Разгадаць магнетызм Лошыцы

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

З 12 верасня ў музеі “Лошыцкая сядзіба” працуе выстава жывапісу “Лошыцкі альбом”. Выстава будзе чакаць наведвальнікаў да канца лістапада бягучага года.

/i/content/pi/cult/821/17566/015.jpgСабраць свае жывапісныя ўражанні ад прыўкраснага гістарычнага месца сталіцы, аб унікальных помніках архітэктуры было задумай навуковага супрацоўніка музея Надзеі Гаўрыленка. На яе прапанову зрабіць сумесную выставу адгукнуліся больш дзясятка творцаў: жывапісцы Ларыса Зарубіна і Станіслаў Федчанка, браты Іван і Юрый Козелы, Валерый Шкаруба і Віктар Барабанцаў, Яўгенія Сухаверхава і Віктар Варанкевіч, Віктар Нямцоў і майстры габелену Вера Блінцова і Юлія Мардванюк і іншыя.

Творы, сабраныя на выставе, напісаныя ў розныя часы. Напрыклад, “Чырвоны будынак у Лошыцы” Міхася Рагалевіча быў створаны ў 90-я гады мінулага стагоддзя, “Вечаровы шпацыр у Лошыцы” і “Рудыя вербы ў Лошыцы” Яўгеніі Сухаверхавай датуюцца 2010 годам.

Вельмі ўтульна сярод маляўнічых краявідаў адчувае сябе жывапісец з Дзятлаўшчыны Іван Козел. Ён назірае за зменлівымі станамі прыроды, піша Лошыцкія пейзажы і ўзімку, і вясной, і восенню, і летам. Сем прызнанняў у любові ў колерах натхняюць сваёй цеплынёй і хараством. “Старая Лошыца” (2008), “Восеньскі дзень у Лошыцы“ (2011), “Сядзіба ў Лошыцы” (1995), “Старая Лошыца” (2019), “Лошыца на сустрэчы стагоддзяў” (2016), “Каля вады” (2014), “Лістапад” (2006) — мяккія рэалістычныя пейзажы дыхаюць спакоем і вечным драматызмам жыцця. На адной з карцін бачна выява мастака з эцюднікам і палатном, над якой схіліўся майстар. Ён у строгім чорным адзенні нібы манах узносіць шчырыя малітвы фарбаў да нябёсаў, каб аддзячыць прыродзе за хараство і любоў.

/i/content/pi/cult/821/17566/016.jpgПрывабліваюць позірк і каларытныя пейзажы Юрыя Козела: “Вясна ў Лошыцкім парку” (2005), “Восеньскі дзень” (2001), “Лошыцкая сядзіба” (2014). Рамантычнасць і цікавае спалучэннне колераў ствараюць настрой лагоды і радасці жыцця. Адчуваецца ўражанне, што мастак разгадаў тайны Лошыцы.

Пейзажы, створаныя Ларысай Зарубінай, дыхаюць нюанснымі, ледзь улоўнымі паўтонамі. Калі Іван і Юрый Козелы выкарыстоўваюць яркія насычаныя колеры, дробны мазок пэндзліка, рэалістычную манеру пісьма, то Ларыса Зарубіна стварае экспрэсіўныя палотны, напоўненыя смелай размашыстай лініяй і перламутравымі адценнямі.

/i/content/pi/cult/821/17566/017.jpgПадчас працы экспазіцыі Ларыса Зарубіна зрабіла змястоўны экскурс у гісторыю імпрэсіянізму. Стыль, да якога яна прыйшла за многія гады мастакоўскіх пошукаў, творца прадэманстравала праз майстар-клас для аматараў жывапісу ля маляўнічага берага Свіслачы. Дакрануцца пэндзлікам да неба на будучым пейзажы пашчасціла і аўтару гэтых радкоў.

Віктар Нямцоў прадставіў “Лошыцу 1960 — 2017 гадоў. Рэканструкцыю воднага млына” (2017) — у прыемнай блакітнай гаме, лірычнай і трапяткой. Валерый Шкаруба парадаваў наведвальнікаў сваёй гіперрэалістычнай манерай пісьма: маляўнічы бераг ракі на яго палатне зачароўвае веліччу і цішынёй.

Што і казаць, хараство і магнетызм Лошыцкай паркавай сядзібы невычарпальныя. Некалі тут на беразе Свіслачы рос магутны дуб, і дагэтуль існуе паданне, што ён выконваў просьбы-малітвы-жаданні кожнага, хто звяртаўся да яго з чыстымі светлымі думкамі. Існуе паданне і пра даму ў белым адзенні, якая прыносіць добрыя падзеі ў жыцці таго, хто яе сустрэне. Новыя пакаленні мастакоў і гісторыкаў, паэтаў і краязнаўцаў, фотамастакоў і фларыстаў зноўдуць тут натхненне і новы імпульс жыцця. А жывапісныя выставы, прысвечаныя ўнікальнаму гістарычнаму месцу, вырашана праводзіць кожны год у дзень святкавання Дня горада.

Святлана РАМАНАВА

Фота аўтара