Чароўны кліч “Званоў Сафіі”

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Полацк кожную восень становіцца цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. Менавіта тут, у Сафійскім саборы беларускага старажытнага горада праходзяць Міжнародныя фестывалі арганнай музыкі “Званы Сафіі”, якія збіраюць пад высокімі скляпеннямі сабора выдатных музыкантаў і іх адданых прыхільнікаў. Не абмінула гэта падзея і залатую восень сыходзячага года. У канцэртнай зале Сафійскага сабора ўжо прагучала ўверцюра да XXV Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі “Званы Сафіі”, які афіцыйна адкрыецца 25 кастрычніка. Музычнае свята прысвечана 35-годдзю полацкага аргана, і будзе доўжыцца да 8 лістапада ўключна.

/i/content/pi/cult/821/17555/01.jpgПаводле інфармацыі Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, фестываль мае цікавыя праграмы і калектывы, унікальных выканаўцаў.

Уверцюрай да фестывалю ўжо стаў выступ маскоўскага арганіста і кампазітара, лаўрэата міжнароднага конкурсу Аляксея Шмітава. 18 кастрычніка ў праграме прагучала музыка нямецкага барока (Крэбс, Бах), рамантычная арганная сімфонія Шарля-Мары Відора і духоўныя п’есы самога маэстра.

/i/content/pi/cult/821/17555/02.jpg25 кастрычніка, у дзень адкрыцця фестывалю, адбудзецца вялікі канцэрт у гонар 335-годдзя з дня нараджэння Георга Фрыдрыха Гендэля — аднаго з найбуйнейшых кампазітараў у гісторыі музычнага мастацтва. Гендэль стварыў сапраўды велізарную колькасць твораў самых розных жанраў, якія будуць прадстаўлены ў рамках канцэртнай праграмы. Велічную, урачыстую музыку вялікага кампазітара выканаюць салісты Ксенія Пагарэлая (арган), Вікторыя Бабенка (скрыпка), Тамара Рэмез (сапрана) у суправаджэнні камернага аркестра “Еўропа-Цэнтр” пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава.

1 лістапада — канцэрт, прысвечаны памяці цудоўнага беларускага кампазітара Ганны Кароткінай. Доўгія гады творчая дзейнасць Ганны Кароткінай была звязана з арганнай музыкай і плённым супрацоўніцтвам з арганісткай полацкага Сафійскага сабора Ксеніяй Пагарэлай. Прэм’еры значных твораў, створаных кампазітарам, выкананне старадаўняй і сучаснай камернай музыкі неаднойчы праходзілі ў Сафійскім саборы на міжнародных фестывалях арганнай музыкі “Званы Сафii”.

Ганна Кароткіна таленавіта стварала праграмную арганную музыку XXI стагоддзя, у якой увасабляла вобразы беларускіх асветнікаў Францыска Скарыны і Ефрасінні Полацкай, гісторыю Гальшанскага замка, карціны гістарычнай Грунвальдскай бітвы. Удзельнікі канцэрта — Ксенія Пагарэлая (арган), Вікторыя Бабенка (скрыпка), вершы М. Шагала прачытае артыст тэатра і кіно Ігар Пятроў.

5 лістапада адбудзецца вечар арганнай і вакальнай музыкі. У выкананні Камернага хору Гомельскай філармоніі (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — Алена Сакалова), камернага аркестра “Еўропа-Цэнтр” і Ксеніі Пагарэлай прагучыць Імша F-dur для хору, салістаў, аркестра і аргана Антона Дзіабэлі і іншыя шэдэўры барочнай музыкі.

Заключны канцэрт, 8 лістапада, адкрые новыя імёны і злучыць класіку з народнымі традыцыямі. Кацярына Іванова, вучаніца Ксеніі Пагарэлай, выканае музыку Баха, Відора, Вьерна. Нароўні з барока і рамантызмам у канцэрце прагучаць традыцыйныя армянскія мелодыі — Глеб Якушаў (дудук) выступіць у дуэце з Ксеніяй Пагарэлай (арган). Незвычайнае спалучэнне тэмбраў аргана і дудука створыць дзіўную атмасферу пад скляпеннямі беларускай Сафіі.