Ян Астроўскі, скульптар з Аршаншчыны

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Частка II

З акцёраў у скульптары

З жарсцю ўзяўся Ян Астроўскі за новую для сябе справу. Седзячы ў маленькім пакойчыку, які ён зняў у мясцовага ганчара, малады скульптар утрапёна ваяў. Верныя сябры — шарманка і жанглёрскія кеглі занялі месца ў куце.

Неўзабаве пасля чарговага пераўвасаблення Астроўскага прыйшла звестка, што ў мястэчку Анішток (Onisztok), за пяць міль ад Кейдан адбудзецца ярмарка. Ганчар, у якога жыў Астроўскі, напакаваў воз сваіх вырабаў-місак, збаноў і іншага. Астроўскі ж узяў найлепшыя вырабы сваёй майстрэрні. І тут здарылася неспадзяванка, якая ў чарговы раз паўплывала на жыццё Астроўскага. Царскі жандар, які пільна сачыў за “прыхаднямі” на ярмарке, зацікавіўся пратэрмінаваным пашпартам “прайдзісвета” з Аршаншчыны. Настрашыўшы таго суворым пераследам, жандар-карупцыянер выбраў сабе з кошыка Астроўскага “падарунак” — дзесяць найлепшых фігурак. Праўда, скульптару-пачаткоўцу гэта дапамагло толькі адкупіцца ад вязніцы. Вяртаўся Астроўскі, не прадаўшы аніводнай фігуркі…

/i/content/pi/cult/821/17573/25.jpgКожнай творчай асобе вядомы эфект першага “правала спадзеваў”. Калі падаецца, што тое, што ты робішь, нічога не варта, калі ніхто не выказвае цікавасці да выніка працы. Тое самае адчуў Астроўскі, таму ўзяў тое, што прынёс дадому, і паразбіваў на дробныя кавалачкі. Пасля чаго выцягнуў з кута шарманку і здуў з яе гіпсавы пыл.

Са скульптараў у акцёры, або Вялікая моц арт-тэрапіі

Далейшыя тры гады Ян Астроўскі, каб зарабіць на хлеб, круціў ручку шарманкі. Але неўзабаве вандроўнае жыццё завершылася. Ізноў закруціліся жорны “яго вялікасці выпадка”. Здарылася так, што ў адным з мястэчак Ковенскай губерніі Ян Астроўскі вельмі сур’ёзна захварэў. Мясцовы лекар, паслугамі якога нейкі час карыстаўся Астроўскі, аднаго разу прыйшоў і больш ужо не вярнуўся. Бо зразумеў, што аніводнай надзеі на выздараўленне пацыента няма. Верагодна, наведаў амаль нябожчыка і ксёндз.

/i/content/pi/cult/821/17573/26.jpgГаспадар жытла, у якім “дажываў свой малады век” вандроўны акцёр, зразумеў, што раз тут ужо ніхто і нічым не дапаможа, на “цела” ў ложку можна не звяртаць увагі. Таму загадаў, каб у пакойчыку Астроўскага перарабілі печку. У той момант, калі на падлогу пляснуўся шматок гліны, Астроўскі, пачуўшы знаёмыя гукі, абудзіўся ад трызнення. Хто ведае, можа, гэта была хвіліна кульмінацыі змагання з цяжкай хваробай. Як бы тое ні было, але акцёр сеў у ложку і папрасіў у печнікоў трошкі гліны. І пачаў ляпіць фігурку Збавіцеля.

Зразумела, і сам Астроўскі, і іншыя ўбачылі ў гэтым цуд, але жыццё — самы неверагодны рэжысёр, які можа прапанаваць некалькі варыянтаў сцэнарыя. Дарэчы, тая фігурка так спадабалася месцічам, што Астроўскі адразу атрымаў замову на некалькі дзясяткаў такіх самых.

Канчаткова паправіўшыся і крыху выправіўшы свой пахіснуўшыся фінансавы стан, Ян Астроўскі развітаўся з Жамойцю і адправіўся ў Літву, у Вільню. І ад таго часу яго жыццё спаялася з гэтым горадам назаўжды. У іншай крыніцы маецца згадка, што асесці ў Вільні яму дапамог невядомы месціч. Так гэта ці не, але Астроўскі стаў віленчуком і ўсяго сябе аддаў мастацтву.

Таленавіты самавук

Пасля пераезду ў Вільню Астроўскі, як сцвярджаецца ў біяграфічных нататках, пазнаёміўся з прадстаўнікамі віленскай скульптурнай школы — прафесарам Казімірам Ельскім (1782 — 1867) з Пухавіччыны і юрыстам па адукацыі Рафалам Слізнем (1804 — 1881) з Наваградчыны. Хаця апошні з 1830 года амаль бесперапынна жыў на Міншчыне, дзе і ствараў скульптуры, бюсты, барэльефы, медальёны. У іх адлюстраваў сваякоў, сяброў і “перадавых дзеячаў культуры свайго часу”.

Лакальная слава да “маладога скульптара”, якому пайшоў ужо пяты дзясятак, прыйшла досыць нечакана. 30 ліпеня1852 года знянацку памёр малады пробашч касцёла святога Духа, канонік віленскай катэдры і прафесар тэалогіі віленскага шляхецкага інстытута Юстын Якубоўскі. Было яму толькі сорак гадоў і таму нікому ў галаву не прыходзіла яго маляваць, ці ваяць з мармуру. Не маючы аніводнай памяткі, сваякі і сябры Якубоўскага вырашылі звярнуцца да Яна Астроўскага, каб ён зрабіў бюст ксяндза. Дарэчы, апошні быў вельмі вядомы і шанаваны ў Вільні за дар красамоўства і добры характар. З пастаўленай задачай Астроўскі выдатна справіўся. Бюст выклікаў вялікае захапленне. Надмагілле ж ксяндзу, якое захавалася, выканаў іншы вядомы майстар сваёй справы — Язэп Казлоўскі. Дарэчы, і сам Ян Астроўскі, і Язэп Казлоўскі пахаваны на віленскім некропалі Росы.

Менавіта з таго моманту, як да малавядомага аматара звярнуліся па дапамогу сваякі Якубоўскага, пачынаецца новы перыяд у жыцці майстра. Ад 1852 года і магчыма да самой смерці Ян Астроўскі толькі што і займаўся вырабам бюстаў з гіпса і бронзы, і медальёнаў, прысвечаных розным асобам.

Вось як пра Яна Астроўскага напісалі аўтары згаданай “Гісторыі беларускага мастацтва” (1989). “Прынцыпамі класіцызму ў сваёй працы кіраваўся і вучань К. Ельскага Ян Астроўскі (1811 — 1872). Ён нарадзіўся ў мястэчку Сянно (Віцебская вобласць). У маладым узросце прыехаў у Вільню, дзе пачаў займацца лепкай пад кіраўніцтвам Рафала Слізня, потым працаваў у майстэрні Казіміра Ельскага. Там жа выступіў са сваёй першай работай — скульптурай Хрыста, якую потым паўтараў шматкратна. Працаваў Астроўскі пераважна ў малых формах — рабіў медальёны ў гіпсе, якія потым адліваліся ў вялікай колькасці экзэмпляраў. Ян Астроўскі стварыў галерэю бюстаў гістарычных асоб і культурных дзеячаў Беларусі, Літвы і Польшчы …” А вось што пісалі беларускія мастацтвазнаўцы пра мастацкую вартасць твораў Астроўскага:“Кампазіцыя ўсіх партрэтных бюстаў Я.Астроўскага ўзыходзіць да тыпу антычнай гермы і вызначаецца прамой пасадкай галавы, роўна абрэзанымі па вертыкалі плячамі. Такімі сродкамі дасягалася строгасць кампазіцыі і ўзмацняўся гераічны пачатак. Часам скульптар дапускае пэўную, узыходзячую да антычнасці ўмоўнасць у перадачы вачэй без зрэнак (бюсты Сыракомлі, Балінскага). Але гэты элемент умоўнасці спалучаецца з перадачай жывых рэалістычных рыс мадэлі. Ён пазбягае энергічнай мадэліроўкі, лініі скульптурных мас цякуць свабодна і павольна. Твары мадэліруюцца мяккай і ў той жа час вельмі ўпэўненай лепкай з перадачай знешняга выгляду партрэтаваных, прычым яны зусім не ідэалізуюцца. Аўтар паказвае і друзласць шчок, і складкі на шыі, і рэзкія маршчыны каля рота. Але ўсё гэта не засланяе галоўнай задачы — перадаць тонкія нюансы характару, псіхалогіі партрэтаваных…”; “ Наогул для творчасці Я.Астроўскага характэрна імкненне раскрыць не складанасць і супярэчнасць асобы, а ўсё лепшае, высакароднае ў чалавеку”.

Раскіданае гняздо

Па збегу абставінаў у той час у Вільні, як аказалася, з усіх гадаванцаў колішняй кафедры скульптуры пры Віленскім універсітэце не засталося аніводнага. Таму СМІ, калі і пісалі пра стан скульптурнай справы ў Вільні, то абавязкова згадвалі Астроўскага. Прычым, як ці не адзінага, хто гэтай справай займаецца. І, дарэчы, вельмі выдатна.

Вось як пра Яна Астроўскага напісалі ў 1854 годзе ў варшаўскай газеце: “Даведаліся мы з прыватнага да нас ліста, што ў гэтыя дні коштам Маўрыцыя Альгельбранта , віленскага кнігара, быў завершаны бюст паўсюдна ўлюбёнага паэта Сыракомлі, які выканаў пан Ян Астроўскі. Які так дакладна адпавядае ўсім патрабаванням мастацтва, што той, хто хоць раз меў магчымасць убачыць нашага Сыракомлю, адразу знойдзе надзвычайнае падабенства”. Далей аўтар публікацыі вельмі цешыўся з той акалічнасці, што ў такой цяжкай справе, як “перадаць у кавалку гліны жыццё і характар”, пан Астроўскі, кажучы сучаснымі словамі, вялікі майстар. На завяршэнне аўтар выказаў надзею, што калі грамадскасць зычліва прыме бюст Сыракомлі, то з Вільні да іх патрапяць бюсты і іншых “нашых вядомых пісьменнікаў”.

Прайшло чатыры гады, і ў віленскім выданні “Teka Wilenska” (№4, 1858 г.) , рэдактарам якога быў літаратар і выдавец Адам Кіркор, выйшла публікацыя пра агульны стан мастацтва “ў Літве”. Пішучы пра скульптуру, вось што сказаў аўтар: “Пра скульптуру цяжка нешта распавесці, бо яна ў нас як быццам бы не існавала. З былой віленскай школы не выйшаў аніводзін знакаміты майстра. Сам прафесар Ельскі на сёння нічога новага не стварыў. Сівіцкі мала вядомы, а іншыя хутчэй рамеснікі, чым творцы, бо займаюцца аздабленнем архітэктуры паводле пададзенага ўзора.

Адзін толькі Астроўскі, пра якога ўжо пісала наша газета, заслугоўвае звацца скульптарам, але і той робіць невялічкія бюсты і медальёны з натуры, або капіруе, кіруецца хутчэй вялікім прыродным талентам, чым навыкамі адукацыі, якіх не атрымаў. У мінулым годзе ён выканаў бюст (у бронзе — рэд.) генерала Назімава (віленскі генерал-губернатар, якога за нежаданне распраўляцца суворымі метадамі з паўстаннем 1863 года замянілі на Мураў’ёва-Вешальніка — рэд.), метрапаліта Жылінскага, губернатара Пахвісьнёва, Міхала Балінскага, Тэадора Нарбута, Станіслава Манюшкі, Канстанціна Трапянскага, Тызенгаўза, прафесара скульптуры Ельскага...”

Усяго ў творчым даробку скульптара каля пяцідзесяці бюстаў, а таксама медальёнаў, якія ён прысвяціў не толькі сучаснікам, але і героям мінулых часоў. Шмат з іх захавалася ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі. Ці маецца ў дзяржаўных ці прыватных зборах у Беларусі хоць адзін з іх — пытанне пакуль адкрытае.

У 1866 годзе ў Вільні Ян Астроўскі правёў магчыма адзіную персанальную выставу. Ёсць звесткі, што Астроўскі атрымаў узнагароду і ад расійскай Акадэміі мастацтваў. Пра апошні перыяд жыцця Астроўскага звестак пакуль не знойдзена.

Памёр скульптар-самавук і адзіны абаронца гонару віленскай скульптурнай школы ў 1872 годзе. Мне ўдалося знайсці метрыку яго смерці.

“1872 года Августа 7 дня в г.Вильне скончался Иван Станиславович Островский от болезни горячки. Дворянин коему от роду 61 год. Тело его по билету прист.6 стана за №3781 по истечении трех дней на кладбище Росса похоронено.”

Такім чынам мы даведаліся, што бацьку скульптара звалі Станіслаў. Праўда, паглыбленыя архіўныя пошукі ў метрычных кнігах касцёла Сянна і бліжэйшых парафій далі адмоўны вынік. Астроўскіх і Казлоўскіх шмат. А вось Станіслава і патрэбнага нам Яна знайсці пакуль не ўдалося. Але, як казаў адзін кінагерой, “будзем шукаць”. Магчыма і недакладныя звесткі пра тое, што магіла Яна Астроўскага захавалася на Росах, калі-небудзь спраўдзяцца. Сімвалічна, што ў 1856 годзе скульптар з Аршаншчыны вырабіў бюст-аўтапартрэт і дадаў да яго вершык:

Kto mie podzwigal?

Kto sil dodawal?

Bog, moja praca

Gipsu kawal.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар