Памяць болю

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 16 кастрычніка 2020 года адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі “Хто ты, народ рому?...” Новая экспазіцыя пабачыла свет дзякуючы нямецка-беларускаму праекту “Памяць пра генацыд рому на тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны”.

/i/content/pi/cult/821/17558/04.jpgАрганізатары праекта — Федэральнае Міністэрства замежных спраў Германіі, Нямецкі адукацыйны цэнтр “За мір”, Грамадскае аб’яднанне “Беларуская цыганская дыяспара”, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Гістарычная майстэрня имя Л.Левіна.

Трэба адзначыць, што вышэйназванымі ўстановамі на працягу 2019 — 2020 года праводзілася работа па захаванні памяці аб ахвярах фашысцкіх злачынстваў, у прыватнасці, цыганоў, на тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Па выніках працы і з’явілася выставачная экспазіцыя “Хто ты, народ рому?...”

Рабочая група праекта, якая складаецца з прадстаўнікоў нямецкага і беларускага бакоў, пабывала ва ўсіх абласцях Беларусі і запісала ўспаміны цыганскіх сем’яў, якія былі сведкамі супрацьзаконных дзеянняў (генацыду), накіраваных супраць рому. Інфармацыя, атрыманая падчас паездак, прадстаўлена ў выглядзе інтэрв’ю, размешчаных на банэрах.

У выставачную экспазіцыю ўваходзяць інфармацыйныя банэры: Гісторыя рому; Жыццё рому да 1941 года; Генацыд рому падчас нацысцкай акупацыі Беларусі (1941 — 1944 гг.); Карта Беларусі з нанесенымі пазначэннямі месцаў нацысцкіх лагераў смерці і масавага знішчэння насельніцтва; Гісторыя ў асобах (архіўныя фота); Жыццё рому ў сучасным свеце на тэрыторыі Беларусі.

Для ілюстрацыйнай часткі банэраў былі ўзятыя фотаматэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Музея Вялікай Айчыннай вайны, асабістых архіваў цыганскіх сем’яў і грамадскага аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара”, адкрытых крыніц інтэрнэт-рэсурсаў.

Аналагічныя праекты раней былі рэалізаваны нямецкім адукацыйным цэнтрам “За мір” у Румыніі, Малдове, Украіне сумесна з мясцовымі прадстаўнікамі цыганскай дыяспары і дзяржаўных устаноў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ