Не позна вяртацца

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Майстэрства вырабу музычных інструментаў, рэцэпты традыцыйнай ежы, старадаўнія абрады — усё гэта можа не толькі сведчыць аб разнастайнасці культурнай спадчыны краіны, але і прывабліваць турыстаў. Як працуюць сёння і як могуць развівацца заўтра музейныя ўстановы, каб заахвоціць сваіх наведвальнікаў бліжэй пазнаёміцца з праявамі народных традыцый?
Ці павінныя музеі працаваць не толькі з гістарычнымі артэфактамі, але і з нематэрыяльнай культурнай спадчынай? Ці дапамогуць народныя традыцыі павысіць цікаўнасць да нашых музеяў у наведвальнікаў як з Беларусі, так і з замежжа? На гэтыя пытанні сёння спрабуюць знайсці адказы супрацоўнікі музейных устаноў з усёй краіны.

/i/content/pi/cult/820/17549/21.jpgПадчас круглага стала, нядаўна зладжанага Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, аб якім мы ўжо згадвалі ў папярэднім нумары, асобная секцыя была прысвечаная праблемам выкарыстання элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў музеях Беларусі, перадусім — у мэтах развіцця турызму. Прадстаўнікі раённых і абласных музеяў з розных куткоў краіны абмяркоўвалі найлепшыя прыклады работы па папулярызацыі нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якая праводзіцца ва ўстановах такога кшталту.

Перш за ўсё — зацікавіць турыстаў

Выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Філіпчык, які рыхтуе да абароны дысертацыю, прысвечаную нематэрыяльнай культурнай спадчыне ў дзяржаўных музеях Рэспублікі Беларусь, прадставіў вынікі аналізу апытання, праведзенага кафедрай этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва БДУ ў 2017 — 2018 гадах. У межах анкетавання была даследаваная дзейнасць дзяржаўных музеяў краіны. Са ста пяцідзесяці шасці ўстаноў адгукнуліся з адказамі сто два музеі. Разгледжаныя былі такія накірункі работы, як захаванне, дакументаванне і вывучэнне нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, яе прадстаўленне ў экспазіцыях, а таксама выкарыстанне ў культурна-адукацыйнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/820/17549/22.jpgПа выніках даследавання можна зрабіць выснову, што ў музейных установах, на жаль, пераважна фіксуюцца прадметы, звязаныя з нематэрыяльнай спадчынай, але не самі традыцыі альбо інфармацыя ад іх носьбітаў. Калі ж казаць пра прадстаўленыя ў музейных экспазіцыях катэгорыі нематэрыяльнай спадчыны, то тут пераважаюць традыцыйныя рамёствы і промыслы, а іншыя віды, такія як цырымоніі і абрады, альбо традыцыйная ежа, прадстаўленыя ў значна меншай ступені. Найбольш жа спрыяе захаванню і папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны культурна-адукацыйная дзейнасць.

Адным з найбольш эфектыўных спосабаў прадстаўлення жывой спадчыны без парушэння традыцыі можа быць арганізацыя пры музеях майстэрняў, правядзенне музейна-педагагічных заняткаў, майстар-класаў, выкарыстанне дзейнасці музейных аб’яднанняў. Бо менавіта ў такіх выпадках адбываецца трансляцыя традыцый і ўменняў пры непасрэдным кантакце з іх носьбітамі, што спрыяе жыццяздольнасці элементаў нематэрыяльнай спадчыны. Найбольш жа інтэнсіўная камунікацыя і непарыўнасць традыцыі назіраецца, калі ў справе захавання і папулярызацыі спадчыны музеі супрацоўнічаюць з установамі адукацыі, заахвочваючы навучэнцаў цікавіцца нематэрыяльнымі культурнымі каштоўнасцямі.

Уключэнне нематэрыяльнай спадчыны ў дзейнасць мясцовых музеяў важнае не проста для яе захавання і папулярызацыі — яно выгоднае і для саміх устаноў такога кшталту. Гэта, безумоўна, дапамагае ўзбагаціць разнастайнасць форм культурна-адукацыйнай работы, а ў выніку — павысіць цікаўнасць наведвальнікаў не толькі для музея, але і для ўсяго рэгіёна. Зацікавіўшыся тымі ці іншымі элементамі нематэрыяльнай спадчыны, прадстаўленымі ў музейнай экспазіцыі, турысты пазней могуць выказаць жаданне бліжэй пазнаёміцца з гэтымі практыкамі ў асяроддзі іх бытавання, з іх носьбітамі і жыццём мясцовых супольнасцяў.

Ці музейная гэта справа?

На жаль, адмыслоўцы адзначаюць, што і сёння яшчэ музеі, пераважна, пачынаюць выказваць цікаўнасць да элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны толькі тады, калі яны ўжо трапяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — а ўласна падачай прапаноў займаюцца іншыя ўстановы. Магчыма, рэч у тым, што гістарычна склалася меркаванне, нібыта музей перадусім мусіць займацца сведчаннямі мінулага, а не жывой спадчынай, якая працягвае існаваць побач з намі ў сучасным жыцці.

/i/content/pi/cult/820/17549/23.jpgАле, як адзначыла старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, стваральніца інтэрнэт-рэсурса “Жывая спадчына Беларусі” Ала Сташкевіч, паводле апошніх сусветных тэндэнцый развіцця галіны, музей можа быць цэнтрам дакументацыі і інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а таксама выступаць у якасці асяродка для камунікацыі і дыялогу музейных супрацоўнікаў ды навукоўцаў з мясцовымі супольнасцямі. Для эфектыўнай работы па захаванні, папулярызацыі і выкарыстанні нематэрыяльнай спадчыны неабходныя міждысцыплінарная і міжінстытуцыянальная камунікацыя, у тым ліку і супрацоўніцтва з грамадскім сектарам.

Работа з жывой спадчынай у музеях рэгіёнаў Беларусі мае неблагія перспектывы. Вынікі анкетавання, праведзенага сёлета ва ўстановах культуры Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, сведчаць, што прыкладна палова элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны можа быць выкарыстаная ў турыстычнай і музейнай дзейнасці. А распаўсюджаная жывая спадчына надта шырока — дзевяноста са ста васямнаццаці раёнаў Беларусі прадстаўленыя ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў як мінімум адным элементам такога кшталту, а некаторыя ж маюць ужо і не адзін.

З усёй краіны патрошку

Асяродкамі прэзентацыі і папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны з усёй Беларусі могуць выступіць і агульнарэспубліканскія музейныя ўстановы. Аб рабоце ў гэтым напрамку, якая праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, распавёў вядучы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Аляксей Друпаў. Спецыфіка гэтага музея палягае ў тым, што ён адпачаткова ствараўся як пэўная спроба ахапіць неахопнае.

Паводле задумаў аўтараў амбіцыйных праектаў канца 1970-х гадоў, у першым беларускім скансэне мусілі быць прадстаўленыя ўзоры драўлянага народнага дойлідства з усіх шасці этнаграфічных рэгіёнаў краіны, а таксама, асобным сектарам — архітэктура беларускіх мястэчак. У першым генеральным плане музея, які быў створаны ў 1980-х, прадугледжваліся майстэрні рамеснікаў, дзе яны маглі б вучыць маладых наведвальнікаў і перадаваць ім свае ўменні і навыкі.

На жаль, як вядома, да гэтага часу ў скансэне ўдалося стварыць і напоўніць толькі тры рэгіянальныя сектары. Паўторная экспедыцыя па пошуку будынкаў, якія ў перспектыве можна было б перанесці на тэрыторыю музея, праведзеная ў сярэдзіне 2000-х, выявіла, што каля дзевяноста працэнтаў аб’ектаў, намечаных для пераносу падчас першай экспедыцыі ў 1980-х, былі пазней з розных прычын страчаныя. Так ці іначай, у такой сітуацыі музей вымушаны звярнуць сваю ўвагу не толькі на сляды мінуўшчыны, але і на работу з жывой спадчынай. Так, напрыклад, у сталай экспазіцыі сектара “Падняпроўе” дзейнічае выстава, прысвечаная шапавальству, пры стварэнні якой музейных супрацоўнікаў кансультавалі майстры-шапавалы з Дрыбіна, ладзіліся іх майстар-класы.

Падкрэсліваючы разнастайнасць

Музей выступаў таксама ў якасці пляцоўкі для часовых экспазіцый, якія прастаўлялі ўзоры нематэрыяльнай культурнай спадчыны з Беларусі і краін-суседак. Так, на выставе падвойных дываноў з музея польскага горада Цеханаўца падкрэслівалася, што практыка стварэння такога кшталту вырабаў існуе і ў нашай краіне. А Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый паказаў тут са сваіх збораў абразы для экспазіцыі “Ікона звалась Свячой...”, дзе былі прэзентаваныя не толькі самі сакральныя выявы, але і адметныя практыкі іх ушанавання, шырока распаўсюджаныя на ўсходзе краіны.

Уласна ж у фондах музея таксама захоўваецца багата артэфактаў, звязаных з нематэрыяльнай спадчынай. Але з той прычыны, што папаўняліся фонды, у асноўным, у 1980 — 1990-я гады, калі элементы такога кшталту ніхто яшчэ асэнсавана не вылучаў, то збіралі іх не мэтанакіравана. Тым не менш, грунтоўнае вывучэнне такіх прадметаў з улікам сучасных падыходаў абяцае яшчэ багата перспектыў для далейшай работы ў кірунку папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны.

Што ж тычыцца культурна-адукацыйных і масавых абрадавых мерапрыемстваў — супрацоўнікі музея заўжды імкнуцца ўразнастайніць спосабы іх правядзення, для чаго штогадовыя абрады з народнага каляндарнага цыкла праводзяць паводле ўзораў з розных рэгіёнаў краіны. Часам удаецца запрасіць для ўдзелу і носьбітаў традыцый — хаця, вядома, яны аддаюць перавагу святкаванню ў сваёй мясцовасці, і толькі часам могуць паўтарыць абрад у скансэне. Таксама рэканструкцыі абрадаў ладзяцца сіламі саміх супрацоўнікаў музея, але ў такіх выпадках заўжды падкрэсліваецца, што гэта толькі аднаўленне традыцыйных цырымоній.

Сувенір — уласнымі рукамі

Аб выкарыстанні традыцыйных рамёстваў у рабоце з навучэнцамі задумваюцца не толькі ў адзіным беларускім скансэне, але, напрыклад, і ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці. Выраб музычных інструментаў з дрэва — рамяство цяжкое і нават небяспечнае. А з дзецьмі працаваць, выкарыстоўваючы рэжучыя інструменты, не заўсёды лёгка. Тым не менш, дырэктар Круглянскага гісторыка-краязнаўчага музея Вія Гапаева распавяла, што гэтая ўстанова плённа супрацоўнічае з мясцовым майстрам Аляксандрам Харкевічам, чыё ўмельства атрымала статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці ў 2009 годзе.

З 2012 года ў музеі зладжаны праект “Музычных спраў майстар”, маецца калекцыя яго інструментаў, праводзяцца выставы і майстар-класы, музычныя інструменты з экспазіцыі можна нават памцаць і пайграць на іх, альбо замовіць экскурсію да самога майстра. У межах праекта “Музей у чамадане” ладзяцца выязныя выставы ў вёсках, дзіцячых садах, школах. У перспектыве плануецца правядзенне майстар-класаў для настаўнікаў працоўнага навучання: мяркуецца, што майстар можа навучыць іх рэзаць лыжкі і рабіць трашчоткі, а перадаць такія навыкі дзецям будзе ўжо не так складана.

А ў Быхаўскім раёне захоўваецца і папулярызуецца традыцыя вырабу саламяных павукоў. На базе Дзіцячай школы рамёстваў і мастацтваў у Быхаве ладзіцца фестываль “Саламяны павук”, а навучэнцы ў школах уключаныя ў дзейнасць па вырабе гэтых прыгожых твораў на ўсіх этапах — ад нарыхтоўкі саломы да стварэння самога павука. Паўстае, аднак, праблема з продажам павукоў у якасці сувеніраў — не ў апошнюю чаргу таму, што гэтыя крохкія і даволі аб’ёмныя саламяныя канструкцыі не надта зручныя для перавозкі. Тым не менш, існаванне пераемнасці традыцыі і навучанне школьнікаў гэтаму рамяству паспрыялі таму, што менавіта мясцовыя практыкі такога кшталту першымі трапілі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — хаця наогул вырабніцтва саламяных павукоў дужа пашыранае ў розных раёнах краіны.

Ці ўдасца ўратаваць абрад?

Усход краіны таксама прэзентаваны ў спісе жывой спадчыны адметнымі традыцыйнымі абрадамі. У вёсцы Наркі Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці штогод 13 ліпеня ладзіўся абрад “Бразгун”, прымеркаваны да ўшанавання святых апосталаў Пятра і Паўла. Хросная хада з абразом традыцыйна ішла некалькі кіламетраў з вёскі да крыніцы, дзе адбывалася асвячэнне вады. Сёння, аднак, мясцовая супольнасць сутыкнулася з праблемай адсутнасці пераемнасці: носьбіты традыцыі — людзі пажылыя, у вёсцы засталося жыць крыху больш за тры дзясяткі чалавек, таму ад хроснай хады цягам некалькіх кіламетраў пачалі адмаўляцца.

А ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці — падобная сітуацыя з вясновым абрадам “Ваджэнне і пахаванне стралы”, які быў зафіксаваны ў вёсцы Казацкія Балсуны і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў у 2007 годзе. На жаль, два гады таму гэтая традыцыя ў Казацкіх Балсунах спынілася, хаця ў суседняй вёсцы Стаўбун яна жыве і дагэтуль. Туды ў адпаведныя дні па-ранейшаму прыязджаюць госці, каб прыняць удзел у гэтым старадаўнім абрадзе. Наогул, страта адметнасцяў і пашырэнне тыповасці хрысціянскіх абрадаў усіх канфесій — праблема, на жаль, даволі распаўсюджаная ў розных рэгіёнах краіны.

Народная кулінарыя

Традыцыйную ежу выдатна папулярызуюць у Віцебскай вобласці на Браслаўшчыне. Як адзначыла метадыст Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Букіс, тут ладзіцца праект “Кулінарная спадчына Браслаўшчыны”, у аснову якога леглі сто семдзясят рэцэптаў, запісаных падчас фальклорных экспедыцый па раёне. Носьбітаў кулінарных традыцый прасілі прыгатаваць найбольш адметныя стравы, і гэты працэс фіксаваўся на камеру.

Відэавыпускі праекта размяшчаліся ў сацсетках, а ў перспектыве ёсць планы выдаць таксама адпаведную кнігу, якая будзе ўтрымліваць апісанне традыцыйных страў і гістарычную даведку аб іх паходжанні — бо толькі рэцэптаў клёцак на Браслаўшчыне налічваецца пяць варыянтаў з рознымі начынкамі і поліўкамі, у залежнасці ад мясцовасці. У тутэйшай кухні адчуваюцца ўплывы памежжа, а таксама этнічных груп, якія спрадвеку жывуць у раёне — напрыклад, стараабрадцаў-беспапоўцаў, праявы культуры якіх таксама рыхтуюцца да падачы на атрыманне статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Чым прывабіць замежных гасцей?

Свая спецыфіка і ў Гродзенскім раёне, які прадстаўлены ў спісе нематэрыяльнай спадчыны пяццю элементамі. Іх папулярызацыя выбудоўваецца навокал маршрутаў, звязаных з такім выдатным турыстычным аб’ектам, як Аўгустоўскі канал. У яго ваколіцах створаны ў Адэльску музей майстра драўляных музычных інструментаў Мар’яна Скраблевіча, дзе наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца як з гэтымі вытанчанымі вырабамі, так і з самім іх аўтарам. УАдэльску штогод 13 чэрвеня ладзіцца местачковы фэст святога Антонія, а 11 лістапада, у дзень ушанавання святога Марціна — Свята млынароў, што таксама спрыяе папулярызацыі жывой спадчыны раёна.

А ў музеі гарадскога пасёлка Сапоцкін можна пазнаёміцца з яшчэ адным тутэйшым элементам нематэрыяльнай спадчыны — пісанкай. Тут сабраныя адмыслова дэкараваныя велікодныя яйкі ад пятнаццаці майстроў з розных вёсак Сапоцкінскага сельскага савета. Музей мае экспазіцыі, прысвечаныя як традыцыйным пісанкам, так і сучасным тэхнікам іх дэкаравання. З кастрычніка 2018 да канца 2019 года згаданыя музеі наведалі васямнаццаць тысяч турыстаў, у тым ліку — пяць тысяч замежных, што выдатна сведчыць аб цікаўнасці гасцей краіны да нашых адметнасцяў і традыцый.

Як бачым, жывая спадчына краіны можа быць асязальнай і важнай для ўсіх. Варта толькі звярнуць належную ўвагу, зацікавіць шырокія колы — і адразу ж робіцца яснай яе карысць для ўсяго грамадства. Перадусім варта далучаць да народных традыцый моладзь, але, відавочна, не позна вяртацца да сваіх каранёў у любым узросце. Дзейнасць у гэтым кірунку яшчэ толькі пачынаецца, работы багата — кожнаму знойдзецца свая доля, усім і кожнаму на карысць.