Замацаваная памяць

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь Пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал наведаў Вялікасевярынкаўскую аб’яднаную тэрытарыяльную грамаду Кіраваградскай вобласці, дзе прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, аднаму з вызваліцеляў вёскі Вялікая Севярынка народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву.

/i/content/pi/cult/820/17554/25.jpgРаней у гэтым украінскім сяле, дзякуючы ініцыятыве былой настаўніцы сельскай школы Сергіенкі Лізаветы Дзмітрыеўны (1937 — 2019), кіраўніцтву вёскі і школы, з’явілася вуліца імя Васіля Быкава, Музей яго імя ў Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школе, “Куток Васіля Быкава” ў сельскай бібліятэцы. А зараз ў вёсцы была адкрыта і мемарыяльная дошка сусветнавядомаму беларускаму творцу.

Паводле сайта Пасольства Беларусі ва Украіне (ukraine.mfa.gov.by), мерапрыемства адбылося 13 кастрычніка 2020 года, і ў ім таксама ўзялі ўдзел кіраўнік Вялікасевярынкаўскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады Сяргей Леўчанка, старшыня Кіраваградскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Васіль Бондар, ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі Мікалай Сергіенка, загадчык Музея імя Васіля Быкава Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школы Галіна Губенка, прадстаўнікі кіраўніцтва школы і навучэнцы.

Падчас цырымоніі беларускі Пасол Ігар Сокал уручыў ганаровыя граматы прадстаўнікам вёскі, дзякуючы якім адбылася гэтая важная падзея. Пасол таксама наведаў Музей імя Васіля Быкава ў школе, “Куток Васіля Быкава” ў сельскай бібліятэцы, перадаў кнігі беларускага пісьменніка і іншую дакументальную і мастацкую беларускую літаратуру.

Адбылося і падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Музеем Васіля Быкава Вялікасевярынкаўскай агульнаадукацыйнай школы I-III ступеняў, якое дазволіць бакам садзейнічаць узаемнаму папаўненню музейных фондаў з экзэмпляраў літаратурнай спадчыны, асабістых архіваў і рэчаў беларускага пісьменніка Васіля Быкава, іншых тэматычных матэрыялаў, для захавання і папулярызацыі творчасці і памяці пра яго ў Беларусі і Украіне.

Трэба зазначыць, што ў вёсцы Вялікая Севярынка глыбока шануюць памяць пра Васіля Быкава. Падчас Кіраваградскай аперацыі лейтэнант Быкаў камандаваў узводам 339-га стралковага палка 11-й стралковай дывізіі і прымаў удзел у крывавых студзеньскіх баях 1944 года пад Кіраваградам, дзе, як адзначаў ён сам, “загінуў амаль увесь яго батальён, магчыма, нават і ўвесь полк”. У баях за вёску Вялікая Севярынка Васіль Быкаў быў цяжка паранены, памылкова запісаны як загінулы і значыўся пахаваным у братняй магіле. Пра гэта паведамілі яго родным.

Праз 20 гадоў пасля вайны Васіль Быкаў прыехаў на месца крывавых баёў і доўга сядзеў каля абеліска, дзе сярод загінулых было выбіта і яго імя. Падзеі пасля ранення пад вёскай Вялікая Севярынка паслужылі асновай ягонай аповесьці “Мёртвым не баліць”.

Васіль Быкаў, вызваляючы ўкраінскую зямлю праліў кроў, і лічыў вёску Вялікая Севярынка сваёй другой радзімай.