“Віцебскаму лістападу” — быць!

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Адкрыты конкурс аўтарскай песні, паэзіі, выканаўчага майстэрства і візуальных мастацтваў “Віцебскі лістапад — 2020” пройдзе 16—17 кастрычніка, паведамляе Цэнтр культуры “Віцебск”.

/i/content/pi/cult/819/17526/08.jpg“Віцебскі лістапад” — адзін з самых старых і значных фестываляў горада над Дзвіной. Першы адбыўся яшчэ ў 1987 годзе, і з таго часу — ці камерным атрымлівалася мерапрыемства, ці грандыёзным — Віцебск ніводнага разу не застаўся без свайго любімага свята. З пэўнага часу мастацкія рамкі фестывалю пашырыліся, і цяпер у ім прымаюць удзел не толькі музыканты і паэты, але і мастакі, і перформеры, некалькі гадоў на фестывальных пляцоўках ладзяцца арт-батлы. Сёлета, калі “Віцебскі лістапад” пройдзе 34-ты раз, жыццё ўнесла свае карэктывы: і праграму давялося скараціць, і зорных гасцей не запрашаць, і “фестываліць” не чатыры дні, а толькі два. Але ж свой абавязак перад сотнямі аўтараў і артыстаў, якія цягам года пасля леташняга фестывалю рыхтаваліся і падавалі заяўкі на ўдзел у конкурсе, арганізатары вырашылі выканаць. Пры гэтым — выратавальны анлайн дапаможа і конкурсу, і фестывалю ў цэлым, — дапаможа канкурсантам, якія па розных абставінах не змогуць прыехаць у Віцебск. А “Віцебскі лістапад” па факце даўно міжнародны. На сёлетні конкурс было пададзена каля 250 заявак ад выканаўцаў і паэтаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, Казахстана, Латвіі, і нават ЗША з Новай Зеландыяй. У шорт-ліст трапілі 107 заявак. Прыезд гасцей у Віцебск чакаецца 16 кастрычніка, а конкурс і заключны гала-канцэрт пройдуць цягам аднаго дня 17 кастрычніка ў Цэнтры культуры “Віцебск”. І ў конкурсе, і ў гала-канцэрце многія выступленні будуць адбывацца пры дапамозе інтэрнэту і анлайн-падключэнняў. Стрым з гала-канцэрта будзе весціся ў Інстаграме Цэнтра культуры, а пасля запіс у выглядзе відэафільма з’явіцца і на іншых інтэрнэт-пляцоўках.

З новаўвядзенняў гэтага года варта адзначыць марафон-прэзентацыю ў сацыяльных сетках Цэнтра культуры “Віцебск” усіх конкурсных выступленняў артыстаў, што даслалі свае заяўкі: ён пачаўся 1 кастрычніка. Акрамя таго, у выставачнай зале “Духаўскі круглік” традыцыйна пройдзе паэтычны турнір. Арганізатары абяцаюць, што нават калі эпідэміялагічная сітуацыя ўскладніцца і ў выніку ад правядзення канцэртаў і конкурсу ў афлайн-рэжыме давядзецца адмовіцца, “Віцебскі лістапад — 2020” усё роўна адбудзецца: конкурс будзе праведзены анлайн, пераможцы і лаўрэаты будуць вызначаны.