“Дрэмле памятка дзён”

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Па ўсёй беларускай зямлі раскіданы пахавальныя і памятныя курганы… Славуты паэт наш Янка Купала яшчэ напачатку ХХ стагоддзя пісаў: Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Археолагаў беларускія курганы прывабліваюць і сёння.

/i/content/pi/cult/821/17569/20.jpgУ 2018 годзе археалагічным атрадам дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль” пад кіраўніцтвам Зміцера Ліндзянкова былі праведзеныя археалагічныя даследаванні курганнага магільніка ў вёсцы Мохаў Лоеўскага раёна. Тут былі вывучаныя два курганы.

Так, у кургане 83 выяўлена тры розначасовых пахаванні. Першае пахаванне ў кургане было праведзенае па абрадзе крэмацыі на баку. Пасля чаго парэшткі былі сабраныя, перанесеныя на месца пахавання і рассыпаныя на ўзроўні верхняй часткі зольна-вугальнага гарызонту і ніжняй часткі насыпу (пахаванне 1). Пахаванне суправаджалі два пабітыя гаршкі і разрозненыя фрагменты керамікі, нож, жалезная пласціна-абкладка і рыбалоўны кручок. Арыентуючыся на інвентар, пахаванне магло належаць мужчыну, і было зробленае ў X стагоддзі.

Пахаванне 2 таксама было праведзенае па абрадзе крэмацыі на баку. Пасля гэтага частка костак была сабраная ў гаршчок і перанесеная на месца пахавання. У працэсе правядзення абраду ў паўночнай частцы кургана была ўладкаваная невялікая ямінка, куды змешчаныя крэміраваныя парэшткі, якія не трапілі ў пахавальную ўрну, разбіты кругавая пасудзіна, металёвыя і шкляныя ўпрыгожванні. У верхняй частцы пахавання была ўсталяваная ўрна з косткамі. Па інвентары і кераміцы пахаванне можна аднесці да X стагоддзя.

Пахаванне 3, зробленае ў цэнтры кургана па абрадзе яміннай інгумацыі ў драўлянай дашчанай скрыні. Пры яго правядзенні былі пашкоджаныя першае і другое пахаванні. Пахаванне 3 суправаджалі кругавая пасудзіна, паясное кальцо і спражка. Аналіз інвентару дазваляе выказаць здагадку, што пахаванне 3 належала мужчыну. Яно датуецца першай паловай — сярэдзінай XI стагоддзя.

У кургане 104 пахаванне прадстаўленае яміннай інгумацыяй. Само пахаванне, зробленае ў драўлянай канструкцыі. Пахавальны інвентар прадстаўлены бронзавымі накладкамі, жалезнай падковападобнай фібулай, жалезным бранзалетам, нажом і трапецападобнай спражкай.

Атрыбуцыя бронзавых накладак выявіла, што яны з’яўляюцца ўпрыгожваннем пасавай сумкі. Па тыпе яно адносіцца да разнавіднасці вугорскіх ташак лірападобнай формы. Аналогіі накладкам з рознай ступенню падабенства ёсць у матэрыялах Гнездава (Смаленская вобласць, найбуйнейшы ў Еўропе курганны магільнік перыяду фарміравання старажытнарускай дзяржаўнасці) і ў большай ступені — у вугорскіх старажытнасцях (напрыклад, кайстра з пласцінай са Свалявы, Закарпацце, Украіна).

Драўляная канструкцыя з’яўляецца зрубам з паўбярвенняў або бярвення з дашчанай падлогай. Па шэрагу прыкмет пахаванне ў кургане 104 адносіцца да элітарных пахаванняў у драўляных камерах, распаўсюджаных у Паўночнай і Усходняй Еўропе ў канцы IX — пачатку XI стагоддзяў.

То-бок, насамрэч, курганы шмат чаго нам гавораць…

Зміцер ЛІНДЗЯНКОЎ, загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

Фота аўтара