Конкурс для таленавітых

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

У адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2020 года № 13, за перыяд з 9 па 12 лістапада на базе ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” праводзіцца X Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі. Мэты конкурсу — падтрымка таленавітай моладзі, павышэнне прафесійнага майстэрства, папулярызацыя фартэпіяннага мастацтва, абагачэнне нацыянальнай культуры перадавым міжнародным досведам.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. У конкурсе могуць прыняць удзел навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і гімназій-каледжаў мастацтваў з абласцей і горада Мінска, а таксама могуць быць запрошаныя прадстаўнікі замежных краін.

Конкурс праводзіцца для сольных выканаўцаў і складаецца з двух этапаў.

Першы этап — адборачны, і праводзіцца ўстановамі адукацыі. Па выніках правядзення першага этапу конкурсу вызначаюцца не больш за два канкурсанты, якія з’яўляюцца пераможцамі гэтага этапу і дапускаюцца да ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Другі этап — заключны, і праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Па выніках правядзення другога этапу конкурсу вызначаюцца яго пераможцы. Падрабязная інфармацыя аб конкурсе змяшчаецца ў Інструкцыі па парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў фартэпіяннай музыкі, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2017 года № 9.

Таксама на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры ад 10 сакавіка 2020 года № 34 за перыяд з 12 па 14 лістапада 2020 года пройдзе заключны этап II Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі. Мэтай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя акадэмічнага вакальнага выканаўчага мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь. У конкурсе могуць прыняць удзел навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры, гімназій-каледжаў мастацтваў з абласцей і горада Мінска, выпускнікі згаданых навучальных устаноў ва ўзросце да 23 гадоў уключна на дату пачатку правядзення заключнага этапу конкурсу, а таксама могуць быць запрошаныя прадстаўнікі замежных краін.

Конкурс праводзіцца па намінацыях “Акадэмічны вакал: жанчыны” і “Акадэмічны вакал: мужчыны”, і складаецца з двух этапаў. Першы этап — адборачны, і праводзіцца ўстановамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і гімназіямі-каледжамі мастацтваў. Па выніках правядзення першага этапу конкурсу ў кожнай установе адукацыі вызначаюцца не больш за два канкурсанты ў кожнай намінацыі, якія з’яўляюцца пераможцамі гэтага этапу і дапускаюцца да ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Другі этап — заключны, і праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Па выніках правядзення другога этапу конкурсу вызначаюцца яго пераможцы. Падрабязная інфармацыя аб конкурсе змяшчаецца ў Інструкцыі па парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 17 лютага 2017 года № 10.

А ў Гомелі ў адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры ад 19 чэрвеня 2020 года № 99 за перыяд з 7 па 11 снежня 2020 года праводзіцца заключны этап XVIII Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі”. Мэты конкурсу — выяўленне і падтрымка творча адораных дзяцей, развіццё іх здольнасцяў і павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства, папулярызацыя музычнага мастацтва і выканальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, стымуляванне творчай ініцыятывы педагагічных работнікаў і прапаганда іх найлепшага досведу ў сферы культуры, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Гомельскі абласны выканаўчы камітэт. У конкурсе могуць прыняць удзел навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, сярэдніх школ, гімназій, гімназій-каледжаў мастацтваў Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў (за выключэннем навучэнцаў, якія засвойваюць змест адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі).

Конкурс праводзіцца па намінацыях “Скрыпка” і “Віяланчэль” у трох узроставых групах: малодшай, сярэдняй і старэйшай. У малодшай узроставай групе ўдзельнічаюць навучэнцы ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў уключна, у сярэдняй — ад 11 да 13 гадоў уключна, у старэйшай — ад 14 да 16 гадоў уключна.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе змешчаная ў Інструкцыі па парадку арганізацыі і правядзення Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзеі”, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2015 года № 37.