Скарб пад нагамі

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Як не пашкодзіць курганы
13 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя часовай экспазіцыі “Археалагічны помнік: фіксацыя мінулага ў мінулым”. Выстава адбываецца ў межах музейнага праекта “Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі”, і працягнецца да 15 лістапада. Нацыянальны гістарычны музей і яго аддзел археалогіі, нумізматыкі і зброі сёння з’яўляецца важнай платформай для праектаў, што папулярызуюць археалагічную навуку ў Беларусі. Якія пытанні займалі даследчыкаў помнікаў даўніны ў мінулыя часы, і аб чым дбаюць іх сённяшнія калегі?

/i/content/pi/cult/821/17561/07.jpgПомнікі археалогіі заўжды выклікалі і выклікаюць у людзей падсвядомую зацікаўленасць. Аб старажытных гарадзішчах і курганах існуе мноства легенд і паданняў, пагалоска звязвае іх то з таямнічымі скарбамі, то з пахаваннямі тых ці іншых захопнікаў-іншаземцаў, якія склалі свае галовы на беларускай зямлі. Такія ўяўленні заўжды былі пашыраныя ў грамадстве, і рабіліся прычынай пашкоджання і знішчэння помнікаў археалогіі. Археалагічныя аб’екты і ўчора, і сёння разбураліся як у выніку будаўніцтва, так і скарбашукальнікамі, альбо, як сёння прынята іх называць, чорнымі капальнікамі.

Выстава, як адзначаюць арганізатары, пакліканая ў чарговы раз прыцягнуць увагу да захавання гісторыка-культурнай спадчыны, і прымусіць людзей задумацца, што гісторыя часта можа знаходзіцца ў іх літаральна пад нагамі. Лясны пагорак, парослы дрэвамі, можа аказацца старажытным курганом, а ўзвышша на беразе ракі альбо возера — колішнім гарадзішчам. Але не кожны здолее распазнаць у такіх мясцінах сляды мінуўшчыны. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь знаходзяцца больш за дзве тысячы археалагічных аб’ектаў — а гэта толькі вельмі невялікая частка помнікаў археалогіі, якія на сённяшні дзень вядомыя даследчыкам паводле навуковых крыніц.

/i/content/pi/cult/821/17561/06.jpgПартрэты папярэднікаў

Экспазіцыя прысвечаная папярэднікам сучасных навукоўцаў — археолагам, якія даследавалі скарбы беларускай зямлі ў міжваенныя гады, прычым па абодва бакі мяжы, якая ў той час дзяліла Беларусь. Менавіта гэты перыяд можна лічыць часам станаўлення айчыннай археалагічнай навукі, а напрацоўкамі тагачасных даследчыкаў археолагі карыстаюцца і сёння. Прытым рост цікаўнасці да археалагічных раскопак быў звязаны з узмацненнем агульнага захаплення мінуўшчынай і ўздымам нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Выстава адкрываецца шэрагам партрэтаў тых самых даследчыкаў, якія стаялі ля вытокаў айчыннай археалогіі ў міжваеннай Беларусі: Аляксандра Ляўданскага, Мікалая Улашчыка, Аляксандра Кавалені, Алены і Уладзіміра Цэгак-Галубовічаў, Іосіфа Стаброўскага, Юзафа Ядкоўскага і многіх іншых. Іх спадчына прадстаўленая на выставе як археалагічнымі знаходкамі, так і дакументацыяй вынікаў даследаванняў ды фотаздымкамі з экспедыцый. Гэтыя выявы, якія цудам перажылі ваеннае ліхалецце і зберагліся да нашага часу, паказваюць побытавыя эпізоды з жыцця археолагаў: іх часовыя жытлы, супольнае гатаванне ежы ды баўленне вольнага часу.

Тут асабліва вылучаецца вялікая серыя здымкаў з раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж, што ў Чачэрскім раёне Магілёўскай вобласці, якія праходзілі ў 1928 годзе. Тады ж былі здзейсненыя археолагамі Аляксандрам Ляўданскім ды Сяргеем Дубінскім і раскопкі на Полацкім гарадзішчы — у экспазіцыі можна пабачыць знойдзеныя там керамічныя вырабы і металічную зашпілку для вопраткі, а таксама бранзалеты з раскопак у Заслаўі 1926 года, датаваныя X —XI стагоддзямі.

Сведчанні відавочцаў

Пагрузіцца ў атмасферу тагачасных раскопак таксама дапамагаюць прадстаўленыя на выставе фрагменты з успамінаў удзельнікаў археалагічных даследаванняў і вытрымкі са справаздач: так, з іх можна даведацца, што на адну з экспедыцый былі вылучаныя сродкі ў памеры больш чым дзвюх тысяч рублёў, прычым яе ўдзельнікі прайшлі па маршруце каля 500 кіламетраў уздоўж даліны Дзвіны, а акрамя ўласна археалагічных вышукаў праводзілі таксама грамадскую работу — прачыталі ў калгасах восем дакладаў “аб паходжанні чалавека і гісторыі дакласавага грамадства”. Асаблівую цікавасць уяўляюць таксама дакументы аб даследаванні штучна выкапаных старажытных пячор, выпадкова выяўленых школьнікамі ў ваколіцах Оршы ў 1926 годзе.

Методыка тагачасных археалагічных даследаванняў уражвае і сённяшніх адмыслоўцаў. Ужо ў міжваенныя гады беларускія археолагі вялі дзённікі раскопак, рабілі замалёўкі знаходак, здымалі іх на фота. Многія помнікі, якія былі даследаваныя ў той перыяд, да нашых дзён не захаваліся — таму здымкі і справаздачы, якія сведчаць аб іх тагачасным стане, надзвычай каштоўныя для сённяшніх даследчыкаў. У міжваеннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы археалагічныя разведкі дасягнулі такіх маштабаў, што ў іх выніку былі складзеныя каля васьмі тысяч картак з апісаннем помнікаў і іх здымкамі — праўда, на жаль, з гэтага ліку захавалася толькі невялікая частка. На выставе можна пабачыць такія карткі, што ўтрымліваюць інфармацыю аб курганах Лошыцкага могільніка, частка насыпаў якога захавалася і сёння ў Мінску ў раёне завулка Каржанеўскага і вуліцы Ландара.

Мастак-калекцыянер

Выстава нездарма адкрылася 13 кастрычніка — менавіта ў гэты дзень нарадзіўся адзін з яе галоўных герояў. Гэты чалавек, насуперак пашыранаму меркаванню, не быў, акрамя іншых сваіх талентаў, яшчэ і археолагам, але, тым не менш, выяўляў надзвычайную зацікаўленасць да артэфактаў мінуўшчыны, якія можна было знайсці ў беларускай зямлі. Гаворка, зразумела, пра Язэпа Драздовіча — славутага мастака, педагога, літаратара, астранома-аматара.

Як вядома, яго надзвычай цікавілі тэмы космасу і іншапланетных формаў жыцця, што знаходзіла самае яскравае адлюстраванне ў творчасці. Але не меншую зацікаўленасць выказваў мастак і да скарбаў мінулага, што ляжалі проста пад яго нагамі. І гэта не перабольшанне: Драздовіч не праводзіў археалагічных раскопак, але займаўся, пры выпадку, зборам пад’ёмнага матэрыялу — то-бок, археалагічных артэфактаў, якія з тых ці іншых прычын аказваліся на паверхні зямлі.

Такім чынам, напрыклад, ён сабраў калекцыю прадметаў, якія былі патрывожаныя падчас кансервацыі руін Навагрудскага замка польскімі рэстаўратарамі ў 1927 — 1929 гадах. Гэты збор сёння экспануецца ўпершыню. Акурат у тыя гады Драздовіч настаўнічаў у Навагрудку, выкладаў маляванне ў тамтэйшай беларускай гімназіі. Планшэты з падшытымі на іх археалагічнымі знаходкамі мастак аздобіў подпісамі ды мастацкімі рэканструкцыямі выгляду Навагрудскага замка, і змясціў у густоўна дэкараваную ўласнаручна зробленую разьбяную скрыню.

Тут можна пабачыць фрагменты керамікі, металічныя пломбы, нагрудны крыжык, наканечнікі стрэл, падкову, серп, ключы. Да калекцыі таксама прыкладзены выкананыя мастаком планы замчышча, на якіх пазначана, у якіх менавіта месцах сярод руін быў знойдзены той ці іншы артэфакт. Калекцыя гэтая была перададзеная ў мінскі музей у 1962 годзе з Вільнюса, разам з іншымі прадметамі, якія да вайны захоўваліся ў тамтэйшым Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. На выставе можна таксама пабачыць арыгіналы графічных работ мастака, на якіх адлюстраваны археалагічныя помнікі Беларусі, і здымкі вядомага фотамайстра Льва Дашкевіча, на якіх выяўлены сам Язэп Драздовіч.

Погляд праз гады

Асобныя раздзелы экспазіцыі прысвечаны даследаванню розных відаў археалагічных помнікаў — паселішчам, некропалям, гарадзішчам. Адмысловыя банеры на сценах дазваляюць параўнаць даваенныя і сучасныя фотаздымкі, якія паказваюць змены выгляду тых ці іншых археалагічных помнікаў, такіх як Полацкае ці Давыд-Гарадоцкае гарадзішчы. Своеасаблівую інтэрактыўную зону ўяўляе з сябе куток, дзе кожны з наведвальнікаў выставы можа напісаць на дошцы вядомыя яму археалагічныя мікратапонімы — пашыраныя ў розных мясцовасцях народныя назвы помнікаў археалогіі.

Выстава ажыццяўляецца пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры, а прадстаўленыя на ёй экспанаты паходзяць з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Слонімскага раённага краязнаўчага музея імя Іосіфа Стаброўскага, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа і Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама прыватных калекцый.

Накірункі далейшага руху

Навуковы кансультант выставы, кандыдат гістарычных навук Мікола Плавінскі, які першым узначальваў створаны ў 2009 годзе аддзел археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея, адзначае, што за апошнія гады музей зрабіўся пляцоўкай для цэлага шэрагу археалагічных канферэнцый і семінараў, якія цяпер ладзяцца як найрадзей раз ці двойчы на год. 15 кастрычніка адбыўся таксама семінар на базе Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў, прысвечаны пытанням археалогіі паўднёва-ўсходняга рэгіёна краіны. Наогул жа рэгіянальныя цэнтры археалагічных даследаванняў існуюць у кожным абласным цэнтры Беларусі.

Сёння ў Беларусі крыху больш за пяцьдзясят дзеючых археолагаў — а гэта даволі малая колькасць для тэрыторыі нашай краіны і той колькасці археалагічных помнікаў, якія на ёй знаходзяцца. Вырашэнне гэтай праблемы можа быць знойдзенае шляхам як адкрыцця асобных аддзяленняў археалогіі ў вышэйшых навучальных установах, так і стварэння новых працоўных месцаў, дзе потым могуць быць працаўладкаваныя іх выпускнікі-археолагі. Доўгі час у гэтай галіне таксама ўздымаецца пытанне аб неабходнасці стварэння ў тым ці іншым выглядзе асобнай дзяржаўнай службы аховы помнікаў. Працы на гэтай дзялянцы яшчэ багата — гісторыя беларускай археалогіі працягваецца.