Тры чыннікі кнігі як з’явы

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Калі б я меў грошай столькі, колькі мне трэба, я бы калекцыянаваў творы мастацтва і трымаў бы прыватную галерэю. Мая калекцыя складалася б не з таго, што ў фаворы і мае добрую цану, а значыць з’яўляецца выгадным укладаннем грошай у маёмасць, але з твораў мастакоў цікавых і дарагіх асабіста мне. Але паколькі мае фінансавыя магчымасці не дазваляюць здзейсніць такі праект, я збіраю кнігі з цікавай мастацкай аздобай. Шукаю іх у букіністычных крамах. Вельмі радуюся, калі за малыя грошы набываю сапраўдны, у маім разуменні, шэдэўр.

/i/content/pi/cult/821/17560/05.jpgШэдэўрамі я лічу ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча, Барыса Заборава, Георгія Паплаўскага, Юрыя Якавенкі, Паўла Татарнікава. Гэтых творцаў прымаю цалкам. Высока цаню асобныя кнігі, аздобленыя Яўгенам Куліком, Уладзімірам Савічам, Мікалаем Селяшчуком, Уладзімірам Лукашыкам, Віктарам Мікітам. Пільна ўглядаюся ў работы маладых творцаў — выхаванцаў нашай мастацкай акадэміі. І як бібліяфіл са стажам магу з гордасцю канстатаваць, што ў Беларусі ў наяўнасці моцная графічная школа. І хоць патэнцыял нашай паліграфіі саступае тэхналагічным магчымасцям шэрагу нашых суседзяў, за краіну не сорамна.

Калі мае чытачы маюць да кнігі такое стаўленне як і я, дык ім, пэўна, было б цікава на выставе “Пісьменнік. Мастак. Чытач” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Бадай кожны музей мае экспанатаў болей, чым можа выставіць на сваіх экспазіцыйных плошчах. Таму час ад часу ладзяцца часовыя выставы, каб паказаць грамадзе багацце фондаў. Для музея літаратурнага галоўнае багацце — кнігі і рукапісы.

На гэтай выставе можна пабачыць кнігі класікаў нашай літаратуры, аздобленыя класікамі нашага выяўленчага мастацтва. Выданні гэтыя ўжо бібліяграфічная каштоўнасць. Побач з імі творы аўтараў маладзейшага пакалення з ілюстрацыямі мастакоў, якія, магчыма, з часам набудуць славу творцаў, якіх я згадаў напачатку нататка.

У экспазіцыі ілюстрацыі і кнігі з фондаў музея. Схематычна экспазіцыя падзелена на тры блокі ілюстрацый: проза, паэзія, кнігі для дзяцей. Сярод аўтараў кніг — Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Іван Шамякін, Янка Брыль, Максім Танк, Іван Мележ, Анатоль Вярцінскі, Надзея Ясмінская. Над аздобай іх кніг працавалі Анатоль Тычына, Арлен Кашкурэвіч, Мікалай Гуціеў, Нінэль Шчасная, Святлана Міхалап, іншыя мастакі.

Штосьці з прадстаўленага ў экспазіцыі на сённяшні погляд можа ўспрымацца нават як архаіка. Ну што ж, у розныя часы ў мастакоў розныя тэхнічныя магчымасці, а ў чытачоў — рознае разуменне, што прыгожа, што не. Але ж цікава прасачыць, як змяняліся новыя тэхналогіі і змены эстэтычных арыенціраў адбіваліся на мастацтве кнігі. І ўсё ж, што ні кажы, ніякія тэхнічныя прылады і інфармацыйныя тэхналогіі не заменяць творцу — пісьменніка і мастака. Не так ужо важна, набраны тэкст на камп’ютары ці напісаны ад рукі, меў мастак у наяўнасці складаную тэхнічную прыладу, або толькі аловак ці пяро. У творчай справе галоўны чыннік — душа, хоць ніхто насамрэч не ведае, што гэта за субстанцыя.

У нашай кніжнай культуры найноўшага часу нямала набыткаў. І ёсць ілюстрацыі, якія так супалі з літаратурнымі вобразамі, што ўявіць іншую аздобу таго ці іншаша твора ўжо не тое каб немагчыма, але даволі складана. Узоры такога ментальнага сумоўя пісьменніка і мастака можна пабачыць на выставе.

Я ўсё пра Пісьменніка і Мастака, а ёсць яшчэ Чытач, трэці чыннік Кнігі як з’явы і працэсу, дзеля якога шчыруюць два першых. Чытач — гэта не пасіўны ўспрымальнік інфармацыі. Сваім інтэлектам і густам ён уплывае і на змест, і на аблічча кнігі. Прасцей кажучы, ягоныя запыты — заданне для аўтараў, хоць і выказанае не наўпрост. Мастакі, здольныя “перакласці” словы пісьменнікаў маштабу Быкава і Караткевіча на выяўленчую мову, з’яўляюцца тады, калі да ўспрымання вешчага слова даспела чытацкая грамада. Гэты чыннік таксама прысутнічае на выставе. Ягоныя прадстаўнікі — наведвальнікі выставы. І ўвогуле неябыякавыя да набранага друкарскім шрыфтам разумнага слова.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"