“Праз мастацтва мы вызначаем шлях”

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

11 кастрычніка ў Беларусі будзе адзначацца Дзень работнікаў культуры. З гэтай нагоды не лішне ўспомніць пра Пінскі каледж установы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”, які мае даўнюю гісторыю. На працягу 80 гадоў, з перапынкам з 1941 года па 1943 год, у каледжы вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў сферы адукацыі. Але ж у 1990 годзе ва ўстанове таксама была адкрыта яшчэ адна педагагічная спецыяльнасць — “Музычная адукацыя”. Фактычна каледж з’яўляецца адзінай установай у Брэсцкай вобласці, якая забяспечвае атрыманне адукацыі па дадзенай спецыяльнасці і займаецца выхаваннем будучых культурных адмыслоўцаў.

/i/content/pi/cult/819/17529/012.jpgПопыт на выпускнікоў вельмі высокі. З нецярпеннем чакаюць навучэнцаў, падрыхтаваных у каледжы, арганізацыі-заказчыкі кадраў і ў Брэсцкай вобласці, і ў іншых рэгіёнах краіны. Такая запатрабаванасць тлумачыцца не толькі кадравым дэфіцытам, але і вялікай колькасцю іншых прычын, галоўнай з якіх з’яўляецца высокаэфектыўнае адукацыйнае асяроддзе каледжа. Прафесіяналізм выкладчыкаў і добрая матэрыяльна-тэхнічная база дазваляюць падрыхтаваць сучаснага канкурэнтаздольнага спецыяліста. Выкладчыкі музыкі маюць розную спецыялізацыю: піяністы, дырыжоры, вакалісты, народнікі. 15 з іх маюць вышэйшую катэгорыю, 10 з’яўляюцца магістрамі педагагічных навук. Усіх аб’ядноўвае добрасумленнае стаўленне да прафесіі, разуменне таго, што, акрамя культывавання прафесіяналізму і кампетэнцый, закладзеных у стандарце спецыяльнасці, дысцыпліны прафесійнага кампанента маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял.

Пры вывучэнні такіх дысцыплін, як элементарная тэорыя музыкі, асновы гармоніі, музычная літаратура, культура і мастацтва, вакальны клас, харавое дырыжыраванне, харавы клас, практыка работы з хорам, хоразнаўства, музычны інструмент, акампанемент, методыка музычнага выхавання, музычна-камп’ютарныя тэхналогіі велізарнае значэнне выкладчыкі надаюць фарміраванню ў навучэнцаў духоўна-маральнай асновы, эмоцый, пачуццяў, мыслення, механізмаў сацыяльнай адаптацыі ў грамадстве. Навучэнцы далучаюцца да культуры свайго народа, і такі зварот да сваёй бацькоўскай спадчыны выхоўвае павагу да родных мясцін і да сваёй краіны. З умення бачыць прыгажосць роднай прыроды пачынаецца пачуццё патрыятызму.

“Гарэнне” выкладчыкаў сваёй справай напаўняе, у сваю чаргу, навучэнцаў энергіяй, дае стымул да спасціжэння прафесіі настаўніка музыкі і спеваў і ўдасканалення ў ёй. Пошук навацый у выкладанні, распрацоўка, адбор, сістэматызацыя вучэбных матэрыялаў і метадычных дапаможнікаў, створаных выкладчыкамі Пастуховай В.В., Мельнік С.У., Рудазуб А.А., знайшлі адлюстраванне ў навукова-даследчай дзейнасці на ўзроўні каледжа, вобласці і рэспублікі.

Выкладчыкі музычных дысцыплін прынялі ўдзел у 13 навукова-даследчых канферэнцыях і правялі 12 майстар-класаў. Настаўнікам музыкі школ горада і раёна былі прадэманстраваны аўтарскія методыкі музычнай адукацыі, паспяховага ўжывання IT-тэхналогій.

9 публікацый у навукова-метадычных зборніках і часопісах “Пачатковая школа”, “Майстэрства online”, “Сацыяльнае выхаванне” — вынік педагагічных, сацыяльных і музычных даследаванняў выкладчыкаў-прафесіяналаў.

Спалучэнне мудрасці і разважлівасці педагогаў-настаўнікаў Мельнік С.У., Шахновіч В.В., Пастуховай В.В. разам з энергіяй і энтузіязмам маладых выкладчыкаў Пяньковай Т.А., Гарагляд І.В. дазваляе на працягу многіх гадоў высока трымаць планку ў акадэмічным вакале.

Сёння працягвае выдатныя вакальныя традыцыі Народны акадэмічны хор каледжа (кіраўнік Мельнік С.У., канцэртмайстар Закаваротняя С.М.) — уладальнік розных прэмій і ўзнагарод, шматразовы лаўрэат абласных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў: “Арт-вакацыі”, “Шаную цябе, Белая Русь”, “Ляці, мая песня” і іншых.

У 2002 годзе калектыў атрымаў званне “Народны” аматарскі калектыў. Кіраўнік хору Мельнік С.У. у 2015 годзе ўдастоена звання “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Кожны выкладчык-музыкант перадае свае веды не толькі ў аўдыторыі, у класе, але і выступае разам з навучэнцамі на сцэне. Вопыт сумесных выступленняў дазваляе выхаваць кампетэнтнага музычнага кіраўніка ў дзіцячым садзе, настаўніка музыкі і спеваў у школе, добрага выканаўцу і свайго паслядоўніка.

“Вакальны клас” у прамым і пераносным сэнсе паказваюць навучэнцы Пяньковай Т.А., Шахновіч В.В., Пастуховай В.В.  Выпускніца 2019 года Дар’я Юркоўская стала лаўрэатам першай прэміі міжнароднага фестывалю “Зімовыя зоркі” ў горадзе Дрэздэне (Германія).

“Соль зямлі”, “Мой горад — мой гонар”, “Гукі роднай зямлі”, “Дарогамі Багдановіча і Купалы” - вось няпоўны спіс канцэртных праграм, створаных у супрацоўніцтве педагогамі і навучэнцамі каледжа. У іх знайшлі адлюстраванне даследаванні ў беларускай народнай музыцы, харэаграфіі і спевах.

Валько Л.А. — кіраўнік ансамбля народнай песні “Музычныя пацеркі”, таленавіты і захоплены фалькларыст-спявак, прысвяціла народнай песні не толькі канцэртныя нумары, але і навукова-даследчыя працы, пры гэтым асцярожна захавала і перадала навучэнцам лепшыя ўзоры народнага песеннага мастацтва беларусаў. Асабліва яркімі выглядаюць гэтыя нумары ў суправаджэнні ансамбля народных інструментаў пад кіраўніцтвам Г.В.Стахоўскай.

У чэрвені 2019 года калектыў прымаў удзел у гарадскім фестывалі мастацтваў “Зоры над Пінай”, а ў верасні 2019 года сумесна з інструментальным ансамблем пад кіраўніцтвам Стахоўскай Г.В. і харэаграфічным калектывам каледжа пад кіраўніцтвам Шахновіч Л.М. прыняў удзел у Фестывалі Сяброўства, прымеркаваным да 1000-годдзя горада Брэста.

Саленка Т.А. кіруе аркестрам народных інструментаў, выконваючы народную музыку ў самых нечаканых і цікавых апрацоўках.

Кожны з вышэйназваных калектываў — неаднаразовы пераможца фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню і ўдзельнік канцэртных праграм каледжа і горада.

Лявоніха”, “Новыя рускія танцы”, “Полька-трасуха-трындычыха”, “Настаўніцкае танга”, “Рамонак” — назвы харэаграфічных кампазіцый, найбольш любімых і вядомых не толькі ў каледжы, але і далёка за яго межамі. Танец упрыгожвае вучэбна-выхаваўчыя мерапрыемствы і аб’ядноўвае навучэнцаў педагагічных спецыяльнасцяў.

Харэаграфічная дзейнасць у каледжы прадстаўлена на розных узроўнях, у тым ліку і як спецыялізацыя “Рытміка і харэаграфія”. Адметная асаблівасць гэтай спецыялізацыі — адкрытыя паказы аўтарскіх пастановак навучэнцаў, дзе кожны з іх можа паспрабаваць сябе ў ролі прафесійнага пастаноўшчыка, рэпетытара і выканаўца танца.

40 самых захопленых танцам навучэнцаў наведваюць заняткі калектываў “Крынічанька” і “Недевочки”, працягваючы справу выкладчыка і таленавітага харэографа Л.М.Шахновіч і атрымліваючы ўзнагароды разнастайных конкурсаў і заслужаныя апладысменты залаў.

Выкладчыкі Пастухова В.В. і Шахновіч Л.М. прынялі ўдзел у першым міжнародным музычным адукацыйным праекце “Новая венская класіка ў кантэксце сусветнай музыкі” і атрымалі сертыфікаты міжнароднага ўзору.

У каледжы ў адзінстве, прафесіяналізме і захаванні традыцый выкладання і выхавання працуюць: настаўнік, выкладчык, таленавіты акардэаніст, кампазітар Салохін Б.М, зборнікі музычных твораў якога неаднаразова перавыданы ў Беларусі і Расіі; тэарэтык-метадыст Семчанка Л.М. — аўтар вучэбных матэрыялаў і зборніка метадычных распрацовак, створанага па выніках практыкі “Пробныя ўрокі ў школе”; выкладчык Цяленчанка В.Г. — стваральнік серыі электронных сродкаў навучання, запатрабаваных не толькі навучэнцамі, але і выкладчыкамі.

З 2006 года каледжам кіруе Барчук С.А. — сапраўдны прыхільнік таленту педагогаў музычных дысцыплін. Дзякуючы яе энтузіязму і ініцыятыве створаны ўмовы для прафесійнай, сацыяльнай і творчай рэалізацыі выкладчыкаў і навучэнцаў, гэта значыць створана спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе.

Барчук С.А. ставіць задачы, якія паспяхова вырашаюцца пры цесным узаемадзеянні кіраўніка каледжа, калектыву выкладчыкаў і навучэнцаў. Так, у 2019 годзе на базе каледжа створана лабараторыя вывучэння праблем музычнай адукацыі — інавацыйная пляцоўка, задача якой — укараненне ў адукацыйны працэс IT- і іншых сучасных тэхналогій, удзел у конкурсе WorldSkills. Для эфектыўнага функцыянавання лабараторыі набыты камп’ютары, медыяклавіятуры, сінтэзатары, праграмнае забеспячэнне, баяны, акардэон, раяль і піяніна.

Аснову развіцця і выхавання складаюць базавыя нацыянальныя каштоўнасці, крыніцамі якіх для кожнага з’яўляюцца радзіма, народ, сям’я, стваральная праца, мастацтва, навука, рэлігія, прырода. Роля мастацтва ў канцэпцыі вызначана развіццём асобы, фарміраваннем яго культуры, значэннем эстэтычнага выхавання.

Такім чынам, сёння калектыў Пінскага каледжа, які сур’ёзна і паслядоўна займаецца вучэбнай, творчай, асветніцкай і грамадскай дзейнасцю, рэалізуе задачу выхавання адказнага, ініцыятыўнага і кампетэнтнага грамадзяніна сваёй краіны.

Ала Дубінецкая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Пінскага каледжа ўстановы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”