Стварыць новы цэнтр раённага жыцця

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Брэсцкі раён — адмысловы, бо заўжды навідавоку: знаходзіцца ля заходняй мяжы Беларусі, прыцягвае да сябе як айчынных вандроўнікаў, так і турыстаў з памежных Украіны ды Польшчы. Багата разнамоўных груп і з іншых краін. Культасветработнікі рэгіёна з гэтай нагоды імкнуцца трымаць марку, робяць акцэнт у працы на пашырэнне сувязей з беларусамі замежжа, з прадстаўнікамі нацыянальных культур раёна, а таксама на ўдасканаленне стасункаў з іншымі аддзеламі Брэсцкага райвыканкама. На Прыбужжы фарміруецца ўласная школа культасветы, якая дапамагае не толькі ажыццявіць на справе самыя смелыя пачынанні, але і гарантуе іх фінансавую падтрымку.

Галаўны штаб — на вёсцы

Два гады таму аддзел культуры Брэсцкага райвыканкама з абласнога цэнтра пераехаў у аграгарадок “Чэрні”. Спачатку гэтае рашэнне задавальняла не ўсіх: культасветнікі хваляваліся, ці не паўплываюць пярэбары на якасць працы, ці змогуць яны на вёсцы прадоўжыць распачатыя і запланаваныя праекты. Аднак хутка стала зразумела, што хваляванні — беспадстаўныя. Размясціўшыся пад дахам Чэрнінскага РДК, аддзел культуры здабыў цэнтральную канцэртную пляцоўку, на якой сталі праводзіцца ўсе раённыя мерапрыемствы. Знаходжанне ў РДК дазволіла больш аператыўна вырашаць пытанні, якія з’яўляюцца пад час падрыхтоўкі культурна-масавых мерапрыемстваў. Словам, аддзел культуры стаў і геаграфічным, і ідэалагічным цэнтрам раённага творчага жыцця.

І хоць значна аддаліўся ён ад Брэсцкага райвыканкама, але ўзаемасувязі па-ранейшаму застаюцца надзвычай шчыльнымі.

— Брэсцкі райвыканкам вельмі цэніць плён працы, за якую адказваюць культасветнікі, а таму імкнецца як мага болей дапамагаць сферы культуры, — зазначыла намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкама Тамара ПРЫЯЦЕЛЮК. — У нас працуюць сапраўды апантаныя людзі, якія заўжды з’яўляюцца ў будні і выхадныя там, дзе іх чакаюць вяскоўцы. Кожны з культасветнікаў павінен быць і псіхолагам, знаўцам душы чалавечай, высокага кшталту прафесіяналам. Гэтым і прывабліваюць публіку...

Безумоўна, для эфектыўнай дзейнасці патрэбна добрая матэрыяльная база. І ў гэтым плане культасветнікам Прыбужжа скардзіцца няма на што. Толькі на рамонт і добраўпарадкаванне дзесяці ўстаноў культуры ў аграгарадках раёна Брэсцкі райвыканкам выдаткаваў 276,8 мільёна рублёў. З інавацыйнага фонду было выдзелена яшчэ 320 мільёнаў.

З пытаннем, як была асвоена гэтая салідная сума, звярнулася да начальніка аддзела культуры Брэсцкага райвыканкама Сяргея ПАНАСЮКА.

— Мы якасна ўзмацнілі матэрыяльна-тэхнічную базу аграгарадкоў, — адказаў Сяргей Барысавіч. — У 2007 годзе ўзвялі падмурак, сцены Радваніцкага сельскага клуба, падрыхтаваліся да рамонту даху. Словам, рэстаўрацыя клуба цяпер ідзе поўным ходам. А ў Чэрнінскім РДК адрамантавалі фасад, унутраныя памяшканні, замянілі аконныя і дзвярныя блокі. Нашым гонарам лічу шыкоўную філарманічную пляцоўку. Гэта ўжо другая такая сцэна ў раёне — першая знаходзіцца на базе СДК аграгарадка “Астрамечава”. За першае паўгоддзе 2008 года абедзве прынялі па тры канцэрты Брэсцкай абласной філармоніі.

— У Брэсцкім раёне — больш за 40 тысяч жыхароў. Ці не адчуваюць яны дэфіцыту ўстаноў культуры?

— Ніякага дэфіцыту! У нас прадстаўлены ўвесь спектр устаноў культуры. Акрамя названага вышэй РДК у Чэрнях, дзейнічае раённы Дом рамёстваў у Астрамечаве і пасялковы ДК у Дамачаве. Жыхары раёна карыстаюцца магчымасцямі 15 СДК, 6 СК, 9 сельскіх клубаў-бібліятэк, 6 дамоў сацыяльных паслуг. Землякі наведваюць 3 бібліятэкі-клубы, 18 сельскіх бібліятэк. Да таго ж, у аддзела культуры ёсць кінаперасоўка і 22 кінаўстаноўкі. У планах — набыццё аўтаклуба і бібліобуса.

— А як з планам платных паслуг?

— У асноўным, яго забяспечваюць дыскатэкі і платныя канцэрты. Апошніх за шэсць месяцаў бягучага года было праведзена 21. Калі людзі плацяць грошы, яны патрабуюць адпаведнай якасці. Таму мы імкнёмся, каб калектывы выглядалі прэзентабельна (тым больш, што многіх часцяком запрашаюць за мяжу). Напрыклад, на набыццё касцюмаў для народнага ансамбля музыкі і песні “Спадчына” было выдаткавана 18,5 мільёна рублёў, для народнага Прыбараўскага хору Камароўскага СДК — звыш 78 мільёнаў.

Але мы працягваем шукаць новыя формы заробку для забеспячэння плана: у распрацоўцы знаходзіцца праект, па якім культасветработнікі змогуць выйсці на рынак вясельных паслуг. Паглядзіце, сёння тамадамі, дзі-джэямі на вяселлях часцяком працуюць не прафесіяналы. Нашы высокаадукаваныя кадры складуць ім добрую канкурэнцыю, бо змогуць прапанаваць арыгінальны сцэнарый для кожнай пары, падключыць да работы самадзейныя калектывы, кваліфікавана арганізуюць працу танцпола. З цягам часу можна будзе ўвогуле прапанаваць жадаючым поўны пакет паслуг для любога ўрачыстага мерапрыемства.

У планах — музей саломкапляцення

Яшчэ за савецкім часам на будаўніцтва пасёлка Астрамечава запрашалі з усіх канцоў вялікай краіны. Тут сабраліся разьбяры па дрэве, керамісты, ландшафтныя дызайнеры адным словам, разнапрофільныя майстры розных нацыянальнасцей. Кожны з іх пакінуў сваю творчую “візітоўку” ў мясцовым Доме культуры.

Я хадзіла па СДК, нібыта па музеі. Зала ўрачыстых абрадаў ЗАГСа, што змяшчаецца ў СДК, не стала выключэннем: насценныя люстэркі, столік нявесты, разныя дзверы ў залу, не кажучы пра шматлікія пано, зробленыя народнымі ўмельцамі.

Як зазначыла дырэктар раённага метадычнага цэнтра Ірына Абакумава, супрацоўнікі СДК шукаюць новыя формы работы. Напрыклад, афіцыйныя цырымоніі ў тым жа ЗАГСе расквечваюць унікальнымі абрадамі, да ўдзелу ў якіх прыцягваюць самыя разнастайныя творчыя калектывы. Пашырылі спіс платных паслуг. А каб набыць новых прыхільнікаў і творцаў, часцяком праводзяць дні адчыненых дзвярэй, калі кожны з вяскоўцаў можа прыйсці на рэпетыцыі, паглядзець, чым займаюцца ў клубных гуртках.

Аграгарадок “Астрамечава” стаў адным з яскравых прыкладаў плённых узаемаадносін культасветработнікаў і аграрыяў. Усе намаганні працаўнікоў сферы культуры падтрымлівае кіраўнік знакамітага ў краіне СПК “Астрамечава”, старшыня Аграпрамысловага саюза Беларусі, доктар эканамічных навук Аляксей Скакун. Ён слушна гаворыць, што на прадпрыемстве якасна будзе працаваць той, хто пасля работы ўмее культурна адпачываць. І тут без самадзейнай творчасці не абысціся. Балазе і сам Скакун у вольны час займаецца мастацкай фатаграфіяй: з ягонымі работамі можна пазнаёміцца ў фае СДК.

Натуральна, кіраўнік СПК ніколі не адмаўляе, калі трэба абнавіць касцюмы ці гукавую, светлавую апаратуру, дапамагчы ў канцэртных паездках, а цікавую прапанову культасветнікаў заўжды першым падтрымае. Напрыклад, з дапамогай Аляксея Сцяпанавіча ў Брэсцкім раёне ў дадатак да існуючых 6 грамадскіх музеяў паўстане неўзабаве унікальны музей саломкапляцення.

Вясковы маршрут міжнароднага маштабу

Майстры стварылі ў Астрамечаве шыкоўную творчую базу. Таму, калі ўзнікла ідэя адкрыць раённы Дом рамёстваў, нават пытання не паўставала, дзе яго заснаваць. Сёлета Брэсцкаму РДР спаўняецца ўжо дзесяць гадоў. Прыезд карэспандэнта “К” стаў для дырэктара ўстановы Таццяны Лук’янюк добрай нагодай падвесці некаторыя вынікі дзейнасці за гэты час. І ганарыцца ёй ёсць чым: крэатыўныя ідэі супрацоўнікаў РДР знайшлі адлюстраванне ў праектах, якія дзейнічаюць у раёне некалькі гадоў.

Першы носіць назву “Зберажэнне” і прадугледжвае захаванне нашых традыцый ва ўзаемадзеянні з дашкольнымі ўстановамі раёна. Апрабавалі яго на дзіцячым садку аграгарадка “Астрамечава”. Сюды ўваходзяць і сумесныя мерапрыемствы з дашкалятамі, і правядзенне экскурсій ды святаў абрадавага цыкла. З дзятвой шмат займаюцца народныя майстры, якія жывуць у аграгарадку.

Па меркаванні Таццяны Аляксандраўны, культурныя традыцыі вельмі цесна пераплятаюцца з гістарычнай спадчынай. Таму вельмі арганічным стала тое, што ў рэгіёне, багатым на помнікі архітэктуры, археалогіі, гісторыі, а таксама на этнаграфічныя рэканструкцыі народных святаў, нарадзіўся праект “Жыватворныя крыніцы этнасу”, які з’яўляецца часткай вялікага турыстычнага маршруту, што пачынаецца ў Брэсце і праходзіць праз Камянецкі і Брэсцкі раёны.

На Брэстчыне пачалі на сур’ёзным узроўні працаваць з буйнымі турыстычнымі фірмамі. Два турагенцтвы ўключылі распрацаваны сумесна з РДК маршрут у прайс-лісты для айчынных і замежных турыстаў. Культасветнікі знаёмяць гасцей краіны і беларусаў з іншых раёнаў з гістарычна значнымі мясцінамі. Напрыклад, у Гурках дэманструюць 173 старажытныя пахаванні; валуны, якія засталіся ад гарадзішча; уніяцкія цэрквы на тэрыторыі Лышчыцкага сельскага савета; месцы, звязаныя з жыццядзейнасцю Казіміра Ляшчынскага; садова-паркавы комплекс ХVII— XVIII стагоддзяў у вёсцы Люта і многае іншае.

— Абавязкова турысты заязджаюць і ў РДР, — зазначыла Таццяна Аляксандраўна. — Пад час паўтарагадзіннай экскурсіі наведвальнікі трапляюць у выставачную залу, дзе майстры раёна дэманструюць свае творы, знаёмяць з сістэмай работы ў гуртках.

Дарэчы, РДР наладжвае сувязі з зацікаўленымі арганізацыямі. У гэтым плане астрамечаўцы назапасілі шмат карыснага досведу. Напрыклад, яшчэ на стадыі распрацоўкі турыстычнага маршруту РДР актыўна дапамагала Міжраённае грамадска-асветніцкае аб’яднанне Брэсцкай вобласці “Покліч”, якоеактыўна рэалізоўвае Дзяржаўную праграму развіцця малых і сярэдніх гарадоў, таму з імпэтам успрыняло чарговую прапанову РДР: праводзіць у раёне лакальныя агра- і этнафестывалі.

Пад час гэтых, шчыра скажам, нестандартных мерапрыемстваў гасцей знаёмяць не толькі з культурнай спадчынай, але і з экалагічнымі аспектамі жыццядзейнасці краю. У вёсках турыстаў сустракаюць самадзейныя калектывы мясцовых ДК і СК. Канцэрты на ўлонні прыроды госці рэгіёна ўспрымаюць “на ўра”. Для прыхільнікаў беларускай спадчыны нават ладзяцца экскурсіі да хаты творцы, каб людзі змаглі адчуць тую атмасферу, у якой нараджаюцца шэдэўры народнага мастацтва. У падобнай камернасці — галоўная адметнасць агра-, этнафестываляў.

РДР мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу для выканання плана платных паслуг. Колішняе падсобнае памяшканне перапрафілявана пад краму, дзе будуць гандляваць сувенірамі, зробленымі гурткоўцамі і майстрамі.

Астрамечаўскія карані “Полацкага сшытка”

На базе Дома рамёстваў актыўна праходзіць адукацыя культасветнікаў Брэстчыны. Яны знаёмяцца з мясцовымі метадычнымі напрацоўкамі, з дзейнасцю брэсцкіх калег, якія працуюць у абласным краязнаўчым і мастацкім музеях. Канферэнцыі, вучоба, трэнінгі дапамагаюць у распрацоўцы трэцяга напрамку дзейнасці РДР, які звязаны са зборам і сістэматызацыяй матэрыялаў пра ўсе віды рамёстваў, уласцівых Брэстчыне. У прыватнасці, пра носьбітаў традыцыйнай культуры, якіх у раёне аж 250 чалавек. Праект прадугледжвае шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі. Таццяна Аляксандраўна мяркуе, што плённая праца праз некалькі гадоў будзе падсумавана ў грунтоўнай кнізе пра традыцыйную культуру краю.

Не сакрэт, што некаторыя вёскі, у якіх змяншаецца колькасць насельнікаў, могуць знікнуць з карты раёна. Таму, разам з грамадскім аб’яднаннем “Неруш”, работнікі РДР імкнуцца зафіксаваць сітуацыю, захаваць у гісторыі унікальную духоўную спадчыну раёна.

Распрацоўка этнаграфічнага напрамку дапамагла нанава пазнаёміцца са знакамітым “Полацкім сшыткам”. Справа ў тым, што знойдзены пад Полацкам зборнік музычных твораў XVII стагоддзя — родам з... Астрамечава. Таццяна Лук’янюк марыць, каб у XXI стагоддзі народжаная на Брэстчыне каштоўнасць ізноў загучала на гэтай зямлі. Распачата рэканструкцыя танца са “... Сшытка”. Узнаўленнем напаўзабытых харэаграфічных мініяцюр у Астрамечаве заняліся Ала і Міхаіл Сечыны. Іх выхаванка Святлана Башчук, узначаліўшчы дзіцячы калектыў СДК “Месцячковыя казыры”, прадоўжыла пачынанне. Дзякуючы ёй, на раённых святах заззяў танец з 400-гадовай гісторыяй. Але, па задуме Таццяны Аляксандраўны, акцыя павінна набыць большыя маштабы і скончыцца буйной навукова-практычнай канферэнцыяй, прысвечанай “Полацкаму сшытку”.

Дарэчы, цягам мінулага года ў Прыбужжы дзейнічала сумесная беларуска-польская этнаграфічная праграма, распрацаваная РДР, Цэнтрам культуры Любліна, грамадскімі аб’яднаннямі “Покліч” (Беларусь) і “Мост” (Польшча). Па гэтым праекце дзіцячыя дэлегацыі ездзілі адна да адной, вывучаючы традыцыйную культуру. У Польшчы дзеці Брэсцкага раёна знаёміліся з рамёствамі суайчыннікаў, што жывуць у суседняй краіне.

Калектывы рэканструявалі старажытныя танцы, элементы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Заключны фестываль пад назвай “Золата Беларусі” праходзіў у Астрамечаве. На ім прысутнічалі консул Рэспублікі Беларусь у Бела Падляска, віцэ-консул Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь ды іншыя высокія госці.

У рамках фестывалю “Золата Беларусі” адбылася характэрная для раёна падзея — прэзентацыя традыцыйнай культуры армянскай дыяспары. Як зазначыла дырэктар РМЦ Ірына Абакумава, на Брэстчыне прадстаўлена шырокая палітра нацыянальных культур. За доўгі час іх мастацтва асімілявалася з уласна беларускім, спарадзіўшы адметны творчы сплаў. А таму адным з прыярытэтных напрамкаў работы аддзела культуры стала падтрымка творчасці нацыянальных суполак на Брэстчыне і супрацоўніцтва з суайчыннікамі замежжа, якое заключаецца ў абмене творчымі дэлегацыямі, сумеснай канцэртнай дзейнасці і ўзаемадапамозе ў навуковых даследаваннях, якія ажыццяўляюцца ў межах адпаведнай праграмы, заснаванай Брэсцкім райвыканкамам.

З Тамашоўкі — адразу ў космас

На карце Брэсцкага раёна ёсць яшчэ адзін населены пункт, які вось ужо цягам некалькіх дзесяцігоддзяў прыцягвае ўвагу як жыхароў Беларусі, так і шматлікіх замежных дэлегацый ды турыстаў. Назва гэтаму мястэчку — Тамашоўка. Тут нарадзіўся першы беларускі касманаўт Пётр Клімук.

Сёння на базе мясцовай сярэдняй школы функцыянуе адзіныў Беларусі вялікі музей касманаўтыкі. Як зазначыў начальнік аддзела культуры Сяргей Панасюк, раён падтрымлівае сувязь са славутым земляком. Пётр Ільіч наведвае малую радзіму, часта прывозіць з сабой новыя экспанаты. Сёння экспазіцыя прапануе сучасныя дасягненні “зорнай” навукі, пачынаючы ад касмічных абедаў і заканчваючы сучасным крэслам пілота, якое, дарэчы, выліваюць для кожнага з іх па форме цела.

Шчыра скажу, гэтаму музею на самай мяжы Беларусі з Польшчай могуць пазайздросціць многія аналагічныя ўстановы ў буйных гарадах: ён аздоблены сучаснай светлавой і гукавой апаратурай, пад час экскурсій выкарыстоўваецца мультымедыйная ўстаноўка. Музей у Тамашоўцы — лепшы доказ таго, што любая вясковая ўстанова можа стаць эксклюзіўнай.

Сяргей Панасюк дэманструе музей касманаўтыкі яшчэ і ў якасці прыкладу ўзаемадзеяння аддзелаў культуры і адукацыі, бо ў залах установы праводзяць не толькі экскурсіі, але і заняткі па астраноміі і гісторыі.

Экскурсійным аб’ектам у Тамашоўцы можна лічыць не толькі названы музей, але і ўвесь аграгарадок. Сапраўды, здзіўляе і мясцовы бассейн “Зорны”, куды на заняткі прывозяць дзяцей са школ усяго раёна, і возера ў цэнтры вёскі з прыгожым мастком, і арыгінальная архітэктура новаадбудаваных домікаў. Узнікла адчуванне, быццам я трапіла ў невялікае, але дужа добраўпарадкаванае мястэчка.

Адмысловы і Тамашоўскі ДК, дзе заканчваецца рамонт. Хутка ўстанова стане адной з найлепшых у раёне. Для дыскатэчнай залы ўжо закуплена сучасная апаратура. У глядацкай зале заменены крэслы, “адзенне” сцэны. Манціруюць калонкі і падключаюць мікшэрныя пульты для якаснага гуку.

Фестывальныя будні музычнай школы

Пошукамі новых метадаў работы заняты і музычныя школы раёна. У Чэрнінскай ДМШ нават адчынілі платныя падрыхтоўчыя групы не толькі для дашкалят, але і для... дарослых. Аказалася, што ахвотных навучыцца музіцыраваць сярод тых, хто па ўзросце ўжо не можа паступіць у першы клас, багата. Каб не пакінуць ахвотнікаў па-за ўвагай, настаўнікі распрацавалі спецыяльную паскораную праграму, якую і прапануюць на платнай аснове.

У сваёй працы дырэктар Таццяна Катовіч арыентуеццана калектыўнае музіцыраванне. Салістам можа быць не кожны, артыстамі ж мараць стаць усе, а ў складзе ансамбля многія дзеці раскрываюцца напоўніцу. У аграгарадку добра ведаюць чэрнінскія ансамблі скрыпачоў, духавікоў, шумавых інструментаў (у якім займаюцца першакласнікі), акардэаністаў, узорны цымбальны аркестр навучэнцаў, народны калектыў выкладчыкаў, якім, дарэчы, кіруе малады спецыяліст Мікалай Жук.

Таленавітыя салісты ўдзельнічаюць у творчых спаборніцтвах, напрыклад, у адкрытым дзіцячым конкурсе “Пралескі”, у якім удзельнічалі краіны Прыбалтыкі, Польшчы, Расіі. Дзеці раёна пастаянна займаюць прызавыя месцы. А вучань Чэрнінскай музычнай школы Давід Цыбікаў не так даўно заваяваў у Рэспубліканскім конкурсе музычна-тэарэтычных дысцыплін ІІ месца і стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Адметнасцю дзейнасці музычных школ раёна стала пазашкольная праца з вучнямі. У гэтай справе Чэрнінская школа — у лідэрах.

— Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам, таму мэтанакіравана адышлі ад рамак акадэмічнага канцэрта-справаздачы і заняліся стварэннем сапраўднага шоу,— распавяла Таццяна Аляксандраўна. — Дзіця можа быць выдатным чытальнікам, акцёрам. Таму мы праводзім мерапрыемствы, у якіх аб’ядноўваем музычныя выступленні з тэатралізаванымі прадстаўленнямі. Ды і педагогі спрабуюць сябе ў новых іпастасях.

Па гэтай жа прычыне ў Брэсцкім раёне пакрысе адмаўляюцца ад практыкі школьных аглядаў...

***

Пра тое, што намаганні культасветнікаў знаходзяць шчыры водгук у насельніцтва раёна, гаворыць просты факт. З любой вёскі да Брэста можна дабрацца за кароткі тэрмін на шматлікіх аўтобусах і маршрутках, але людзі, асабліва — моладзь, апошнім часам усё радзей едуць у абласны цэнтр на культурныя мерапрыемствы і дыскатэкі, бо мясцовыя раённыя святы, фестывалі і культурна-масавыя праграмы задавальняюць іх самыя высокія запатрабаванні. Зваротным жа капіталам для культасветнікаў краю стане фінансавы вынік ад рэалізацыі творчых праектаў.


Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Брэсцкі раён — Мінск

Фота аўтара