Па слядах даследчых экспедыцый

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Этнаграфічныя багацці Брэстчыны
Сёлета сваё 70-годдзе адзначае Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. І першым з мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею, стала выстава “Па слядах музейных экспедыцый”, на якой прадстаўленыя ўнікальныя і найцікавейшыя экспанаты з багатай этнаграфічнай калекцыі музея, сабранай у рэгіёнах Брэстчыны. І мы “зазірнём” на гэтую выставу, каб даведацца, чым раней жылі людзі, як апраналіся, якія шэдэўры традыцыйнага мастацтва стваралі. А яшчэ — які працавіты і таленавіты народ, паводле слоў укладальнікаў экспазіцыі, тут жыў і якія ў яго былі эталоны прыгажосці.

/i/content/pi/cult/819/17535/014.jpgАбласны краязнаўчы музей, утвораны ў 1950 годзе, — адзін з найстарэйшых у Брэсцкай вобласці. Менавіта ў 50-я гады пачалі збірацца калекцыі, у тым ліку і этнаграфічная: супрацоўнікі музея паехалі па мястэчках і вёсачках Брэстчыны, забіраліся ў самыя аддаленыя куткі свайго рэгіёна і прывозілі адтуль мноства рарытэтаў. У тыя часіны яшчэ можна было знайсці нямала рэчаў, датаваных нават канцом XIX стагоддзя: на выставе, што зараз працуе ў музеі, частка такіх рарытэтаў прадстаўлена.

Увогуле, этнаграфічная калекцыя складалася адной з першых, а зараз ёсць і археалагічная, і нумізматычная, і калекцыі жывапісу, іканапісу і многія іншыя — усяго 23. У фондах музея да 175 тысяч прадметаў.

— Якраз у першыя гады і дзесяцігоддзі існавання музея ў нас ішла найбольш плённая і насычаная збіральніцкая дзейнасць, — расказвае загадчыца навукова-метадычнага аддзела Вольга Новікава. — І мы захацелі прадэманстраваць вынікі працы нашых супрацоўнікаў, паказаць тое, што характэрна менавіта для Брэстчыны, і чым у плане матэрыяльнай культуры мы адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў Беларусі.

Канешне, і зараз музейшчыкі выязджаюць у экспедыцыі, аднак з ходам часу нічога не зробіш — цяпер ужо не так часта ўдаецца знайсці нешта аўтэнтычнае, унікальнае. Але назапашана вельмі многае.

Самымі даўнімі па часе — з канца XIX — пачатку XX стагоддзя — на выставе “Па слядах музейных экспазіцый” у першую чаргу з’яўляюцца прадметы ткацтва: касцюмы маларыцкага і кобрынскага строяў, святочны касцюм замужняй жанчыны, рушнікі з Пінскага раёна. Такі ж старадаўні на выставе і калодны вулей.

— Калодны вулей, на мой погляд, найкаштоўнейшы экспанат, — расказвае Вольга Новікава. — Бортніцтва, як вядома, адзін з самых старажытных промыслаў славян — дзікіх пчол калісьці разводзілі ў борцях у ствалах дрэваў, крыху пазней з’явіліся ўжо і калодныя вуллі. Але цяпер падобны знайсці і ўбачыць — сапраўдная ўдача. А на нашай выставе не новаствораны сучасным майстар вулей, а менавіта што старадаўні, сапраўдны — са Столінскага раёна. У гэтым вуллі пчолы жылі і збіралі мёд яшчэ 100 гадоў таму.

Да ліку найбольш даўніх экспанатаў належыць і драўляны посуд — у цяперашнім ужытку такі ўжо і не сустрэнеш. Гэта разнастайныя карцы, каўшы-выліўкі — ці вылывкі, як гэта гучыць у мясцовых гаворках. Каўшы-выліўкі па асноўным прызначэнні выкарыстоўваліся для вычэрпвання вады з лодак, але ж дапамагалі, напрыклад, і насыпаць зерне. Асаблівай увагі вартыя разныя камянецкія прасніцы. На нашай беларускай тэрыторыі падобная з’ява даволі рэдкая, у адрозненне ад русскай Поўначы ці Закарпацця, — такія прасніцы выраблялі ў даволі кампактным арэале, супадаючым межамі з Камянецкім раёнам. На лопасцях прасніцы, на якія мацуецца кудзеля, выразаліся багатыя на сюжэты ўзоры — і не дзеля нейкай утылітарнай карысці, а дзеля прыгажосці.

— Гэта выдатныя ўзоры дэкаратыўнай беларускай разьбы, — працягвае расповед Вольга Новікава. — У старадаўнія часы было прынята ўпрыгожваць прадметы, звязаныя менавіта з нейкім жаночым заняткам, жаночай працай, вось і прасніцы набывалі такі мастацкі выгляд. Хаця пад час працы за кудзеляй узораў ужо і не было бачна, але ж падобныя прасніцы часта выкарыстоўваліся ў якасці падарункаў. Акрамя ўсяго, узоры мелі важнае сімвалічнае значэнне — у аснове кампазіцыі традыцыйна былі салярныя знакі, кругі, разеткі.

На выставе прадстаўлена прыкладна 150 экспанатаў, і большасць з іх, як ужо было сказана, — старадаўнія, аўтэнтычныя прадметы побыту жыхароў Брэстчыны. Але ёсць і даволі арыгінальныя экспанаты — аўтарскія творы, якія выклікаюць вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва ў дзяцей. Гаворка пра сюжэтныя кампазіцыі з дрэва, лазы і саломкі народнага майстра Мікалая Тарасюка з вёскі Стойлы Пружанскага раёна. Мікалай Васільевіч пражыў доўгае і цікавае жыццё, пакінуў свет пяць гадоў таму. Ён быў апошнім жыхаром сваёй роднай вёскі. На выставе размешчаны чатыры такія сюжэтныя сцэнкі — будаўніцтва дома, сялянскі двор, вяселле, у царкве. Гэты майстар унікальны тым, гаворыць Вольга Новікава, што не так звяртаў увагу на пластычны бок сваіх твораў, на прапорцыі і да таго падобнае, як на дакладную атрыбутыку сялянскага побыту — прапрацоўваў усё да самых малых дробязей. Кампазіцыі Мікалая Тарасюка — яскравы прыклад наіўнага рэалізму ў беларускім традыцыйным мастацтве, убачыць іх можна ў многіх музеях свету, ды — і ў мінскіх, і ў Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Калісьці першымі на народнага майстра звярнулі ўвагу якраз супрацоўнікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, неаднойчы ездзілі з экспедыцыямі ў вёску Стойлы. І там на хутары, у асобным будынку Мікалаем Васільевічам быў створаны сапраўдны музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, у якім можна было паглыбіцца ў абсалютна іншую рэальнасць, перанесціся ў часе на сто і болей гадоў таму.

Нягледзячы на агульныя з усімі іншымі рэгіёнамі Беларусі характэрныя рысы, тра-

дыцыйнае мастацтва, прадметы побыту, адзенне і посуд Брэстчыны ўсё ж маюць свае адметныя асаблівасці. Канешне, у колерах пераважаюць, як і паўсюдна, нашы спрадвечныя белы і чырвоны колеры з элементамі чорнага. Але менавіта Брэстчына адрозніваецца, напрыклад, найбольш архаічнымі формамі ўзораў. Менавіта Берасцейская зямля, Заходняе Палессе лічацца ўнікальным у этнаграфічным сэнсе рэгіёнам, бо па сваёй геаграфіі і па волі гісторыі ён быў даволі доўгі час ізаляваны, і ўсе новыя павевы сюды пранікалі нашмат пазней — а гэта значыць, што ўсё старадаўняе і аўтэнтычнае захоўвалася лепей. І на выставе ў музеі можна ўбачыць вельмі прыкметныя пінскія паласатыя рушнікі, убачыць той архаічны лінейны арнамент, якім вызначаецца менавіта Брэстчына, — тут ён найбольш доўга выкарыстоўваўся і не забываўся. Дольш чым у астатніх мясцінах у брэсцкіх вёсках насіліся наміткі — жаночыя галаўныя ўборы з тонкага белага кужэльнага льнянога палатна, і былі яны, ізноў жа, з найбольш архаічнай сімволікай. А чым яшчэ адметны брэсцкі рэгіён, як адзначае загадчыца навукова-метадычнага аддзела Вольга Новікава, дык гэта багаццем сваіх мясцовых этнаграфічных, так бы мовіць, падрэгіёнаў, вялікай амплітуднасцю і разнастайнасцю традыцый у межах адной Брэсцкай вобласці. Нават па адзенні заходняя Брэстчына выразна адрозніваецца ад усходняй — першая больш зведвала ўплыў заходнееўрапейскіх традыцый і павеваў. Напрыклад, падвойныя дываны, якімі славіцца гродзенскі рэгіён і суседнія польскія, на Брэстчыне характэрны толькі для двух раёнаў — Камянецкага і Пружанскага.

— Я даўно курырую нашу этнаграфічную калекцыю, і адразу магу адрозніць прадметы з розных раёнаў Брэскай вобласці, — зазначае Вольга Новікава. — Асабліва гэта тычыцца тканых вырабаў. Выразна бачная розніца паміж іванаўскім, пінска-івацэвіцкім, маларыцкім і іншымі строямі.

Дарэчы, музейныя супрацоўнікі нярэдка выказваюць пажаданні, каб тыя, хто цяпер выкарыстоўвае народныя касцюмы на розных святах і іншых падобных мерапрыемствах, з большай увагай і адказнасцю ставіліся да адпаведнасці гэтых строяў мясцовай традыцыі — маглі б зайсці, напрыклад, у краязнаўчы музей і пацікавіцца. Бо падчас можна ўбачыць нешта зусім не маючае дачынення да гістарычнай праўды. На юбілейнай выставе “Па слядах музейных экспедыцый” якраз дэманструюцца чатыры строі з існуючых на Брэстчыне сямі. Асабліва вылучылі арганізатары выставы дамачаўскі строй з гарсэтам. Менавіта дамачаўскія гарсэты вызначаліся прафесіяналізмам выканання, багаццем і складанасцю ўбрання. Лішне казаць, што ўвесь гэты жаночы дамачаўскі касцюм — арыгінальны, старадаўні. Акрамя адной дэталі — каптура: яго на Берасцейскай зямлі проста ўжо не атрымалася знайсці. Але Галіна Рудніцкая, што ўзначальвае ў Саюзе майстроў народнай творчасці секцыю вышыўкі, рэканструявала каптур па арыгіналах з суседніх польскіх музеяў і падарыла Брэсцкаму краязнаўчаму.

А хто не чуў пра славутыя бездзежскія фартушкі? Імі славілася — ды й славіцца — вёска, а цяпер аграгарадок Бездзеж у Драгічынскім раёне. Бездзежскія фартушкі, як і ўвогуле ткацтва ў гэтай этнаграфічнай зоне, адметныя сваёй проста ювелірнай тонкасцю вырабу — фартушкі, напрыклад, шыліся з палатна, складзенага з трохсот ільняных нітачак, якія павінны былі свабодна праходзіць праз пярсцёнак. Нават самое палатно ўражвае, а на ім жа была яшчэ і выкшталцоная вышыўка! Бездзежскія фартушкі на выставе ў Брэсцкім краязнаўчым музеі таксама прыцягваюць позіркі наведнікаў.

Зразумела, расказаць у адным газетным артыкуле пра ўсе паўтары сотні экспанатаў немагчыма — выстава “Па слядах музейных экспедыцый” адкрыта для наведнікаў да 10 лістапада. Але хутчэй за ўсё — бо цікавасць ёсць — яна будзе працаваць і да канца юбілейнага для музея года. Запланаваны і шэраг іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.