“Славянскі базар у Віцебску”: аб рэгіянальных адборах

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з дзяржаўнай установай “Цэнтр культуры” “Віцебск” — Дырэкцыяй Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам вядзецца актыўная работа па правядзенні адборачных тураў да XXX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і ХIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”.

/i/content/pi/cult/820/17550/4f9ec88e8d8ac66aa9efd6_opt.jpegЗ 12 лістапада 2020 г. пачнецца першы этап нацыянальнага адбору да міжнародных конкурсаў. Стартавай пляцоўкай рэгіянальных адборачных тураў стане г. Гомель. Працягнуць эстафету рэгіянальных тураў Магілёў (18.11.2020), Мінская вобласць (Барысаў, 02.12.2020), Гродна (03.12.2020), Віцебск (04.12.2020) і Мінск (07.12.2020). Завершыцца першы этап адборачных тураў 11.12.2020 ў Брэсцкай вобласці.

У адпаведнасці з умовамі конкурсу ў адборачным туры да дзіцячага музычнага конкурсу прымаюць удзел выканаўцы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў уключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў і заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.

У адборачным туры да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні прымаюць удзел выканаўцы, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце ад 18 да 31 года ўключна на апошні дзень тэрміну правядзення фестывалю, якія маюць вопыт канцэртных выступленняў і заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях.

Для ўдзелу ў конкурсных праслухоўваннях неабходна прадставіць па дзве кампазіцыі:

удзельнікам дзіцячага музычнага конкурсу:

эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове;

эстрадную песню на выбар удзельніка, якая найбольш ярка адлюстроўвае яго выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці;

удзельнікам конкурсу выканаўцаў эстраднай песні:

эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў;

папулярную кампазіцыю на замежнай мове (“сусветны хіт”).

Па выніках рэгіянальных адбораў адбіраецца да 5 удзельнікаў ад кожнай вобласці і Мінска для ўдзелу ў другім этапе адборачных тураў.

З Інструкцыяй аб правядзенні адборачных тураў да Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” і Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” можна азнаёміцца на сайце Міністэрства культуры (http://www.kultura.by/by/konkursy-merapryemstvy/).