Тайнапіс будзёнай звышрэальнасці

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

У Мінску, на адной з лепшых выставачных пляцовак — Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — экспануюцца творы Сальвадора Далі. Сказалі б мне такое ў часы, калі я быў студэнтам — не паверыў бы, што такое ўвогуле калі-небудзь адбудзецца. Аднак жа, ёсць… Змяняецца свет, і ў нейкіх праявах нават станоўча. Адно, што вельмі марудна.

/i/content/pi/cult/820/17539/5.jpgСавецкі Саюз нагадваў Японію часоў Сярэднявечча, з той хіба розніцай, што Японія — гэта адносна невялікая астраўная дзяржава, а СССР займаў адну шостую частку зямной сушы. Абедзве дзяржавы развіваліся ва ўмовах культурніцкай ізаляцыі, праз гэта набылі нават пэўную самабытнасць і ў чымсьці ўнікальнасць. Але калі ім адкрыўся вялікі свет, дык відавочным стаў перагляд пазіцый шмат у якіх сферах, у тым ліку ў культуры і мастацтве. Асабіста я рэпрадукцыі твораў Сальвадора Далі пабачыў упершыню толькі недзе напачатку 70-х. Дагэтуль былі нейкія чорна-белыя кепскага друку карцінкі ў кнігах, мала хто з савецкіх адмыслоўцаў бачыў арыгіналы мэтраў тагачаснага мастацтва Захаду, але ж тым не менш яму чамусьці прадракалі хуткую і пакутлівую смерць.

/i/content/pi/cult/820/17539/6.jpgТады, у пачатку 70-х, я быў так уражаны жывапісам генія сюррэалізму, асабліва ягонымі карцінамі на хрысціянскую тэматыку — найперш “Таемнай вячэрай”, што думаў: вось і скончылася мастацтва, дасягнуўшы дасканаласці. Далей рухацца няма куды. Згадаўся нават дэвіз Іспаніі часоў Сярэднявечча “NON PLUS ULTRA” — “Далей нічога”. (Праўда калі адкрылі Амерыку, гэтая тэза змянілася на “PLUS ULTRA” — “Усё наперадзе” ). Ну, а сёння класічны сюррэалізм — гэта ўжо частка нашай свядомасці і менталітэту. Пра гэта сведчыць наяўнасць на выставе твораў беларускіх мастакоў, творчасць якіх пазначана сюррэалістычнымі рысамі.

Выставачны праект мае назву “Сальвадор Далі. Тайнапіс”. Экспануюцца арыгінальная графіка мэтра з прыватных галерэй Еўропы і Злучаных Штатаў. Гэта літаграфіі з нізкі “Кармен”, “Аліса ў Краіне Цудаў”, “Далініанскія коні”, а таксама ілюстрацыі да аповесці Пэдра да Аларкона “Трохкутка” і трыпціх “Трылогія любові”. З майго боку было вялікай смеласцю каменціраваць гэтыя творы, даваць ім ацэнку. Але магу ўпэўнена казаць: за тайнапісам Сальвадора Далі схаваныя праявы звычайнага жыцця — усё тое, з чым вы сутыкаецеся штодня і не лічыце гэта чымсьці асаблівым. Канешне ж каханне, любоў — тэма не абы якая, але і тут па сутнасці няма ніякай фантастыкі. Калі пільна ўгледзіцца.

Беларуская “звышрэальнасць” прадстаўлена творамі Юрыя Анушкі, Хізры Асадулаева, Максіма Петруля, Яўгеніі і Канстанціна Мужавых, Ліліі Нішчык, Уладзіміра Слабодчыкава, Аляксанра Шапо і яшчэ шэрагу творцаў. Збольшага гэта работы, да якіх наша культурніцкая грамада прызвычаілася, і сёй-той можа нават быў бы здзіўлены, даведаўшыся, што гэта “сюррэалізм” — той самы, што вядзе пачатак ад каталонскага генія. Можа каму цікава, каталонцы ім ганарацца, але не могуць яму дараваць, што іх славуты зямляк “прадаўся” Іспаніі замест таго, каб стаць сцягам-сімвалам для пакутнай Айчыны. Ну, не нам судзіць…

Сюррэалізм на гэтай выставе, так бы мовіць, хатні, камфортны і звыклы. Адно слова — класіка. Гэта тое, што ўжо адбалела. А калі вам трэба сапраўдны авангард, надзённая звышрэальнасць, з якой нараджаецца будучыня, проста прыгледзьцеся да штодзённай рэальнасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"