“Паўночнае ззянне”: сёлета толькі анлайн

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

VI фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” пройдзе з 22 па 29 кастрычніка ў анлайн-фармаце пад дэвізам “Слухаць і чуць”. Традыцыйна ў фестывальным раскладзе фільмы, лекцыі, дыскусіі і майстар-класы. Упершыню на фестывалі будзе паказана паўнавартасная беларуская праграма.

/i/content/pi/cult/820/17553/_opt.jpeg“Паўночнае ззянне” — штогадовы фестываль, які дае магчымасць беларускаму гледачу ўбачыць самыя новыя ігравыя і дакументальныя стужкі з краін Паўночнай Еўропы і Балтыі. Традыцыйна ў ім удзельнічаюць фільмы са Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі, з 2018 года з’явіліся фільмы з Фарэрскіх астравоў, з 2019 — з Грэнландыі. Сярод адметнасцяў фестывалю — беларуская мова перакладаў і выхад за межы сталіцы: фестывальныя паказы ладзіліся ў Гомелі, Віцебску, Гродне. Сёлета ўсе паказы па волі абставін будуць толькі ў анлайн-фармаце.

У праграме “Паўночнага ззяння — 2020” 28 стужак: 15 поўнаметражных — ігравых і дакументальных, пяць кароткаметражных, і восем фільмаў у асобным беларускім блоку, палова з якіх — рэжысёрскія дэбюты. Акрамя таго, на індустрыяльнай платформе фестывалю пройдуць сем адмысловых мерапрыемстваў з трансляцыяй у сацыяльных сетках. Будуць абмяркоўвацца пытанні разумення мастацтва і яго інтэрпрэтацыі ў кіно і жывапісу, паблік-ток з пісьменніцай і перакладчыцый Анкай Упала будзе прысвечаны блізкасці беларускай культуры і культур краін Паўночнай Еўропы, таксама адбудзецца дыскусія з кіраўніцай аддзела прамоцыі фільмаў Літоўскага кінацэнтра Давіле Бутнарутэ пра тое, як змянілася кінасупольнасць пасля руху #metoo. Усе івэнты будуць даступныя бясплатна, а для прагляду фестывальных фільмаў створаная асобная стрымінгавая платформа, далучыцца да якой можна, “набыўшы квіток”.

Міжнародная кінапраграма “Паўночнага ззяння — 2020” распавядае пра моцных жанчын у палітыцы і падымае пытанні гвалту над жанчынамі ў грамадстве. Многія фільмы раней ужо былі адзначаны на фестывалях. Напрыклад, фільм “Праўда і справядлівасць”, створаны паводле культавай аднайменнай кнігі эстонскага пісьменніка Антона Тамсаарэ, быў вылучаны ад Эстоніі на “Оскар-2019” і ўвайшоў у лонг-ліст, дакументальна-ігравая стужка “Сезон” (Швецыя) прадзюсара Эрыка Хэмендорфа атрымала спецыяльную ўзнагароду на CPH:DOX Award, літоўская стужка “Узорныя паводзіны”, што ўздымае тэму калектыўнай віны і парадокса ўзорных паводзін забойцаў, атрымала прэмію на міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Лейпцыгу. Убачаць гледачы і эстонскі фільм “Свята” пра феномен конкурсаў прыгажосці, шведскую стужку “Феміністарка” — пра чатыры гады працы міністаркі замежных спраў Швецыі Маргот Вальстром, фінскі ігравы альманах “Сіла звычкі”, у якім вачыма саміх жанчын распавядаецца пра гвалт і ціск на жанчын.

Беларуская праграма, якая ўпершыню з’явілася на “Паўночным ззянні”, складаецца з васьмі стужак. У ёй можна ўбачыць і імя мэтра — Віктара Аслюка з яго паэтычным эсэ “Эпітафія”, імёны маладых, але ўжо ўшанаваных прызамі рэжысёраў, — Андрэя Куцілы з фільмам “Мне трэба поціскаў”, Юліі Шатун з фільмам “Межы” і Дар’і Юркевіч са стужкай “Невядомы рай”. Паспяховы беларускі кліпмэйкер Арцём Лобач дэбютуе са стужкай “Шлях дадому” — пра пошукі маладымі людзьмі свайго месца ў свеце; убачаць гледачы дыпломны фільм рэжысёра Сашы Сцельчанкі — псіхалагічную драму “Дэзерцір”; новыя імёны рэжысёраў Ксеніі Галубовіч, Алеся Лапо і Веранікі Бандаровіч з’явяцца ў альманаху “На сувязі”, прысвечаным таму, як камп’ютары і інтэрнэт змяняюць жыццё маладых беларусаў.

Сёлетнім слоганам “Слухаць і чуць” каманда “Паўночнага ззяння” заклікае сваіх гледачоў памятаць, што важна не толькі слухаць, але і чуць, што эмпатыя — гэта не пра слабасць, гэта — пра ўзаемную павагу і дапамогу.