“Лістапад”. Там, дзе магія вобразаў...

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе, як і планавалася, з 6 па 13 лістапада. Нягледзячы на складаныя абставіны, усе традыцыйныя конкурсныя праграмы сфарміраваныя, залы мінскіх кінатэатраў чакаюць гледачоў. Фестывальны слоган гэтага года — “Магія вобраза”, візуальная канцэпцыя заснаваная на знакамітым беларускім фільме “Горад майстроў”, якому сёлета спаўняецца 55 гадоў.

/i/content/pi/cult/821/17556/03.jpgСлоган “Магія вобраза” адсылае да ўнікальнай прыроды кіно, калі выявай, спалучэннем святла і ценю, колерамі, мізансцэнай і многім іншым можна паўплываць на сюжэт і даць ключ да зместу экранных гісторый.

На постары сёлетняга “Лістапада” можна ўбачыць героя дзіцячай стужкі “Горад майстроў”, якую рэжысёр Уладзімір Бычкоў зняў на “Беларусьфільме” яшчэ ў 1965 годзе, паводле п’есы Тамары Габэ. У аснове сюжэта — рэальныя факты барацьбы заходнееўрапейскіх гарадскіх камун з феадаламі ў XII—XV cтагоддзях. Фільм быў стылізаваны пад багатую на фарбы сярэднявечную баладу, і сваёй незвычайнай стылістыкай зачароўваў многія пакаленні беларусаў. Геніяльная музыка Алега Каравайчука дапамагла стварыць паэтычную і трохі містычную атмасферу. Натуральна, фільм вабіў і дарослых гледачоў, і дагэтуль вельмі высока цэніцца прафесіяналамі са свету кіно. Так што згадаць гэтую прыкметную і годную беларускую стужку было вельмі дарэчным рашэннем.

На афішы 27-га “Лістапада” фігура героя “Горада майстроў” падмятальшчыка Караколя колеравым акцэнтам упісаная ў прастору горада правядзення кінафестывалю — Мінска. Як адзначаюць арганізатары: “Гэта вобраз чыстага прасторнага горада, якім мы хочам яго бачыць незалежна ад эпох, часоў і падзей”. Дарэчы, за візуальны стыль фестывалю трэці раз адказвала рэкламнае агенцтва Forte Grey. Такая па-мастацку распрацаваная гісторыя вобраза на афішы — здавалася б, не вельмі значнай дробязі — сведчыць пра тое, што “Лістапад” па-ранейшаму імкнецца падтрымліваць сваё высокае рэнамэ ў свеце кіно і рухаць наперад менавіта мастацтва.

/i/content/pi/cult/821/17556/012.jpgУнікальны голас кінафорума

Мінскі “Лістапад” акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах былога сацыялістычнага лагера: постсавецкіх краінах, краінах Цэнтральнай Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, на Кубе. Наконт гэтага дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў 20 кастрычніка пад час прэс-канферэнцыі, на якой былі абвешчаны ўдзельнікі конкурсных праграм, палічыў неабходным даць асобнае тлумачэнне:

— Нярэдка можна пачуць пытанне — у чым жа аўтарскае выказванне мінскага “Лістапада”, калі яго фільмы паказваюцца і на іншых значных фестывалях Еўропы? Маўляў, вы робіце такі “фестываль фестываляў”, збіраеце ў праграму стужкі, якія недзе нават былі ўжо адзначаны. Насамрэч наша задача такая: мы адбіраем тыя актуальныя і сучасныя карціны з ліку сапраўдных твораў мастацтва, якія ў першую чаргу хвалююць і турбуюць менавіта нас у нашых посткамуністычных краінах. Справа ў тым, што любы фільм з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, паказаны на прэстыжным фестывалі ў Венецыі, Сан-Себасцьяне ці яшчэ дзе, апрыёры там трохі губляецца на агульным фоне іншых актуальных і значных фільмаў, атрымлівае менш увагі. Заходнія аўтары, заходнія члены журы, зоркі Галівуда найперш адлюстроўваюць заходні погляд на існуючыя праблемы. А задача “Лістапада” якраз у тым, каб з агульнага сусветнага кіно вылучыць кінематаграфіі нашых краін, сабраць іх разам і сярод мноства жамчужын не ўпусціць тое, што хвалюе нашу грамадскасць. У гэтым унікальнасць і каштоўнасць голасу мінскага “Лістапада”.

2020 год для сусветнай кінаіндустрыі быў няпростым, па прычыне пандэміі адмянілася многае — і здымкі, і пракаты, і прэм’еры, і нават Канскі кінафестываль. Але, як зазначыла на прэс-канферэнцыі дырэктар “Лістапада” Анжаліка Крашэўская, каманда, якая ўжо 11-ты год працуе над мінскім кінасвятам, вырашыла, што гісторыю фестывалю трэба працягваць нягледзячы ні на што і насупраць усяму: “Лістапад” павінны жыць!

Міжнароднае журы будзе працаваць дыстанцыйна — конкурсныя прагляды для яго адбудуцца на спецыяльнай анлайн-платформе, якая абароніць стужкі ад пірацтва: прыезд у Мінск замежных гасцей даволі праблематычны. Беларускія ж гледачы, члены журы і прэса запрашаюцца ў мінскія кінатэатры, дзе будуць прымацца меры бяспекі кшталту вытрымлівання сацыяльнай дыстанцыі: фестывальныя праграмы з 6 па 13 лістапада пройдуць у “Цэнтральным”, “Піянеры”, “Беларусі”, Falcon Club Буцік Кіно, Silver Screen у Galileo і прасторы Оk16.

Ад “Урокаў фарсі” да “Ікара”

Па сусветнай завядзёнцы фільму-адкрыццю кінафестывалю надаецца асаблівае значэнне — ім як бы задаецца тон і дэманструецца ўзровень мерапрыемства. Канешне, многія з беларускай публікі на адкрыцці чакалі ўрэшце ўбачыць наш самы значны нацыянальны кінапраект апошняга часу — фільм Уладзіміра Янкоўскага “Купала”. Яшчэ месяц таму рэжысёр быў пэўны, што прэм’ера яго стужкі адбудзецца менавіта на “Лістападзе-2020”. Але ж “Купалы” ў праграме няма. Тым не менш адкрыецца мінскі кінафорум вельмі гучна — фільмам Вадзіма Перэльмана “Урокі фарсі”, створаным у капрадукцыі трох краін — Расіі, Германіі і Беларусі. Асноўныя здымкі праходзілі на тэрыторыі Беларусі пры ўдзеле “Беларусьфільма”. Прэм’ера адбылася на сёлетнім Берлінскім кінафестывалі і была сустрэта сапраўднымі авацыямі. “Урокі фарсі” ўвогуле адзін з самых гучных і абмяркоўваемых фільмаў гэтага года ў Еўропе. Падзеі разгортваюцца ў 1942 годзе. Бельгіец яўрэйскага паходжання ў канцлагеры выдае сябе за перса, каб пазбегнуць расстрэлу. Нямецкія салдаты прыводзяць яго да повара канцлагера, які хоча вывучыць мову фарсі. Сюжэт пабудаваны на стасунках немца і яўрэя, турэмшчыка і вязня, вучня і настаўніка.

Не менш цікавая стужка будзе паказана на закрыцці “Лістапада” — польскі фільм “Ікар” рэжысёра Мацея Пепшыцы. Гэтая стужка, паводле слоў Ігара Сукманава, удала спалучае і аўтарскі падыход, і здымкі ў лепшых традыцыях Галівуда. “Ікар” — баёпік славутага ў Польшчы музыканта Метэка Коша, сляпога ад нараджэння, які спачатку меў неверагодна паспяховую кар’еру як класічны музыкант, а потым праславіўся як джазавы піяніст.

— Трэба сказаць, што “Ікар” павінны быў адкрываць яшчэ леташні “Лістапад”, — адзначыў Ігар Сукманаў. — Але тады мы доўга чакалі пацверджання ад стваральнікаў фільма. Аднак стужка ніколькі не састарэла — беларуская публіка ўбачыць яе адной з першых, бо сусветная прэм’ера адбылася літаральна гэтымі днямі.

Агулам у фестывалі паўдзельнічаюць каля 120 карцін. У асноўным міжнародным конкурсе ігравога кіно — 11 стужак, у нацыянальнай беларускай праграме — 13. Традыцыйна асобныя конкурсы для дакументальнага кіно і нацыянальных кінашкол. Пройдзе і вартая ўвагі праграма “Маладосць на маршы”, складзеная з першых і другіх работ найбольш яскравых рэжысёраў свету. І, несумненна, “Лістападзік” — конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі: у ім сем стужак, якія Ігар Сукманаў горача і настойліва раіць паглядзець што дзецям, што дарослым — абяцае нават блокбастары. Акрамя ўсяго, на “Лістападзе” будзе і спецыяльная індустрыяльная праграма, якая ўключае ў сябе мноства цікавых мерапрыемстваў і сустрэч.

Натуральна, у адным артыкуле немагчыма расказаць пра ўсю насычаную і надзвычай цікавую праграму XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”: ёй мы прысвяцім газетныя старонкі ў наступных нумарах “Культуры”. Зараз жа прыпынімся на праграме нашага нацыянальнага кіно.

Пляцоўка Беларускага кіно

Як адзначыў каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўрэнюк, у складанні праграмы былі пэўныя праблемы, таму што беларускае кіно зараз знаходзіцца не ў самай простай сітуацыі. “Але ж гэтая пляцоўка вельмі важная для фестывалю, бо з’яўляецца мастом паміж беларускім кінамастацтвам і светам”. Фестываль атрымаў 60 заявак — гэта менш, чым звычайна, і такім чынам было вырашана адмовіцца ад ранейшага падзелу на ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы, і ўручыць адзін Гран-пры і два спецыяльныя прызы, незалежна ад жанру.

У Нацыянальным конкурсе ўдзельнічаюць 13 стужак.

Дэбютны поўны метр рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава “Забароненая зона” — трылер, падзеі ў якім разгортваюцца ў Чарнобыльскай зоне. Знакаміты майстар Віктар Аслюк прадстаўляе на конкурс дакументальную стужку “Эпітафія”, у цэнтры кадра якой — могілкі. Рэжысёр Дзмітрый Дзядок у стужцы “Дзіма” працягвае вывучаць маргінальныя слаі грамадскасці. Таксама ў нацыянальнай праграме прагучыць і новае імя — маладога рэжысёра Андрэя Князевіча, які свой фільм “Пражываючыя” зняў у інтэрнаце для людзей з асаблівасцямі развіцця. “Гэта вельмі блізкі дотык да людзей, ад якіх мы часта адгароджваемся, — адзначае каардынатар Нацыянальнай праграмы Мікалай Лаўрэнюк. — І ўваход у тое месца, куды звычайна патрапіць не так і проста”.

Убачыць журы і стужку Андрэя Куцілы, якога ўжо можна называць сапраўдным майстрам дакументальнага кіно: гэты рэжысёр атрымліваў узнагароды на буйнейшых конкурсах дакументалістыкі. Яго фільм “Мне трэба поціскаў” — даволі трагічная і кранальная гісторыя састарэлай маці і яе дачкі. Рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі таксама добра вядомы ў кінематаграфічных колах. Яго стужка называецца арыгінальна — “Мікіта Лаўрэцкі”, і няцяжка здагадацца, што гэта аўтабіяграфія. Мікалай Лаўрэнюк вызначае яе як эксперыментальны докухорар, у якім смела спалучаюцца самыя розныя жанры.

Кароткаметражка Алеся Лапо “Усе мерапрыемствы па плане” — пра жыццё беларускай правінцыі і пра людзей, якія спрабуюць там нешта змяніць. Работа Уладзіміра Луцкага “Код продкаў” прысвечаная беларускаму і ўкраінскаму фальклору і сувязям паміж нашымі дзвюма нацыямі. Анастасія Мірашнічэнка, чыя папярэдняя карціна “Дэбют” падавалася ад нашай краіны на прэмію “Оскар”, у новай стужцы “Цемра звонку” расказвае пра каманду футбалістаў — інвалідаў па зроку. Героі фільма Дар’і Юркевіч “Невядомы рай” — людзі, што зараз жывуць у раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Няцяжка заўважыць, што ў беларускім конкурсе пераважаюць дакументальныя стужкі. Асобна ў ім вылучаюцца анімацыйная фантасмагорыя маладога аўтара Івана Гапіенкі “Царства зорак” і сумесная работа Сашы Кулак, неаднаразовай уладальніцы ўзнагарод Нацыянальнага конкурсу “Лістапада”, і Дар’і Голавай — эксперыментальная стужка “Дзе жывуць жаданні”, у якой, па меркаванні Мікалая Лаўрэнюка, аўтары займаюцца развіццём кінамовы.