Свята анімацыі ў Магілёве

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

XХIII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” пройдзе ў Магілёве 27 — 28 кастрычніка. Правядзенне гэтага кінасвята традыцыйна прымеркавана да Міжнароднага дня анімацыі, які адзначаецца 28 кастрычніка.

“Анімаёўка” — адзіны ў Беларусі фестываль анімацыі. Пачынаўся ён калісьці з 12 работ беларускіх творцаў, а сёлета ў ім прымаюць удзел стужкі з 45 краін. Год таму Гран-пры ў Магілёве атрымаў фільм кітайскага рэжысёра Рунцэ Цао “Душы патопленых дзяўчынак”. На перамогу ў конкурсе анімацыйных фільмаў, створаных прафесіяналамі, сёлета прэтэндуюць 57 стужак. Іх будзе ацэньваць журы на чале са знакамітым расійскім рэжысёрам-мультыплікатарам Леанідам Носыравым. Акрамя таго пройдуць і конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці — журы ўзначальвае знакаміты беларускі рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Таццяна Кубліцкая, і конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці — старшыня журы мастацтвазнаўца Святлана Стронгіна, загадчык магілёўскага філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Сёлетняя сітуацыя з каранавірусам паўплывала на з’яўленне новага фармату працы журы — дыстанцыйна ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Два фестывальныя дні прапануюць магіляўчанам багатую і разнастайную праграму: майстар-класы і сустрэчы з прызнанымі майстрамі. Сярод іншага пройдуць сумесны майстар-клас беларускіх рэжысёраў Ігара Волчака і Аляксандра Ленкіна “Ад фантазіі да рэальнага мультгероя”, творчая сустрэча “У госці да казкі”, прысвечаная 40-годдзю тэлепраграмы “Калыханка”, творчая сустрэча з рэжысёрам і паэтам Аленай Туравай. Праграму “Беларусьфільм” прадстаўляе” прэзентуе дырэктар студыі анімацыйных фільмаў Ігар Галіноўскі. У канцэртнай праграме “Музыка анімацыйнага кіно” можна будзе паслухаць любімыя творы ў выкананні сімфанічнага аркестра і хору Магілёўскай капэлы пад кіраўніцтвам Сяргея Лішчанкі.

Не толькі ў гэтыя два дні кастрычніка, але да самага Дня беларускага кіно, які адзначаецца 17 снежня, у Магілёве будуць ісці разнастайныя паказы анімацыйных фільмаў як для дзяцей, так і для дарослых. У тым ліку гледачы ўбачаць пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў “Анімаёўкі-2020”.

Урачыстае закрыццё фестывалю з абвяшчэннем пераможцаў адбудзецца 28 кастрычніка ў магілёўскім кінатэатры “Радзіма”.