Люстэрка мудрага кацяня

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Восень школьная, нарэшце, наступіла: у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адбылася доўгачаканая прэм’ера спектакля “У краіне нявывучаных урокаў”, жанрава пазначанага як “казачнае здарэнне”. Цалкам гатовы больш як месяц таму, ён цярпліва чакаў свайго выхаду да шырокай публікі. І вынік пераўзышоў спадзяванні.

/i/content/pi/cult/820/17544/14.jpgВядома, само імя Ігара Казакова, які выступіў аўтарам інсцэніроўкі і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, настройвала вельмі і вельмі аптымістычна. Ды ўсё ж раз-пораз закрадаліся сумневы: маўляў, ну што можна “выціснуць” з павучальнай гісторыі, вядомай не столькі па літаратурным арыгінале Ліі Гераскінай, колькі па даўнім савецкім мульціку пра безалабернага хлопчыка-гультая, не надта схільнага да вучобы. Ажно не: замест наўпрост выкладзеных маралізатарскіх сентэнцый, хай і прыхаваных гумарам, мы атрымалі папраўдзе шматмернае відовішча, дзе ёсць над чым задумацца — але ж і павесяліцца можна ўдосталь.

Спектакль пазначаны 6+, а насамрэч у поўнай меры з’яўляецца сямейным. Маленькім будзе цікава сама “карцінка” — яркая, рухомая, з мульцяшна-смешнымі відэапраекцыямі, добра зададзеным тэмпарытмам, адпаведным унутранаму стану няўрымслівых дашкольнікаў. Тыя дзеці, што паспелі набіць шышкі ці пашкодзіць зубкі з-за праславутага граніта навукі, знойдуць сваім “вучэнням-мучэнням” псіхалагічную падтрымку. Бо настаўніца, якая носіць свой стол, бы крыналіны шырокай спадніцы, далёкая ад ідэалаў сусветнай педагогікі: тлумачыць-распавядае так, што зразумець хоць якое адно слова ў ейным вымаўленні абсалютна немагчыма. Арыфметычныя задачы — бязглуздыя, далёкія ад тэхнічнага прагрэсу. Аднакласнікі-зубрылы — шэра-чорна-белыя, ніякаватыя, пазбаўленыя індывідуальнасці. Дый бацькі не застаюцца па-за крытыкай: яны цікавяцца выключна знешнім раскладам школьных падзей, хвалююцца з-за двоек, ды не даследуюць іх прычыны, не імкнуцца дапамагчы свайму дзіцяці.

Дарэчы, гэта далёка не адзінае, што прыцягне ўвагу старэйшых: па спектаклі шчодра параскіданы спасылкі-“падказкі” для дарослых. Не засумуюць і самыя злосныя крытыкі, выхаваныя на канцэпцыйным мастацтве, сімвалічнай значнасці кожнай дэталі і вечна прагнуць актуальнасці ды новых ідэй.

Дзеянне вабіць лёгкасцю, нязмушанасцю выкладання, неверагоднай энергетыкай, што сыходзіць ад артыстаў, якія ледзь паспяваюць пераўвасабляцца ва ўсё новых персанажаў, не страчваючы агульнай ансамблевасці ігры. Задзейнічаны адзін склад, чаргуюцца толькі выканаўцы цэнтральнай ролі — Віці Перастукіна. Першы спектакль быў аддадзены спрактыкаванаму Валерыю Зяленскаму. У другім — ускудлачаным хлопчыкам паўстаў Аляксей Сянчыла, які амаль 15 гадоў служыў мастацтву ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, багата здымаўся ў кіно і, нарэшце, надзвычай паспяхова дэбютаваў цяпер яшчэ і з лялькай у руках.

Харызматычнасці сцэнічнай дзеі надаюць таксама трапныя музычныя этыкеткі-шыльдачкі, своеасаблівыя тэгі-“эмблемы”, заснаваныя на паўторах даволі простых, але кідкіх, запамінальных інтанацыйна-рытмічных зерняў (кампазітар — Дзяніс Кудраўцаў). Шырмы-панэлі на колцах дзейнічаюць па прынцыпе шафы-купэ, імгненна змяняючы дэталі сцэнаграфіі. На тых “амаль школьных” дошках, аздобленых моднай, зручнай для сучасных інтэр’ераў магнітнай фарбай, можна і мелам пісаць, хутка сціраючы намаляванае, і чапляць якія-небудзь фігуркі-дэталі. Лялькі і прыстасаванні — самыя разнастайныя па тыпах і канструкцыях (мастак — Таццяна Нерсісян). Дзве лесвічкі, тканіна — і мы пакутуем ад смагі ў спякотнай пустэльні. Праз усю сцэну, бы гуллівыя парасончыкі, круцяцца гэткія пярэстыя “кветнікі-круцёлкі”, дзе змяшаліся не класічныя коні-людзі, а ногі ды мячы — і нам перадаецца шалёны драйв дзіцячых футбольных баталій. З-за куліс выглядаюць вялізныя “часткі целаў” бацькоў — і мы напоўніцу ўсведамляем гендарную праблематыку. Бо ў маці — адразу чатыры рукі, і ўсе заняты швабрамі-анучамі-патэльнямі, штосьці мыюць-драюць-гатуюць. А тата — прабачце, увогуле без рук: у поўным сэнсе слова, “бязрукі”. З’яўляюцца крыху шаржыраваныя, але такія жывыя Пушкін, Гогаль, Талстой — і цалкам разбураюць міф пра састарэласць хрэстаматыйнай класікі. Дый беспрытульныя ногі “паловы землякопа” як ажыўленае ўвасабленне няправільна вырашанай задачкі — відавочны напамін пра супрэматызм пачатку ХХ стагоддзя.

Хапае ў спектаклі і іншых разыначак. Але ўсе гэтыя тэатральныя вынаходніцтвы ніколькі не зацямняюць асноўную думку: чалавек сам адказны за свой лёс і павінен будаваць яго самастойна, прыкладаць уласныя намаганні, а не наракаць на складанае дзяцінства, недапрацоўкі дарослых, іншыя перашкоды. Гэты пасыл адрозніваецца ад традыцыйных школьных запаветаў (быць паслухмяным, рабіць урокі і ўсё астатняе, што загадаюць настаўнікі і бацькі), але вельмі блізкі пратэстантысцкім ідэям, што спавядаў калісьці Францыск Скарына.

Нецярпліва разважлівы Кот (Цімур Муратаў) становіцца не проста дарадчыкам, выклікаючы ў памяці знакамітае пушкінскае выслоўе “кот вучоны”. Ён, па сутнасці, alter ego хлопчыка, яго сапраўднае ўнутранае “я”, якое цягам казачных (а насамрэч, даволі жыццёвых) выпрабаванняў мацнее ды сталее. Невыпадкова ж, патрапіўшы ў казку, яны змяняюцца: Кот узрастае да агромністых памераў, Віця ж, які дагэтуль увасабляўся жывым планам, паўстае невялічкай планшэтнай лялькай.

Дык каму патрэбны тыя ўрокі — вывучаныя і нявывучаныя? Не настаўнікам і не бацькам — толькі нам самім. У педагогіцы гэта называецца матывацыяй, а ў тэатры… Не скажу: прыходзьце і самі паглядзіце.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"