Пацеркі нот як талісман

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Мінулым тыднем пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі, знакаміты кампазітар Валерый Іваноў. З гэтай стратай цяжка змірыцца — і мы ажыўляем у памяці стасункі-сустрэчы з ім і яго музыкай, што засталася з намі.

/i/content/pi/cult/821/17570/21.jpgВетразі надзеі

Для многіх імя Валерыя Іванова найперш звязана з песнямі і асабліва з той, што ўпершыню прагучала ў кінастужцы “Ціхія троечнікі”. З тае пары “Ты, ды я, ды мы з табой” трывала прапісаліся ледзь не ў кожнай хаце, пераследавалі нас на любой сяброўскай вечарынцы і набывалі новыя тэмбравыя адценні ад патрэсквання іскраў ці то турыстычнага вогнішча, ці то каміна ў загарадным асабняку — усё адно, бо перад гэтай мелодыяй усе былі роўнымі.

Для некаторых Валерый Іваноў — гэта найперш “Спеў дубраў”, у арыгінале разгорнуты народным аркестрам, а потым “пераспяваны” ў мностве пералажэнняў: гудзяць-трымцяць цымбальныя струны — а разам з імі закалыхваецца і наша душа.

Асабіста ж для мяне Валерый Кірылавіч асацыюецца са сваім мюзіклам “Пунсовыя ветразі”. Акурат 20 гадоў таму яны “запунсавелі” ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, пазней — у двух расійскіх, а менавіта ў Іванаве і Арэнбургу. Памятаю, як доўга і нецярпліва чакаўся гэты твор, бо яго асобныя нумары былі запісаны на радыё і круціліся ў эфіры, цудоўныя мелодыі былі ўжо на слыху — у выкананні нашых лепшых эстрадных зорак. Праз некалькі гадоў паводле той жа аповесці А.Грына ў тым жа Музычным тэатры з’явіўся балет — з музыкай іншага беларускага кампазітара. Яшчэ праз колькі часу да нас прывозілі аднайменны гастрольны мюзікл знанага расійскага аўтара, узнікла магчымасць яшчэ больш шчыльных жанравых параўнанняў, хай і на далёкай часавай адлегласці, бо наш колішні спектакль сышоў даволі хутка. Але мелодыі Іванова ніколькі не пабляклі, яны і дагэтуль лунаюць — зманліва прывіднымі, ды ўсё ж пунсовымі абрысамі. І чакаюць новых пакаленняў выканаўцаў, як гэта адбываецца з яго песеннай класікай і тым жа “Спевам дубраў”.

Палёт без самалёту

— З Валерам, — распавядае кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Вячаслаў Нікіфараў, — мы стварылі два фільмы. Гэта добра вядомыя “Ціхія троечнікі”, што выйшлі ў 1980-м, і літаральна следам, у 1981-м, — “Фруза” паводле Васіля Быкава. Ён быў прыхільнікам класікі, а ў яго музыцы была тая ўзнёсласць і адухоўленасць, быццам перад намі паўставала сапраўдная душа Беларусі. Але ж музыку лепей спяваць, слухаць, а не “перакладаць” на размову ці літаратурнае выкладанне — тым больш, што я не музычны крытык. Таму хочацца згадаць не столькі нашы сумесныя кінастужкі, колькі самі стасункі з гэтым светлым, дасціпным чалавекам.

Памятаю, неяк апынуліся мы з ім на адным з усесаюзных семінараў творчай і навуковай моладзі, што ладзіліся па лініі камсамола. Праходзіла тая сустрэча і абмен вопытам між мастакамі розных рэспублік у Валгаградзе, узімку. Валера быў душой любой кампаніі. І справа не толькі ў тым, што ён заўжды многа музіцыраваў. Сама ягоная прысутнасць, чалавечае абаянне адразу стваралі ўтульнасць, сяброўскую атмасферу. А як вярталіся дадому, патрапілі ў нялётнае надвор’е, ажно двое сутак праседзелі ў аэрапорце. Спачатку бадзяліся ў валгаградскім, а потым нас вырашылі адправіць з нейкай новай пляцоўкі, перавезлі ў іншы аэрапорт, ды надвор’е “накрыла” і там. Грошы ў нас скончыліся, мы не пакінулі нічога, нават на таксі ў Мінску: Валера паставіў сваё аўто непадалёк, абяцаў мяне давезці, што называецца, “ад трапу і на патрэбны паверх”. Ажно вунь яно як склалася! Умоў — аніякіх, народу — процьма. Сядзець, спаць можна хіба на падлозе, холад неверагодны. І мы — няголеныя, галодныя — пасярод такога ж натоўпу.

/i/content/pi/cult/821/17570/22.jpgНеяк разжаласцілі супрацоўнікаў цырульні: Валера ўмеў расчуліць, скарыць гумарам: маўляў, бароды цяпер у модзе, ды дома жонкі, дзеці — не прызнаюць, з хаты прагоняць. І далей у гэткім жа духу, з цёплай спагадлівай усмешкай ды мяккай хітрынкай у вачах. Нас пагалілі, выгляд мы набылі больш прыстойны — і пачалі шукаць грошы, каб пад’есці. Кінуць шапку, каб туды якую капейку хто паклаў, у тае часы было немагчыма. Мы ж не на загніваючым Захадзе, што кішыць жабракамі! У нас жа чалавек — “гучыць годна!” Вырашылі штосьці прадаць. Мне за стужку “Зімародак” падарылі камеру. І ў Валгаградзе я набыў да яе каляровую плёнку. Мы выставілі яе ў кіёску “Саюздруку” (дамовіліся, зноў-такі, на Валеравым уменні знаходзіць падыход да жанчын): а раптам хто прыдбае. Мерзнем, раз-пораз на вітрыну позіркі кідаем, ці не знайшоўся пакупнік. Але ж каму такое прыйдзе ў галаву, каб замест газет-часопісаў — кінаплёнку ў кіёску шукаць. І тут Валеру азарыла: ёсць жа талон на бензін, а ён ажно чатыры рублі каштуе! Па савецкіх мерках, гэта паўтары кіло каўбасы. Пра тое, як мы “гандлявалі”, прапаноўваючы свой “тавар”, размова асобная. Няцяжка здагадацца, што Валеру зноў давялося абаянне-ўгаворванне ўключаць: усё ж паліва для якога “жыгулёнка” ў аэрапорце — не самы хадавы тавар. Па тых часах машына ўвогуле была раскошай, а не сродкам перамяшчэння. Нам спачувалі, ды бензін быў людзям непатрэбны. Нарэшце, здзелка ўсё ж адбылася, і мы рушылі ў аэрапортавы рэстаран. Паабедалі ўдваіх на тыя чатыры рублі — шыкоўна: першая-другая-трэцяя стравы, чын па чыне. Памятаю, пачаў гарачую салянку сёрбаць — і заснуў над талеркай. Прачынаюся — Валеру таксама размарыла. Ачунялі, усё даелі да апошняй дробкі-каплі, павесялелі. А ў хуткім часе і наш рэйс аб’явілі — даляцелі выдатна.

Я з многімі зоркамі быў знаёмы, нават з Маей Плісецкай. І мяне заўсёды ўражвала ўнутраная прыгажосць. Валера быў менавіта такі, у яго ўсё ішло ад сэрца, а гэта адразу бачна. Таму і ў музыцы столькі душэўнай цеплыні і прыгажосці.

А ці не махнуць нам на Марс?

— Сыход Валерыя Іванова, — гаворыць старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, — стаў для мяне жудаснай нечаканасцю. У яго былі каласальныя планы, у тым ліку творчыя. Дый хобі ён не кідаў — паляванне ды рыбалку. Узгадваю шматлікія спеўныя конкурсы, дзе ён працаваў і старшынёй, і чальцом журы. Быў заўжды патрабавальным, і прычынай таму — ягоны прафесіяналізм, патрабавальнасць да сябе самога: ён ставіў для сябе вельмі высокія планкі — і не толькі дасягаў іх, але і пераадольваў, знаходзячы новыя вяршыні, на якія трэба арыентавацца. Таму не дзіва, што гэтак жа патрабавальна ён ставіўся да выканання сваёй музыкі, выяўляў гіпертраваную ўвагу да якасці гучання. Найвялікшы меладыст, ён быў таксама прыхільнікам вельмі выразных гармоній. І ў ягоных мелодыях, з густам упрыгожаных цікавым гарманічным планам, выяўлялася вышэйшая ступень інтэлігентнасці. Яго музыка зусім няпростая, але ж дэмакратычная. У ёй ёсць палётнасць, шырокае дыханне. З ёй можна і сапраўды “махнуць на Марс”, як спяваецца ў “Ціхіх троечніках”. Дарэчы, мы з ім разам гэту песню заспявалі на юбілеі аднаго вядомага дырыжора — у якасці кампазітарскага віншавання-прынашэння. Прысутныя нас падтрымалі, узнік імправізаваны “зводны хор”. І было адчуванне, што ўсе мы і сапраўды зараз адправімся ў небывалае касмічнае падарожжа — папросту ўзляцім ад узнёслых пачуццяў, што нас перапаўнялі.

Ён цяпер на нябёсах — хай яго музыка гучыць і там, яна прыйдзецца анёлам даспадобы.

Памаўчым…

— З Валерам нас звязвае сяброўства ў 50 гадоў, — згадвае народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская. І на імгненне змаўкае, глытае слёзы. А ў маёй памяці ўзнікаюць шматлікія песні, выкананыя ёй і ў складзе ансамбля “Верасы”, і дуэтам з Аляксандрам Ціхановічам. — Я пакуль не змірылася са стратай, таму мне цяжка гаварыць аб ім у мінулым часе. Бо гэта ж сяброўства не толькі музычнае, але і з яго сям’ёй. І пачалося яшчэ з тых “вераснёўскіх” часоў, калі з яго песняй “Пахне чабор” на верш Петруся Броўкі мы сталі пераможцамі Усесаюзнага тэлевізійнага конкурсу “З песняй па жыцці”. Ён давяраў нам многія свае творы: “Люксембургскі сад” на словы Генадзя Мазалеўскага, “Сонечны зайчык” паводле Генадзя Бураўкіна, “Сцежка смутку” на словы Сяргея Давідовіча. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі мы з Сашам спявалі яго цыкл “Мы не памятаем ужо вайны” на вершы Аляксандра Лягчылава. А яго песня “Ты, ды я, ды мы з табой” на словы Уладзіміра Патоцкага стала ў лепшым сэнсе слова “хатняй”, “застольнай”, што выпадае на долю толькі папраўдзе народнага мастацтва, блізкага кожнаму і прынятаму як штосьці “роднае, сваё”. Гасподзь узнагародзіў яго талентам меладыста, і мелодыі ў яго вельмі светлыя, прыгожыя, прасякнутыя дабрынёй, сонечныя, прамяністыя — вечныя. Праца над кожным яго творам мела сваю гісторыю. Але ён падарыў нам з Сашам і такую песню, што стала нашым сямейным талісманам. На канцэртах, творчых сустрэчах нас часта запытвалі, у чым сакрэт сямейнага шчасця. І мы адказвалі… песняй: “Давай памаўчым” на словы таго ж Лягчылава. Там усё склалася, узнікла непарыўная гармонія мелодыі, вершаў, аранжыроўкі. І тое “пасланне”, што было “наварожана” творцамі, вельмі дапамагала нам у жыцці. Дзякуючы песні, мы зразумелі адзін з галоўных законаў сямейнай раўнавагі: калі ў паветры пачынаюць зыркаць маланкі, а з хвілі на хвілю абрынецца навальнічная хваля, што змяце ўсё на сваім шляху, хтосьці павінен проста змаўчаць — той, хто больш разумны. І як толькі мы адчувалі, што можам пасварыцца, спявалі “Давай памаўчым” — нос да носу, вочы ў вочы. І пачыналі смяяцца, бо замест канфлікту ўзнікала радасць. Дык хай цяпер светлая душа Валеры ўзрадуецца на нябёсах.

 

Я вечны парастак радзімы

Як цяжка казаць пра сябра — быў.

Якім быў Валерый Іваноў? Незвычайным, непаўторным, аптымістам. Ён любіў жыццё. Яго творы захавалі нам вобраз Беларусі. Яго песні спявае народ, часам не ведаючы імя аўтара. Свайму бацьку, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Кірылу Гаўрылавічу Валерый прысвяціў цыкл песень на словы Сяргея Давідовіча, Уладзіміра Някляева, Расула Гамзатава, Іны Кашэжавай, Аляксандра Лягчылава. Гэтыя песні з лірыка-патрыятычнага цыкла “Будзьце абавязку верныя” выканалі Яраслаў Еўдакімаў, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская.

Асірацеў бацькоўскі дом Валерыя Кірылавіча ў Глускім раёне. Гэта ягоная бацькаўшчына, пра якую ён казаў: “Я ж тут усё лета жыву. Восенню, зімой прыязджаю, печ таплю, гляджу, як месяц свеціць. Творчыя ідэі ў галаву прыходзяць, жаданне рэалізаваць іх запрашаюць да інструмента”. У адным з інтэрв’ю Валерый сказаў: “Я вечны парастак Радзімы”.

Гэтыя словы сугучныя вершам Уладзіміра Караткевіча:

“Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё апынаецца

За ўсе мiльярды двухногiх”.

Юрый ІВАНОЎ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"