Пяць гадоў у цэнтры сучаснага мастацтва

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Выстава, прысвечаная 5-годдзю Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, зараз праходзіць на галоўнай пляцоўцы ўстановы па вуліцы Някрасава ў Мінску. Падводзяцца вынікі першай пяцігодкі, згадваюцца самыя цікавыя і значныя праекты, аддаецца даніна павагі гісторыі будынку і мастакам, што напаўнялі гэтыя сцены сваёй таленавітай творчасцю.

/i/content/pi/cult/820/17537/1.jpgДарэчы, выстава, што адкрылася 1 кастрычніка (а менавіта ў гэты дзень роўна пяць гадоў таму ўтварыўся Цэнтр), насамрэч карыстаецца папулярнасцю ў наведнікаў. І сярод іншага гэта сведчыць пра тое, якое значнае месца НЦСМ заняў у сталічным і ўвогуле ў беларускім мастацкім асяроддзі, сведчыць, што ён сапраўды стаў цэнтрам прыцягнення для творцаў і іх паклоннікаў. На сённяшні дзень гэта буйнейшая дзяржаўная ўстанова, якая вядзе актыўную работу па вывучэнні, экспанаванні і папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва.

Мастакоў гэты будынак па адрасе Някрасава, 3 прыцягваў здаўна. Менавіта тут месціліся так званыя “творчыя майстэрні Савіцкага” — ініцыятарам пабудовы адмысловага будынку быў народны мастак СССР і Беларусі Міхаіл Савіцкі. Ён жа і кіраваў майстэрнямі на працягу амаль 30 гадоў. Якраз гэты факт быў пакладзены ў падмурак канцэпцыі юбілейнай праграмы — можна сказаць, што экспазіцыя пачынаецца з залы, дзе працаваў сам Міхаіл Андрэевіч. Там сярод архіўных фотаздымкаў, прадстаўленых Музеем гісторыі горада Мінска, можна ўбачыць і шэраг карцін майстра. Адна яго праца належыць уласна НЦСМ, астатнія на час выставы ўзятыя з фондаў Музея Мінска. Прычым гэтыя працы раней практычна не выстаўляліся, іх мала хто бачыў, і вось цяпер з’явілася такая магчымасць.

/i/content/pi/cult/820/17537/2.jpg— Для гістарычнага блоку экспазіцыі мы запісалі шэраг інтэрв’ю з мастакамі, што калісьці праходзілі тут стажыроўку, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік НЦСМ Вольга Вішнёва. — І ў гэтых інтэрв’ю яны называюць тагачасныя майстэрні раем, ідэальным месцам. Бо калісьці маладым мастакам пасля Акадэміі на тры гады бясплатна даваліся памяшканне, матэрыялы для творчасці, натурныя гадзіны. Больш за тое, ім тут плацілі зарплату — толькі працуй, толькі стварай. Па сутнасці, гэта было тое, што цяпер называюць residence program.

Асноўная частка выставы — рэтраспектыўны агляд зробленага. Зразумела, адлюстраваць усе амаль 300 праектаў, што адбыліся цягам гэтых пяці гадоў, было немагчыма, але пра многія значныя вехі дзейнасці — ці карцінамі, ці плакатамі, ці фотаздымкамі — узгадаць атрымалася. “Гэта канцэнтрацыя мастацкіх выказванняў, ідэй і сэнсаў, якія мастакі трансліравалі ў залах НЦСМ”, — так самі арганізатары прадстаўляюць выставу.

/i/content/pi/cult/820/17537/3.jpg— Мы адзначылі нашыя вялікія міжнародныя праекты, — расказвае намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Алеся Іназемцава. — Цэнтр некалькі разоў удзельнічаў у падрыхтоўцы беларускага павільёна Венецыянскіх біенале, праводзілі мы Трыенале сучаснага мастацтва, прымалі ўдзел у арганізацыі Дзён культуры Беларусі ў іншых краінах. Адзначылі выставы, праведзеныя пры падтрымцы пасольстваў, з якімі ў нас моцныя творчыя сувязі, напрыклад Літвы і Латвіі, — латвійскі арт-цэнтр Марка Роткі штогод да нас што-небудзь прывозіць. Таксама нямала мы працавалі з пасольствамі Аўстрыі, Германіі, Іспаніі, Польшчы, Японіі і іншымі.

Узгаданы і самы першы праект новаўтворанага НЦСМ. Называўся ён “Закрома” і праходзіў на другой пляцоўцы Цэнтра па Незалежнасці, 47. Сэнс быў у тым, што наведнікам у пэўны час можна было самім заходзіць унутр фондаў і музейных сховішчаў, і там глядзець карціны і іншыя творы. Бо Цэнтр па сутнасці быў утвораны з дзвюх устаноў, якія займаліся выставачнай дзейнасцю і ўжо мелі фонды: у адну арганізацыю зліліся Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і Творчыя майстэрні.

Не толькі фотаздымкі, банеры і плакаты як успамін пра здзейсненыя праекты можна ўбачыць на выставе, але і самі карціны ці іншыя творы з ліку тых, што былі падораны Цэнтру мастакамі. Прайсціся па залах — гэта як прайсціся па летапісе мінулых пяці гадоў.

А адна зала вартая асобнага згадвання, яна як трэці кіт юбілейнай выставы. У ёй многа фотаздымкаў, а на іх многа вядомых твараў — саміх творцаў і наведнікаў НЦСМ.

— Гэтая зала ў нас самая пазітыўная, яна напоўненая эмоцыямі, — гаворыць Алеся Іназемцава. — У адмысловым фатаграфічным праекце мы прадставілі два бакі ўдзельнікаў культурнага працэса: з аднаго боку мастакоў і тых, хто рыхтуе выставы, — куратараў, супрацоўнікаў Цэнтра, з другога — тых, хто глядзіць на мастацтва, хто яго ўспрымае. І фота не рэпартажныя, галоўнае — эмоцыі, рэакцыі, акцэнт зроблены менавіта на іх.

Днямі на Някрасава, 3 адкрылася і новая выстава — набыткаў музейнага збору НЦСМ “Трыццаць тры творы”, якая працягвае тэму падвядзення вынікаў працы першых пяці гадоў. Тут прадстаўлены работы, што былі закупленыя ў фонд Цэнтра як пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскіх конкурсаў, работы, за якія прагаласавалі гледачы ці якія высока ацанілі эксперты, і гэтак далей. У сэнсе, гэта не выпадковы збор, а калекцыя таго, што раней так ці інакш ужо было адзначана. Тут і жывапіс, станковая графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І не толькі класіка, але, напрыклад, і абстрактны экспрэсіянізм, і эксперыментальная скульптура. Мноства знакамітых імёнаў у спісе творцаў: Генадзь Мурамцаў, Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Тоўсцік, Глеб Отчык, Андрэй Басалыга і многія іншыя. Гэтая калекцыя вартая не кароткага згадвання, а падрабязнага расповеду, і на старонках нашай газеты вы яго, пэўна, убачыце. Неўзабаве ў планах Цэнтра і аналагічны праект, складзены з твораў, якія былі падораныя ўстанове мастакамі пасля правядзення выстаў. Там таксама можна будзе ўбачыць нямала адметнага.

З гэтага тыдня ў НЦСМ пачалася і серыя аўтарскіх экскурсій. Кожную сераду, пятніцу і суботу куратары выстаў будуць ладзіць тэматычныя праграмы. Паводле слоў Алесі Іназемцавай, гэта не класічныя экскурсіі, а хутчэй такія музейныя сустрэчы, пад час якіх можна будзе пагутарыць, абмеркаваць убачанае, задаць пытанні. Увогуле, Цэнтр шчыльна працуе над падрыхтоўкай адукацыйных праграм і зараз прадумвае, якім чынам у перыяд пандэміі найбольш небяспечна іх арганізаваць. Але ў будынку на Някрасава высокія столі, многа паветра, да таго ж гаворка вядзецца пра невялікія групы ўдзельнікаў. І на самую малодшую аўдыторыю наведнікаў пільныя погляды супрацоўнікаў НЦСМ таксама скіраваныя: гэта адзін з найбольш важных для развіцця накірункаў дзейнасці — прыцягненне да мастацтва дзяцей і падлеткаў.

Юбілейная тэма сёлета яшчэ неаднойчы будзе згадвацца ў гэтых сценах. І завершыцца год вельмі адметнай падзеяй, якая, відавочна, будзе і вельмі гучнай. Намеснік дырэктара НЦСМ Алеся Іназемцава ўжо адкрыла нам навагодні сакрэт:

— Мы думаем, што гэты праект наша публіка ўспрыме як сапраўдны навагодні падарунак: на пляцоўцы па праспекце Незалежнасці адкрыецца выстава “Лінія кахання. Эратызм у творчасці вялікіх майстроў XX стагоддзя”. Дастаткова сказаць, што сярод іншага будуць работы і Пабла Пікаса. Не застануцца забытымі і беларускія мастакі — іх творы з эратычнай тэматыкай гледачы таксама ўбачаць.

Выстава, прысвечаная 5-годдзю Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, доўжыцца да 15 лістапада. Паўтаруся — толькі што адкрылася і новая экспазіцыя з лепшых твораў беларускіх мастакоў, якія НЦСМ набыў за час сваёй дзейнасці. Па серадах, пятніцах і суботах зараз праходзяць аўтарскія куратарскія экскурсіі. Такім чынам, ёсць многа нагод зазірнуць у гэты ўтульны будынак па адрасе Мінск, вуліца Някрасава, 3.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ