Стваральнікі тоеснасці

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Некалькі слоў ад узнагароджаных з нагоды Дня работнікаў культуры

/i/content/pi/cult/819/17534/1.jpegПлён досведу

Анастасія ШЫРАЙ, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы “Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага”:

“Я працую ў тэатры імя М.Горкага з 2007 года, амаль адразу пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, вучылася па спецыяльнасці “Арганізацыя і кіраванне тэатральнай дзейнасцю”. У 2019 годзе таксама паспяхова прайшла навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у магістратуры факультэта інавацыйнай падрыхтоўкі Інстытута кіраўнічых кадраў. Маю ступень магістра кіравання.

Заўсёды я стараюся нямала часу таксама аддаць самаразвіццю і адукацыі. Безумоўна, цікаўлюся ўсім тым, што тычыцца маёй прафесійнай дзейнасці. У 2007 — 2008 гадах двойчы прымала ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі “Новыя тэхналогіі тэатральнага менеджменту” (Расія, Санкт-Пецярбург). У 2014 годзе неаднаразова працавала ў складзе дэлегацыі маладых прадстаўнікоў навукова-адукацыйных колаў краін постсавецкай прасторы ў Міжнародным культурным форуме “Культура і інвестыцыі: рэгіянальны аспект” (РФ, Масква, Ульянаўск). А ў 2018 годзе мяне запрасілі ўжо ў якасці ўдзельніка Форуму тэатральных менеджараў “Месца дзеяння” (актуальныя прадзюсарскія практыкі) у Санкт-Пецярбург.

Дзякуючы роднаму тэатру, міжнародным стасункам вопыт працы я маю неблагі, але ж і пастаянна яго ўдасканальваю.

/i/content/pi/cult/819/17534/2.jpegУважліва ды творча

Васілій ЗАРУБА, начальнік аддзела культуры Столінскага раённага выканаўчага камітэта:

“З красавіка 1989 года — я начальнік аддзела культуры Столінскага раённага выканаўчага камітэта. То-бок працую даўно, але ж заўсёды стараюся падыходзіць да даручанай справы з прафесіяналізмам ды з сэрцам, з павагай да людзей, вельмі люблю самадзейную творчасць, таму і дапамагаю яе развіццю.

Пры маім непасрэдным удзеле ў раёне праводзіліся абласныя святы “Дажынкі”, Міжнародныя пленэры ганчароў, святы гарадоў і вёсак. Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы раёна былі прызнаныя лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, ўдастоены звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, а зараз шмат хто з іх з`яўляецца пастаянным удзельнікам Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

У 2015 годзе я ўзначальваў дэлегацыю на Сусветнай выставе “ЭКСПА — 2015” у Мілане (Італія), а ў 2017 годзе — на Сусветнай выставе “ЭКСПА — 2017” у Астане (Казахстан). Фактычна прадстаўляў краіну па-за яе межамі.

Жыццё ёсць жыццё, таму ў сферы культуры і маладзёжнай палітыкі даводзіцца актыўна супрацоўнічаць і на трансгранічным і міжрэгіянальным узроўнях. Лічу гэта важным элементам развіцця грамадзянскай супольнасці.

Ну, што яшчэ сказаць? У пачатку 2019 года быў падпісаны Дагавор аб адкрыцці ў Давыд-Гарадку балетнага класа — першага ў Беларусі філіяла “Імперскага рускага Балета” Гедэмінаса Таранды. А ў снежні 2019 года Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці — “Традыцыя шчадравання “Конікі” ў Давыд-Гарадку”.

Так што патрошку працуем, ствараем новыя тыпы ўстаноў культуры, час ад часу паляпшаем кадравы склад, праводзім работу і па рамонце ўстаноў культуры. Карацей кажучы, да кожнай справы падыходзім з увагай і творчасцю”.

Мой лёс

/i/content/pi/cult/819/17534/3.jpegАляксандр ПАРФЯНОВІЧ, вядучы майстар сцэны Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск):

“Фактычна ўсё сваё жыццё я прысвяціў тэатру. Тэатр — гэта мой галоўны сэнс, без яго я наогул не ўяўляю, як бы склаўся мой лёс. Ну што я магу яшчэ дадаць? Няхай лепш нехта іншы скажа за мяне…”

З характарыстыкі Аляксандра Парфяновіча, прысланай ад імя дырэктара ўстановы культуры “Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск)” Веранікі Вінель:

“Парфяновіч А.А. уяўляе з сябе ўнікальнага артыста, які стаў знакавым для тэатра, неардынарнай асобай для беларускага тэатральнага мастацтва. Яго ўменне глыбока пранікаць ва ўнутраны свет вобразаў, непараўнальнае сцэнічнае і чалавечае абаянне, высокія прафесійныя і асабістыя якасці ставяць Аляксандра Аляксандравіча ў шэраг выбітных беларускіх артыстаў.

Ён стварыў больш за 150 роляў рознага плана… За кожным вобразам праглядаецца складаны чалавечы лёс з уласцівымі толькі гэтаму чалавеку рысамі. Артыст здольны як на ўвасабленне гумарыстычных і сатырычных роляў, так і роляў трагічнага плана.

За час працы разам з тэатрам ён аб’ездзіў практычна ўсю Беларусь, а таксама многія гарады і вёскі Украіны і Расіі. І заўсёды Парфяновіч А.А. — самы вядомы і любімы гледачамі. Папулярнасць, творчы і чалавечы аўтарытэт, каханне, давер і поспех — нязменныя спадарожнікі артыста.

Акрамя прафесійнай дзейнасці, А.А.Парфяновіч вядзе вялікую грамадскую работу, ён з’яўляецца старшынёй першаснай арганізацыі тэатра ГА “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў”, членам мастацкага савета тэатра. Ён праводзіць шматлікія творчыя сустрэчы з гледачамі, удзельнічае ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах…

Жыццё А.А. Парфяновіча цесна звязанае з кінематографам. Яркая індывідуальнасць і высокі прафесіяналізм прыцягваюць кінарэжысёраў. Артыст зняўся ў стужках, у якіх стварыў цікавыя яркія вобразы. З 2008 года па 2010 год ён меў значныя ролі ў фільмах: “Браты Карамазавы” (Рыгор), “Пелагея і белы бульдог” (Герасім), “Дэтэктыўнае агенцтва” (Шульц), “Замах” (Метрдотель), “Капітан Гардзееў” (Коньсерж), “Рыжык” (Захавальнік кнігі Ценяў) і іншыя.

Аляксандру Аляксандравічу ўласцівыя такія рысы, як дысцыплінаванасць, ініцыятыўнасць, прыстойнасць, тактоўнасць у адносінах да людзей”.

/i/content/pi/cult/819/17534/4.jpegВеды, уменні...

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “ДЗІЦЯЧАЯ МУЗЫЧНАЯ ШКОЛА МАСТАЦТВАЎ № 1 г.Гомеля імя П.І.Чайкоўскага”:

Дырэктар школы Сяргей Салыгаў:

“У 2020 годзе наша Дзіцячая музычная школа мастацтваў адзначае юбілей! 100-годдзе! На працягу доўгіх гадоў школа з’яўляецца сацыяльна-культурным цэнтрам. Бо акрамя адукацыйнай функцыі мы стараемся фарміраваць духоўную культуру падрастаючага пакалення, абапіраючыся на традыцыі, веды, уменні, навыкі і пачуцці.

У школе займаюцца больш за 800 вучняў, працуюць 83 настаўніка, 35 з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. З 14 канцэртных калектываў шэсць маюць найменне “ўзорны аматарскі калектыў”.

Хацелася б адзначыць, што сёння школа — адна з галоўных канцэртных пляцовак горада, дзе дэманструюць сваё майстэрства лепшыя выканаўцы і калектывы. Тут праходзяць семінары, канферэнцыі, майстар-класы, конкурсы. Штогод школа дае каля 100 канцэртаў на гарадскіх і абласных канцэртных пляцоўках, у тым ліку на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада.

“Геаграфія” конкурсаў, у якіх прымаюць удзел навучэнцы нашай школы, за апошнія гады значна пашырылася. Гэта гарады: Мінск, Масква, Кіеў, Санкт-Пецярбург, Брэст, Гродна, Мазыр, Чарнігаў, Харкаў, Стоўбцы, Ельск, Салігорск, Белгарад, Светлагорск, Жлобін, Наваполацк, Ліда, Паставы, Краснадар, Судак, Даўгаўпілс (Латвія), Бялград (Сербія).

Пачынаючы з 2000 года за перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах 11 вучняў школы былі ўзнагароджаны прэміямі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі. 19 вучняў — прэміяй Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай моладзі, 25 навучэнцаў школы сталі стыпендыятамі Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 6 навучэнцаў маюць прэмію і званне “дыпламант” Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 1 навучэнец мае Гранд-прэмію і званне “лаўрэата” Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Так што ў нас ёсць добрыя падставы, каб рухацца ў напрамку далейшага развіцця і самаўдасканалення.

Таму ад усяго калектыву на старонках “Культуры” мы б хацелі падзякаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь за высокую адзнаку педагагічнай і творчай дзейнасці нашай школы. Безумоўна, адміністрацыя і педагагічны калектыў нашай творчай установы і надалей працягнуць працу па фарміраванню музычнай і духоўнай культуры падрастаючага пакалення”.

/i/content/pi/cult/819/17534/6.jpegПрастора памяці

Артур ЗЕЛЬСКІ, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса “Хатынь”:

“Напісаць што-небудзь заўсёды цяжка”, — так адзначалі некалі Аркадзь ды Барыс Стругацкія. Аднак сёння, калі паступіла замова газеты “Культура”, падалося, што неабходна пачаць няпросты працэс асэнсавання ўласнага жыццёвага шляху. Сёння? Я злавіў сябе на думцы, што аб гэтым я думаў ужо не раз. Сапраўды, адкуль усё пачалося? З дзіцячых аповедаў мамы “пра вайну”, ад якіх засталіся толькі паўсцёртыя ўспаміны. Ах, як мы не цэнім тое, што маем побач, маем сёння і зараз. Цяпер засталіся толькі партрэт і памяць…

Альбо тады, летам 1980 года, калі тата прынёс са Смалявіцкай раённай бібліятэкі тоўстую кнігу (яна тады мне падалася тоўстай) — “Легенды и мифы древней Греции”. Яна літаральна перавярнула мой унутраны свет. Ці, прынамсі, зрабілася адной з тых кніг, якія сур’ёзна паўплывалі на самаўсведамленне. Таму што далей былі і “Дзікае паляванне…” (якое мы чыталі ўсёй сям’ёй), і “Каласы…”, і “Митридат”, і вельмі-вельмі шмат чаго іншага. У тым ліку “Творы” Гая Салюстыя Крыспа, якія не чыталіся ў школьныя часы, але чакалі свайго часу на паліцы, каб аднойчы дапамагчы ў стварэнні дысертаціі “Першая Пантыйская вайна”. Антычная гісторыя — як першае каханне…

Была яшчэ і самая першая праца — “Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў”. Яна стваралася ў нейкім шалёным запале, літаральна за некалькі месяцаў.

Падобнае творчае натхненне было і калі стваралася калектыўная праца “Щит и меч Отечества”. Скажу шчыра, цікава было шукаць у беларускіх летапісах і хроніках скупыя звесткі пра “разведвальныя і контрразведвальныя дзеянні” ў старажытнай Беларусі, “таемныя аперацыі” часоў ВКЛ…

Апошнім часам неяк амаль безапеляцыйна пачалі сцвярджаць, што “не трэба перапісваць гісторыю”. З гэтым, на маю думку, цяжка пагадзіцца. Гісторыю трэба і перапісваць, і пераасэнсоўваць, і пераўсведамляць. Інакш спыніцца гістарычны працэс. А вось фальсіфікацыяй займацца не варта. Гэта і бессэнсоўна. Бо гістарычныя падзеі, якія адбыліся, гістарычныя факты змяніць немагчыма.

“Хатынь. Трагедыя беларускага народа” — яшчэ адна прыступка ў гістарычным пошуку. У спробе выявіць гістарычныя факты і захаваць гістарычную памяць. Так сталася, што гісторыя вёскі Хатынь шмат у чым супадае з пакручастай гісторыяй Беларусі. Прынамсі, пра тое сведчыць даўніна таго месца і сціслыя паведамленні ў хроніках і дакументах.

Мемарыяльны комплекс “Хатынь” — з’ява ўнікальная і непаўторная. Шкада, што не ўсе беларусы разумеюць гэта. Тое, што здзейсніла “вялікая чацвёрка” — Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і Сяргей Селіханаў — сапраўдны грамадзянскі подзвіг. Але варта пашкадаваць, што нават у часы Пятра Машэрава некаторыя элементы мемарыяла не былі рэалізаваны. Трэба адзначыць, што дзякуючы дбанню кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама ў 2017 годзе каля тэрыторыі мемарыяла побач старых хатынскіх могілак быў узведзены і асвечаны Паклонны крыж у выглядзе стылізаванага шасціканцовага крыжа Ефрасінні Полацкай. Мемарыялізаваць гэтае месца некалі планаваў выдатны архітэктар Леанід Левін. А рэалізаваў задуму калегі яго сябра Юры Градаў пры ўдзеле скульптара Канстанціна Селіханава, унука аднаго са стваральнікаў “Хатыні”.

Таксама вельмі шкада, што не быў у свой час створаны музейны будынак. Бо сёння яго востра не хапае. За мінулыя дзесяцігоддзі назапасілася багата матэрыялаў, ёсць сякія-такія знаходкі, на нашых вачах мяняюцца музейныя тэхналогіі. Хацелася б стварыць музей-прастору памяці.”

/i/content/pi/cult/819/17534/7.jpegМара спраўдзілася

Ірына БУХАВЕЦКАЯ, выкладчык установы адукацыі “Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў”:

“У 1999 годзе я скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры, па заканчэнні якога атрымала вучоную ступень бакалаўра мастацтваў. Шчыра кажучы, яшчэ ў гады вучобы ва ўніверсітэце, у якасці харэографа я стварыла некалькі балетмайстарскіх работ, якія былі спрыяльна прыняты.

У Віцебскім вучылішчы мастацтваў я працую з 2000 года ў якасці выкладчыка сучаснага і класічнага танца. Адначасова з выкладчыцкай работай стала займацца пастаноўкай сцэнічных нумароў, якія пастаянна ўключаліся ў канцэртныя праграмы вучылішча.

Я вельмі жадала аб’яднаць класічны танец з сучаснай харэаграфіяй, таму марыла на базе вучылішча стварыць студыю сучаснага танца. Мая мара здзейснілася ў 2003 годзе, калі на базе Віцебскага дзяржаўнага вучылішча мастацтваў такая студыя і была адкрыта. Дарэчы, у 2007 годзе ёй было дадзена найменне “народны”.

Колькасць удзельнікаў нашай народнай Студыі сучаснага танца каля 35 чалавек, узрост — ад 15 гадоў. Студыя ўключае некалькі саставаў: асноўны склад студыі — навучэнцы старэйшых курсаў; падрыхтоўчая група — навучэнцы першага курса; група з выпускнікоў каледжа. Штогадова праводзіцца набор у падрыхтоўчую групу сярод навучэнцаў першых курсаў, так абнаўляецца склад калектыву; аднак не ўсе здольныя сумяшчаць вучэбны працэс з работай у калектыве. У выніку з 5 — 8 зноўпрыбыўшых удзельнікамі студыі становяцца 1 — 3 самых працалюбівых і мэтанакіраваных.

Кожны ўдзельнік імкнецца асэнсаваць сучасныя накірункі харэаграфіі. У многім гэтаму садзейнічае сумеснае наведванне майстар-класаў, канцэртаў, фестываляў у Віцебску і Мінску; а таксама, як і раней, — рознабаковы рэпертуар студыі і пошук новых формаў выразнасці. У рэпертуары нашага калектыву пастаянна з’яўляюцца новыя кампазіцыі на аснове сінтэзу класічнага танца, бальнай харэаграфіі, новых накірункаў і стыляў сучаснага танца, народнага танца, элементаў акрабатыкі і мастацкай гімнастыкі.

Безумоўна, нашы навучэнцы — не проста выканаўцы, але і заўседы аднадумцы, якія прапаноўваюць сваё вырашэнне, сваё бачанне танцавальных нумароў. Іх прапановы даволі часта выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых харэаграфічных пастановак.

За 15 гадоў творчай дзейнасці Народнай Студыі сучаснага танца рэпертуар нашага калектыву папоўніўся шматлікімі канцэртнымі нумарамі. На сёння гэта больш за 80 харэаграфічных кампазіцый і 60 вакальна-харэаграфічных нумароў.

Кожны навучальны год завяршаецца справаздачнымі канцэртамі студыі, якія заўсёды праходзяць з поспехам.

Як і на пачатку свайго ўзнікнення, студыя працягвае ўдзельнічаць ва ўсіх святочных мерапрыемствах Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, Цэнтра культуры “Віцебск” і Віцебскай абласной філармоніі, заўсёды з вялікім задавальненнем прымае ўдзел у гарадскіх і абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святочных і фестывальных мерапрыемствах. На рахунку калектыву — больш за 40 канцэртных выступленняў штогод.

Што яшчэ мне здаецца важным… Выпускнікі каледжа, атрымаўшы высокапрафесійную падрыхтоўку ў тым ліку і ў народнай Студыi сучаснага танца, пацвярджаюць майстэрства на сваіх працоўных месцах, праяўляюць свае творчыя здольнасці на далейшых месцах вучобы”.

/i/content/pi/cult/819/17534/5.jpegМногае ўдалося

Уладзімір ЧЭРНІКАЎ, дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі:

“Мінулы вучэбны год быў няпростым. З-за каранавіруса давялося пераносіць многія запланаваныя мерапрыемствы. Тым не менш, аглядаючы зробленае, разумееш, што многае ўдалося. Так, нягледзячы на складаныя абставіны, у сярэдзіне лютага мы змаглі правесці Першы Рэспубліканскі адкрыты конкурс канцэртмайстарскага майстэрства імя Валерыя Сямёнавіча Савіна. Ён доўгі час выкладаў у нас, знаёміў навучэнцаў з асновамі канцэртмайстарскай дзейнасці. А яшчэ плённа супрацоўнічаў з народным артыстам Беларусі, прафесарам Яўгенам Гладковым, з ягоным ансамблем цымбалістаў “Лілея”, удзельнічаў у міжнародных форумах. Дарэчы, такі конкурс, скіраваны не на сольнае фартэпіяннае выканальніцтва, а менавіта на ўменне піяністаў падтрымліваць іншых выканаўцаў, пакуль адзіны ў нашай краіне. І мы ганарымся, што з дапамогай гэткага творчага спаборніцтва сталі папулярызаваць канцэртмайстарскае майстэрства сярод юных музыкантаў розных узростаў і ступеняў падрыхтоўкі, пачынаючы з дзіцячых музычных школ мастацтваў.

Ужо некалькі гадоў запар мы ладзім Аркестравы маладзёжны форум. Трэці такі фестываль, што суправаджаўся канферэнцыяй, адбыўся ў канцы сакавіка і быў прысвечаны 70-годдзю з дня народзінаў выбітнага беларускага кампазітара і дырыжора Генадзя Ермачэнкава. Сярод удзельнікаў канферэнцыі быў, да прыкладу, знакаміты рэжысёр Уладзімір Арлоў, сярод музычных калектываў — аркестр беларускіх народных інструментаў БДУКіМа пад кіраўніцтвам Віктара Валатковіча. У рамках форуму адбыўся абмен вопытам між выкладчыкамі аркестравага дырыжыравання з усёй рэспублікі.

Шмат было перамог нашых навучэнцаў і калектываў у рознага роду конкурсах — у тым ліку, што праводзіліся анлайн. Але штосьці, зразумела, было перанесена на лепшыя часы. Так, наш цымбальны аркестр некалькі гадоў запар падаваў заяўкі для ўдзелу ў Міжнародным музычным фестывалі моладзі (FIMU), што праводзіцца ў Бельфоры (Францыя). Раней мы дасылалі відэаролікі сваіх запісаў еўрапейскай класікі (маўляў, ім будзе больш цікава паслухаць штосьці знаёмае, але ў новай апрацоўцы) — і не праходзілі. Нарэшце вырашылі прапанаваць выключна беларускую праграму, складзеную з твораў Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Кур’яна, таго ж Генадзя Ермачэнкава, Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана. І аказалася, што гэта іх цікавіць куды больш! Павінны былі рушыць туды ў канцы мая — пачатку чэрвеня, але фестываль і адпаведна паездка перанесліся на 2021-ы.

Ну, а сярод нашых уласных мерапрыемстваў — снежаньскі канцэрт да 250-годдзя з дня народзінаў Бетховена. У лютым плануем чарговы, ужо шосты па ліку, Мінскі гарадскі адкрыты конкурс камерных ансамбляў “Струны Арфея”, узрост удзельнікаў якога — з 9-ці гадоў. Хочам, каб гэта спаборніцтва набыло рэспубліканскі статус, бо ансамблевае выканальніцтва патрабуе куды большай увагі, чым ёсць цяпер, і павінна выхоўвацца з дзяцінства”

/i/content/pi/cult/819/17534/8.jpeg“20MIR20”

Калектыў работнікаў установы музей “ЗАМКАВЫ КОМПЛЕКС “МІР”, дырэктар — Аляксандр ЛОЙКА:

“Музей “Замкавы комплекс “Мір” з’яўляецца адносна маладой культурнай інстытуцыяй у параўнанні з іншымі музеямі рэспубліканскага падпарадкавання. Але тым не менш за мінулыя гады пасля заканчэння рэстаўрацыі замка была праведзена вялікая арганізацыйная і навукова-даследчая работа. Музей рэалізуе ўсе віды дзейнасці, прадугледжаныя Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры, валодае шасцю музейнымі прадметамі, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі катэгорыі “1”.

Трэба сказаць, што фонды музея папаўняюць штогод сотні экспанатаў, якія маюць вялікае гісторыка-культурнае і музейнае значэнне: актыўна ідзе працэс назапашвання музейных калекцый. Калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва папоўнілася дзвюма еўрапейскімі шпалерамі другой паловы XVII стагоддзя. Такім чынам сёння замкавы комплекс валодае самай буйной калекцыяй шпалер у краіне, што працягваюць культурныя традыцыі бязворсавых дываноў Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў.

Наш унікальны “Мір” вядзе актыўную працу па фарміраванні міжнародных сувязяў, што дазваляе рэалізоўваць сумесныя музейныя праекты. Сваіх міжнародных партнёраў мы падбіраем з улікам профілю нашага музея і статусу аб’екта Сусветнай спадчыны UNESCO. Дарэчы, гэты год мы якраз іправодзім пад знакавай для аб’екта і музея датай — 20-годдзя ўключэння Мірскага замка ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO. Менавіта на гэтай даце мы акцэнтуем увагу нашых, у тым ліку і віртуальных, наведвальнікаў падчас акцый пад агульнай назвай “20MIR20”. Намі быў запланаваны шэраг буйных мерапрыемстваў як у музеі, так і на міжнародным узроўні з нагоды гэтай даты, але каранавірусная пандэмія ўнесла свае неспадзяваныя карэктывы ў планы ўстановы.

Музей у гэтым годзе пачаў рэалізацыю праекта “Захаванне і адаптацыя культуры і спадчыны для культурных, адукацыйных і турыстычных мэтаў” у рамках Еўрапейскага інструмента суседства Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва.

Сёння “Замкавы комплекс “Мір” з’яўляецца адным з найбольш вядомых музеяў нашай краіны. За перыяд з 2011 года па 2019-ты яго наведала больш за 2,5 мільёна чалавек. У цяперашні час аб’ект атрымлівае 20 працэнтаў з бюджэту, такім чынам 80 працэнтаў музейны комплекс зарабляе самастойна.

Музей рыхтуецца да рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў — капітальнага рамонту вадаскіду з сезонным гандлем, аднаўленнем “Італьянскага саду” і рэнавацыі палаца князёў Святаполк-Мірскіх.

Сучасная музейная ўстанова даўно перастала быць толькі сховішчам артэфактаў, і музей цяперашні і будучы павінен стаць камфортным для любых катэгорый наведвальнікаў. Увогуле, сённяшнія музеі імкнуцца заваяваць званне інтэрактыўных культурных цэнтраў, і музей, які размешчаны ў сценах Мірскага замка, для сябе бачыць менавіта такую місію.

Адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь музей “Замкавы комплекс “Мір” імкнецца атрымаць статус “нацыянальны”, што павысіць яго прэстыж і будзе адпавядаць той ролі, якую ён адыгрывае ў папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Напярэдадні прафесійнага свята калектыў музея далучаецца да шматлікіх віншаванняў і зычыць, каб ваша натхненне, невычэрпная энергія, ініцыятыва і надалей была б скіравана на зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны роднай Беларусі!”