ним кто-то ходит... Если вечером идти через неосвещенные комнаты, стараясь не убыстрять шаг, стараясь выдержать спиной темноту, сознательно растягивая те шаги, что отделяют тебя от светлого конуса из дверей столовой, если вечером идти так, то глазами встречаешь на стенах глаза других людей: страдальческие глаза Рейтана, угрюмоватый зрак Бетховена с не столько хорошей, сколько старой гравюры...”

Вось так Тадэвуш Рэйтан увайшоў у творчасць Уладзіміра Караткевіча за савецкім часам. Гэта была рускамоўная паэма “Родина” (Глава IV, 1959 год). З гэтага ўрыўка вынікае, што ў сям’і Караткевічаў Рэйтана ведалі і шанавалі. І падаецца, што на маладога пісьменніка пазіралі вочы Рэйтана, намаляваныя больш як за сто гадоў да таго Францішкам Смуглевічам.

Гэта літаграфія 1839 — 1841 гадоў была даволі распаўсюджанай у тыя часы. Яна і цяпер даволі часта сустракаецца на розных аўкцыёнах.

Прайшло некалькі гадоў і Уладзімір Караткевіч узяўся за твор “Леаніды не вернуцца да Зямлі”. Як вядома, савецкая цэнзура пад такой назвай твор не прапусціла, і ён выйшаў спярша як “Нельга забыць” (значна пазней, першая частка твора была экранізавана, фільм атрымаў назву “Паром”). Што ж напісаў Уладзімір Каракевіч у “Леанідах”?

“…I багіня кахання злітавалася. Ідзі, сказала яна, я зноў даю табе памяць аб шляхах, і аб смеласці, і аб бразгаце мяча ў праведнай бітве, калі барвяныя харугвы лунаюць над галавой. I аб марах, вада якіх салоная і бурхлівая, як кроў смелых. Я ўсё даю табе, толькі не кліч смерць, бо мы жывём не для сябе, а для тых, каго любім, і таму не маем права пайсці ад іх, нават калі нясцерпна стае жыць. Чалавек народжаны для бітвы і мае права памерці толькі ў бітве. I кожны воін павінен думаць, што ён, як апошняя надзея гарадоў і вёсак за яго плячыма, што ён, як апошняя песня роднай зямлі. I ён павінен змагацца нават тады, калі ніхто больш не хоча змагацца, адзін супраць усіх. Павінен надарвацца, легчы на парозе, як Рэйтан…”

З гэтага ўрыўка бачна, што не толькі сумныя вочы Рэйтана хвалявалі думку Караткевіча, але і яго подзвіг, ён нібы прапускаў праз сябе і выдатна ведаў кошт шчырага гераізму. Бо зразумела, што тэма акупацыі ў XVIII стагоддзі беларускіх земляў Расійскай імперыяй не была “ў пашане”. Словам, вельмі і вельмі шкада, што Уладзімір Караткевіч не вывеў асобным персанажам Тадэвуша Рэйтана ў адным са сваіх раманаў. Бо ніхто з гэтай задачай не справіўся б так таленавіта, як наш класік…

Ну, а на завяршэнне мы пацікавіліся, ці плануецца правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, звязаных з юбілеем Уладзіміра Караткевіча ў Оршы і ў Мінску.

Як нам паведаміла дырэктар установы культуры “Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны” спадарыня Юлія Камарова, да юбілею пісьменніка запланаваны шэраг мерапрыемстваў — літаратурныя чытанні, адкрыццё мастацкай выставы, прэзентацыя літаратурнага зборніка. Не застаецца ў баку і мінскі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, у якім таксама запланавана мастацкая выстава.

Думаю, мы яшчэ вернемся на старонках “К” да гэтай тэмы і распавядзем больш падрабязна.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар