Некропаль па-над Пціччу

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Тым, хто едзе па трасе М1 з Баранавічаў на Мінск, здаецца, вядомы велізарны чорны каменны крыж, які стаіць на высокім пагорку на самым беразе вадасховішча ў Пцічы. Здаецца, вядомы, бо зараз большая частка пяціметровага надмагілля схавана за металёвым зялёным плотам. Аб тым, што за ім нешта ёсць, здагадаецца толькі пільны глядач. Ды і то зімой і ранняй вясной, пакуль не зазелянелі краявіды. А зазірнуць за плот варта.

/i/content/pi/cult/822/17575/3.jpgУ сваім дзяцінстве, безліч разоў праязджаючы побач, я чуў ад сваіх бацькоў наступную гісторыю. Нібыта ў гэтых мясцінах быў вельмі злы пан. Які і пры жыцці сваім падданым праходу не даваў, а як сабраўся паміраць, дык загадаў паставіць велізарны чорны крыж, каб былыя падданыя і пасля яго смерці асабліва не разнявольваліся. І кожнага разу, кідаючы позірк на манумент, пакрываліся халодным потам.

Мінуў час і з Сеціва я даведаўся, што на пагорку быў пахаваны не пан, а пані. Да таго ж, нягледзячы на графскі тытул, да “паноў а-ля Таркайла” (герой У.Караткевіча, прыгнятальнік і крывапійца прыгонных) яна ніякім чынам не адносілася. Хутчэй, наадварот. Яе прозвішча (Гутэн-Чапская) мяне даўно цікавіла, таму ў верасні я ўпершыню наведаўся на гэтыя могілкі. І традыцыйна маючы ў заплечніку немудрагелісты рыштунак (сапёрка, шчотка, крэйда), правёў невялічкую талаку, адкопваючы помнікі і расчытваючы імёны.

Назаві сына Адамам

Блукаючы сярод пахіснуўшыхся, перакуленых тварам уніз ці ляжачых “на лытках” надмагілляў, я пільна ўглядаўся ў прозвішчы. Праплывалі, як нейкія жалобныя караблі, прозвішчы: Мазуркевічы, Сяліцкія, Паўловічы, Суднікі, Каханоўскія, Якубоўскія, Скарабагатыя, Юрэвічы, Міттэры, Доўнары і Запольскія-Доўнары, Немагай, Шпілеўскія, Каржанеўскія… І раптам вока выхапіла надпіс, ад якога сэрдца закалацілася ў грудзях — Adam Mickiewicz.

/i/content/pi/cult/822/17575/4.jpgХвілінай пазней, вядома, зразумеў, што гэта быў не той наш Адам, які “нацыянальны прарок з Наваградчыны”, а іншы, мясцовы. Да таго ж народжаны значна пазней, калі слава паэта ўжо неслася па-над Еўропай. Хутчэй за ўсё бацькі гэтага Адама абралі імя для сына ў гонар славутага земляка. Менавіта такім чынам з’яўляліся на свет і шматлікія Тадэвушы, якіх літвіны-беларусы называлі ў гонар Рэйтана і Касцюшкі, Напалеоны і гэтак далей. Дарэчы, пра нацыянальную свядомасць тых, хто спачывае на гэтых могілках пад надмагіллямі з польскімі надпісамі некалькі радкоў пакінула ў сваіх успамінах Марыя Чапская, дачка пахаванай пад чорным крыжам графіні Жазэфіны Гутэн-Чапскай:

“У нас афіцыялісты, службоўцы таго часу, і ўся дворская служба, як і фальварачная, былі каталікамі, а судзячы па прозвішчах, праўдападобна паходзілі з той шляхты, якая была пазбаўленая царскімі дэкрэтамі сваіх прывілеяў і сапхнутая ў сялянскі ці мяшчанскі станы. Памятаю, што аднак шляхта жанілася толькі паміж сабой. Маёнткавым касірам быў пан Андрэеўскі, пісарам пан Шпілеўскі, старшым ляснічым прыгожы пан Вянгліцкі, кухарам, наступным за Якубоўскім, Весялоўскі, пазней Каханоўскі, блакітнавокі бландын, малодшы наш фурман зваўся Прыварай, шляхцянкамі былі нашыя пакаёўкі і хлопцы крэдэнсовыя; эканомы: Шаблоўскі, Бялыновіч, Рымар-Талочка, парабкі, ці “формале”: Мадзялеўскія, Трацэвічы, Ласкоўскія, Доўнары, Дашкевічы. Дзецям іх мы давалі ўрокі польскай мовы, рэлігіі і рахунказнаўства, таму запомніла іх прозвішчы. Бацькі нашых вучняў вельмі дбалі пра польскую мову, хоць паміж сабой размаўлялі па-беларуску і ня мелі выразнай нацыянальнай свядомасці: на пытанне — ці з’яўляецеся палякамі, адказвалі “што з’яўляюцца “тутэйшымі”, ведалі сваю адметнасць, але каталіцтва і польскасць былі “панскімі”, і гэта іх прыцягвала. “Нашай мовы нам вучыць ня трэба — бо мы яе ведаем!” — тлумачылі яны”.

Даволі дзіўна чуць пра польскасць самой Марыі, якая з’яўляецца дачкой літвіна-немца Юрыя Гутэн-Чапскага і Жазэфіны фон Тун-Гогенштайн. У сваю чаргу бацька апошняй быў камергерам аўстрыйскага імператара Франца Іосіфа, паслом Аўстрыі ў Расійскай імперыі, а маці — фрэйлінай аўстрыйскага імператараскага двара. Але часам так здараецца, што самыя “палымяныя патрыёты — іншаземцы”.

Увогуле, успаміны Марыі Чапскай, у якіх праз прызму сямейнай гісторыі апісваецца жыццё Міншчыны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, адносіны паміж “магнацкім дваром” Гутэн-Чапскіх і мясцовай шляхтай вартыя, як мне падаецца, перавыдання на беларускай мове. Як і некаторыя іншыя творы аўтаркі. Напрыклад, біяграфія Адама Міцкевіча, напісаная з дапамогай славутага архівіста Яўзебія Лапацінскага (“К” плануе публікацыю і пра яго —рэд.).

Падаецца, варта распавесці трошкі больш пра Якубоўскіх. Згаданы Адам Якубоўскі быў кухарам Гутэн-Чапскіх ледзь не ўсё сваё жыццё. У свой час маці Марыі адаслала яго ў Прагу, каб ён пры двары фон Тунаў ад тамтэйшага кухара навучыўся “кухарыць” па-чэшску і аўстрыйску. Што той паспяхова і зрабіў, здзіўляючы “цудамі кулінарыі” гасцей палаца ў Прылуках. Ужо “на ласкавым хлебе” (пенсіі пры двары), Адам Якубоўскі старанна перадаваў сакрэты наступным графскім кухарам. Жонка ж Адама, Караліна, была выхавацелькай усіх дзетак Юрыя і Жазэфіны Чапскіх. Разам са сваім мужам яны з’яўляліся паўнапраўнымі чальцамі сям’і. Смерць Караліны Якубоўскай, ці “Бабулі”, стала для сям’і Чапскіх сапраўднай трагедыяй. “Затым дзверы адчыніліся, у іх стаяла бледная Караліна ў кашулі і сказала: “Бабуля памерла”. Ні да таго, ні пасля я не памятаю такога адчаю. Жыццё апусцела”. “Бацька парупіўся аб пахаванні ў Воўчкавічах. Бабуля была пахавана насупраць магілы маці па леваму боку касцёла” (з успамінаў Марыі Чапскай — рэд.).

Шмат гадоў таму аўтар невялічкага нарыса пра могілкі ў Воўчкавічах са скрухай адзначыў: “Добра, што Марыя Чапская ўжо не зможа ўбачыць, у якім стане сёння знаходзіцца магіла іх з братамі і сёстрамі любімай няні. Інакш адчай і спусташэнне маглі б вярнуцца да яе”. Але час прайшоў і трэба дадаць, што помніку Канстанцыі Якубоўскай клопатам невядомых валанцёраў быў усё ж такі вернуты амаль першапачатковы выгляд.

Старэйшы брат мінскага касцёла

Гісторыя святыні на могілках у Воўчкавічах, аб якой нагадвае высокі пагорак у цэнтры могілак і сучасны металёвы крыж, мае доўгія карані. Недзе ў 1780-х уласнік Воўчкавічаў мінскі судовы стараста Ігнат Іваноўскі і яго жонка Тарэза з Цэханавецкіх вырашылі пабудаваць побач з сядзібай на пагорку капліцу Апекі Божай Маці. Капліца была драўляная і прыгожая.

З гэтай капліцай звязаны мінімум дзве цікавыя старонкі. Спярша ў 1785 годзе тут узялі шлюб Францішак Оштарп з Людвікаў з Іваноўскіх. А ў наступным годзе на гэтым пагорку вялікалітоўскі вайсковы суддзя і мільянер Станіслаў Манюшка стаў мужам Евы з Вайніловічаў (дзяды кампазітара Станіслава Манюшкі).

Прыкладна праз 20 гадоў, у 1805, сын Ігната Марцэлій Іваноўскі вырашыў паставіць на месцы капліцы касцёл. Вакол касцёла заклалі могілкі, а ў ім самім павінна была з’явіцца родавая крыпта Іваноўскіх. У 1810 годзе будаўніцтва было завершана. Храм асвяцілі і далі назву Раства Дзевы Марыі. Да 1839 года ён належаў да менскай катэдры, а потым стаў парафіяльным. Напрыканцы 1880-х старога касцёла ізноў стала замала. Падаецца, асноўным ініцыятарам і рухавіком працэсу стала Жазэфіна Чапская.Так 9 лістапада ў 1904 годзе адбылося асвячэнне касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Знешне ён мае пэўнае падабенства да менскага касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага). І з’яўляецца ягоным старэйшым братам. Бо дазвол на будаўніцтва Чырвонага касцёла быў атрыманы 9 траўня 1905 года, а асвяцілі яго 20 верасня 1910-га. Над праектамі абодвух працаваў варшаўскі архітэктар Генрых Гай і яго фірма “Гай-Свянціцкі”.

Падчас будаўніцтва касцёла ў Воўчкавічах 13 жніўня 1903 года з-за складаных родаў памерла жонка Юрыя Чапскага Жазэфіна. Было ёй толькі 36 гадоў. Пахавалі яе разам з дачкой Тарэзай, якая не пражыла і дня, блізу касцёла. Згаданы архітэктар Генрых Гай стварыў для іх магілы накід велічнага помніка з чорнага швецкага граніту. Помнік уключаў у сябе скульптуру, а на самім надмагіллі меліся бронзавае распяцце і каваны вянок. Скульптура і бронзавыя ўпрыгожванні з-за псеўдацікавасці да мастацтва невядомых асобаў зніклі. На чорным граніце можна запрыкмеціць толькі гравіроўку “RequemaeternamdonaeisDomine”

(Вечны адпачынак дай нам, Пане”), імя майстра Прушынскага з Варшавы, а таксама імёны нашых сучаснікаў, старанна надрапаных тут жа.

Сам касцёл і дзве сядзібы ў Алесіна і Воўчкавічах сталі ахвярай плана будаўніцтва вадасховішча ў Пцічы. У 1960-х касцёл узарвалі, а сядзібы знеслі.

Дарэчы, аб працах

Месяц таму было прыкметна, што працы на могілках пачаліся адносна нядаўна, бо вынікі былі даволі сціплыя. Зараз вока адразу выхоплівае перамены, якія сведчаць, што ўсё марудна, але грунтоўна працягваецца. Участак, на якім сканцэнтравана ўвага рэстаўратараў, адносна невялікі. Ён займае каля 1/10 ад агульнай плошчы могілак. Мяркуючы па надмагіллях, перад касцёлам хавалі блізкіх да Чапскіх асобаў. Могілкам, зразумела, не пашкодзіла б і талака, каб падняць усе старыя перакуленыя помнікі, адкапаць напаўзасыпаныя і правесці інвентарызацыю. І, вядома, усталяваць інфармацыйны стэнд. Гэта не патрабуе значных фінансавых затрат.

Каб даведацца, хто так мэтанакіравана і плённа займаецца аднаўленнем надмагілляў, я патэлефанаваў у Шчамысліцкі сельскі выканаўчы камітэт, на тэрыторыі якога знаходзяцца могілкі. Як паведаміў старшыня сельвыканкама спадар Віктар Грынкевіч, могілкі ў Воўчкавічах з’яўляюцца закрытымі для пахаванняў. Таму нядаўна была замоўлена іх інвентарызацыя. Віктар Грынкевіч таксама дадаў, што нейкім аднаўленнем, прывядзеннем у належны выгляд помнікаў могуць займацца сваякі пахаваных там асобаў. Або тыя, каму даручана інвентарызацыя могілак. Асобнага фінансавання на гэта, на жаль, не вылучалася. Дарэчы, па законе валанцёры абавязаны папярэдзіць мясцовыя ўлады аб правядзенні падобных прац. Добра, што падчас размовы нарадзілася ідэя аб правядзенні вясной наступнага года сумеснай талакі ў Воўчкавічах. Думаю, што аб’яднанымі высілкамі можна будзе зрабіць значна болей у гэтых цікавых гістарычных мясцінах.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар